НАРО́ДНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,

старажытная галіна нар. ведаў пра магчымае надвор’е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану надвор’я для аптымальнага вядзення гаспадаркі, земляробства. Прадказанні надвор’я засноўваліся на шматвяковым вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Геагр. месцазнаходжанне, кліматычныя ўмовы і інш. вызначаюць характэрныя асаблівасці Н.м. ў розных народаў.

На Беларусі зыходнымі ў прадказанні надвор’я найчасцей былі каляндарныя святы, перыяды (адліга на Каляды — вясна будзе ранняя, а лета багатае). У прыкметах устанаўлівалася залежнасць характару надвор’я паміж асобнымі каляндарнымі днямі і перыядамі (калі перад Калядамі мароз і завіруха, то перад Вялікаднем будзе цёпла і ціха). Меркавалі пра будучае надвор’е таксама на падставе самаадчування чалавека, арганізм якога рэагаваў на змены атмасфернага ціску, набліжэнне ападкаў. Вял. колькасць метэаралагічных прагнозаў складаюць нар. павер’і, заснаваныя на назіраннях людзей за жывёльным светам, птушкамі, насякомымі (певень спявае ўвечары — будзе дождж ці адліга; калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, а мурашкі хаваюцца ў мурашніку — будзе дождж). Асаблівасці росту, цвіцення, выспявання пладоў розных раслін тлумачылі як прадказанне пэўных зрухаў у надвор’і, як прагноз на асаблівасці будучых пор года (напр., калі шмат баравікоў, то зіма будзе вельмі снежная). Прызнанымі арыенцірамі ў вызначэнні надвор’я лічыліся нябесныя свяцілы (сонца заходзіць у хмары — на дождж). Ад маладзікоў заўсёды чакалі атмасферных перамен. Уважлівае ўзіранне ў разнастайныя праявы навакольнага свету і ўменне ўлавіць іх прычынна-выніковую залежнасць дазволілі выпрацаваць цэлую сістэму ведаў у галіне Н. м. Пад увагу браліся таксама ўзаемасувязі атмасферных з’яў (чырвоныя воблакі пасля заходу сонца паказвалі на вецер). Прадказвалі надвор’е і па рэху: калі голас разлятаўся далёка, то чакалі пагоду, калі, наадварот, быў глухі — то непагадзь. Патрэба выклікаць тое ці інш. надвор’е нарадзіла ў свядомасці сялян комплекс магічных дзеянняў, рытуалаў (сыпалі мак у калодзеж, каб пайшоў дождж). Многія з нар. прыкмет знаходзяць у наш час навук. абгрунтаванне і ўзбагачаюць веды сучасных сіноптыкаў.

У.​А.​Васілевіч.

т. 11, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІФАРО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (17.5.1845, в. Вымна Віцебскага р-на — 10.6.1910),

бел. этнограф і фалькларыст. Правадз. чл. Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі Маск. ун-та (з 1890), Рус. геагр. т-ва (з 1897). Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1867). Настаўнічаў у Віцебску, Свіслацкай і Маладзечанскай настаўніцкай семінарыях. Вывучаў побыт і нар. духоўную і матэрыяльную культуру Беларусі. Супрацоўнічаў з П.​В.​Шэйнам, дасылаў яму шмат фальклорна-этнагр. матэрыялаў, якія той апублікаваў у сваіх зб-ках «Беларускія народныя песні» (1874) і ў «Матэрыялах для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902; апісанні калядных свят, хаджэнні і песні валачобнікаў, юр’еўскія і жніўныя абрады і песні, купальскія святкаванні, апісанні вяселля ў Віцебскай і Гродзенскай губ., пахавальных і памінальных звычаяў, дзядоў; усяго 60 запісаў). Выдаў каля 20 прац па фальклоры, этнаграфіі і гісторыі Віцебшчыны. У «Нарысах Віцебскай Беларусі» ( ч. 1—8, 1892—99) апісаў побыт, сац.-эканам. становішча і жыццё асобных груп насельніцтва (старцаў, музы́каў і інш.). Аўтар прац «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895), «Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны» (1897), «Простанародныя загадкі» (1898), «Нячысцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу» (1907, 2-е выд. Віцебск, 1995). Зб-кі «Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі» (1910—13), «Беларускія песні-частушкі» (1911) і праца «Напаўпрыказкі — напаўпрыслаўкі» (1928) выйшлі пасля смерці Н.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 1. Вильна, 1904;

