рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыў Варонежскае тэатр. вучылішча (1942). Працаваў у т-рах Варонежа і Нальчыка. У 1950—54 у Брэсцкім абл.драм. т-ры імя ЛКСМБ, у 1955—56 і 1958—82 у Гродзенскім абл.драм. т-ры. Выконваў характарныя і камед. ролі, у якіх дакладная псіхал. характарыстыка спалучалася з яркай тэатр. формай: Мошкін («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Савіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Альховік, Іахім («Трывога» і «Францыск Скарына» А.Петрашкевіча), Тузенбах («Тры сястры» А.Чэхава), Андрэй («У добры час!» В.Розава), О’Крэдзі («Дыпламат» С.Алёшына), Радзівон Мікалаевіч, Баляснікаў («Старамодная камедыя», «Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Платон Ангел («Дзікі Ангел» А.Каламійца) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВЕ́РХНЯЯ ЦАРКВА́,
помнік мураванага дойлідства 14 — пач. 15 ст. Пабудавана на месцы Гродзенскай Ніжняй царквы. Часткі пабудовы выяўлены ў 1931—37 Ю.Ядкоўскім у часархеал. раскопак на тэр.Гродзенскага Старога замка; у 1939 перанесены ў асобны павільён.
Рэшткі царквы даюць падставу меркаваць, што гэта быў квадратны ў плане са зрэзанымі вугламі бесстаўповы храм з паўкруглай апсідай. Унутры бакавых частак апсіды выяўлены аркі таўшчынёй у 1—2 цагліны. Першапачаткова перакрыццё царквы было драўлянае, пазней — скляпеністае на нервюрах. Пасля перабудовы храм накрыты чырвонай чарапіцай у форме плоскіх пласцін. Верхняя частка сцен упрыгожана крыжападобнай цэглай. Рэканструкцыю царквы выканалі: у 1938 Т.Андрыёнчык, у 1965 Абрамаўскас, у 1987 Ф.Селязнёў, Р.Сташкевіч, А.Трусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КНЯ́ЖАЦКІ ЦЕ́РАМ, княжацкі палац,
помнік архітэктуры 12 ст. Размяшчаўся на тэр.Гродзенскага Старога замка, на паўд. рагу дзядзінца. Рэшткі церама выяўлены ў 1932—33 Ю.Ядкоўскім. Збераглася паўн. частка даўж. 9,72 м і выш. да 2 м. Гэта быў 2-павярховы на каменным падмурку будынак з драўлянымі бэлечнымі перакрыццямі. Змураваны з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. На кароткіх тарцах цаглін рэльефныя мулярскія знакі. Звонку дэкар. муроўка была аздоблена радамі амаль неапрацаваных камянёў. Падмурак — рад камянёў (таўшчыня 35—40 см), пад якімі праслойка бітай цэглы. Будынак быў накрыты свінцовымі лістамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. да ўвахода прыбудаваны новы ганак з буйнапамернай цэглы, будынак прыстасаваны да абароны. Разбураны ў 16 ст. ў час перабудовы Старога замка Стафанам Баторыем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ (Міхаіл Фролавіч) (1.10.1897, в. Кавалічы Гродзенскага р-на — 24.11.1946),
генерал-маёр (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1928), паскораныя курсы ваен. акадэміі Генштаба (1943). У арміі з 1916, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20, разгрому войск Булак-Балаховіча, Антонава на Тамбоўшчыне, басмачоў у Сярэдняй Азіі. У Вял.Айч. вайну з 1943 на 1-м Укр. фронце. Вызначыўся ў ліп. 1944 у баях на Львоўскім напрамку: стралк. корпус на чале з Грыгаровічам прарваў абарону ворага, выйшаў у тыл варожай групоўкі, удзельнічаў у яе ліквідацыі, авалодаў паўн.-ўсх. часткай Львова. У час наступлення на гэтым напрамку падраздзяленні яго корпуса вызвалілі каля 100 тыс.нас. пунктаў. Удзельнік вызвалення Чэхаславакіі, Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р’ЕЎ (Апалон Аляксандравіч) (каля 1.8.1822, Масква — 7.10.1864),
рускі літаратурны крытык і паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1842). У 1850—56 вядучы крытык час. «Москвитянин». Напачатку яго артыкулам характэрна рамантызацыя патрыярхальнага ўкладу (асабліва прыхільна ставіўся да твораў А.М.Астроўскага), пазней — гістарызм крытычнага метаду («Погляд на рускую літаратуру пасля смерці Пушкіна», 1859; «Пасля «Навальніцы» Астроўскага», 1860; «Аб развіцці ідэі народнасці ў нашай літаратуры» 1861—62; «Вершы М.Някрасава», 1862). Лірычны герой паэт. твораў Грыгор’ева — рамант. асоба лермантаўскага тыпу з высокімі і стыхійнымі страсцямі (драма «Два эгаізмы» і паэма «Алімпій Радзін», абедзве 1845; зб. «Вершы», 1846; цыкл «Барацьба», 1857). Аўтар апавяданняў, аўтабіягр. аповесцей.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1990.
