Адбыўся 30.11.1943 паміж 425-м партыз. палком і карным атрадам гітлераўцаў у в. Гарадзец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Камандаванню палка стала вядома, што карнікі занялі в. Гарадзец, жыхароў гэтай і суседніх вёсак (больш за 70 чал.) зачынілі ў трох хлявах і 1 снежня збіраліся спаліць. 1-ы батальён партыз. палка на чале з П.М.Цагельнікавым хутка дабраўся да ўскраіны Гарадзецкага лесу. Атрымаўшы даныя разведкі пра ўзбраенне гарнізона і выставіўшы засады на дарогах да вёскі, партызаны атакавалі ворага. У выніку бою 66 з 70 карнікаў былі знішчаны, мясц. жыхары выратаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШКО́Ў (Сяргей Георгіевіч) (26.2.1910, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 1988),
савецкі ваенна-марскі дзеяч. Адмірал Флоту Сав. Саюза (1967), двойчы Герой Сав. Саюза (1965, 1982). Скончыў Ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1931), курсы пры Ваенна-марской акадэміі (1941). З 1932 на Ціхаакіянскім, з 1939 на Чарнаморскім флоце. У Вял.Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Адэсы, з ліст. 1942 каманд. 47-й арміяй, у 1943—48 — Азоўскай і Дунайскай ваен. флатыліямі, эскадрай Чарнаморскага флоту. У 1948—55 нач. штаба і каманд. Чарнаморскім флотам. У 1956—85 галоўнакаманд. ВМФ, нам. міністра абароны СССР. Дзярж. прэмія СССР 1980, Ленінская прэмія 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РЫК ((Garrick) Дэвід) (19.2.1717, г. Херэфард, Вялікабрытанія — 20.1.1779),
англійскі акцёр, драматург, тэатр. дзеяч. Заснавальнік рэалізму ў англ. т-ры. З 1742 у т-ры «Друры-Лейн» (у 1747—76 яго ўладальнік). Выканаўца трагедыйных і камедыйных роляў у п’есах У.Шэкспіра: Кароль Лір, Гамлет, Макбет, Рычард III (аднайм. п’есы), Бенядзікт («Многа шуму з нічога»), усяго 25 роляў, а таксама Джон Брут («Раззлаваная жонка» Дж.Ванбру), Абель Дрэгер («Алхімік» Б.Джонсана) і інш. Дасканала валодаў мастацтвам пераўвасаблення, вял.сцэн. тэмпераментам. Залажыў асновы мастацтва рэжысуры. Адрадзіўшы на англ. сцэне Шэкспіра, імкнуўся зрабіць яго творы сродкам прапаганды асветніцкай ідэалогіі. Аўтар каля 40 п’ес.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦІЛО́ВІЧ (Антон Іосіфавіч) (7.11.1902, б. фальварак Пянькоўшчына, Ашмянскі р-н, Гродзенская вобл. — 23.11.1976),
генерал-палкоўнік (1959), д-рваен.н. (1957), праф. (1959). У Чырв. Арміі з 1919. Скончыў Ленінградскую пях. школу (1924), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931), Генштаба (1937). У Вял.Айч. вайну нач. штаба, камандуючы 17-й арміяй Забайкальскага фронту, з ліст. 1943 камандзір корпуса, камандуючы арміяй на 1-м і 4-м Укр. франтах. Удзельнік Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі 1944, баёў у Карпатах, вызвалення Польшчы, Чэхаславакіі. Да 1965 камандуючы арміяй, пам. камандуючага ваен. акругай, на выкладчыцкай рабоце ў Ваен. акадэміі Генштаба, кансультант акадэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОСМА́ЙСТАР (ням. Großmeister літар.вял. майстар),
вышэйшае ганаровае спарт. званне па шахматах і шашках. У 1949 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (ФІДЕ) устаноўлена званне гросмайстра па шахматах. На Беларусі яго атрымалі Б.Гельфанд, В.Дыдышка, А.Заяц, К.Зварыкіна, А.Кавалёў, В.Купрэйчык, Ю.Шульман, Р.Эйдэльсон. З 1958 прысвойваецца званне гросмайстра Міжнар. федэрацыі гульні ў шахматы па перапісцы (ІКЧФ). Званне гросмайстра па шашках устаноўлена ў 1948 Сусв. федэрацыяй шашак. У Беларусі яго атрымалі А.Альтшуль, А.Балякін, Я.Ватуцін, А.Гантварг, В.Камышлеева, М.Кац, І.Пашкевіч, А.Плакхін, А.Прэсман, З.Садоўская, Л.Сахненка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЕ́ДЫ (Mycetophagidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 20 родаў і 200 відаў. Жывуць у грыбах і гнілой драўніне. Найб. вядомыя грыбаед двухкрапінкавы (Dacne bipustulata), грыбаед чырвонагаловы (Triplax russica). На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны Litargus connexus і Mycetophagus quadripustulatus.
