Дзейнічалі ў 1892—1914 у г. Бабруйск Магілёўскай вобласці (усяго 10 з-даў і мануфактур). Выкарыстоўваліся лакамабілі, паравыя катлы і рухавікі. Выраблялі струганы лес, дошкі, гонты, драніцу, мэблю і інш. Працавалі па 12—59 і больш рабочых (да 194 у 1913).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІДЫЯСПО́РА,
спора палавога размнажэння базідыяльных грыбоў. Утвараюцца вонкава па 2—4 на паверхні базідый. Бываюць акруглыя, авальныя або ніткападобна выцягнутыя. Сядзяць на маленькіх шыпападобных вырастах базідыі — стэрыгмах. У адрозненне ад аскаспораў базідыяспоры адшнуроўваюцца ад базідыі вонкі. На адпаведным субстраце базідыяспора прарастае гаплоідным гомакарыятычным міцэліем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́Н Івашка, майстар разьбярнай і сталярнай справы ў 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1684 у складзе арцелі бел. цесляроў і разьбяроў рабіў крэслы, куфэркі, паднасныя сталы і інш.па-мастацку аздобленыя рэчы для царскіх харомаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Іван) (?, Полацк — 1679),
майстар-чаканшчык па серабры. Са студз. 1660 майстар чаканнай справы Сярэбранай палаты Маскоўскага Крамля. Працаваў пераважна над рэльефнымі ўпрыгожаннямі. Сярод работ срэбраныя пазалочаныя рукамыйнікі царэвічаў Івана і Пятра (1676, зробленыя з Іванам Пракоф’евым, Васілём Іванавым і Ларыёнам Афанасьевым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБАЛІ́Т (ад лац. arbor дрэва + ...літ),
лёгкі бетон, сумесь арган. запаўняльнікаў (драблёных адыходаў дрэваапрацоўкі, чароту, кастрыцы, канапель і інш.), вяжучага (звычайна партландцэменту) і вады. Сярэдняя (па аб’ёме) шчыльнасць 400—700 кг/м³. З арбаліту робяць сценавыя блокі, панэлі, пліты і да т.п. для малапавярховага будаўніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКАШО́Н (Arcachon),
кліматычны курорт на беразе Біскайскага заліва ў Францыі. На ПдЗ ад г. Бардо. Узнік у 19 ст. Мяккі марскі клімат без рэзкіх ваганняў т-ры, пляж даўж. каля 6 км, дзюны, хвойнікі. Шматлікія санаторыі і гасцініцы. Буйнейшы ў Еўропе цэнтр па здабычы вустрыц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́РНЫ РЫФ,
града каралавых рыфаў, выцягнутая паралельна берагу мацерыка або вострава на некаторай адлегласці ад яго, часта па краі мацерыковай водмелі. Бар’ерныя рыфы адгароджваюць ад мора мелкаводныя лагуны, пашыраны пераважна ў водах Ціхага і Індыйскага акіянаў (напр., Вялікі Бар’ерны рыф каля паўн.-ўсх. берагоў Аўстраліі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗГАСПАДА́РНАЯ МАЁМАСЦЬ,
у цывільным праве маёмасць, у якой няма ўласніка (гаспадара) або ён невядомы. Згодна з бел. заканадаўствам безгаспадарная маёмасць паступае ва ўласнасць дзяржавы паводле рашэння суда, якое выносіцца па заяве фін. органа. Парадак выяўлення і ўліку безгаспадарнай маёмасці вызначаецца Мін-вам фінансаў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́СНА (Bosna),
рака ў Еўропе, у Босніі і Герцагавіне, правы прыток р. Сава. Даўж. 308 км, пл.бас. 10,5 тыс.км². Пачынаецца ў масіве Трэскавіца, цячэ па Дзінарскім нагор’і і Сярэднедунайскай нізіне. Паўнаводная вясною. Сярэдні расход вады 142 мус. На Босне — гарады Добай і Зеніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́КЧЫЯ (італьян. breccia),
сцэментаваная абломкавая горная парода, складзеная з вуглаватых абломкаў розных парод (памерам 1 см і больш). Брэкчыі адрозніваюць па генезісе (асадкавыя, вулканічныя, тэктанічныя, апоўзневыя і інш.) і памерах (глыбавыя — больш за 100 см, буйна-, сярэдне- і дробнаабломкавыя — 100—10 см і інш.).