БАРТО́ (Агнія Львоўна) (17.2.1906, Масква — 1.4.1981),

руская пісьменніца. Пісала пераважна для дзяцей. Зб. вершаў «Браткі» (1928), «Хлопчык наадварот» (1934), «Лялькі» (1936), «Снягір» (1939), «Вершы дзецям» (1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Я расту» (1968), «За кветкамі ў зімовы лес» (1970; Ленінская прэмія 1972) і інш. Яе вершы адметныя мяккім гумарам, яснасцю мовы. Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Падкідыш» (1939), «Алёша Пціцын выпрацоўвае характар» (1958), празаічных твораў «Знайсці чалавека» (1969, пра пошукі сем’яў дзяцей, што згубіліся ў Вял. Айч. вайну), «Запіскі дзіцячага паэта» (1976). На бел. мову вершы Барто перакладалі Э.​Агняцвет, В.​Вітка, А.​Вольскі, К.​Шавель і інш.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́КІН (Емяльян Ігнатавіч) (2.8.1902, в. Тросная Камарыцкага р-на Бранскай вобл., Расія — 25.3.1951),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў саўпартшколу (1939). З 1937 на парт. рабоце. У 1941 сакратар Гомельскага гаркома КП(б)Б, удзельнічаў у арганізацыі абароны горада ад ням. фашыстаў. У жн. 1941 — ліст. 1943 сакратар Гомельскага падп. гаркома КП(б)Б. Адзін з арганізатараў партыз. атрада «Бальшавік», з ліст. 1942 нач. штаба Гомельскага партыз. злучэння. З 1944 сакратар Гомельскага гаркома, Баранавіцкага абкома КП(б)Б. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1947.

Е.І.Барыкін.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САВЫ КАМЯНІ́,

манументальныя помнікі эпіграфікі 12 ст. на тэр. Беларусі. 7 вял. валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози...». Захаваліся 3: у Маскве ў музеі-запаведніку «Каломенскае», каля Полацкага Сафійскага сабора, у г.п. Друя; астатнія разбураны. Да прыняцця хрысціянства (10 ст.) Барысавы камяні былі язычніцкімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду полацкага кн. Рагвалода Усяславіча (пасля хрышчэння Барыс) у 1-й трэці 12 ст. ў сувязі з ажыўленнем язычніцкіх вераванняў і з мэтай увекавечыць імя князя (гл. таксама Рагвалодаў камень).

Барысаў камень каля Сафійскага сабора ў Полацку.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЦКІЯ,

наўгародская баярская сям’я. У 15 ст. ім належала 714 вёсак з 1458 сял. дварамі. Марфа (гл. Марфа Пасадніца), удава пасадніка Ісака Андрэевіча Барэцкага, і яе сын Дзмітрый Ісакавіч у 1471 узначалілі варожую Маскве партыю наўгародскіх баяраў, якая вяла перагаворы з літ. вял. князем Казімірам IV аб пераходзе ў яго падданства. У бітве на р. Шалонь (1471) паміж маскоўскай раццю і наўгародскім апалчэннем на чале з Дзмітрыем Барэцкім наўгародцы пацярпелі паражэнне. Дзмітрый трапіў у палон, яму, як і інш. баярам — прыхільнікам саюзу з ВКЛ, Іван III загадаў адсекчы галаву. Марфа і яе сын Фёдар працягвалі варожую Маскве дзейнасць.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЛАЎ (Рыгор Міхайлавіч) (н. 28.1.1915, Віцебск),

Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. (1965). Скончыў Мінскае пях. вучылішча (1937), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1952), Генштаба (1959). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Варонежскім, 2-м Укр. франтах; нач. аператыўнага аддзялення штаба дывізіі, камандзір стралк. палка, нам. камандзіра дывізіі. Удзельнік баёў на Доне, пад Сталінградам, Белгарадам, вызвалення Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад Краменчуга, захопе і расшырэнні плацдарма на правым беразе ракі. Да 1971 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ФІН ((Baffin) Уільям) (1584, Лондан? — 23.1.1622),