Стукалич В.К. Н.​Я.​Никифоровский, 1845—1910 гг. Вильна, 1910;

Бондарчик В.К., Чигринов И.Г. Н.​Я.​Никифоровский. Мн.. 1960;

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Пятроўская Г.А. Пачынальнік беларускага народазнаўства М.​Я.​Нікіфароўскі. Мн., 1991.

А.​С.​Фядосік.

М.Я.Нікіфароўскі.

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМЕРЫКАНІ́ЗМ,

палітычная дактрына, у аснове якой ідэя агульнасці гіст. лёсу, эканомікі і культуры амер. дзяржаў. Ідэя П. прапанавана ў пач. 19 ст. С.Баліварам, які ў 1826 склікаў Панамскі кангрэс з мэтай стварэння федэрацыі лац.-амер. дзяржаў. Пасля смерці Балівара і распаду Вялікай Калумбіі (1830) ідэя П. ў паўд.-амер. варыянце страціла значэнне. У канцы 19 ст. ЗША прапанавалі ўласную канцэпцыю П., як руху дзеля абароны інтарэсаў Амерыкі перад еўрап. дзяржавамі і шматбаковага супрацоўніцтва (пераважна эканамічнага) амер. дзяржаў пад эгідай ЗША. Гэта ідэалогія была ў аснове Міжамерыканскіх канферэнцый (1889—1967) і Панамерыканскага саюза (1910—48). Яна зыходзіла з Манро дактрыны і развіта ў т.зв. дадатку (1904) прэзідэнта Т.Рузвельта, у якім абвяшчалася права ЗША ажыццяўляць ваен. інтэрвенцыі ў Лац. Амерыцы дзеля абароны яе дзяржаў. У 1-й пал. 20 ст. ЗША неаднаразова выкарыстоўвалі гэта права (уварванні на Кубу, Гаіці, у Мексіку, Дамініканскую Рэспубліку, Нікарагуа). У 1930-я г. ЗША перагледзелі свае адносіны да краін Лац. Амерыкі: у 1933 прэзідэнт Ф.Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства, у 1936 на канферэнцыі ў Мантэвідэо ён падпісаў дагавор пра забарону агрэсіі і інтэрвенцыі. Створаная ў 1948 Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў аформіла сістэму дамінавання ЗША у Лац. Амерыцы. З 1960-х г. акцэнт зроблены на супрацоўніцтва і эканам. развіццё (у 1960 створаны Міжамер. банк рэканструкцыі і развіцця). З 1961 дзейнічае Саюз дзеля прагрэсу — праграма развіцця Лац. Амерыкі пры падтрымцы і супрацоўніцтве ЗША. У 1975 створана Лац.-амер. гасп. сістэма, у 1980 — Лац.-амер. інтэграцыйная асацыяцыя. У канцы 1980-х г. ЗША аднавілі П. як ідэю эканам. сувязей паміж краінамі Амерыкі, стварыўшы Паўн.-амер. пагадненне пра свабодны гандаль (1992), мэта якога — інтэграцыя краін Зах. паўшар’я.

Літ.:

Антясов М.В. Современный панамериканизм: Происхождение и сущность доктрин панамериканской «солидарности». М., 1960.

т. 12, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРА́РКА ((Petrarca) Франчэска) (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),

італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян. літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.​Баршчэўскі, Ю.​Гаўрук, М.​Дуброўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты. Мн., 1996;

У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974;

Сонеты. Мн., 1982;

Эстетические фрагменты. М., 1982;

Лирика. М., 1989;

Африка: Поэма. М., 1992;

Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;

Сочинения философские и полемические. М., 1998.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;

Франческо Петрарка: Библиогр. указ. М., 1986.

