БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.Хадкевіча. У 1623 Я.Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял. Айч. вайны.
А.А.Ярашэвіч.
т. 3, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАТУ́ (Poitou),
гістарычная вобласць на З Францыі, каля ўзбярэжжа Атлантычнага ак. На тэр. П. дэпартаменты Вандэя. В’ена, часткова Дзё-Сеўр. Пл. 20,1 тыс. км². Нас. каля 1,2 млн. чал. (2000). Гал. горад — Пуацье. Тэр. вобласці — пераважна ўзгорыстая раўніна. Гал. галіна эканомікі — сельская гаспадарка, асабліва жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. На ўзбярэжжы — рыбалоўства і вустрычны промысел. Прам-сць: харч., маш.-буд., тэкст., гарбарна-абутковая. Транспарт марскі, аўтамабільны, чыгуначны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі плямёны піктонаў. Пасля заваявання рымлянамі ўваходзіла ў Аквітанію. У 5 ст. яе захапілі вестготы, у 507 — кароль франкаў Хлодвіг I. У 8 ст. Піпін Кароткі далучыў П. да Францыі. З 9 ст. — графства. З канца 9 ст. графы П. сталі герцагамі Аквітаніі, разам з якой у 1154 трапілі пад уладу Англіі. У час праўлення Філіпа II Аўгуста Францыя вярнула ч. П. з г. Пуацье, а ў 1259 — і яе паўд. частку. У Стогадовую вайну 1337—1453 П. ў складзе Англіі, у 1369—73 зноў адваявана Францыяй. У час рэлігійных войнаў 16 ст. правінцыя — месца сутыкненняў паміж гугенотамі і католікамі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з раёнаў Вандэйскіх войнаў. У 1790 тэр. П. падзелена на дэпартаменты.
т. 13, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУТО́ВІЧ Янка (Іван Іосіфавіч; 24.1.1904, в. Шутавічы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 9.12.1973),
бел. грамадскі і культурны дзеяч, літаратуразнавец. Скончыў віленскія бел. гімназію (1924), ун-т (1934). У час вучобы ва ун-це прымаў удзел у працы Бел. студэнцкага саюза, Бел. навук. т-ва, Т-ва прыяцеляў беларусаведы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, рэдагаваў час. «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі». Адзін з кіраўнікоў Бел. нац. аб’яднання (гл. Беларуская хрысціянская дэмакратыя). Працаваў у Бел. друкарні імя Ф.Скарыны. У 1935—39 адказны рэдактар і выдавец час. «Калоссе». У 1936 кіраваў агульным Школьным сакратарыятам. Быў зняволены польскімі ўладамі, вызвалены сав. войскамі ў 1939. З восені 1939 займаўся асв. і выдавецкай дзейнасцю, з 1940 працаваў у Бел. музеі ў Вільні (з 1941 дырэктар). У 1944 рэпрэсіраваны, вызвалены ў 1956, рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Вільнюсе. Друкаваўся з 1927. Выступаў з артыкуламі пра Я.Драздовіча, Ш.Руставелі, Т.Шаўчэнку, рыхтаваў матэрыялы пра М.Гарэцкага, А.Гурыновіча, М.Забэйду-Суміцкага, Я.Карскага, А.Уласава, Бел. музей у Вільні. У 1940 пад яго рэд. у Вільні выдадзена кн. «Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасці (10.1.1915—10.1.1940)». Выявіў у архіве рукапіс рамана Гарэцкага «Віленскія камунары». Рукапісны і ўласны архіў Ш. захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.
А.М.Вабішчэвіч.