Літ.:
Носов С.Н. Аполлон Григорьев: Судьба и творчество. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ФІУС ((Gryphius) Андрэас) (2.10.1616, г. Глогаў, Польшча — 16.7.1664),
нямецкі паэт і драматург. Рана страціў бацькоў, перажыў жахі Трыццацігадовай вайны 1618—48. Скончыў Лейдэнскі ун-т у Галандыі (1643). Пісаў вершы на ням. і лац. мовах. Аўтар зб-каў «Нядзельныя і святочныя санеты» (1639), «Санеты, эпіграмы, оды» (1643). Яго паэзія, прасякнутая ідэямі стаіцызму, сцвярджала марнасць зямнога быцця і ў той жа час — веліч і нязломнасць духоўнасці, здольнасць чалавека пакінуць добры след на зямлі і зліцца з вечнасцю. У 1640—50-я г. пісаў пераважна трагедыі («Леў Армянін», «Карл Сцюарт», «Кацярына Грузінская», «Папініян» і інш.), гал. герой якіх — чалавек маральнага абавязку, здольны ахвяраваць сабой у імя веры і чалавечнасці. Аўтар камедый «Спадар Петэр Сквенц» (1658), «Гарыбілікрыбрыфакс» (1663).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЗЛАВО́Е ПІСЬМО́, кіпу,
сістэма перадачы інфармацыі пры дапамозе вузлоў на шнурах рознай даўжыні і колеру, якія былі прымацаваны да інш. шнура ці палкі. Існавала ў шэрагу народаў Паўд. Амерыкі. Узнікла ў вобласці Цэнтр. Андаў і дасягнула росквіту ў эпоху інкаў (15—16 ст.). На думку некаторых вучоных, кіпу змяшчаюць складаныя гіст. і паэтычныя тэксты. Але большасць даследчыкаў лічыць, што яны не мелі іншага прызначэння, акрамя запісу самых простых даных уліковага характару. Падобны прынцып перадачы інфармацыі выкарыстоўваўся і пры стварэнні «пісьма» вампум (шнуры з нанізанымі ракавінкамі розных колераў), што было пашырана ў індзейцаў Паўн. Амерыкі. Вузлавое пісьмо існуе ў Паўд. Амерыцы і на яп. а-вах Рукю і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗЯ́ЦКІ ДАГАВО́Р 1658,
пагадненне, якое вызначала ўзаемаадносіны Украіны і Польшчы. Падпісана 16.9.1658 у г. Гадзяч (Украіна) гетманам Запарожскага войска І.Выгоўскім і прадстаўнікамі польск. ўрада ў часвайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паводле Гадзяцкага дагавора з Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяв. ўтваралася асобная дзяржава, што аб’ядноўвалася з Польшчай, як і ВКЛ, на прынцыпах федэрацыі. Колькасць Запарожскага войска скарачалася да 30 тыс.чал., з кожнага палка 100 казакоў атрымлівалі шляхецтва. У Кіеве і ВКЛ ствараліся 2 акадэміі з прафесарамі правасл. і каталіцкага веравызнанняў, але скасоўваліся езуіцкія школы і забараняліся ерэтычныя секты. Гадзяцкі дагавор быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай, але не набыў сілы, бо ў выніку нар. паўстання 1659 гетман Выгоўскі скінуты і ўцёк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НДЗІН (Мікалай Мікалаевіч) (н. 28.10.1950, в. Чырвоны Бор Чавускага Р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1971). Адзін з заснавальнікаў творчага аб’яднання «Квадрат» (1987). Сярод асн. твораў: серыі «Ікар» (1975—77), «Гараскоп» (1985), «Індыйскі цыкл» (1989—95), «Хрысціянскі цыкл» (1989), «Час збіраць камяні» (1992—93), трыпціх «Веліч» (1993), дыпціх «Песня песняў Саламонавых» (1996) і інш. Пераважаюць філас.-метафарычныя і сімвалічныя вобразы, біблейскія і гіст. матывы, складаная архітэктоніка, спалучэнне рэальных і ўмоўных форм. Творам уласціва экспрэсіўнасць і чысціня колеру. Аўтар экспазіцый у Бярэзінскім запаведніку (1983), віцебскіх музеях, маст. афармлення Палаца шлюбаў у Барысаве (1996).
М.Л.Цыбульскі.
М.Дундзін. «Я прыйшоў у сад мой...» З дыпціха «Песня песняў Саламонавых». 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭ́Т (ад лац. decretum указ, пастанова),
1) урадавая пастанова, нарматыўны акт агульнага або прыватнага характару. Тэрмін узнік у Стараж. Рыме як пастанова сената, пазней — імператара. У ВКЛ Д. — пастановы вял. князя, паноў-рады, вышэйшай духоўнай улады, прыгаворы і рашэнні трыбунала, земскіх судоў па крымін. і цывільных справах, у Францыі — заканадаўчыя пастановы органаў улады, створаных у час рэвалюцыі 1789—99, Парыжскай камуны 1871. У СССР да прыняцця Канстытуцыі 1936 — назва найб. важных актаў вышэйшых органаў дзярж. улады і кіравання (напр., Д. аб зямлі, Д. аб міры).
2) У некат. сучасных краінах — нарматыўны акт, выдадзены кіраўніком дзяржавы ці ўрада. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), Прэзідэнт выдае Д., якія маюць сілу законаў.