БЕЛАГАЛО́ВАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 25 км на ПнЗ ад г.п. Мядзел, за 1,5 км на ПдЗ ад воз. Вял. Швакшты. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 1,82 км. Схілы катлавіны забалочаныя, пад лесам, берагі сплавінныя. Бяссцёкавае. У выніку меліярацыі ўзровень вады панізіўся.
т. 2, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВІ́ЗСКАЯ ДУША́,
адзінка ўліку мужчынскага насельніцтва Рас. імперыі ў 1718—1887 (у Сібіры да 1899). Тэрмін узнік у сувязі з заменай падворнага абкладання падушным падаткам. У выніку рэвізій складаліся т.зв. рэвізскія сказкі на асоб. якія ўлічваліся рэвізіямі і атрымалі назву Р.д. Кожная Р.д. лічылася наяўнай да наступнай рэвізіі нават у выпадку смерці чалавека (адсюль — «мёртвыя душы»).
т. 13, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ БЕ́РАГ РАКІ́ ІАРДА́Н,
тэрыторыя ў Зах. Азіі, у межах гіст. Палесціны (разам з усх. ч. Іерусаліма). Падзяляецца на 2 гіст. падвобласці: Самарыю (на Пн) і Іудзею (на Пд). Пл. каля 6 тыс. км². Нас. 1300 тыс. чал. (1994), у т. л. 1200 тыс. палесцінцаў і каля 100 тыс. яўрэяў. Сярод веруючых мусульмане (80%), іудзеі і хрысціяне. Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Эль-Халіль — 120,4, Наблус — 64, Бейт-Лахм — 25. У рэльефе пераважаюць нізкія горы і плато, на У — даліна р. Іардан, дзе на арашальных землях вырошчваюць пладовыя, вінаград, аліўкі, агародніну. У горных раёнах вырошчваюць пераважна збожжавыя культуры, гадуюць авечак і коз. Прам-сць: харч., тэкст., абутковая. Значная ч. насельніцтва працуе ў Ізраілі. Пераважае аўтам. транспарт.
У 1922—48 брыт. ч. падмандатнай тэр. Палесціны. У 1949 уключаны ў Іарданію. У выніку т. зв. Шасцідзённай вайны 1967 акупіраваны Ізраілем (пад назвай Іудзея і Самарыя).
У 1988 Іарданія адмовілася ад права на яго. Пасля падпісання ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 атрымаў частковую аўтаномію. У выніку дамоўленасці 1995 аўтаномія пашырана.
т. 7, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАПАЛІТА́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава ў Паўд. Італіі ў 1282—1815. Вылучылася ў 1282 з Сіцылійскага каралеўства пасля таго, як Карл Анжуйскі (гл. Анжуйская дынастыя) страціў Сіцылію. Сталіца каралеўства — г. Неапаль. Дасягнула магутнасці ў часы праўлення Роберта [1309—43], які ўзначаліў італьян. гвельфаў (гл. Гвельфы і гібеліны). У выніку жорсткай барацьбы за прастол у Н.к. ўсталявалася малодшае венг. адгалінаванне Анжуйскай дынастыі [1382—1435], Пастаянныя войны з Сіцыліяй і ўнутр. ўсобіцы аслаблялі каралеўскую ўладу. У 1442—43 дзяржаву заваяваў кароль Арагона і Сіцыліі Альфонс V (у Н.к. — Альфонс I), заснавальнік у Н.к. Арагонскай дынастыі [1442—1501]. У выніку Італьян. войнаў 1494—1559 Н.к. — уладанне (з 1504) Іспаніі, разам з Сіцыліяй утварыла Сіцылій абедзвюх Каралеўства. Эканам. заняпад дзяржавы (асабліва гарадоў), падатковы ўціск з боку іспанцаў выклікалі ў 16—17 ст. у Н.к. шматлікія паўстанні. Пасля нядоўгага аўстр. праўлення (з 1707, фармальна ў 1714—35) пад уладай ісп. Бурбонаў. У 1805 акупіраваны франц. войскамі Напалеона I, кіравалі ген. Ж.Банапарт (1806—08) і І.Мюрат (1808—15). Пасля разгрому Напалеона зноў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій; з 1860 у складзе аб’яднанага Італьян. каралеўства.
т. 11, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДАВА́ЛЬНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ТРУ́БКА,
разнавіднасць электронна-прамянёвых трубак, якая пераўтварае аптычны відарыс на святлоадчувальнай паверхні (мішэнь, фотакатод ці інш.) у электронны (рэльеф эл. зарадаў, фотаправоднасць) і пасля ў відэасігнал; асн. частка тэлевізійных перадавальных камер.
