ВІ́ЛЕНСКІ ПАВЕТ,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі, Літ.-Бел. ССР, Польшчы ў 15—20 ст. Утвораны ў складзе ВКЛ пасля Крэўскай уніі 1385, уваходзіў у Віленскае ваяводства. Павятовы цэнтр — г. Вільня. Тэр. павета ўдакладнена ў ходзе адм.-тэр. рэформы 1565—66 і замацавана Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) павет адышоў да Рас. імперыі, з 14.12.1795 у Віленскай, з 12.7.1797 у Літоўскай, з 9.9.1801 зноў у Віленскай губ. Пл. павета 5434 кв. вярсты, нас. (без гарадоў) 355 855 чал. (1897). Жылі беларусы, літоўцы, яўрэі, палякі, рускія. У складзе павета было 19 валасцей, г. Нова-Вілейск, 32 мястэчкі, 3059 паселішчаў сельскага тыпу. У 1-ю сусв. вайну павет у жн. 1915 акупіраваны герм. войскамі. Са студз. 1919 у Літ. ССР, з лют. 1919 у Літ.-Бел. ССР, з крас. 1919 у Польшчы. У ліп. 1920 заняты Чырв. Арміяй. Паводле дагавора паміж РСФСР і Літвой ад 12.7.1920 разам з інш. землямі перададзены Літве. 9.10.1920 акупіраваны польскімі войскамі ген. Л.​Жалігоўскага. Пастановай СМ Польшчы ад 6.4.1922 Віленскі павет уключаны ў склад Віленскага ваяводства.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАСЦЬ,

буйная адзінка адм.-тэр. ці нац.-тэр. падзелу. 1) У дарэв. Расіі вобласць (найчасцей на ўскраіне Расіі) адпавядала губерні. У 1917 у Рас. імперыі была 21 вобласць: 18 абласцей у Сібіры, Сярэдняй Азіі, на Каўказе і 3 асобныя вобласці (Войска Данскога, Уральская і Тургайская). У СССР асн. адм.-тэр. адзінка. У 1987 былі 123 вобласці, у т. л. 8 аўтаномных. Пасля распаду СССР абласны падзел захаваўся ў Казахстане, Кыргызстане, Рас. Федэрацыі, Узбекістане, на Украіне.

2) Адм.-тэр. адзінка ў Рэспубліцы Беларусь. Орган дзярж. улады — абл. Савет дэпутатаў, выканаўчы і распарадчы орган — абл. выканаўчы к-т.

Абласны адм.-тэр. падзел уведзены ў 1938 (Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская і Палеская). Пасля ўключэння ў БССР Зах. Беларусі (1939) створаны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская (з 1944 Маладзечанская) і Пінская вобласці. У 1944 б.ч. Беластоцкай вобласці перададзена Польшчы, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У сувязі з узбуйненнем абласцей у 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая, а ў 1960 і Маладзечанская. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь 6 абласцей: Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская (гл. адпаведныя артыкулы).

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 15 — 1-й пал. 20 ст. Цэнтр — г. Гродна. Утвораны пасля Гарадзельскай уніі 1413 на тэр. Гродзенскага княства ў складзе Трокскага ваяв. ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66. У 2-й пал. 16 ст. ў павеце 27 валасцей. У 17 ст. плошча павета 11 505 км². З 1793 у складзе Гродзенскага ваяв., у 1795 зах. частка павета адышла да Прусіі, усх.г. Гродна) — да Рас. імперыі ў складзе Слонімскай (з 1795), Літоўскай (з 1797), Гродзенскай (з 1801) губ. У 1897 пл. павета 3770 кв. вёрст, нас. 206 770 чал. У 1886—1912 у павеце 21 воласць, 1 горад (Гродна), 11 мястэчак, 955 сельскіх нас. пунктаў. З 1921 у Польшчы, у Беластоцкім ваяв. У 1927 пл. павета 4743 км², 22 гміны, 4 гарады (Гродна, Друскенікі, Індура, Скідзель). З 1939 у БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, на тэр. павета ўтвораны Гродзенскі раён; асобныя яго часткі далучаны да інш. раёнаў.

