ДЖА́МНА, Ямуна,
рака ў Індыі, правы, самы доўгі прыток р. Ганг. Даўж. 1384 км, пл. бас. 351 тыс. км². Пачынаецца ў ледавіках хр. Заскар у Гімалаях, у вярхоўі цячэ па вузкай глыбокай цясніне, у сярэднім і ніжнім цячэнні — на Інда-Гангскай раўніне. Буйны прыток Чамбал. Сярэдні расход вады каля 2,5 тыс. м³/с. Летнія паводкі ад мусонных дажджоў. Ад Дж. адыходзяць шматлікія арашальныя каналы. На Дж. — гарады Дэлі (пачатак суднаходства), Агра, Алахабад.
т. 6, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р 1338,
пагадненне паміж Лівонскім ордэнам і ВКЛ. Заключана ад імя лівонскага магістра і вял. князя ВКЛ («караля») Гедзіміна. Паводле дагавора на сумежжы абедзвюх краін устанаўлівалася паласа зямлі, на якой павінен быў заўсёды захоўвацца мір; войскі кожнага з бакоў павінны былі ўстрымлівацца ад забойстваў і рабаванняў. Купцам ВКЛ і Лівоніі дазвалялася свабодна ездзіць па тэр. абедзвюх дзяржаў, па ўсёй Дзвіне і яе берагах. Дагавор рэгуляваў суд. парадак разгляду цывільных і крымінальных спраў.
Я.А.Юхо.
т. 5, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПНО́З (ад грэч. hypnos сон),
штучна выкліканы своеасаблівы стан чалавека і жывёл, падобны на сон, у аснове якога ляжыць працэс тармажэння вышэйшых аддзелаў кары галаўнога мозга. У адрозненне ад сну тармажэнне пры гіпнозе ахоплівае толькі асобныя ўчасткі кары мозга. Узнікае пры гіпнатычных уздзеяннях на органы пачуццяў. Чалавек праз незатарможаныя ўчасткі кары ўспрымае загады гіпнатызёра. Навук. тлумачэнне гіпнозу даў рус. фізіёлаг І.П.Паўлаў. Гіпноз — адзін з метадаў псіхатэрапіі, выкарыстоўваецца для лячэння многіх хвароб.
т. 5, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАСФЕ́РЫ (ад геа... + сфера),
абалонка Зямлі, канцэнтрычныя, суцэльныя або перарывістыя абалонкі, з якіх складаецца Зямля. Адрозніваюцца паміж сабой паводле хім. складу, агрэгатнага стану і фіз. уласцівасцей. Ад прасторы вакол Зямлі да цэнтра планеты вылучаюць магнітасферу, атмасферу, гідрасферу, літасферу, мантыю і ядро Зямлі. Некаторыя геасферы (напр., атмасфера) падзяляюцца на сферы 2-га парадку. Паводле сукупнасці прыродных умоў і працэсаў, якія працякаюць у абласцях сутыкнення і ўзаемадзеяння геасферы, вылучаюць спецыфічныя геасферы — геаграфічную абалонку, біясферу і інш.
т. 5, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЦЫЯ (ад лац. generatio нараджэнне, размнажэнне),
пакаленне ў біялогіі, 1) нараджэнне, узнаўленне; разавае патомства адной групы або папуляцыі асобін. Некаторыя арганізмы даюць мноства (прасцейшыя), некалькі (насякомыя, мышы, трусы), адну (многія капытныя, драпежныя) генерацыі за год або нават адну генерацыю за некалькі гадоў (кіты, сланы).
2) Усё непасрэднае патомства асобін папярэдняга пакалення.
3) Перыяд жыцця чалавека, жывёлы (або расліны) ад пачатку яго развіцця да палаваспелага стану. Напр., у чалавека — бацькі, дзеці і ўнукі — 3 паслядоўныя пакаленні.
т. 5, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДА́НАЎ (Павел Ільіч) (16.1.1903, г. Слонім Гродзенскай вобл. — 30.8.1986),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Мінскае ваен. пях. вучылішча (1930), курсы пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1936), курсы «Выстрал» (1942). У Чырв. Арміі з 1925. У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Камандзір стралк. палка падпалкоўнік Ж. вызначыўся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дзясны на Пд ад Чарнігава і Дняпра на Пн ад Кіева. Да 1957 на гасп. рабоце.
т. 6, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІЛЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Завілейская Літва,
назва ў бел. летапісах 15—17 ст. тэрыторыі каля р. Вілія ў больш раннія часы. Дакладнае месцазнаходжанне не вызначана. У «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» і Хроніцы Быхаўца гаворыцца, што жамойцкія князі рухаліся па З.з. з ПнЗ на Пд і ПдУ, гэта значыць па тэр. на Пд ад р. Вілія. У некат. месцах летапісаў гэта тэр. названа Завілейскай Літвой. У інш. летапісах пад З.з. разумелі правабярэжжа Віліі (на Пн ад яе).
т. 6, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЕ́ЧНЫЯ МЕ́ЖЫ (засечныя лініі, засекі),
сістэма абарончых умацаванняў на паўд. і паўд.-ўсх. ускраінах Рус. дзяржавы ў 16—17 ст. дзеля аховы ад качэўнікаў. Складаліся з засек, валоў, равоў, частаколаў; выкарыстоўваліся і прыродныя перашкоды (рэкі, яры). Мелі апорныя пункты (астрогі і гарады-крэпасці). Найбольшай была Вялікая З.м. (ад Разані да Тулы). З перамяшчэннем меж Расіі на Пд паступова страцілі сваё значэнне. У 18 ст. вопыт буд-ва З.м. выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні пагран. умацаваных ліній.
т. 6, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБНЫ́ КА́МЕНЬ,
мінералізаваныя адклады на паверхні зубоў з арган. асновы і солей (пераважна фосфарнакіслага кальцыю). Найчасцей бывае на шыйках зубоў, можа пакрываць значную ч. каронкі і кораня; адкладваецца і на зубных пратэзах. Колер З.к. ад светла-жоўтага да чорнага ў залежнасці ад ежы і курэння. Афарбоўка бывае і пры распадзе форменных элементаў крыві ў шчыліне дзясны. Шчыліна паступова павялічваецца; утвараецца кішэня дзясны. З.к. — адзін з фактараў развіцця хвароб парадонту.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 7, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКА́ННЕ міжвольны кароткі і інтэнсіўны ўдых з характэрным гукам, абумоўлены сутаргавым скарачэннем дыяфрагмы пры зачыненай ці рэзка звужанай галасавой шчыліне. Можа быць сімптомам розных захворванняў, назіраецца таксама і ў здаровых асоб (пры пераахаладжэнні, прыёме сухой ежы, алкаголю). У залежнасці ад узроўню пашкоджання вылучаюць асн. патагенныя варыянты І.: цэнтральнае (пры пашкоджанні галаўнога ці спіннога мозга), перыферычнае (пры захворваннях дыяфрагмальнага нерва) і адлюстраванае. Паталагічнае працяглае І. (ад некалькіх гадзін да многіх месяцаў) патрабуе мед. абследавання.
т. 7, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)