БРЫГС ((Briggs) Генры) (2.1561, Уолівуд, графства Йоркшыр, Вялікабрытанія — 26.1.1630),

англійскі матэматык. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1588). З 1619 праф. Оксфардскага ун-та. Навук. працы па геаметрыі, трыганаметрыі і навігацыі. Склаў і апублікаваў першыя табліцы дзесятковых лагарыфмаў: 8-значныя для лікаў першай тысячы (1617), 14-значныя для лікаў ад 1 да 20 000 і ад 90 000 да 100 000 (1624). У 1633 выдадзены 14-значныя табліцы лагарыфмаў трыганаметрычных функцый, падрыхтаваныя Брыгсам з Г.​Гелібрандам.

т. 3, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛМА, Валмянка,

рака ў Дзяржынскім і Валожынскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Іслачы (бас. Нёмана). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 177 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Шчэпкі Дзяржынскага р-на, цячэ па зах. схілах Мінскага узв. праз г.п. Івянец. Даліна выразная. Пойма лугавая, шыр. ў вярхоўі 20—50 м, у ніжнім цячэнні 120—200 м. Рэчышча звілістае, у верхнім цячэнні каналізаванае. Берагі стромкія, абрывістыя, асабліва на адрэзку ад г.п. Івянец да вусця.

т. 4, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛМА,

вадасховішча ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма (бас. Дняпра); за 41 км ад вусця, за 16 км на З ад г. Чэрвень. Створана ў 1932. Пл. 0,87 км², даўж. 2,7 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 3,1 м (1988). У выніку моцнага зарастання каля берагоў і заглейвання дна аб’ём вады зменшыўся з 1,25 да 0,62 млн. м³. Выкарыстоўваецца для рыбаводства і адпачынку, паблізу санаторый-прафілакторый «Волма».

А.​А.​Макарэвіч.

т. 4, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРТЫЗА́ТАР,

прыстасаванне для аховы канструкцый машын і збудаванняў ад удараў і дынамічных нагрузак. Змяшчаецца паміж целам, якое ўспрымае і перадае ўдарную нагрузку, і целам, што засцерагаецца ад яе ўздзеяння (напр., паміж заднім мостам і кузавам аўтамабіля). У амартызатары выкарыстоўваюцца пругкія ўласцівасці цвёрдых целаў (гумавых элементаў, рысораў, тарсіёнаў), гідраўлічных спружын і газаў. Устанаўліваюцца ў сукупнасці з дэмпферам (часта ў адным блоку). Асн. тыпы амартызатараў: спружынны, гумавы, фрыкцыйны, пнеўматычны, гідраўлічны, гідрапнеўматычны (спалучае асаблівасці гідраўл. і пнеўматычнага амартызатара).

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛІ́ГА,

павышэнне т-ры паветра да 0 °C і вышэй зімой ва ўстойлівы марозны перыяд. Узнікае ад прытоку паветра з больш цёплых раёнаў (гл. Адвекцыя, Цыклон) або выклікаецца мясц. награваннем паветра сонечнай радыяцыяй. Найб. характэрна для тэрыторый з кліматам, пераходным ад марскога да кантынентальнага. На Беларусі за снеж.—люты на крайнім ПдЗ бывае больш за 50 дзён з А., на ПнУ — 26—30. Працяглыя адлігі часам выклікаюць сярод зімы паводкі на рэках.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАНДО́Н (франц. abandon) у марскім праве, права страхавальніка адмовіцца ад сваіх правоў на застрахаваную маёмасць на карысць страхоўшчыка і атрымаць поўную страхавую суму. Як правіла, робіцца ў выпадку прапажы, гібелі маёмасці, немэтазгоднасці аднаўлення ці рамонту судна. Заява аб абандоне павінна паступіць ад страхавальніка на працягу 6 месяцаў з моманту ўзнікнення для гэтага падстаў. Можа быць зроблена і ў аднабаковым парадку без пацвярджэння страхоўшчыка. У выніку абандона да страхоўшчыка пераходзяць усе правы на застрахаваную маёмасць.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБКЛА́ДКА падземнага збудавання,

канструкцыя для замацавання падземных вырабатак і ўтварэння ўнутранай паверхні падземных збудаванняў. Форма і памеры абкладкі залежаць ад прызначэння збудавання: для метрапалітэна, вадавода, тунэля, падземнай ГЭС і інш. Бывае апорная (разлічана на ўздзеянне нагрузкі) і абліцовачная (для аховы горных парод ад разбурэння); з маналітнага бетону або жалезабетону, зборнага жалезабетону, металу, таксама і камбінаваная, з абліцоўкай дэкар. матэрыяламі.

Уніфікаваная зборная жалезабетонная абкладка тунэляў метрапалітэна: а — з блокаў кругавога абрысу; б — з прамавугольных блокаў.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭ́МІЯ (Artemia salina),

ракападобнае атрада шчэлепаногіх. Пашырана ў салёных азёрах і лужынах паўпустыняў, пустыняў і марскіх ліманаў, здольная жыць пры салёнасці вады ад 40 да 230%0 і болей.

Даўж. 0,8—1 см. У залежнасці ад салёнасці вады зменьваецца даўж. галінак вілачкі на канцы брушка (павялічваецца пры апрасненні). Жывіцца мікраскапічнымі водарасцямі і бактэрыямі. Размнажаецца 3 разы за сезон, плоднасць да 70 яец або наўплісаў. Разводзяць і выкарыстоўваюць на корм рыбам.

Артэмія: салёнаводная форма.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ, атмасферная радыяцыя,

цеплавое электрамагнітнае выпрамяненне атмасферы (інфрачырвоныя прамяні з даўж. хваляў 4—120 мкм); частка радыяцыйнага балансу атмасферы. Каля 70% яго падае на зямную паверхню (процівыпрамяненне атмасферы), каля 30% ідзе ў космас. Інтэнсіўнасць атмасфернага выпрамянення павялічваецца з павышэннем т-ры паветра, воблачнасці і забруджанасці атмасферы. Сярэднія значэнні процівыпрамянення атмасферы ў Мінску ад 627 ў лютым да 971 Мдж на 1 м² у ліп., інтэнсіўнасць — адпаведна ад 0,26 да 0,34 кВт на 1 м².

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ІТА́ЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1859,

вайна Сардзінскага (П’емонцкага) каралеўства і Францыі супраць Аўстрыі, якая ўтрымлівала пад сваёй уладай Ламбарда-Венецыянскую вобласць і перашкаджала стварэнню адзінай італьян. дзяржавы. Асн. бітвы пад Мантэбела, Маджэнта і Сальферына (май—чэрв. 1859) закончыліся паражэннем аўстр. войскаў. Паводле Цюрыхскіх мірных дагавораў 1859 Сардзінія атрымала ад Аўстрыі Ламбардыю, паводле Турынскага дагавору 1860 Францыя атрымала ад Сардзініі (за дапамогу ў вайне) Савою і Ніццу, да Сардзінскага каралеўства далучаны Парма, Таскана, Мадэна.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)