т. 5, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА Існавала ў 12—18 ст. з цэнтрам у г. Клецк. У 9—11 ст. воласць, якая ахоплівала дрыгавіцкае насельніцтва вярхоўяў р. Лань. Першы клецкі ўдзельны князь Вячаслаў Яраславіч упамінаецца ў 1127 як васал вял. кіеўскага князя. Пасля 1142—46 і ў 1149 К.к. належала Святаславу Ольгавічу, таксама васалу Кіева, у 14—15 ст. — князям і вял. кн. ВКЛ. З 1492 і да 1521—22 княства належала кн. Івану Васілевічу і Фёдару Іванавічу Яраславічам, потым перайшло да каралевы і вял. княгіні Боны Сфорца, якая ў 1552—55 правяла ў К.к. валочную памеру (адну з першых на Беларусі), ажыццявіла адм. рэформу (падзел на 6 дзесяткаў; заменены падзелам на 5 войтаўстваў). З 1558 княствам валодалі Радзівілы, якія ў 1586 устанавілі Клецкую ардынацыю ў складзе Клецкага і Давыд-Гарадоцкага княстваў. Тэрмін «К.к.» ўжываўся ў радзівілаўскіх дакументах 17 ст. Пры Радзівілах К.к. мела атрыбуты дзярж. адм. адзінкі ВКЛ (замкавы суд, асобны ваенны атрад клецкай шляхты). У 1791 з Клецкага, Нясвіжскага і Слуцкага княстваў Радзівілаў утвораны Случарэцкі пав. Навагрудскага ваяв.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1793—1923. Цэнтр — г. Лепель. У 1793—96 уваходзіў у Полацкую, у 1802—1923 — Віцебскую губ. Утвораны на частцы тэр. Полацкага ваяв. ВКЛ, далучанай да Рас. імперыі ў выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). У 1796 далучаны да Полацкага пав., у 1802 адноўлены. Уключаў больш за 330 маёнткаў, 14 мястэчак (Арэхаўна, Бабынічы, Бачэйкава, Бешанковічы, Варонеч, Ветрына, Заскаркі, Камень, Кублічы, Пышна, Селішча, Ула, Ушачы, Чашнікі). Пасля адмены прыгоннага права (1861) падзелены на 28 валасцей. Дзейнічалі 42 правасл. царквы, 11 касцёлаў (з іх да 1867 засталося 7). Пл. павета каля 3,5 тыс. км², насельніцтва 104 431 чал. (1880), у т. л. 82 963 праваслаўныя, 13 138 католікаў, 7490 іудзеяў, 812 старавераў, 24 пратэстанты, 4 мусульманіны. Да 7.11.1917 у павет уваходзілі 27 валасцей: Арэхаўская, Бабыніцкая, Бачэйкаўская, Бельская, Бешанковіцкая, Варонецкая, Воранская, Ветрынская, Гарадчэвіцкая, Гутаўская, Забалоцкая, Каменская, Копцевіцкая, Кубліцкая, Марцінаўская, Нацкая, Несінская, Пышнянская, Смалянецкая, Станіслаўская, Стрыжаўская, Ульская, Усайская, Ушацкая, Франопальская, Цяпінская, Чарсцвяцкая. У 1923 Л.п. перайменаваны ў Бачэйкаўскі павет.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЎСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, беларускае зледзяненне, ясельдзінскае зледзяненне,

першае раннеантрапагенавае зледзяненне на тэр. Беларусі. Адбылося пасля брэсцкага перадледавікоўя каля 690—600 тыс. г. назад. Ледавік ахапіў амаль усю тэр. Беларусі за выключэннем некаторых участкаў на Пд. У час Н.з. ўзніклі астраўныя ўзвышшы на месцы сучасных Гродзенскага, Ваўкавыскага, Навагрудскага і Мінскага ўзвышшаў, а таксама шматлікія лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Ледавіковыя (асноўная, канцавая і інш. марэны) водна-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і перыгляцыяльныя адклады захаваліся пераважна ў межах Беларускай грады і ў днішчах лагчын. Магутнасць адкладаў да 50—70 м. Марэны складзены з супеску і суглінку са жвірам, галькай і валунамі, утвораны са скандынаўскага, прынесенага ледавіком, і мясц. матэрыялу, у т. л. адорвені палеагенавых, мелавых і інш. парод. У складзе абломкаў найбольш асадкавых парод (70—80%), сярод крышталічных пераважаюць ружовыя граніты, парфірыты і інш. Паводле інш. меркаванняў Н.з. магло складацца з 2 самаст. зледзяненняў — уласна нараўскага і ясельдзінскага, падзеленых карчоўскім міжледавікоўем. Н.з. або яго частка адпавядае гюнцкаму (або міндэльскаму-1) зледзяненню ў Альпах, эльстэрскаму-1 у Германіі, санскаму-1 у Польшчы, данскому ў еўрап. ч. Расіі.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 11, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ БЕ́ЛІЦА, Нова-Беліца, Навабеліца,