Ф.Петрарка.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛЫНЬ СВЯДО́МАСЦІ»,

літаратура 20 ст. пераважна мадэрнісцкага кірунку, якая непасрэдна ўзнаўляе душэўнае жыццё, перажыванні, асацыяцыі. Тэрмін належыць амер. філосафу У.Джэмсу, які лічыў, што свядомасць — гэта плынь, рака, у якой думкі, адчуванні, раптоўныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адно аднаго і мудрагеліста, «нелагічна» пераплятаюцца (кн. «Навуковыя асновы псіхалогіі», 1890). Меркаванні Джэмса пра «плынь думкі», «плынь суб’ектыўнага жыцця», «плынь свядомасці» былі ўспрыняты пісьменнікамі Дж.​Джойсам, В.​Вулф (Англія), У.​Фолкнерам, Г.​Стайн, (ЗША), М.​Прустам (Францыя) і інш.

Адрозніваюць «П.с.» як асобны маст. прыём у шэрагу інш. прыёмаў і як жанравую форму (напр., раман «П.с.»). У адрозненне ад унутр. маналога, з якім часта атаясамліваецца «П.с.» як маст. прыём, апошняя адметная абрывістасцю думак, часавымі напластаваннямі, непаслядоўнасцю, тэндэнцыяй да алагічнасці, суб’ектыўнасцю, адсутнасцю, прычынна-выніковых сувязей, свядомай ненакіраванасцю аповеду. Думкі, уражанні, асацыяцыі, успаміны нібы перабіваюць адно аднаго, злучаюцца паводле прынцыпу выпадковасці і ненаўмыснасці. Да «П.с.» блізкія прыёмы «ўнутранага аналізу», «сенсорнага ўражання» (прадугледжвае абрывістасць нават асобных слоў), дысанансу і інш. У выпадку выкарыстання «П.с.» як універсальнага сродку адлюстравання рэчаіснасці гавораць пра жанравую форму — раман «П.с.», які ў адрозненне ад традыцыйнага рамана будуецца як бесперапынная плынь свядомасці і падсвядомасці. Вял. ўплыў на аўтараў, што працавалі ў рэчышчы «П.с.», зрабілі тэорыя і метад псіхааналізу З.​Фрэйда.

Класічныя раманы «П.с.» — «Уліс» (1922), «Памінкі па Фінегану» (1939) Джойса, «Шум і лютасць» Фолкнера (1929). Значнае месца займае «П.с.» ў цыкле раманаў Пруста «У пошуках згубленага часу». У 2-й пал. 20 ст. маст. прыём «П.с.» выкарыстоўваецца Г.​Грынам, Г.​Грасам, А.​Андэршам і інш., а таксама прадстаўнікамі «новага рамана» і тэатра абсурду. У бел. л-ры элементы «П.с.» сустракаюцца ў ранніх раманах К.​Чорнага.

Літ.:

Мотылева Т.Л. Зарубежный роман сегодня. М., 1966;

Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;

Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.

Е.​А.​Лявонава.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМО́ВА,

напісанае аўтарам, рэдактарам або іншай асобай слова да чытача, якое змяшчаецца ў пачатку кнігі ці асобнай публікацыі для лепшага іх разумення.

Заснавальнік П. на Беларусі — Ф.​Скарына: гуманіст.-асветніцкія, навуч.-пазнавальныя П. да асобных кніг Бібліі. Некат. П. адрасаваны ці прысвечаны мецэнатам [напр., прадмова Міколы Гусоўскага да кн. «Песня пра зубра» (1523) адрасавана каралеве Боне). У выданні Статута ВКЛ 1588 у якасці П. змешчана прамова Л.​Сапегі на Варшаўскім сейме. У асобных кнігах ролю П. выконвалі вершаваныя эпікграмы. У 16—17 ст., у часы вострай ідэалаг. барацьбы і рэліг. палемікі, П. мелі пераважна сінкрэтычны характар, былі сродкам выражэння надзённых пытанняў грамадска-паліт. жыцця, важных праблем развіцця культуры, поглядаў і імкненняў прадстаўнікоў розных сац. груповак і рэлігійных кірункаў, грамадзянскага, нац. і эстэт. крэда іх аўтараў (П. С.​Буднага, В.​Цяпінскага да асобных твораў палемічнай і перакладной л-ры). У П. таго часу — зародкі бел. філалогіі, крытыкі, літ.-знаўства і публіцыстыкі. Важную ролю ў развіцці бел. л-ры і грамадскай думкі 19 — пач. 20 ст. адыгралі П. Я.​Чачота, Р.​Падбярэскага, Ф.​Багушэвіча, Цёткі і інш. пісьменнікаў.