Бывае з назапашваннем і без назапашвання эл. зараду. П.т.т. з назапашваннем зараду выкарыстоўваюцца ў вяшчальным тэлебачанні, маюць святлоадчувальную мішэнь, электронны пражэктар, факусавальную і адхіляльную сістэмы і інш. элементы (у залежнасці ад тыпу П.т.т.), якія кіруюць электронным праменем. У адных П.т.т. (напр., у іканаскопе, суперартыконе, суперіканаскопе) светлавыя сігналы выбіваюць электроны за кошт знешняга фотаэфекту, у другіх (напр., у відыконе) — змяняецца папярочная праводнасць фотакатода, у выніку чаго ўзнікаюць эл. зарады, якія назапашваюцца на мішэні. Электронны прамень пры абяганні (сканіраванні) мішэні разраджае яе, у выніку атрымліваецца відэасігнал. У тэлевізійных камерах выкарыстоўваюцца пераважна відыконы і іх разнавіднасці (плюмбіконы, сатыконы); у малагабарытных камерах — цвердацельныя фотапераўтваральнікі, напр., ПЗС-матрыцы. П.т.т. без назапашвання зараду (напр., дысектар) не маюць электроннага пражэктара, а відэасігнал фарміруецца электронамі, выпрамененымі з фотакатода пад уздзеяннем святла, і выкарыстоўваюцца для навук. і інш. мэт.
А.П.Ткачэнка.
т. 12, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЕ ПА́ЛІВА,
рэчыва, у якім пад дзеяннем нейтронаў адбываецца дзяленне атамных ядзер з вылучэннем энергіі. Выкарыстоўваецца ў ядзерных рэактарах для ажыццяўлення ланцуговай ядзернай рэакцыі.
Як Я.п. выкарыстоўваюць уран (U) і плутоній (Pu). Толькі ядры ізатопаў 233U, 235U, 239Pu, 241Pu могуць дзяліцца нейтронамі любых энергій. У прыродзе сустракаецца 235U (першаснае Я.п.): астатнія (другаснае Я.п.) атрымліваюць у атамных рэактарах у выніку рэакцыі радыяцыйнага захопу нейтронаў т.зв. сыравіннымі ядрамі 238U і 232Th (торыю) і наступных двух β-распадаў прамежкавых ядраў. У выніку гэтых рэакцый 238U ператвараюцца ў 239Pu, а 232Th — у 233U. У некаторых тыпах рэактараў (рэактарах-размнажальніках і рэактарах-канвертарах) магчыма пашыранае ўзнаўленне Я.п. (колькасць утворанага другаснага Я.п. большае за колькасць выгаралага першаснага). Паводле хім. складу можа быць метал., аксідным, нітрыдным, карбідным і інш. У ядз. рэактарах размяшчаецца ў цеплавыдзяляльных элементах. якія складаюцца са стрыжня з Я.п., што знаходзіцца ў герметычнай (у асн. метал.) абалонцы. Выгарае не цалкам, таму адпрацаванае Я.п. накіроўваюць на перапрацоўку для здабывання рэшткаў першаснага, утворанага другаснага і ачысткі ад прадуктаў дзялення.
А.І.Ярашэвіч.
т. 18, кн. 1, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙТАНАГА́МІЯ (ад грэч. geitōn сусед + ...гамія),
апыленне ў межах адной расліны ў выніку пераносу пылку з кветкі на кветку. Напр., у парасонікавых раслін насякомыя поўзаюць па ўсім суквецці і пераносяць пылок, сабраны на адной кветцы, на рыльца песціка другой кветкі. Пры гейтанагаміі ў некат. раслін насенне зрэдку не ўтвараецца.
т. 5, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЕ́ЦЫЯ (ад лац. deletio знішчэнне),
тып храмасомнай перабудовы, у выніку якой выпадае ўнутр. ўчастак генет. матэрыялу. Плячо храмасомы з вял. Д. становіцца карацейшым, а сегмент, што выпаў, можа ўтварыць ацэнтрычнае кальцо, якое пры дзяленні клеткі знішчаецца (элімінуецца). Памеры Д. ад некалькіх нуклеатыдных пар да фрагментаў, што маюць некалькі генаў.
т. 6, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕ́НІІ (грэч. xenia гасціннасць ад xenos госць, чужы),
уплыў пылку вышэйшых кветкавых раслін на адзнакі эднасперму расліны, што апыляецца. Залежыць ад падвойнага апладнення. У выніку насенне або плады адрозніваюцца ад інш. насення ці пладоў той жа расліны афарбоўкай, велічынёй, формай (напр., наяўнасць зерня рознай афарбоўкі ў адным катаху кукурузы).
т. 8, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́КІП,
цвёрды, рыхлы ці шчыльны асадак на сценках паравых катлоў, выпаральнікаў і інш. цеплаабменных апаратаў. Утвараецца пры награванні і выпарэнні вады ў выніку выпадзення прымесей (карбанату магнію MgCO3, сульфату кальцыю CaSO4 і інш.), якія прысутнічаюць у ёй (гл. Жорсткасць вады). Пагаршае цеплаперадачу. Ад Н. пазбаўляюцца мех. і хім. спосабамі.
т. 11, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)