КАШЫ́ ЗАДАЧА,
адна з асн. задач тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Зводзіцца да адшукання рашэння (інтэграла) дыферэнцыяльнага ўраўнення, якое задавальняе пач. умовам. Напр., знайсці закон руху матэрыяльнага пункта, калі зададзены рухальная сіла, яго пач. месцазнаходжанне і скорасць. Ад краявых задач адрозніваецца тым, што папярэдне не абумоўліваецца вобласць вызначэння рашэння. Узнікае пры аналізе працэсаў, якія вызначаюцца дыферэнцыяльным законам і пач. станам. Адзінасць і існаванне рашэння гэтай задачы ў шэрагу выпадкаў даказаў А.Кашы.
т. 8, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́ШАННЕ,
1) метад кансервавання гародніны (пераважна белакачаннай капусты), шляхам малочнакіслага браджэння. Пры браджэнні цукрыстых рэчываў утвараецца малочная к-та, якая разам з кухоннай соллю, што дадаюць пры К., аказвае кансервавальнае дзеянне. Квашаныя прадукты захоўваюць пры т-ры 0—5 °C. 2)У гарбарнай і футравай прамысловасці — апрацоўка шкур у водным настоі аўсянай ці ячнай мукі грубага памолу з дабаўленнем кухоннай солі і часам вотруб’я; адзін з працэсаў вытв-сці каракулю.
т. 8, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТО́ВЫ ВУС,
рагавыя пласціны ў верхняй сківіцы бяззубых (вусатых) кітоў. У паласацікаў да 800, у шэрых кітоў да 130 пласцін трохвугольнай формы. Меншы бок пласціны замацаваны ў сківіцы, а большы, расшчэплены на доўгія і тонкія рагавыя трубачкі, накіраваны ў ротавую поласць. Трубачкі пераплятаюцца паміж сабой і ўтвараюць цадзільны апарат («шчотку»), праз які кіт прапускае ваду і адцэджвае жывёл (планктон), што трапілі ў яго пашчу. Выкарыстоўваецца для дробных вырабаў.
А.С.Леанцюк.
т. 8, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧАВО́Е СЛО́ВА,
паўназначнае слова тэксту, якое выкарыстоўваецца для яго каардынатнага індэксавання. Кожнае К.с., як і дэскрыптар, абазначае клас, у якім патэнцыяльна знаходзяцца ўсе тэксты, што ўключаюць гэта слова як элемент, асн. сэнсавага зместу. У адрозненне ад дэскрыптараў з’яўляюцца лексічнымі адзінкамі натуральнай мовы: адно К.с. можа мець шмат значэнняў, розныя К.с. — адно і тое ж значэнне. Пры інфармацыйным пошуку пералік К.с. выкарыстоўваецца ў якасці пошукавага вобраза дакумента ці пошукавага прадпісання.
т. 8, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬЦЫ САТУ́РНА,
яркія плоскія канцэнтрычныя кольцы вакол планеты Сатурн, утвораныя мноствам цвёрдых ледзяных ці пакрытых лёдам цел, якія адбіваюць сонечнае святло. Цвёрдыя целы, што ўтвараюць К.С., маюць памеры ад некалькіх міліметраў да 15 м, рухаюцца па кругавых і эліптычных арбітах і пастаянна сутыкаюцца адно з адным. Таўшчыня К.С. 1,5 км, знешні дыяметр каля 250 тыс. км. У кольцах назіраюцца цёмныя шчыліны, самыя буйныя з якіх наз. шчылінамі Касіні і Эйнке.
т. 8, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНС,
адзін з найб. старажытных рым. аграрных багоў, што шанаваліся разам з багіняй Опс. Ушаноўваўся як абаронца запасаў збожжа, схаваных пад зямлёй. Яго падземны алтар адчынялі раз на год у час свята кансуалій, калі К. прыносілі ахвяры і наладжвалі ў яго гонар гульні і спаборніцтвы. Пазней кансуаліі зліліся са святам коннага Нептуна, а сам К. з прычыны сугучча яго імя са словам «савет» (лац. consilium) лічыўся богам добрых парад.
т. 8, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЕГІДРА́ТЫ,
крышталічныя рэчывы, якія маюць у сваім саставе малекулы вады; цвёрдыя гідраты пэўнага саставу (гл. Гідратацыя). Ваду, што ўваходзіць у К., наз. крышталізацыйнай. Звычайна К. ўтвараюцца пры крышталізацыі хім. злучэнняў з водных раствораў. Вядомыя для многіх рэчываў, асабліва солей (напр., CuSO4∙5H2O медны купарвас, CaSO4∙2H2O гіпс, Na2SO4∙10H2O мірабіліт, KAl(SO4)2∙12H2O алюмакаліевы галын). Пры дэгідратацыі многія К. солей ператвараюцца ў ніжэйшыя К. ці бязводныя солі.
т. 8, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў бас. Зах. Бярэзіны. Існавала ў 14 ст. Цэнтр — Крэва. Каля 1338 вял. князь ВКЛ Гедзімін аддаў К.к. свайму сыну Альгерду. Пазней належала сыну Альгерда Ягайлу. Верагодна, ужо ў 14 ст. страціла значэнне ўдзела, пазней пераўтворана ў староства ў Віленскім ваяв. У навук. л-ры часам сцвярджаецца, што ў 1387—91 К.к. належала брату Ягайлы кн. Вігунду (Аляксандру), на самай справе той валодаў г. Кернаў у Літве.
т. 8, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХМІ́СТАР,
пасада ў Польскім каралеўстве і ВКЛ (з канца 15 ст.). Першапачаткова К. загадваў прыдворнай кухняй і кухарамі. Ва ўрачыстых выпадках (элекцыя, прыём паслоў і інш.) асісціраваў за сталом каралю, вял. князю, распавядаючы пра стравы, што падаваліся. Намінальна кіраваў стольнікам, падстолім, крайчым, чашнікам, падчашым і піўнічым. Да 17 ст. пасада К. ператварылася ў дыгнітарскую, намінальную. У Рэчы Паспалітай да 1795 існавалі асобныя К. ВКЛ і Польшчы.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 9, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧАРА́ВЫ (Віктар Дзмітрыевіч) (14.5.1898, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл. — 12.2.1940),
Герой Сав. Саюза (1940). Удзельнік грамадз. вайны. Да 1939 на прафс. і сав. рабоце. У Чырв. Арміі з 1939, інструктар палітаддзела 8-й стралк. дывізіі, камісар батальёна, ст. палітрук. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. 12.2.1940 вызначыўся ў баі за населены пункт Кіркі-Муалаа. Асабістым прыкладам падняў байцоў у атаку, што вырашыла паспяховы зыход аперацыі. Загінуў у гэтым баі.
т. 9, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)