ЛЮ́ДВІГ (Ludwig) Крыста (н. 16.3.1928, Берлін),

аўстрыйская спявачка (мецца-сапрана). Вучылася пад кіраўніцтвам бацькі А.​Людвіга, потым у муз. школе ў Франкфурце-на-Майне. З 1946 працавала ў розных ням. оперных т-рах, з 1955 салістка Венскай дзярж. оперы. Спявала таксама ў т-рах «Метраполітэн-опера», «Ла Скала». Сярод партый: Дарабела, Керубіна («Усе яны такія», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Леанора («Фідэліо» Л.​Бетховена), Актавіян і Маршальша («Кавалер ружы» Р.​Штрауса), Эбалі («Дон Карлас» Дж.​Вердзі). У 1954—74 пастаянна ўдзельнічала ў Зальцбургскіх фестывалях. Выконвала сольныя партыі ў 9-й сімфоніі Бетховена. Выступае як камерная спявачка.

т. 9, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ЛЬКА Архіп Міхайлавіч (23.3.1908, в. Саварка Багуслаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 1.6.1984),

расійскі канструктар авіяц. рухавікоў. Акад. АН СССР (1968; чл.-кар. 1960). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1931). З 1939 у НДІ і КБ авіяц. прам-сці, з 1946 ген. канструктар авіяц. рухавікоў. Выказаў ідэю і абгрунтаваў магчымасць стварэння турбарэактыўных рухавікоў (ТРР) для скарасных самалётаў (1937). Пад яго кіраўніцтвам створаны першы сав. ТРР і распрацаваны шэраг рухавікоў для баявых самалётаў. Ленінская прэмія 1976, Дзярж. прэміі СССР 1948, 1951.

Літ.:

Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 3 изд. М., 1990.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́ЛАС, Марэлас-і-Павон (Morelos y Pavón) Хасэ Марыя (30.9.1765, г. Вальядалід, цяпер Марэлія, Мексіка — 22.12.1815), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, быў настаўнікам, вясковым святаром. У 1810 далучыўся да нар. паўстання пад кіраўніцтвам М.Ідальга, (гл. арт. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). Пасля гібелі Ідальга (1811) М. узначаліў паўстанцаў і ў 1812—13 нанёс паражэнні іспанцам. У вер. 1813 склікаў у Чыльпансінга Нац. кангрэс, які прыняў дэкларацыю аб незалежнасці Мексікі, абвясціў М. генералісімусам і кіраўніком выканаўчай улады краіны. Да канца 1815 ісп. войскі разграмілі паўстанцкую армію, М. узяты ў палон і пакараны смерцю.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГРЭ́ЛЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857 Выклікана рэзкім узмацненнем феад. эксплуатацыі прыгонных сялян падуладнага Расіі Мегрэльскага княства (на З Грузіі) пасля Крымскай вайны 1853—56. Пачалося ў канцы 1856 пад кіраўніцтвам каваля У.​Мікавы. 24 мая сяляне (10—20 тыс. чал.) захапілі цэнтр княства г. Зугдыды, адмовіліся выконваць феад. павіннасці, патрабавалі скасавання ўлады мясц. князёў і перадзелу памешчыцкіх зямель, спадзеючыся пры гэтым на заступніцтва рас. цара. Паўстанне задушана ў вер. 1857 рас. войскамі і атрадамі памешчыкаў, 38 кіраўнікоў сасланы ў глыб Расіі. Рас. ўлады ўвялі ў Мегрэльскім княстве сваё кіраванне і пачалі падрыхтоўку да адмены прыгоннага права ў Грузіі.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯГРЭ́Й Віктар Якаўлевіч (н. 3.7.1948, в. Міхнавічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне транспарту. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1971). З 1974 у Бел. ун-це транспарту (з 1997 прарэктар). Навук. працы па прагназаванні трансп. патокаў, узаемадзеянні і комплексным развіцці розных відаў транспарту, бяспецы трансп. сістэм. Пад кіраўніцтвам Н. выкананы даследаванні па ўдасканаленні схем сартавальных станцый і чыг. вузлоў Бел. чыгункі.

Тв.:

Прогнозирование пассажирских потоков. М., 1980 (разам з М.​У.​Праўдзіным);

Прогнозирование грузовых потоков. М., 1987 (разам з М.​Л.​Дыканюком, М.​У.​Праўдзіным).

