ПАРЭ́ЧЧА,

вёска ў Гродзенскім р-не, на паўн.-зах. беразе воз. Малочнае, на аўтадарозе Гродна—Друскінінкай (Літва); чыг. ст. на лініях Гродна—Вільнюс і Парэчча—Друскінінкай. Цэнтр сельсавета, калгаса, біял. заказніка Парэцкі. За 32 км на ПнУ ад Гродна. 1958 ж., 630 двароў (2000). 2 лясніцтвы, рыбавяндлярны цэх, санаторый, 2 базы адпачынку. Сярэдняя, муз. і санаторная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры: царква Казанскай Маці Божай (1901), касцёл Маці Божай (1906).

Вядома з 1660 як маёнтак Гродзенскага віцэ-эканома I.Недзялкоўскага. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, з 1802 у Сабалянскай вол. Гродзенскага пав. 15.12.1862 на чыг. магістралі Пецярбург—Варшава побач з вёскай адкрыта станцыя Парэчча — першая на Беларусі. У 1904 у вёсцы 349 ж., у пасёлку на чыг. станцыі 239 ж. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Парэцкага раёна, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета, з 25.11.1940 у Гродзенскім р-не. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, якія стварылі тут лагер смерці, дзе 5.2.1943 загубілі 234 чал. З 1978 цэнтр бат. заказніка рэсп. значэння.

В.​М.​Князева.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ЦІН (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 7.10.1952, Санкт-Пецярбург),

расійскі дзярж. дзеяч. Канд. эканам. н., палкоўнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1975). З 1975 ва Упраўленні знешняй разведкі КДБ СССР. У 1990 саветнік старшыні Ленінградскага гар. Савета. З 1991 у мэрыі С.-Пецярбурга: старшыня К-та па знешніх сувязях, адначасова (з 1992) нам. мэра. З 1994 1-ы нам. старшыні ўрада С.-Пецярбурга, старшыня К-та па знешніх сувязях. У 1996—98 у Адміністрацыі Прэзідэнта Рас. Федэрацыі: нам. кіраўніка справамі Прэзідэнта (1996—97), нам. кіраўніка Адміністрацыі і нач. Гал. кантрольнага ўпраўлення Прэзідэнта (1997—98), 1-ы нам. кіраўніка Адміністрацыі (май—ліп. 1998). У ліп. 1998 — жн. 1999 дырэктар Федэральнай службы бяспекі, адначасова (з сак. 1999) сакратар Савета бяспекі Рас. Федэрацыі. 9—16.8.1999 1-ы нам. і часова выконваючы абавязкі старшыні ўрада Рас. Федэрацыі. З 16.8.1999 старшыня ўрада, з 31.12.1999 адначасова выконваючы абавязкі Прэзідэнта Рас. Федэрацыі. З 7.5.2000 (выбраны 26.3.2000) Прэзідэнт Рас. Федэрацыі. Праводзіць актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. У крас. 2000 наведаў з рабочым візітам Рэспубліку Беларусь. 30.11—1.12.2000 прыняў удзел у пасяджэннях Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і Савета кіраўнікоў дзяржаў—удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а 1.6.2001 — у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якія адбыліся ў Мінску.

Літ.:

Борцов Ю. Владимир Путин. Ростов н/Д., 2001.

