прыродныя мінер. ўтварэнні зямной кары, якія могуць быць эфектыўна выкарыстаны ў сферы матэрыяльнай вытв-сці. Фарміруюцца ў ходзе геал. гісторыі пад уплывам экзагенных і эндагенных працэсаў. Вылучаюць цвёрдыя (вугалі выкапнёвыя, руды, неметал. карысныя выкапні), вадкія (нафта, падземныя воды) і газападобныя (газы прыродныя). Паводле складу і асаблівасцей выкарыстання адрозніваюць гаручыя, метал. і неметал. выкапні. Залягаюць у радовішчах, якія аб’ядноўваюць у раёны, правінцыі і басейны. Гл. таксама Мінеральна-сыравінныя рэсурсы, Запасы карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫГАХО́Д,
рух крыг і ледзяных палёў на рэках, азёрах і вадасховішчах пад уплывам цячэння або ветру. Адбываецца вясной і восенню, зрэдку зімой пры моцных і працяглых адлігах. Пры веснавым К. рухаюцца льдзіны, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння ледзянога покрыва, пры асеннім — ільдзіны, што сфарміраваліся пры змярзанні ледзянога сала, шарашу, кавалкаў лёду, якія адрываюцца ад заберагаў. К. нярэдка суправаджаецца заторамі лёду. Гушчыня К. на рэках ацэньваецца ў 10-бальнай сістэме, на азёрах — у 3-бальнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАЛІ́Т (ад грэч. lakkos яма, упадзіна + lithos камень),
грыбападобнае (караваепадобнае) або лінзападобнае інтрузіўнае цела (гл.Інтрузія), што ўтвараецца на невял. глыбіні пры ўкараненні магмы ў тоўшчу асадкавых горных парод, якія купалападобна прыўзнімаюцца над інтрузівам. Бываюць пранізаны жыльнымі магматычнымі пародамі, якія адыходзяць ад ядра Л. Працэсы дэнудацыі могуць агаляць Л. на паверхні (напр., г. Аюдаг у Крыме, група Л. на Каўказе, у наваколлі гарадоў Пяцігорск і Кіславодск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСО́ННЫЯ ЛЯСЫ́,
лістападныя лясы абласцей з мусонным кліматам, якія скідваюць лісце ў сухі сезон. Адрозніваюць вільготныя мяшаныя М.л., фларыстычны склад якіх параўнальна бедны (цік, сал, эўкаліпт, падлесак з вечназялёных відаў расліннасці, травяное покрыва самкнутае) і сухія монадамінантныя М.л., якія складзены з аднаго віду (салавыя, эўкаліптавыя і інш.). Пашыраны ў тропіках, трапляюцца ў субтрапічных і ўмераных шыротах (на Д. Усходзе, п-вах Індастан, Індакітай, у Паўн. і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Цэнтр. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́БЛІ (франц. notables ад лац. notabilis значны),
члены сходаў, якія склікаліся франц. каралём у 14—18 ст. для абмеркавання дзярж. пытанняў, пераважна фін. і адміністрацыйных. У адрозненне ад дэпутатаў Генеральных штатаў не выбіраліся саслоўямі, а прызначаліся каралём з прадстаўнікоў вышэйшага дваранства, духавенства, гар. вярхоў. Сходы Н. склікаліся нерэгулярна, мелі дарадчы характар, падмянялі сабою сходы Ген. штатаў. У 1787 Н. адхілілі падатковыя праекты ўрада, якія парушалі правы прывілеяваных саслоўяў. Апошні іх сход скліканы ў 1788.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСУ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыйныя элементы, якія ўспрымаюць асн. нагрузкі будынкаў і збудаванняў і забяспечваюць іх трываласць, жорсткасць, устойлівасць; адна з асн. разнавіднасцей будаўнічых канструкцый.
Падзяляюцца на вертыкальныя, якія ўспрымаюць пераважна сціскальныя намаганні (сцены, слупы, калоны, пілоны) і гарызантальныя, што працуюць пераважна на выгін і расцяжэнне (бэлькі і панэлі перакрыццяў, рыгелі рам, кроквенныя фермы і інш.). У сукупнасці Н.к. будынка (збудавання) утвараюць яго нясучы каркас. Робяцца з бетону, жалезабетону, прыродных і штучных камянёў, цэглы, сталі, дрэва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЕХІЯ́ЛЬНАЯ ЛІХАМА́НКА.
крываплямістая хвароба, неінфекцыйная хвароба коней, буйн. раг. жывёлы, свіней, коз і маладых сабак. Узнікае як алергічная рэакцыя на бактэрыяльную інтаксікацыю ў жывёл, якія перахварэлі кантагіёзнай плеўрапнеўманіяй, фарынгітам, гаймарытам, мытам, мастытам і інш. Развіваецца паступова. Узнікаюць кропкавыя кровазліцці на слізістай абалонцы рота, похвы, носа і на скуры, якія ператвараюцца ў вял. кровападцёкі. Павялічваецца т-ра, зніжаецца апетыт. Пры цяжкім цячэнні хваробы разам з ацёкамі ўзнікаюць язвы і ачагі некрозу. Смяротнасць да 70%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРЫ́ЎКА,
выдаленне з радкоў ці гнёзд лішніх раслін для паляпшэння ўмоў росту астатніх. Выкарыстоўваюць на загушчаных пасевах цукр. буракоў, кукурузы на зерне, сталовых і кармавых караняплодаў, сланечніку і інш. прапашных культур. Праводзіцца ўручную або з дапамогай культыватара ці прарэджвальніка, якія падразаюць ч. раслін у радку. Пры адсутнасці своечасовай П. ўсходы выцягваюцца, затрымліваюць рост, рэзка зніжаецца ўраджай. Не патрабуюць П. пасевы, зробленыя сеялкамі дакладнага высявання, якія сеюць праз аднолькавыя адлегласці калібраванае насенне (пункцірныя пасевы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁНЫ,
асаблівыя бялкі, якія выклікаюць пашкоджанне нерв. сістэмы чалавека і жывёл з развіццём губчастага перараджэння галаўнога мозга; выклікаюць павольныя інфекцыі (гл.Прыёнавыя хваробы). Апісаны С.Прузінерам. Маюць форму бялковых фібрыл даўж. 50—500 нм. Асаблівасць П. (як узбуджальнікаў хвароб) — адсутнасць у іх структуры нуклеінавых к-т, устойлівасць да кіпячэння, дзеяння пары спірту (70 °C), яны інертныя да рэчываў, якія разбураюць нуклеінавыя к-ты. Аднак П. адчувальныя да дзеяння рэчываў, што інактывуюць бялкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́М,
легендарны родапачынальнік радзімічаў. Паводле летапісных паданняў, былі на «ляхах» два браты — Радзім і Вятка, якія прыйшлі са сваімі родамі і аселі: першы на Сажы, другі на Ацэ, ад іх і пайшлі радзімічы і вяцічы. На думку некат. даследчыкаў, слова «Р.» — скарочаная форма ад уласнага імя Радзімір, або Радзімер. Даследчык А.І.Папоў лічыў, што назва «радзімічы» належала першапачаткова дынастычнаму роду, а потым пашырылася на племянныя групы і землі, якія яны займалі.