КАЛЕКТЫ́ЎНЫ ДАГАВО́Р,

лакальны нарматыўны акт, які рэгулюе прац. і сац.-эканам. адносіны паміж наймальнікам і работнікамі, якія ў яго працуюць. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь, К.д. заключаецца на прадпрыемствах, ва ўстановах і арг-цыях усіх форм уласнасці і гаспадарання і іх адасобленых падраздзяленнях, а таксама ў прадпрымальнікаў, якія дзейнічаюць без утварэння юрыд. асобы. Бакамі ў К.д. з’яўляюцца прафсаюзы або інш. орган, што прадстаўляе інтарэсы работнікаў, і наймальнік ці яго паўнамоцны прадстаўнік. Змест К.д. вызначаецца бакамі ў межах іх кампетэнцыі, а таксама заканад. актамі ў прадугледжаных імі выпадках. К.д. можа мець палажэнні аб арганізацыі працы, нарміраванні, формах і сістэмах аплаты працы, памерах ставак і службовых акладаў, аб даплатах і надбаўках, працягласці рабочага часу і адпачынку, бяспецы працы і ахове здароўя работнікаў, унутр. прац. распарадку і дысцыпліне працы, буд-ве і размеркаванні жылля, арганізацыі санаторна-курортнага лячэння, стварэнні ўмоў для павышэння культ. і фіз. ўдасканалення работнікаў, адказнасці наймальніка за магчымую шкоду іх здароўю, інш. прац. і сац.-эканам. умовах. К.д. заключаецца ў пісьмовай форме, на тэрмін не менш як на 1 год і не больш як на 3 гады, падпісваецца прадстаўнікамі бакоў і рэгіструецца ў парадку, вызначаным урадам.

Г.А.Маслыка.

т. 7, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІКА́БЕЛЬНАСЦЬ (ад позналац. communicabilis злучальны),

1) сумяшчальнасць (здольнасць да супольнай працы) рознатыповых сістэм перадачы інфармацыі.

2) Здольнасць людзей да зносін, службовых і вытв. дачыненняў, таварыскасць.

т. 7, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

невялікая група песень летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы ў многіх земляробчых народаў свету. Спяваліся ў час касьбы і ўборкі сена. Перадаюць атмасферу касавіцы, клопат селяніна пра тое, каб своечасова ўправіцца з работай на сенажаці. К.п. пераважна лірычнага характару, у іх трапляюцца элементы рамант. ўспрымання касецкай працы («Касары косяць, вецер павявае, // Шаўкова трава на касу палягае»), паказаны яе размах («Пакосяць усе горы і даліны»), чуецца скарга касцоў на пана-прыгонніка, цяжар працы («Ой, да бокам, хмарачка, бокам»). Тэматыка К.п. уключае і любоўныя матывы («Зажурылася маладая ўдовушка», «Ветрык вее, сонейка грэе»), закранае сямейныя адносіны («На балоце касец косіць»). Некат. з іх маюць жартоўную афарбоўку. Для паэтыкі К.п. характэрна выкарыстанне вобразаў прыроды (дуброва, луг, скошаная трава, лёгкі ветрык, сонца, хмара і інш.), якія ствараюць натуральны фон працы касцоў. Мелодыка асобных К.п. набліжаецца да жніўных песень.

А.С.Ліс.

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1988 у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл., адкрыты ў 1995. Пл. экспазіцыі 210 м², каля 10 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У археал. экспазіцыі знаходкі з раскопак мсціслаўскага замчышча, пасада і навакольнага горада: каменныя і крамянёвыя сякеры, касцяное шыла 2—1-га тыс. да н.э., бронзавы энкалпіён 13 ст., зброя і прадметы ўзбраення 12—17 ст., прылады працы з майстэрні касцярэза 14—16 ст., жал. прылады працы, ключы, спражкі 14—18 ст., калекцыі керамікі, шкла, кафлі 16—19 ст. Сярод экспанатаў макет замка Мсціслава 14—18 ст., схема радаводу князёў Мсціслаўскіх, карта Мсціслаўскага ваяводства, скарб сярэбраных манет ВКЛ пач. 16 ст., стараж. царк. начынне і кнігі 16—17 ст., абразы, ткацкі станок 19 ст., прылады працы 19—20 ст., нар. адзенне, саматканыя вырабы, ручнікі, посцілкі і інш.