У.У.Пуцін.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁТЭХНІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для радыёсувязі і тэлебачання, сродкі радыё- і правадной сувязі, шырокавяшчальныя радыёпрыёмнікі і тэлевізары, электронныя ўзмацняльнікі, электраакустычныя прыстасаванні, спец. тэхнал. абсталяванне. Найб. развітая Р.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Рэспубліцы Карэя, Кітаі, Нідэрландах. На Беларусі радыёпрыёмнікі выраблялі на Мінскім радыёзаводзе з 1940 (з 1950-х г. Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7»; з 1992 Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі). З 1951 працуе 2-і радыёзавод (у 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т»), з 1997 — Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт». Як самастойная галіна Р.п. пачала фарміравацца з 1950-х г. У 1957 пабудаваны Віцебскі завод радыёдэталей; у 1976—78 — Віцебскі тэлевізійны з (з 1989 уваходзіць у Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь»). Працуе больш за 50 прадпрыемстваў Р.п. (2000). Сярод іх: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, аднаканальныя і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» ў г. Маладзечна (стэрэамагнітолы і радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевіз. апаратура) і інш.; у Віцебску бел.-швейц. прадпрыемства «Euromedia» (каляровыя тэлевізары з камплектацыяй дэталей фірм «Toshiba», «Hitachi», «Philips». Выпушчана 195 тыс. радыёпрыёмнікаў, 516 тыс. тэлевізараў, у т. л. 433 тыс. каляровых (1999). Прадукцыя Р.п. экспартуецца ў многія краіны свету, у т. л. ў Расію, на Украіну і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 13, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОСЬ,

гарадскі пасёлак у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось, чыг. ст. на лініі Ваўкавыск—Масты; на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. За 15 км ад г. Ваўкавыск, 85 км ад Гродна. 6,6 тыс. ж. (2000).

У ВКЛ вядома з 16 ст. як мястэчка Ваўкавыскага пав. Навагрудскага ваяв. Побач знаходзіўся маёнтак Хадкевічаў, таму другая назва Р. — Падросль. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Слонімскай, Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ., цэнтр Роскай воласці Ваўкавыскага пав. У канцы 19 ст. больш за 700 ж., школа, 2 шавецкія майстэрні, шкіпінарны з, вадзяны млын, ваўначоска, 4 крамы. З пабудовай у 1886 Баранавіцка-Беластоцкай чыгункі Р. — чыг. станцыя. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска Ваўкавыскага р-на Беластоцкай вобл. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 45 жыхароў. З 1944 у Гродзенскай вобл., з 30.4.1958 гар. пасёлак.

Працуюць камбікормавы з, дзярж. прадпрыемства «Рось», лясніцтва; 2 сярэднія школы. дзіцячая школа мастацтваў, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, дом быту. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Троіцкі касцёл (1801), Троіцкая царква (1908).

т. 13, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯНЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, у Гродзенскай і на З Мінскай абласцей, уздоўж р. Нёман ад г. Стоўбцы да г. Гродна. Мяжуе на Пн з Сярэднянёманскай нізінай і Лідскай раўнінай, на ПнУ з Ашмянскім і Мінскім узвышшамі, на У і ПдУ з Капыльскай градой і прылеглымі раўнінамі, на Пд і З з Навагрудскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і Гродзенскім узвышшамі Паўд.-Зах. адгалінавання Бел. грады (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Працягнулася з З на У на 160 км, з Пн на Пд ад 15 да 55 км. Вышыні рэльефу вагаюцца ад 160 м на У да 94 м на З.

Верхнянёманская нізіна прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву. Крышт. фундамент перакрыты адкладамі верхняга пратэразою, мелу, палеагену, неагену і антрапагену. Магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў пераважна 70—120 м, у ледавіковых лагчынах да 180—200 м, найб. развіты ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, адклады александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў. У ледавіковыя эпохі на Верхнянёманскай нізіне існавалі вял. прыледавіковыя азёры. У час паазерскага зледзянення было Скідзельскае прыледавіковае возера, пасля спуску якога Нёман атрымаў сцёк у Балтыйскае мора.

