ПАВО́ЛЖА,

тэрыторыя, якая прылягае да сярэдняга і ніжняга цячэння р. Волга і эканамічна звязаная з ёю. У межах П. вылучаюць прыўзнятае правабярэжжа (з Прыволжскім узвышшам) і нізіннае левабярэжжа, т. зв. Заволжа. Да П. часам адносяць таксама раёны, якія знаходзяцца ў верхнім цячэнні Волгі (ад яе вытокаў да вусця р. Ака). Пры эканам. раянаванні ў П. ўключаюць Калмыкію, Татарстан, Астраханскую, Валгаградскую, Пензенскую, Самарскую, Саратаўскую і Ульянаўскую вобл.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАРЭ́ЛЬСКІ (Платон Мікалаевіч) (1800, Віцебская губ. — 1852),

матэматык-педагог. Скончыў Маскоўскі ун-т (1822). Працаваў у Маскоўскім універсітэцкім пансіёне (1822—29), быў старшым настаўнікам матэматыкі ў Маскоўскай губ. гімназіі (1829—36), інспектарам 1-й Маскоўскай гімназіі (1836—39), дырэктарам Маскоўскай рэальнай гімназіі (1839—52). Аўтар падручнікаў па алгебры і геаметрыі, якія неаднаразова перавыдаваліся. Быў першым (хатнім) настаўнікам матэматыкі П.Л.Чабышова — будучага акадэміка Пецярбургскай АН.

А.​Л.​Гусак.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́СТ,

вёска ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., на р. Клявіца, каля аўтадарогі Мінск—Магілёў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на У ад г. Беразіно, 113 км ад Мінска, 52 км ад чыг. ст. Градзянка. 688 ж., 302 двары (2000). Лесапільня. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. 2 помнікі землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГО́РНАЯ,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Лахазва. Цэнтр сельсавета і аграфірмы-калгаса. За 43 км на ПдЗ ад г. Баранавічы, 179 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Лясная. 810 ж., 379 двароў (2000). Лясніцтва, рыбаўчастак «Азёрны». Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Антоніеўская царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАЖЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл., на р. Даколька, на аўтадарозе Глуск—Старыя Дарогі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Старыя Дарогі, 166 км ад Мінска. 519 ж., 170 двароў (2000). Лясніцтва, спіртзавод. Пач. школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ САБА́КІ,

група парод свойскіх сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання. Каля 100 парод. Сфарміраваліся ў працэсе шматвяковага выкарыстання ў розных геагр. зонах і ўмовах мясцовасці ў спалучэнні з натуральным, а потым штучным адборам і спец. дрэсіроўкай. Паводле выкарыстання, паляўнічых якасцей і экстэр’еру вылучаюць 6 асн. груп П.с.: выжлы, ганчакі, лайкі, норныя сабакі, спаніэлі і харты.

Літ.:

Слимак К., Духай Й. Охотничьи собаки: Пер. со словац. М., 1986.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПАРАТНАЕ,

вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Жлобін—Светлагорск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пд ад г. Жлобін, 104 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Мормаль. 893 ж., 358 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАРНІКО́ВЫЯ ГА́ЗЫ»,

газы, якія выдзяляюцца ў парніках пры гніенні арганічных угнаенняў. Іх выдзяленне залежыць ад т-ры, вільготнасці і мікраарганізмаў. Пры аэробным (кіслародным) гніенні ўтвараецца вуглякіслы газ, пры анаэробным (бескіслародным) — метан, вадарод, часткова вуглякіслы газ, злучэнні серы і інш. Для прадухілення атручэння раслін «П.г.» сяўбу насення і пасадку расады ў парніках праводзяць праз 2—4 дні пасля ўнясення гною ў глебу, перыядычна праветрываюць.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУПЕ́Я (франц. porte-épée ад porter насіць + épée шпага),

частка воінскага рыштунку ў выглядзе вузкіх рамянёў рознай даўжыні, якія носяць ваеннаслужачыя цераз плячо і каля бядра. Верхняя (плечавая) П. была прызначана для падтрымкі паяснога рамня, падвешанай на ім халоднай (шашка, шабля), потым агнястрэльнай (пісталет, рэвальвер) зброі, біклагі і інш. Ніжняя (паясная) П. служыць для прышпільвання пісталетнай кабуры, шашкі (шаблі, корціка) і інш. Гл. таксама Рыштунак ваенны.

т. 12, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́ТНЫ КЛІ́МАТ,

клімат абласцей зямнога шара, якія знаходзяцца пад уздзеяннем пасатаў. Вызначаецца ўстойлівасцю напрамкаў і сілы ветру, малой воблачнасцю і малой колькасцю атмасферных ападкаў (каля 500 мм за год). Сярэдняя т-ра паветра летніх месяцаў 20—27 ​oС, у зімовыя месяцы — да 10—15 ​oС. У раёнах з П.к. на сушы пераважаюць ландшафты трапічных пустынь і паўпустынь (акрамя ўсх. ч. мацерыкоў, якім уласцівы мусонны клімат).

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)