Даўж. 2—6,5 мм. Цела авальнае, слаба пукатае, укрыта тонкімі валаскамі. Афарбоўка ад светла-бурай да чорнай, надкрылы звычайна са светлым малюнкам. Лапкі ў самкі 4-членістыя, у самца пярэднія 3-членістыя. Лічынкі грыбаедаў прадаўгаватыя, з даволі вял. галавой і кароткімі нагамі; на заднім канцы цела кручкападобныя вырасты, загнутыя ўверх. Жывяцца пераважна грыбніцай (міцэліем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ШЫН (Іван Ціханавіч) (16.12.1901, в. Унукавічы Рослаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 20.6.1951),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-палк. (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў пях. камандныя курсы (1922), пях. школу (1928), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1963). У Чырв. Арміі з 1920. З чэрв. 1941 на Зах., Бранскім, 2-м Бел. франтах: камандзір стралк. дывізіі, нач. штаба армій. Удзельнік Смаленскай, Бел., Усх.-Прускай і Берлінскай аперацый. 49-я армія пад яго камандаваннем вызначылася ў баях за вызваленне Магілёва, пры фарсіраванні Дняпра, Друці, Бярэзіны, у ліквідацыі мінскага «катла». Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКІ (Леанід Ільіч) (н. 10.1.1936, Мінск),
бел. вучоны ў галіне фізікі цвёрдага цела і мікраэлектронікі. Чл.-кар.АН Беларусі (1994), д-ртэхн.н. (1973), праф. (1978). Сын І.Д.Гурскага. Скончыў БПІ (1959). З 1961 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі, з 1993 у Вышэйшым атэстацыйным камітэце Беларусі (БелВАК). Навук. працы па фізіцы металаў, паўправаднікоў і дыэлектрыкаў, распрацоўцы тэхналогіі вытв-сці вял. інтэгральных мікрасхем. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Структура, топология и свойства пленочных резисторов. Мн., 1987 (у сааўт.);
Интеллектуальные системы автоматизированного проектирования больших и сверхбольших интегральных микросхем. М., 1988 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕНІЧНЫ ХОД,
прыстасаванне (рухач) самаходных машын, асн. часткай якога з’яўляецца гусеніца. Гэта суцэльны метал. або гумаметал. ланцуг з шарнірна злучаных звёнаў, які прыводзіцца ў рух вядучымі коламі машыны. Гусеніца верціцца разам з коламі і апорнымі каткамі, падкладваецца пад іх і стварае бясконцы пуць з супраціўленнем руху значна меншым, чым на грунце. Вял. паверхня гусеніц забяспечвае нізкі ціск на глебу, павялічвае счапленне з грунтам і праходнасць машыны. Гусенічны ход выкарыстоўваецца ў трактарах, торфаўборачных і дарожных машынах, экскаватарах, трубаўкладчыках, снегаходах, танках, цягачах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Ерафей Уладзіміравіч) (19.11.1903, в. Шалаеўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.4.1987),
генерал-лейтэнант (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае пях. вучылішча (1931), курсы «Выстрал» (1940), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1925. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт. і 1-м Бел. франтах: камандзір палка, нач. штаба, камандзір стралк. дывізіі, корпуса. Войскі 16-га корпуса на чале з Дабравольскім вызначыліся ў студз. 1945 у баях на р. Вісла каля г. Казімеж (Польшча) пры прарыве абароны і разгроме праціўніка. Да 1958 у Сав. Арміі.