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫПІ́ЛЕРЫ (ад англ. repeal разрыў),

удзельнікі нац. руху ў Ірландыі ў 1830—40-я г. за разрыў англа-ірландскай уніі 1801 і аднаўленне асобнага ірландскага парламента. Арганізатар руху Р. — Д.​О’Конел, пад кіраўніцтвам якога ў пач. 1830-х г. створаны першыя суполкі Р. У крас. 1840 засн. агульнанац. асацыяцыя Р., якая арганізоўвала мітынгі, петыцыі і інш. грамадз. акцыі ў падтрымку сваіх патрабаванняў. У 1842 сфарміравалася крыло радыкальных Р., якія лічылі разрыў уніі першым крокам у дасягненні поўнай незалежнасці Ірландыі. Фактычна рух Р. перастаў існаваць пасля смерці О’Конела. На яго аснове ўзнік шэраг новых ірландскіх нац. арг-цый.

т. 13, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ЙКАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліст. 1941—жн. 1943 у в. Стайкі і Свістуны Багушэўскага (цяпер Аршанскага) р-на Віцебскай вобл. пад кіраўніцтвам Багушэўскага падп. райкома КП(б)Б. Падпольшчыкі (59 чал., кіраўнікі М.​М.​Дзятлоўскі, У.​Т.​Рыжыкаў) вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, зрывалі аднаўленне чыгункі Орша — Віцебск, работу лесапільні, захапілі нарабаваныя акупантамі і перадалі партызанам адзенне і абутак, ратавалі людзей ад вывазу ў Германію, збіралі і перадавалі партызанам боепрыпасы, медыкаменты, харч. прадукты, разведданыя. За час дзейнасці загінулі 23 падпольшчыкі, астатнія пайшлі да партызан.

т. 15, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УРА́НІЯ»,

лічыльна-вырашальнае прыстасаванне, якое мадэліруе сутачнае вярчэнне Зямлі і яе арбітальны рух. Прызначана для вызначэння геагр. шыраты і даўгаты месца назірання, схілення і прамога ўзыходжання (гл. Нябесныя каардынаты), даты і моманту часу назірання, а таксама становішча аб’екта, што назіраецца (напр., зоркі, планеты). Гэтыя пераменныя велічыні нанесены на рухомых шкалах прыстасавання і ўводзяцца ці счытваюцца пры дапамозе стрэлак, візірнай трубкі, звязанай са шкалой схіленняў, і лініі Пн—Пд, нанесенай на дыск асновы прылады. Можа выкарыстоўвацца ў астраноміі, геадэзіі і навігацыі. Распрацавана і пабудавана пад кіраўніцтвам Я.У.Чайкоўскага (Мінск, 2001).

А.​Ю.​Колас.

«Уранія».

т. 16, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНО́БЫЛЬ,

горад у Кіеўскай вобл. Украіны, на р. Прыпяць, пры яе ўпадзенні ў Кіеўскае вадасховішча.

У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1193. З 1362 у складзе ВКЛ. Пасля Люблінскай уніі 1569 належаў Кароне (Польшча). Першапачаткова каралеўскі горад, потым уладанне Ф.Кміты-Чарнабыльскага (з 1566), Сапегаў, Хадкевічаў. Насельніцтва Ч. ўдзельнічала ў вызв. вайне ўкр. і бел. народаў 1648—54, казацка-сял. паўстанні 1702—04 пад кіраўніцтвам С.П.Палія, пасля чаго горад заняпаў. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучаны да Рас. імперыі. З 1941 горад. У сувязі з аварыяй (крас. 1986) на Чарнобыльскай АЭС насельніцтва Ч. эвакуіравана (гл. Чарнобыльская катастрофа 1986).

т. 17, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРАВА́РАЎ Георгій Аляксандравіч (н. 10.3.1931, Кіеў),

бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1984). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1956). З 1967 заг. аддзялення Ін-та ядз. энергетыкі АН Беларусі. З 1992 дырэктар, з 2001 заг. лабараторыі Ін-та радыеэкалагічных праблем Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах бяспекі ядз. тэхналогій, радыеэкалогіі і кіравання надзвычайнымі сітуацыямі. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана тэхналогія пераўтварэння разбуранага рэактара Чарнобыльскай АЭС і забруджаных радыенуклідамі тэрыторый у экалагічна бяспечную сістэму (2000).

Тв.:

Динамика АЭС с диссоциирующим теплоносителем. Мн., 1980;

Физика нестационарных процессов АЭС. Мн., 1985.

А.​І.​Болсун.

т. 17, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)