былы павятовы цэнтр і прадмесце г. Гомеля, цяпер адм. раён г. Гомеля. Засн. паводле ўказаў Кацярыны II ад 28.3 і 7.10.1785 у сувязі з пераносам пав. цэнтра з Беліцы (цяпер в. Старая Беліца) бліжэй да Гомеля. 10.3.1791 Сенат даручыў магілёўскаму намесніку П.​Пасеку перасяліць на пасад Н.Б. 302 сялян с. Прыбыткі і в. Дуянаўка. У 1786—1852 Н.Б. — цэнтр Беліцкага павета. У 1854 Н.Б. далучана да Гомеля як прадмесце. У 1880 у Н.Б. 1646 ж., 305 дамоў. Сувязь з Гомелем ажыццяўлялася па драўляным мосце цераз Сож. У 1897 у Н.Б. 2957 ж., 405 двароў, 2 чыг. станцыі на лініі Лібава-Роменскай і Палескай чыг., 2 царквы, 2 малітоўныя стараверскія дамы, прыходскае вучылішча (з жаночай зменай), 3 яўр. малітоўныя школы, крупадзёрка, вятрак, Навабеліцкая запалкавая фабрыка, канатны з-д, пенькатрапальня, пякарня, 26 крам, 6 корчмаў, Навабеліцкі спіртаачышчальны завод і інш. У пач. 20 ст. існавалі Навабеліцкая лесапільная фабрыка і Навабеліцкі лесапільна-бандарны завод. У 1940 утвораны Навабеліцкі р-н г. Гомеля (у 1948 скасаваны, у 1951 адноўлены).

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАМСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтр. ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Р.к. ў рашэннях сейма 1766, які адхіліў планы рэформ, у т. л. аб прадастаўленні паліт. і грамадз. правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сак. 1767 утварылі дысідэнцкія Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства ў Кароне і ВКЛ сталі злучацца ў мясц. канфедэрацыі. 23.6.1767 у г. Радам (Люблінскае, цяпер Мазавецкае ваяв., Польшча) з’ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літ. канфедэрацый, якія абралі К.​С.​Радзівіла маршалкам Р.к. — аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак рас. пасол у Варшаве М.​В.​Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзярж. лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі. Яны ўвайшлі ў праекты «вечнага» дагавору з Расіяй, акта Кардынальных правоў, і былі ўзаконены скліканым 5.11.1767 надзвычайным сеймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЙ БЯСПЕ́КІ ІНСТЫТУТ «БЕЛРАД».

Засн. ў 1991 у Мінску на базе Бел. навукова-тэхн. цэнтра «Радыяметр» (утвораны ў 1990 на базе Ін-та ядз. энергетыкі АН Беларусі). У ін-це (2000): аддзел радыяцыйнага маніторынгу прадуктаў харчавання, лабараторыя спектраметрыі чалавека і радыяцыйнай аховы насельніцтва, доследная вытв-сць са спецыялізаванымі лабараторыямі радыяцыйных вымярэнняў і распрацоўкі радыеметрычных прылад.

Асн. кірункі навук. дзейнасці: стварэнне і рэалізацыя сістэмы радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу харч. прадуктаў на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі; распрацоўка новых методык кантролю забруджанасці радыенуклідамі прадуктаў харчавання і с.-г. прадукцыі; распрацоўка, выраб і ўкараненне радыеметрычных прылад; абследаванне жыхароў Чарнобыльскай зоны па вызначэнні ўзроўню назапашвання радыенуклідаў у арганізме і распрацоўка рэкамендацый па радыяцыйнай ахове насельніцтва; даследаванне эфектыўнасці энтэрасарбентаў розных тыпаў, у т. л. пекцінзмяшчальных прэпаратаў, для выдалення радыенуклідаў з арганізма. Ін-т мае спектрометры выпрамянення чалавека, якія выкарыстоўваюцца ў перасоўных радыелагічных лабараторыях для вызначэння колькасці цэзію-137 у арганізме людзей; у 1996—2000 абследавана больш за 95 тыс. бел. дзяцей. З 2000 выпускаецца пекцінавая харч. дабаўка «Вітапект». У Ін-це працуе чл.-кар. Нац. АН Беларусі В.Б.Несцярэнка (дырэктар).