Рэльеф Верхнянёманскай нізіны пераважна эразійна-акумулятыўны. Пашыраны ледавікова-азёрная нізіна паазерскага веку (на Скідзельскім участку) і водна-ледавіковая нізіна сожскага веку (на Любчанскім участку). Спадзіста-хвалістая паверхня нізіны мае эолавыя формы выш. да 5—10 м (грады, пагоркі, дзюны), лагчыны сцёку, каля рэк — яры і лагчыны, абразійныя ўступы былых берагоў прыледавіковых азёр; месцамі забалочаныя, з азёрнымі катлавінамі. Ёсць участкі азёрна-алювіяльнай нізіны (пры ўпадзенні р. Бярэзіна ў р. Нёман) і марэннай раўніны. Вылучаюцца глыбока ўрэзаныя даліны Нёмана (да 20—45 м) і яго прытокаў з шырокімі забалочанымі поймамі, шматлікімі старыцамі, тэрасамі, з якіх найб. выразныя 2 узроўні — выш. 4—9 м і 8—12 м. Карысныя выкапні: легкаплаўкія і цэментныя гліны, мел, торф. Сярэдняя т-ра студз. ад -5,1 °C на З да -6,5 °C на У, ліп. 17,7—18 °C, ападкаў 540—613 мм за год. Гал. рака — Нёман з прытокамі Сула, Уса, Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра і інш. (справа), Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш. (злева). Найб. воз. Кромань. Глебы дзярнова-слабаападзоленыя пясчаныя і супясчаныя ў спалучэнні з тарфяна-балотнымі і поймава-лугавымі. Верхнянёманская нізіна ў межах падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць 35%, хваёвыя, ялова-хваёвыя і мяшаныя лясы, дубровы. У поймах алешнікі і хмызняковыя зараснікі чаргуюцца з лугамі і забалочанымі ўчасткамі. На тэр. Верхнянёманскай нізіны біял. заказнікі Налібоцкі і Ліпічанская пушча.

В.​Р.​Сінякова.

Верхнянёманская нізіна ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці.

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭС,

у егіпецкай міфалогіі бажаство, якое ахоўвае чалавека ад бедаў, апякун сям’і. Уяўлялася ў вобразе чалавека-карліка, крываногага, з шырокім выродлівым барадатым тварам (лічылі, што выродлівасць адпужвае злых духаў), з нажом ці муз. інструментам у руках, на галаве тыяра з пёраў ці лістоў.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГА́РСКІ КРАЖ,

у Расійскай Федэрацыі, на ПдУ Сярэднесібірскага пласкагор’я, пераважна ў бас. р. Ангара. Даўж. каля 800 км. Выш. да 1022 м. Складаецца з паралельных градаў з выраўнаванымі міжрэччамі. На ПнУ — лістоўнічная тайга, на ПдЗ — хваёвыя лясы з масівамі піхтава-кедравай тайгі.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ХІ СІМБУ́НСЯ,

японскі газетны канцэрн. Засн. ў 1879 у Осака. Мае аддзяленні ў Токіо (з 1888), Кітакюсю і Нагоя (з 1935), Сапара (з 1959). Кіраўніцтва ў Токіо. Выдае штодзённыя газеты «Асахі сімбун» і «Asahi Evening» («Вячэрнія навіны»), штотыднёвікі, штомесячнікі, штогоднік, кнігі, брашуры.

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З РАДЫЁВЯШЧА́ННЯ (ЕСР),

міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 1950 для каардынацыі дзейнасці краін Еўропы ў галіне радыёвяшчання. Аб’ядноўвае 103 тэлерадыёкампаніі з 80 краін (1997), з якіх 31 — нееўрапейская. У склад ЕСР у якасці асобнага дэпартамента ўваходзіць Еўрабачанне. З 1996 у ЕСР уваходзіць Беларусь.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАРПА́ЦКАЯ УКРАІ́НА (Закарпацце),

тэрыторыя сучаснай Закарпацкай вобл. Украіны. У 10—11 ст. была ў складзе Кіеўскай Русі. Стараж. насельніцтва — славяне. З 11 ст. ў складзе Венгрыі, потым Аўстрыі і Аўстра-Венгрыі, з 1919 — Чэхаславакіі, з 1938 — Венгрыі.’ 3 1945 у складзе Украіны.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)