БАПЛА́Н (Beauplan) Гіём Левасэр дэ (каля 1600, Нармандыя, Францыя — 6.12.1673),

французскі інжынер-фартыфікатар, картограф. У 1630—48 служыў у арміі Рэчы Паспалітай у чыне капітана артылерыі. Пабудаваў шэраг крэпасцяў на Украіне (Крамянчуг, Бар і інш.). Сабраў і апублікаваў багаты гіст., геагр. і этнагр. матэрыял («Апісанне Украіны», Руан, 1650). Зробленыя ім карты (тэр. Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны) неаднаразова друкаваліся да сярэдзіны 18 ст. Склаў карту «Вялікае княства Літоўскае і Белая Русь», дзе ўпершыню назва «Беларусь» вынесена ў загаловак.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБЕ́РНА (ад лац. hibernus зімовы),

1) у Стараж. Рыме зімовыя кватэры войска.

2) У Рэчы Паспалітай павіннасць зімовага ўтрымання войска і забеспячэння яго харчам, якую неслі жыхары дзярж. і царк. уладанняў (шляхецкія маёнткі былі вольныя ад яе). У 1649—52 заменена на аднайм. штогадовы падатак, скасаваны на сейме ў 1775. Вызначалася сеймамі ў памерах патрэбы, у ВКЛ у 1-й пал. 18 ст. дасягала 0,5 млн. злотых. З гіберны рабіліся выплаты гетманам, пісарам польным і інш. вайск. службоўцам.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 5, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯНЯ́ВА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 80 родаў, у т. л. Белазоры, Длугашы, Ляшчынскія, Мэнжыкі. На залатым полі чорная галава зубра з залатым кальцом у ноздрах; клейнод — над прылбіцай з каронай палова залатога каранаванага льва з мячом у правай лапе. Вядомы з пач. 14 ст. У час знаходжання на троне караля польск. і вял. князя літ. Станіслава Ляшчынскага (1704—09, 1733) герб «Вянява» выкарыстоўваўся як элемент у дзярж. сімволіцы Рэчы Паспалітай.

Герб «Вянява».

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎЧЫКІ,

лёгкая нерэгулярная кавалерыя ў Рэчы Паспалітай у 1-й пал. 17 ст. Арганізавана А.Ю.Лісоўскім. Л. былі ўзброены шаблямі, рагацінамі, лукамі або ручніцамі, вылучаліся надзвычайнай рухомасцю і баяздольнасцю, адначасова жорсткасцю і рабаўніцтвамі. У 1608—11 ваявалі на баку Лжэдзмітрыя II, у 1611—19 на службе ў Жыгімонта III. З 1619 у войску імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фердынанда III, удзельнічалі ў падаўленні чэшскага паўстання (1620), у войнах з Асманскай імперыяй (пад Хацінам у 1621), у Трыццацігадовай вайне (1618—48). Пасля 1636 атрады Л. расфарміраваны.

т. 9, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́ЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Уваходзіў з 1776 у склад Полацкай губерні, з 1796 — Беларускай губерні, з 1802 — Віцебскай губерні. Цэнтр — г. Гарадок. Пл. 3107,3 кв. вярсты, нас. 112 033 чал. (1897). Падзяляўся на 21 воласць (1897). У студз. — лют. 1919 у складзе БССР, пасля ў складзе Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. 15.2.1923 павет скасаваны, яго тэр. падзелена паміж Полацкім, Невельскім і Веліжскім пав. Віцебскай губ.

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕ́СНІЦТВА,

1) у ВКЛ адм.-тэр. адзінка, якой кіравалі намеснікі вял. князя. Большасць Н. утворана ў 14—15 ст. у выніку скасавання ўдзельных княстваў і падпарадкавання іх велікакняжацкай уладзе. Н. называлі таксама дзярж. воласці, што ўзнікалі пры падзеле б. княстваў. Самыя буйныя Н. з пач. 16 ст. сталі ваяводствамі, астатнія — староствамі і дзяржавамі.

2) У Рас. імперыі ў 1778—96 Н. наз. губерні, у т. л. створаныя на землях Беларусі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (Магілёўскае Н., Полацкае Н.).

В.​Л.​Насевіч.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1612 пад кіраўніцтвам Мініна і Пажарскага, Другое апалчэнне. Створана ў 1611 для барацьбы з іншаземнай інтэрвенцыяй. Дасягала 20—30 тыс. чал. Частка яго (10 тыс. чал.) 22—24.8.1612 разам з рэшткамі 1-га апалчэння (гл. Першае апалчэнне 1621) нанесла паражэнне польска-літ. войску Я.​К.​Хадкевіча (10—12 тыс. чал.) і пасля працяглай аблогі (22—26 кастр.) прымусіла да капітуляцыі гарнізон інтэрвентаў у Крамлі. Н.а. паспрыяла аднаўленню дзярж. улады ў Расіі, прадвызначыла пэўныя змены ва ўзаемаадносінах Расіі і Рэчы Паспалітай.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЕ ВАЯВОДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Утворана ў 1565. Ахоплівала тэр. б. Мсціслаўскага княства, Крычаўскай воласці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных з іх складу. На паветы не падзялялася. Мела харугву жоўтага (паводле А.​Гваньіні — «памяранцавага», аранжавага) колеру з выявай герба «Пагоня» ў чырвоным полі. Буйнейшымі паселішчамі, апрача г. Мсціслаў, былі мястэчкі Дрыбін, Жукава, Крычаў, Радамль, Расна, Хіславічы, Хоцімль, Шумячы. Скасавана пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772), яго тэр. ўвайшла ў Мсціслаўскую правінцыю.

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЧЫЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рэчыцкае староства,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Цэнтр — г. Рэчыца. Першапачаткова ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства, уключала мястэчкі Стрэшын, Горваль, Дамыслін і інш., якія вял. князі ВКЛ раздалі духоўным і свецкім феадалам. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў склад Рэчыцкага пав. У 1569 уключана ў «сталовыя» маёнткі, даход з якіх ішоў на забеспячэнне вял. князя і яго двара. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучана да Рас. імперыі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ШЫНСКІ ЛА́ГЕР,

урадава-адміністрацыйная рэзідэнцыя і ваенны лагер Ілжэдзмітрыя II у с. Тушына (пад Масквой) з лета 1608 да пач. 1610. Т.л. быў умацаваны землянымі валамі і драўлянымі абарончымі збудаваннямі. Унутры лагера знаходзіліся рэзідэнцыі Лжэдзмітрыя II і нарачонага патрыярха Філарэта, будынкі тушынскіх прыказаў, жытлы польскіх і рас. войск. Пры адыходзе атрадаў Рэчы Паспалітай у сак. 1610 Т.л. спалены. У 1898—1901 на яго месцы праведзены археал. раскопкі, выяўленыя рэчы (зброя, прылады працы, рэчы побыту) зберагаюцца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве.

т. 16, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)