У сучаснай л-ры П. не мае цвёрдых, выразна акрэсленых жанравых прыкмет. Паводле формы і стылю П. самыя разнастайныя — ад кароткіх дзелавых анатацый да разгорнутых артыкулаў. Бываюць П. ад аўтара, рэдактара, укладальніка, перакладчыка, рэдкалегіі і інш. У залежнасці ад характару і прызначэння выдання (збор твораў, навук. манаграфія, зборнік артыкулаў, слоўнік, публікацыя помніка пісьменнасці і інш.) у П. падаецца сціслая інфармацыя пра змест і гісторыю ўзнікнення, аўтара, раскрываюцца прынцыпы і мэты выдання і інш. П., як правіла, суправаджаюцца першыя публікацыі ў газеце, часопісе. У выданнях тыпу хрэстаматый ці анталогій, апрача агульнай П., нярэдка падаюцца і кароткія П. да кожнай публікацыі помніка пісьменнасці, урыўка з буйнога твора або твораў пісьменніка. Ролю П. часам выконваюць пасляслоўі.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ШВІН (Міхаіл Міхайлавіч) (4.2.1873, маёнтак Хрушчава, Ялецкі р-н Ліпецкай вобл., Расія — 16.1.1954),

рускі пісьменнік. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1902). Друкаваўся з 1898. Першае апавяданне — «Сашка» (1906). Замілаванне родным краем, назіранні над побытам і моваю жыхароў Поўначы, запісы сказаў у кн. «У краіне непалоханых птушак» (1907), «За чароўным калабком» (1908). У нарысах «Адам і Ева» (1909), «Чорны араб» (1910), «Слаўныя бубны» (1913) уражанні ад паездкі ў Крым і Казахстан. Нарысы «Крыніцы Берандзея» (1925, дапоўненае выд. пад наз. «Каляндар прыроды», 1935), аўтабіягр. раман «Кашчэеў ланцуг» (выд. 1960), аповесці «Жураўлёва радзіма» (1929), «Неапранутая вясна» (1940) пра філас. і маральныя пошукі чалавека, яго сувязь з прыродаю. У кн. «Апавяданні пра ленінградскіх дзяцей» (1944), «Аповесць нашага часу» (1945, поўнае выд. 1957) — падзеі Вял. Айч. вайны. Аўтар рамана-казкі «Асударава дарога» (нап. ў 1930-я г., апубл. 1957), паэмы ў прозе «Фацэлія» (1940), аповесці «Жэнь-шэнь» (першапачаткова «Корань жыцця», 1933, фільм «Хаціна старога Лувена», 1935), казкі-былі «Кладоўка сонца» (1945), аповесці-казкі «Карабельны гушчар» (1954), дзённікаў (кн. «Вочы зямлі», апубл. 1957), кінасцэнарыяў і інш. П. — тонкі пейзажыст, пранікнёны лірык і публіцыст, псіхолаг і педагог. З яго творчасцю тыпалагічна звязаны лірычныя пейзажы, замалёўкі прыроды Я.​Маўра, Я.​Брыля, В.​Адамчыка, В.​Вольскага. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Адамчык, Я.​Брыль, Я.​Маўр, Б.​Сачанка і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1982—86;

Бел. пер. — Ярык. Мн., 1937;

Звер бурундук. Мн., 1940;

Лісічкін хлеб. Мн., 1941;

Журка. Мн., 1948;

Кладоўка сонца: Казка-быль. Мн., 1948;

3 дзённікаў // Маладосць. 1973. № 2.