У.Л.Гасянкоў.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІЗАРО́ЎСКІ (Аарон) (Адам, Аляксандр, 1618, Віцебшчына — 1659),

правазнавец, палітолаг, сацыёлаг. Вучыўся ў навуч. установах Беларусі, Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Д-р права (1645), праф. Віленскай акадэміі. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў свецкага кірунку ў сацыялагічнай і палітыка-прававой думцы Беларусі 17 ст. У працы «Аб палітычнай супольнасці людзей» (Гданьск, 1651) насуперак сярэдневяковым традыцыям, тэалагічным тэорыям пра дзяржаву і права разглядаў з’явы грамадскага жыцця з пункту гледжання прыроды чалавека і патрабаванняў чалавечага розуму, крытыкаваў паднявольную працу і прыгнёт сялян, заклікаў да грамадскакарыснай працы.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Мікалай Мікалаевіч) (28.7.1880, с. Курмане Палтаўскай губ. — 31.12.1970),

рускі фізік; стваральнік сав. навук. школы акустыкі і гідраакустыкі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1933). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Базельскі ун-т (1909). З 1912 працаваў у ВНУ і НДІ Масквы і Ленінграда, з 1940 у Фіз., з 1954 у Акустычным ін-тах АН СССР. Навук. працы па фіз. і тэхн. акустыцы і тэорыі ваганняў. Аўтар першай тэорыі распаўсюджвання гуку ў рухомых асяроддзях.

Літ.:

Глекин Г.В. Н.Н.Андреев, 1880—М., 1980.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,

узнагароджанне ў грашовай ці натуральнай форме, якое выплачваецца работніку за працу, выкананую ў справаздачны перыяд. Уключае: заработную плату, выплаты і дапамогі з фондаў сац. страхавання (пенсіённага, занятасці, сац. абароны насельніцтва і інш.); сац. дапамогі, што выплачваюцца непасрэдна прадпрыемствамі і арг-цыямі (даплаты да пенсій, выплаты ў сувязі з вытв. траўмай ці гібеллю на вытв-сці); дапамогі па беспрацоўі; пенсіі ваеннаслужачым. Узровень аплаты працы вызначаецца па суме ўсіх гэтых налічэнняў без выліку падаткаў і інш. утрыманняў у адпаведнасці з заканадаўствам.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́СКАЎ (Георгій Канстанцінавіч) (20.4.1907, г. Омск, Расія — 12.8.1984),

савецкі фізіка-хімік. Акад. АН СССР (1966; чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Адэскі політэхн. ін-т (1928). Працаваў у фіз.-хім. і хім.-тэхнал. ін-тах (1946—58) у Маскве. З 1958 дырэктар Ін-та каталізу Сібірскага аддз. АН СССР (г. Новасібірск). Навук. працы па тэорыі каталізу, матэм. мадэліраванні прамысл. каталітычных працэсаў. Распрацаваў новыя прамысл. каталізатары. Дзярж. прэмія СССР 1942, 1953.

Тв.:

Катализ: Вопр. теории и практики: Избр. тр. Новосибирск, 1987.

Г.К.Барэскаў.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МПЕРС ((Gompers) Сэмюэл) (27.1.1850, Лондан — 13.12.1924),

прафсаюзны дзеяч ЗША. З 1863 у ЗША. Працаваў у тытунёвай прам-сці. З 1881 кіраўнік Федэрацыі трэд-юніёнаў і рабочых саюзаў ЗША і Канады, з 1886 (акрамя 1895) старшыня Амерыканскай федэрацыі працы. Выступаў за паляпшэнне прац. заканадаўства, мірнае вырашэнне прац. спрэчак, сац. партнёрства, паліт. нейтралізм прафсаюзаў, пошук саюзнікаў сярод паліт. дзеячаў і партый. Аўтар твораў «Амерыканская праца і вайна», «Праца і ўсеагульны дабрабыт» (абодва 1919), «Семдзесят гадоў жыцця і працы» (т. 1—2, 1925).

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЬКО́ (Іван Сцяпанавіч) (н. 25.12.1924, в. Войская Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне мед. рэабілітацыі. Д-р мед. н. (1970), праф. (1972). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953) і з 1957 працаваў у ім. З 1993 у Мін-ве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З 1995 кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра пры Ін-це экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў. Навук. працы па распрацоўцы немедыкаментозных сродкаў аздараўлення хворых з лёгачнай і сардэчна-сасудзістай паталогіяй, сродкаў і метадаў запавольвання старэння арганізма.

т. 5, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)