т. 17, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫЧАГО́Ў (Чычагаў) Павел Васілевіч
(6.7.1767, С.-Пецярбург — 1.9.1849),
расійскі адмірал (1807). Сын В.Я.Чычагова. У час рус.-швед. вайны 1788—90 камандзір лінкора, нач. экспедыцыі па высадцы дэсанта ў Галандыі (1799). З 1802 таварыш (нам.) міністра, са снеж. 1802 да 1811 (фактычна да 1809) міністр марскіх спраў. З крас. 1812 галоўнакамандуючы Дунайскай арміяй, гал. нач. Чарнаморскага флоту і ген.-губернатар Малдавіі і Валахіі. У вер. 1812 Дунайская армія ў раёне Луцка аб’яднана з 3-й арміяй пад камандаваннем Ч. Паводле плана М.І.Кутузава 3-я армія сумесна з корпусам ген. П.Х.Вітгенштэйна павінна была перакрыць шляхі адыходу арміі Напалеона на р. Бярэзіна. 13 ліст. каля в. Новы Свержань рас. войскі адцяснілі атрад Ф.К.Касецкага і разбілі яго ў Койданаўскім баі 1812. 16 ліст. армія Ч. авалодала Мінскам. Авангард Ч. атакаваў войскі ген. Я.Г.Дамброўскага ў Барысаве (гл. Барысаўская бітва 1812) і захапіў горад. Але 23 ліст. рас. войскі выбіты з Барысава корпусам ген. Н.Ш.Удзіно, які пачаў падрыхтоўку да пераправы цераз Бярэзіну асн. сіл франц. арміі. Уведзены ў зман дзеяннямі франц. войск і актывізацыяй польскіх войск каля Свіслачы і аўстр. пад Нясвіжам, Ч. 24—25 ліст. перамясціў большую частку сваіх войск з-пад Барысава на Пд да мяст. Забашавічы, а атрад Я.І.Чапліца — да Барысава. Гэта дазволіла французам захапіць плацдарм на правым беразе Бярэзіны, які Ч. не здолеў ліквідаваць (гл. ў арт. Студзёнка), што дало магчымасць большасці франц. войск пераправіцца цераз Бярэзіну і адысці да Вільні. Пралікі Ч. і Вітгенштэйна, няўзгодненасць дзеянняў асобных вайск. груповак не дазволілі завяршыць разгром франц. арміі (гл. таксама Чашніцкія баі 1812). Аднак грамадская думка Расіі ўсю віну за правал аперацыі ўсклала на Ч. Яго армія яшчэ некат. час праследавала праціўніка, але ў снеж. 1812 яе перадалі пад камандаванне Вітгенштэйна. У лют. 1813 Ч. звольнены ў адстаўку. Выехаў за мяжу; жыў у Італіі і Францыі. Пакінуў мемуары.
Тв.:
Архив адмирала П.В.Чичагова. Вып. 1. СПб., 1885;
Переправа через Березииу // Рус. архив 1869. № 7/8.
Літ.:
Мазинг Г.Ю., Ерусалимчик Л.Ф. Березина, год 1812-й. Мн., 1991;
Юлин В.А. Адмирал П.В. Чичагов // Вопр. истории. 2003. № 2.
А.М.Лукашэвіч.
т. 17, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕН БЕ́ЛА Ахмед (н. 25.12.1916, Магнія, каля г. Тлемсен, Алжыр),
дзяржаўны і палітычны дзеяч Алжыра. У час 2-й сусв. вайны афіцэр франц. арміі. З 1949 адзін з кіраўнікоў Алжырскай нацыяналіст. партыі. З 1952 чл. Фронту нац. вызвалення Алжыра. У 1956 арыштаваны франц. ўладамі і да 1962 знаходзіўся ў зняволенні. Завочна быў абраны ў кіруючыя органы алж. вызв. руху. У 1962—65 прэм’ер-міністр, у 1963—65 прэзідэнт краіны. Пасля ваен. перавароту ў 1965—80 пад дамашнім арыштам. З 1981 у эміграцыі. У 1990 вярнуўся ў Алжыр і ўзначаліў партыю «Рух за дэмакратыю».