Літ.:

Пришвина В.Д. Круг жизни: Очерки о М.​М.​Пришвине. М., 1981;

Яе ж. Путь к слову. М., 1984;

Курбатов В.Я. Михаил Пришвин: Очерк творчества. М., 1986.

М.​І.​Мішчанчук.

М.М.Прышвін.

т. 13, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛІНГВІ́СТЫКА (ад псіха... + лінгвістыка),

навука пра маўленчую дзейнасць, працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення. Даследуе прычыны паталогіі маўленчай дзейнасці, дзіцячае маўленне, займаецца мадэліраваннем працэсаў спараджэння і ўспрымання маўлення, пытаннямі двухмоўя, вывучэння роднай і замежных моў і інш. Маўленчая дзейнасць цесна і арганічна спалучаецца з усімі інш. відамі разумовай, духоўнай, псіх., біял. дзейнасці чалавека. Кіраванне імі ажыццяўляецца нервовай сістэмай, у прыватнасці, карой галаўнога мозга; звязвальным ланцугом выступае маўленне, псіхал. механізмы якога знаходзяцца ў найб. важных і развітых зонах гэтай кары. Найб. істотны сродак ператварэння думкі ў выказванне і выказвання ў думку — унутр. маўленне. Пры пашкоджанні (кровазліццё, страсенне, раненне) участкаў мозга, дзе знаходзяцца моўныя механізмы, у чалавека адзначаюцца розныя віды афазіі: ад лёгкага заікання да поўнай страты мовы. Рэакцыі чалавека, які ўспрымае мову, могуць быць фізіял. (змена частаты пульсу, пашырэнне зрэнак вачэй і інш.) і моўнымі. Улік і вывучэнне гэтых рэакцый дазваляе даследаваць будову мовы і свядомасці, што аперыруе ёй. П. займаецца таксама прыкладнымі праблемамі: распрацоўка эфектыўных прыёмаў моўнага ўздзеяння на адрасатаў (аптымальная арганізацыя сродкаў масавай інфармацыі, рэкламы, прапаганды і інш.), лячэнне афазіі, распрацоўка пытанняў, звязаных са зносінамі людзей, людзей з машынамі, прыняцце правільных каманд і рашэнняў у сістэме кіравання.

П. бярэ пачатак ад вучэння В.​Гумбальта, яго паслядоўнікаў Г.​Штайнталя і А.​Патабні пра мову як псіхал. з’яву. На Беларусі псіхалінгвістычныя даследаванні мовы звязаны з дзейнасцю Л.​Выгоцкага, Л.​Шчэрбы. Псіхал. аспекты мовы вывучаліся і вывучаюцца ў БДУ (А.​Супрун, А.​Цітова і інш.), Мінскім лінгвістычным ун-це (Г.​Кліменка і інш.).

Літ.:

Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;

Слобин Д., Грин Дж. Психолингвистика: Пер. с англ. М., 1976;

Выготский Л.С. Мышление и речь // Собр. соч. М., 1982. Т. 2;

Цітова А.І. Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1981;

Клименко А.П. Психолингвистика. Мн., 1982;

Супрун А.Е. Лекции по теории речевой деятельности. Мн., 1996.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НАЎ (Алесь) (Аляксандр Сцяпанавіч: н. 5.12.1947, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1966—68), скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1970). Настаўнічаў. З 1972 у газ. «Літаратура і мастацтва», бюлетэні «Родная прырода», у 1974—86 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1992 працаваў у Нац.-асветніцкім цэнтры імя Ф.​Скарыны. У 1994—99 у час. «Крыніца». Друкуецца з 1961. Аўтар паэт. кн. «Адраджэнне» (1970), «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях—360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1990), «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Дзверы» (Беласток, 1994, з Н.​Артымовіч), «Паляванне ў райскай даліне» (1995), «Рэчаіснасць» (1998), «Гліна. Камень. Жалеза» (2000); літ.-крытычных рэфлексій («Медытацыі наўзбоч «Шляху—360», 1981; «Нататкі на дубовых лістах», 1983; эсэ («Жыта і васілёк: Слова пра Максіма Багдановіча», 1997). Сродкамі сучаснай бел. мовы ўзнавіў творы Кірылы Тураўскага, Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Я.​Руцкага, К.​Транквіліёна-Стаўравецкага, М.​Сматрыцкага, І.​Пацея. Як паэт найб. адбыўся ва ўведзеных у бел. паэзію жанравых формах версэтаў, вершаказаў, квантэмаў, пункціраў, зномаў. Творы Р. звернуты да анталагічных праблем — мінулага і сучаснасці, нац.гіст. памяці, асобы і часу, жыцця і смерці, вечнага і часовага, экзістэнцыяльнага сэнсу рэчы і інш. На бел. мову перакладае з груз., літ., балг., сербахарвацкай, швед., славенскай, рус., чэш. і інш. Выдадзена кн. яго перакладаў з ням. паэзіі (Элькэ Э., Гумэльт Н., Кірш С. «Кропка, кропка, працяжнік», 2000).

