СЕРВІТУ́ТЫ [ад лац. servitus (servitutis) рабства, падначаленасць],
абмежаванае права карыстання чужой уласнасцю. Інстытут С. склаўся ў рым. праве з мэтай прававога ўрэгулявання супрацьлеглых інтарэсаў прыватных уласнікаў. У эпоху феадалізму С. існавалі ў тых краінах, дзе дзейнічала рым. права. Бурж. права таксама захавала і рэгламентавала С. Найб. пашыранымі былі зямельныя С. (права праезду, прагону і выпасу жывёлы, рыбнай лоўлі на чужой тэр., карыстанне сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі і інш.), у т. л. на Беларусі, Правабярэжнай Украіне, у Літве, Каралеўстве Польскім, прыбалтыйскіх губ. Расіі. Яны ўяўлялі сабой абшчынныя землі, захопленыя ў сялян памешчыкамі ў час прыгону. Імкненне памешчыкаў зрабіць С. крыніцай дадатковых даходаў стала адной з прычын барацьбы за зямлю паміж сялянамі і феадаламі. У выніку сялянскай рэформы 1861 зямельныя С. заставаліся ўласнасцю памешчыкаў. За сялянамі захавалася права карыстання гэтымі ўгоддзямі, але «Мясцовыя палажэнні» агаворвалі яго невыразна і недакладна. Ва ўстаўных граматах зямельныя С. нават не называліся, што давала магчымасць памешчыкам пазбаўляць сялян права карыстання імі. На Беларусі і ў Літве толькі паўстанне 1863—64 прымусіла мясц. ўлады, а потым і царскі ўрад заняцца пытаннем С. Віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў загадаў пры складанні выкупных актаў часова захаваць за сялянамі права карыстання пашавымі і ляснымі С. да адвядзення ім часткі такіх угоддзяў. Але сервітутныя правы сялян вызначаліся няпэўна, што давала магчымасць памешчыкам для злоўжыванняў. Да пач. 1870-х г. сяляне атрымалі права за вызначаную плату карыстацца палівам з панскіх лясоў. У Зах. і Цэнтр. Беларусі ў 1860-я г. С. карысталіся 56% сял. двароў, надзеленых зямлёй, на пач. 20 ст. — каля трэці б. панскіх сялян. С. ліквідаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917. Сяляне Зах. Беларусі вялі барацьбу за С. да 1939.
Літ.:
Палонскі А.В. Пашавыя сервітуты ў парэформеннай беларускай вёсцы // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1959. №4;
Яго ж. Сервитуты в аграрном строе Белоруссии феодальной формации // Из истории крестьянства Белоруссии: Сб. ст. Мн., 1978;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;
Мулявичюс Л.П. К вопросу об изучении истории крестьянских сервитутов // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1971 г. Вильнюс, 1974;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.
В.П.Панюціч.
т. 14, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКА́РЫЯ ((Beccaria) Чэзарэ) (15.3.1738, Мілан — 28.11.1794),
італьянскі асветнік, юрыст і публіцыст. Навучаўся ў езуіцкай калегіі. Д-р права. У галіне крымін. права праводзіў ідэі франц. асветнікаў. У працы «Пра злачынствы і пакаранні» (1764) упершыню даў крытычны аналіз сучаснага яму крымін. заканадаўства і яго выкарыстання на практыцы. Вял. значэнне мелі яго ідэі пра адпаведнасць пакарання ўчыненаму злачынству.
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ 1961 і 1963,
міжнародныя акты, якія кадыфікавалі нормы пасольскага права і консульскага права. Канвенцыя 1961 аб дыпламат. зносінах рэгламентуе дзейнасць дыпламат. прадстаўнікоў, вызначае іх прывілеі, імунітэты і да т.п. Удзельнікам гэтай канвенцыі з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Канвенцыя 1963 аб консульскіх зносінах (увайшла ў дзеянне ў 1967) рэгулюе парадак іх устанаўлення, адкрыцця, задачы, прывілеі і імунітэты консульскіх устаноў.
т. 4, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,
устаўныя граматы вял. князёў ВКЛ Віцебскай зямлі, якія фіксавалі нормы віцебскага права. Першы прывілей Віцебску дадзены ў 1390-я г. Вітаўтам. Прывілей 1503 Аляксандра, які захаваўся, быў пацвярджэннем папярэдняга прывілея 1444 Казіміра IV. Прывілей 1503 пацвярджалі граматамі вял. князі ВКЛ у 1509, 1541, 1547, 1561. За Віцебскае паўстанне 1623 Віцебск да 1641 быў пазбаўлены магдэбургскага права.
т. 4, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́Д,
1) акт кіраўніка органа дзярж. кіравання або кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый. Паводле юрыд. прыроды можа быць нарматыўным актам, у якім змешчаны нормы права, што рэгулююць пэўныя грамадскія адносіны, і актам выкарыстання норм права.
2) Ва ўзбр. сілах пісьмовае або вуснае распараджэнне начальніка падначаленым, абавязковае для выканання.
3) Выканаўчы дакумент, на падставе якога выконваецца рашэнне гасп. суда.
т. 6, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАНАДА́ЎЧАЯ ІНІЦЫЯТЫ́ВА,
права ўнясення законапраектаў у заканадаўчыя органы, якое цягне за сабой абавязак гэтых органаў абмеркаваць законапраект і прыняць па ім рашэнне. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права З.і. належыць Прэзідэнту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, ураду, а таксама грамадзянам у колькасці не менш як 50 тыс. чал., якія валодаюць выбарчым правам. Рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў.
т. 6, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНАЛІЗА́ТАРСКАЯ ПРАПАНО́ВА,
тэхнічнае рашэнне па новай і карыснай змене канструкцыі ці матэрыялу вырабаў, тэхналогіі вытв-сці і тэхнікі, якія выкарыстоўваюцца, і інш. У адрозненне ад вынаходства з’яўляецца прапановай па ўдасканаленні і больш рацыянальным выкарыстанні ўжо вядомых тэхн. сродкаў. Аўтар Р.п. мае права на аўтарства, узнагароду і інш. правы і льготы, прадугледжаныя заканадаўствам. Гл. таксама Вынаходніцкае права, Вынаходніцтва.
т. 13, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАНАДА́ЎСТВА АБ ПРА́ЦЫ,
гл. ў арт. Ахова працы, Працоўнае права.
т. 6, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРАЎ ПРЫВІЛЕ́Й 1492,
заканадаўчы акт у ВКЛ, дадзены вял. кн. Аляксандрам. Разам з прывілеем 1447 замацоўваў прынцыпы міжнар. палітыкі дзяржавы, абмяжоўваў уладу вял. князя панамі-радай, без згоды якіх ён не мог прымаць важных рашэнняў, вызначаў асновы адм., цывільнага і крымін. права. Быў своеасаблівай феад. канстытуцыяй, крыніцай пісанага права, нормы якога пазней увайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
т. 1, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНАМО́ЦТВА,
права адной асобы (прадстаўніка) ажыццяўляць здзелкі ад імя другой (прадстаўленага), тым самым ствараць, змяняць або спыняць правы і абавязкі прадстаўленага. Паводле цывільнага права Рэспублікі Беларусь можа быць заснавана на даверанасці, заканадаўстве або акце ўпаўнаважанага на тое дзярж. органа ці органа мясц. кіравання і самакіравання, а таксама вынікаць з абставін, у якіх дзейнічае прадстаўнік (напр., прадавец у краме, касір і да т.п.).
т. 12, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)