А.​М.​Дэвойна.

т. 13, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, палімеры,

хімічныя злучэнні з малекулярнай масай ад некалькіх тысяч да дзесяткаў мільёнаў. Малекулы высокамалекулярных злучэнняў (макрамалекулы) складаюцца з тысяч атамаў, звязаных хім. сувязямі. Паводле паходжання падзяляюць на прыродныя, ці біяпалімеры (напр., бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды), і сінтэтычныя (напр., поліэтылен, поліаміды), паводле саставу — на неарганічныя палімеры, арганічныя і элементаарганічныя палімеры.

У залежнасці ад размяшчэння ў макрамалекуле атамаў і груп атамаў (манамерных звёнаў) адрозніваюць высокамалекулярныя злучэнні: лінейныя, макрамалекулы якіх утвараюць адкрыты лінейны ланцуг (напр., каўчук натуральны) ці выцягнутую ў ланцуг паслядоўнасць цыклаў (напр., цэлюлоза); разгалінаваныя, макрамалекулы якіх — лінейны ланцуг з адгалінаваннямі (напр., крухмал); сеткавыя — трохвымерная сетка з адрэзкаў высокамалекулярных злучэнняў ланцуговай будовы (напр., ацверджаныя фенола-альдэгідныя смолы). Макрамалекулы аднолькавага хім. саставу могуць быць пабудаваны з манамерных звёнаў рознай прасторавай канфігурацыі (гл. Прасторавая ізамерыя). Палімеры з адвольным чаргаваннем стэрэаізамерных звёнаў наз. атактычнымі. Стэрэарэгулярныя палімеры складаюцца з аднолькавых ці розных, але размешчаных у ланцугу ў пэўнай паслядоўнасці стэрэаізамераў. Паводле тыпу манамерных звёнаў палімеры падзяляюць на гомапалімеры (палімер утвораны адным манамерам, напр. поліэтылен) і супалімеры (палімер утвораны з розных манамерных звёнаў, напр. бутадыен-стырольныя каўчукі). Асн. фіз.-хім. і мех. ўласцівасці высокамалекулярных злучэнняў: здольнасць утвараць высокатрывалыя валокны і плёнкі палімерныя, набракаць перад растварэннем і ўтвараць высокавязкія растворы, здольнасць да вял. абарачальных дэфармацый (высокаэластычнасць). Гэтыя ўласцівасці абумоўлены высокай малекулярнай масай, ланцуговай будовай і гнуткасцю макрамалекул. У лінейных высокамалекулярных злучэннях яны выяўлены найб. поўна. Трохвымерныя высокамалекулярныя злучэнні з вял. частатой сеткі нерастваральныя, няплаўкія і не здольныя да высокаэластычных дэфармацый. Высокамалекулярныя злучэнні могуць існаваць у крышт. і аморфным фазавым стане. Аморфныя высокамалекулярныя злучэнні акрамя высокаэластычнага могуць знаходзіцца ў шклопадобным і вязкацякучым станах. Высокамалекулярныя злучэнні з нізкай (ніжэй за пакаёвую) т-рай пераходу з шклопадобнага ў высокаэластычны стан наз. эластамерамі, з высокай — пластыкамі (гл. Пластычныя масы).

Палімеры маюць малую шчыльнасць (900—2200 кг/м³), нізкі каэф. трэння і малы знос, выдатныя дыэл. і аптычныя ўласцівасці, высокую хім. ўстойлівасць да к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія ўтвараюцца ў клетках жывых арганізмаў у выніку біясінтэзу, вылучаюць з расліннай і жывёльнай сыравіны. Сінт. высокамалекулярныя злучэнні атрымліваюць полімерызацыяй і полікандэнсацыяй. Асн. тыпы палімерных матэрыялаў — пластычныя масы, гума, валокны хімічныя, лакі, фарбы, эмалі, клеі, герметыкі, іонаабменныя смолы выкарыстоўваюць у розных галінах нар. гаспадаркі і побыце. Біяпалімеры складаюць аснову жывых арганізмаў і ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах іх жыццядзейнасці.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)