Тв.:

[Вершы] // 4+4+4: Швед. і бел. паэзія Мн., 1999;

Танец з вужакамі: Выбр. Мн., 1999.

Літ.:

Кісліцына Г.М. Алесь Разанаў: Прабл. мастацкай свядомасці. Мн., 1997;

Гарадніцкі Я. «1 верад свой я ў слова пераклаў...»: Эсэ: пра творчасць А.​Разанава // Роднае слова. 1992. № 1;Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн. 1998; Верына У.Ю. Эвалюцыя паэтычнай сістэмы А.​Разанава // Весн. БДУ. Сер. 4. 2000. № 2.

Е.​А.​Лявонава.

А.Разанаў.

т. 13, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАЯ МО́ВА,

мова, на якой асоба мысліць без дадатковага самакантролю, з дапамогай якой лёгка і натуральна выказвае свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме, якая служыць падмуркам яго этн. самасвядомасці, нац. самаідэнтыфікацыі. Як форма сац. быцця чалавека адрозніваецца натуральнасцю, нязмушанасцю, лёгкасцю, зручнасцю выкарыстання яе ў розных сітуацыях камунікавання асобы. Р.м. ўласцівы функцыі: мыслення, унутр. маўлення, слоўнага выражэння і афармлення думак і эмоцый, фарміравання і замацавання своеасаблівай моўнай карціны свету, фалькл. і літ.-маст. творчасці, пазнання свету і назапашвання ведаў у памяці, міфатворчасці і інш. Р.м. звязана з духам народа, нац. ментальнасцю, маральнасцю асобы і выконвае сямейныя, працоўныя і інш. грамадскія функцыі. Яна адна з вызначальных рыс сукупнасцей людзей — этнасу, нацыі, народа. Абавязкова і арганічна ўваходзіць у мноства знакавых сістэм, што фарміруюць т.зв. моўную асобу і вызначаюць багацце яе знешніх і ўнутр. зносін, ступень яе ўключанасці ў нац. і сусв. культуру. Роднай наз. і мову тытульнага этнасу, засвоеную з дзяцінства прадстаўніком інш. этнасу, што ўваходзіць у склад нацыі. Пры двухмоўі і шматмоўі — гэта мова штодзённых зносін. Пры дасканалым веданні дзвюх моў і аднолькава лёгкім валоданні імі можна гаварыць пра дзве родныя для асобы мовы. З паняццем Р.м. звязана ўяўленне пра гіст. існаванне этнасу і яго духоўную і матэрыяльную культуру. Р.м. як выраз не строга тэрміналагічны адносіцца не столькі да лінгвістыкі, колькі да сферы нац. псіхалогіі, этн. самаўсведамлення асобнага чалавека і народа. Р.м. можа для чалавека рэальна мець статус дыялектнай гаворкі, мовы асобнага этнасу, мовы маст. л-ры, нац. і дзярж. мовы і інш. Р.м. — аб’ект любові і гонару яе носьбітаў, дзярж. падтрымкі і аховы.

Літ.:

Этническая психология и общество. М., 1997;

Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;

Навуменка Л. Уяўленні беларусаў аб значэнні ўласнай этнічнай належнасці і месца роднай мовы сярод іх // Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)