англійскі арктычны даследчык. У 1612—16 у якасці штурмана плаваў у пошуках Паўн.-Зах. праходу: у 1615 даследаваў Гудзонаў зал., у 1616 — мора на З ад Грэнландыі (гл. Бафіна мора). У час гэтага падарожжа адкрыў і даў назвы пралівам Сміта, Джонса і Ланкастэра; адкрыў п-аў Хейс (Грэнландыя), вял. ўчасткі а-воў Элсмір і Дэвон у Канадскім Арктычным архіпелагу. Імем Бафіна названы таксама адзін з а-воў у гэтым архіпелагу (Бафінава Зямля). Яго пазнейшыя падарожжы (1616—21) былі на У. Загінуў пры аблозе в-ва Армуз.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́НТАЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 19.2.1939, С.-Пецярбург),

рускі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1963). У 1967—88 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Спявае ў буйнейшых т-рах свету. Партыі: Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Атэла («Атэла» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні). Лаўрэат міжнар. конкурсаў імя П.​І.​Чайкоўскага (1966) і маладых оперных спевакоў (Сафія, 1967), Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1962). Дзярж. прэмія Расіі 1978. Ганаровае званне камерзінгера Венскай дзярж. оперы (1987).

Літ.:

Нестьева М.И. Владимир Атлантов. М., 1987.

У.А.Атлантаў.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІУ́РЫ, змеяхвосткі (Ophiuroidea),

клас ігласкурых. 2 атрады: афіуры скураныя (Euryalae) і афіуры сучасныя (Ophiurae). Каля 2 тыс. відаў. Вядомы з ардовіку. Жывуць усюды на дне акіянаў і мораў ад літаралі да глыб. 8000 м. Найб. вядомыя афіура Сарса (Ophiura sarsi), афіура галава гаргоны (Gorgonocephalus caryi), афіура калючая змеяхвостка (Ophiopholis aculeata).

Даўж. з прамянямі ад некалькіх мм да 0,5 м. Цела дыскападобнае, дыяметрам да 10 см з 5 (радзей 10) гнуткімі доўгімі прамянямі. Большасць раздзельнаполыя. У некаторых афіур маляўкі выношваюцца ў вывадкавых сумках — бурсах. Усёедныя. Зрэдку ўтвараюць вял. скопішчы.

Афіуры: 1 — Сарса; 2 — галава гаргоны.

т. 2, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́РАЎ (Чынгіз Габдурахманавіч) (н. 18.8.1912, в. Троіцк Чэлябінскай вобл., Расія),

жывапісец-манументаліст. Нар. мастак Узбекістана (1964). Вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це (1935—42). Творча выкарыстаў традыцыі сярэдневяковага сярэднеазіяцкага жывапісу ў стварэнні тонкай па колеры і малюнку насценнай размалёўкі: у фае Вял. т-ра оперы і балета імя А.​Наваі (1944—47; Дзярж. прэмія СССР 1948), у Ін-це ўсходазнаўства імя А.​Біруні (1968—70) у Ташкенце, «Сагдыйскае вяселле» (1975—76) і інш. Аўтар станковых работ («Тамара Ханум», 1978, і інш.). Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1968.

Ч.Ахмараў. Сагдыйскае вяселле. Размалёўка. 1975—76.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЫДО́З (ад лац. acidus кіслы),

парушэнне кіслотна-шчолачнай раўнавагі ў арганізме, якое характарызуецца абсалютным або адносным лішкам кіслот. Часцей узнікае абменны, або нягазавы, ацыдоз пры вял. колькасці ў арганізме нелятучых кіслот (пры некаторых захворваннях печані, нырак, дыябеце) ці пры страце шчолачных злучэнняў (пры працяглай ірвоце, паносе). Дыхальны, або газавы, ацыдоз узнікае пры затрымцы вуглякіслага газу лёгкімі (прыступ астмы, цяжкая задышка). Адрозніваюць кампенсаваны ацыдоз, калі назіраецца зніжэнне шчолачнай рэакцыі крыві і тканак без значнага павышэння іх кіслотнасці, і некампенсаваны, пры якім кіслотнасць значна павышаецца. Лячэнне: ліквідацыя прычыны ўзнікнення ацыдозу, а таксама выкарыстанне соды і шчолачнай мінер. вады.

т. 2, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)