т. 3, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Wasilewski) Леан (24.8.1870, С.-Пецярбург — 10.12.1936),
польскі публіцыст, гісторык, дыпламат. З 1896 дзеяч Польск. сацыяліст. партыі. Пасля яе расколу ў 1906 кіраўнік рэв. фракцыі. Рэдактар парт. выданняў «Przedświt» («Зара»), «Robotnica» («Работніца»). Друкаваўся пад псеўд. Л.Плахоцкі. У 1918—19 міністр замежных спраў Польшчы. З 1924 узначальваў Ін-т вывучэння навейшай гісторыі Польшчы, з 1929 рэдактар час. «Niepodległość» («Незалежнасць»). З 1931 старшыня Ін-та вывучэння нац.-вызв. спраў. У працах «Літва і яе народы» (1907), «Літва і Беларусь» (1912) і інш. даследаваў развіццё культуры і асветы, гісторыю бел. і літ. нац.-вызв. руху ў 19 — пач. 20 ст.
т. 4, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ЛЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася Віленскім губернскім праўленнем з 1838 да 28.9(11.10).1916 на рус. мове. Выходзіла ў Вільні, у 1915 (№61—63) у Дзісне, потым у Туле з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы, распараджэнні, аб’явы, весці цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. аддзел (у 1846—63 выходзіў як самаст., газета пад той жа назвай, з 1864 друкаваўся на апошняй старонцы газеты) асвятляў мясц. жыццё, друкаваў артыкулы па гісторыі, геаграфіі, эканоміцы, статыстыцы, культуры, нар. асвеце і інш. У розны час выдаваліся дадаткі да газ. «Асобныя артыкулы», «Дадаткі».
т. 4, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУ́ША Ілья, адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час нар.-вызв. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. Нарадзіўся ў Быхаве. Палкоўнік Запарожскага войска. У 1648 з атрадам прыйшоў з Украіны на Беларусь, дзе да яго далучыліся бел. паўстанцы-сяляне. Каля мяст. Горваль перамог атрад войск ВКЛ. У снеж. 1648 няўдала асадзіў Стары Быхаў. У 1651 па дарозе да Чачэрска і ў баі пад Чэрыкавам яго атрад разбіты. У жн. 1651 па загадзе Б.Хмяльніцкага з атрадам адправіўся па Дняпры да Кіева. У сак. 1654, магчыма, пасол Хмяльніцкага ў Маскве.
В.І.Мялешка.
т. 5, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1660—61.
Праводзілася казакамі і войскамі Рэчы Паспалітай у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У снеж. 1659 Быхаў занялі рас. войскі (гл. Быхава абарона 1659). З 1660 рас. гарнізон безупынна асаджалі казацкі палкоўнік Дз.Мурашка і гетман С.Чарнецкі, што стаялі лагерам каля Баркалабаўскага манастыра. У асаджаных было 18 гармат і 2 пішчалі-бамбарды, не хапала ежы. 1.12.1661 да Быхава падышло войска Рэчы Паспалітай з 7 тыс. конных і пешых салдат з 11 гарматамі пад камандаваннем Чарнецкага. Рас. гарнізон аблогі не вытрымаў і праз некалькі дзён горад здаў.
т. 3, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗНАБІ́ШЫН Дзмітрый Пятровіч (1804, с. Троіцкае, Карсунскі р-н Ульянаўскай вобл. — 14.8.1877),
рус. паэт. Скончыў Маскоўскі універсітэцкі пансіён (1824). У 1827 заснаваў (з С.Я.Раічам) альманах «Северная лира». Першыя арыгінальныя і перакладныя вершы і аповесці друкаваў у альманахах і час. «Вестник Европы», «Северные цветы», «Отечественные записки». Любоўную і пейзажную лірыку ствараў пад уплывам паэзіі Усходу: зб-кі «Селам, або Мова кветак» і «Гінекіён» (1830), «Сізіф і смерць» (1871). Перакладаў на рус. мову творы Хафіза, Нізамі, Саадзі, зах.-еўрап. паэтаў. Склаў першы персідска-рускі слоўнік, зб. матэрыялаў (у 2 тамах) па сялянскай рэформе 1861. Збіраў фальклор народаў Паволжа.
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)