ЧЭЙН (Chain) Эрнст Борыс (19.6.1906, Берлін — 12.8.1979),

англійскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1949). Замежны чл. Рас. АН (1976). Скончыў Берлінскі ун-т (1930). З 1935 у Оксфардскім ун-це, з 1948 дырэктар Міжнар. цэнтра хім. мікрабіялогіі (Рым). З 1961 у Лонданскім ун-це (праф. біяхіміі). Навук. працы па вывучэнні мікробных антыбактэрыяльных рэчываў, механізмах уздзеяння інсуліну. Вылучыў чысты пеніцылін і вызначыў яго хім. будову (1939). Нобелеўская прэмія 1945 (з А.Флемінгам і Х.У.Флоры).

В.​Ф.​Ермакоў.

Э.Б.Чэйн.

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДЭ́ (Bordet) Жуль (13.6.1870, г. Суаньі, Бельгія — 6.4.1961),

бельгійскі імунолаг і бактэрыёлаг. Чл. Бельгійскай каралеўскай акадэміі, Лонданскага каралеўскага т-ва, Нац. АН ЗША. Скончыў Брусельскі ун-т (1892). У 1894—1901 у Ін-це Пастэра ў Парыжы. У 1901 заснаваў і ўзначаліў Ін-т Пастэра ў Бруселі. З 1907 праф. Брусельскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні механізмаў сываратачных рэакцый імунітэту; адкрыў рэакцыю звязвання камплементу. Выявіў узбуджальніка коклюшу і распрацаваў метад імунізацыі супраць яго. Нобелеўская прэмія 1919.

В.​Ф.​Ермакоў.

Ж.Бардэ.

т. 18, кн. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭ́НДЭЛ (Kandel) Эрык (н. 7.11.1929, Вена),

амерыканскі вучоны ў галіне нейрабіялогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1974), Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Нью-Йоркскі ун-т (1956). З 1960 у Гарвардскай мед. школе, з 1965 у Нью-Йоркскім, з 1974 у Калумбійскім (праф.) ун-тах. Навук. працы па вывучэнні механізмаў памяці. Выявіў, што кароткачасовая памяць засн. на змене формы бялкоў пры далучэнні фасфату, а доўгачасовая — на сінтэзе новых бялкоў. Нобелеўская прэмія 2000 (з П.Грынгардам, А.Карлсанам; гл. Дадатак).

В.​Ф.​Ермакоў.

Э.Кэндэл.

т. 18, кн. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС (Lewis) Эдвард (н. 20.5.1918, Вілкес-Бар, ЗША),

амерыканскі вучоны ў галіне генетыкі. Чл. Амер. Нац. АН, Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Мінесоцкі ун-т (1939, г. Мінеапаліс). Д-р філасофіі (1942). З 1947 праф. Кембрыджскага ун-та (Вялікабрытанія). З 1948 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (праф. біялогіі з 1956). Навук. працы па вывучэнні (на дразафіле) генет. механізмаў рэгуляцыі ранняга эмбрыянальнага развіцця. Нобелеўская прэмія 1995 (з Э.Вішаўсам і Х.Нюслайн-Фольхард; гл. Дадатак).

Э.Льюіс.

т. 18, кн. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́НСФІЛД (Mansfield) Пітэр (н. 9.10.1933),

англійскі вучоны ў галіне фізікі і радыялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1987). Д-р філасофіі (1962). Скончыў каледж Квін Мэры Лонданскага ун-та (1959). З 1962 працаваў у Ілінойскім, з 1964 у Нотынгемскім (з 1979 праф.) ун-тах. Навук. працы па праблемах выкарыстання магнітнага рэзанансу ў медыцыне. Распрацаваў метад матэм. пераўтварэння электрамагн. выпрамянення ядраў вадароду ў хім. злучэннях у аптычны відарыс пры даследаванні жывых аб’ектаў. Нобелеўская прэмія 2003 (з П.Лотэрбурам; гл. Дадатак).

П.Мэнсфілд.

т. 18, кн. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОЎЛС (Knowles) Уільям Стэндыш (н. 1.6.1917, г. Таўнтан, ЗША),

амерыканскі хімік. Скончыў Гарвардскі (1939) і Калумбійскі (1942) ун-ты. У 1942—86 у кампаніі «Мансанта» (г. Сент-Луіс). Навук. працы па арган. хіміі. Сінтэзаваў аптычна актыўны металаарган. каталізатар, з дапамогай якога ўпершыню ажыццявіў хіральна каталізавальную рэакцыю асім. гідрыравання (1968). На яе аснове разам з інш. стварыў высокапрадукцыйную прамысл. тэхналогію сінтэзу амінакіслаты L-ДОФА (дыоксіфенілаланіну), якая выкарыстоўваецца для лячэння паркінсанізму. Нобелеўская прэмія 2001 (з К.Б.Шарплесам, Р.Наёры; гл. Дадатак).

М.​М.​Касцюковіч.

У.Ноўлс.

т. 18, кн. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́БІН (Tobin) Джэймс (н. 5.3.1918, г. Шампейн, ЗША),

амерыканскі эканаміст; адзін з гал. прадстаўнікоў кейнсіянства. Д-р па эканоміцы (1947). Скончыў Гарвардскі ун-т (1941), з 1946 выкладаў у ім. З 1950 ад’юнкт-праф., у 1955—88 праф. эканомікі ў Іельскім унце. З 1970 адначасова прэзідэнт Амер. эканам. асацыяцыі. Даследуе фін. рынкі, распрацаваў «тэорыю выбару партфельных інвестыцый». Аўтар кніг «Нацыянальная эканамічная палітыка» (1966), «Макраэканоміка» (1971), «Нарысы палітэканоміі» (т. 1—3, 1971—82) і інш. Нобелеўская прэмія 1981.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 18, кн. 1, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАНТ (Hunt) Тымаці (н. 19.2.1943, г. Нестан, Вялікабрытанія),

англійскі вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1991). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1999). Д-р філасофіі (1968). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1964). З 1991 працуе ў Фондзе па даследаванні раку (Лондан). Навук. працы па праблемах анкалогіі. Адкрыў цыкліны — новы клас бялкоў, якія адыгрываюць ключавую ролю ў кіраванні дзяленнем клетак (рэгулююць актыўнасць цыклінзалежных кіназ). Нобелеўская прэмія 2001 (з П.Нёрсам і Л.Хартвелам; гл. Дадатак).

В.​Ф.​Ермакоў.

Т.Хант.

т. 18, кн. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГІУС (Bergius) Фрыдрых (11.10.1884, Гольдшмідэн, цяпер у межах Вроцлава, Польшча — 30.3.1949),

нямецкі хімік-тэхнолаг. Скончыў Брэслаўскі ун-т (1907). Працаваў ва ун-тах Берліна і Гановера. У 1910 на свае сродкі стварыў лабараторыю, у 1914 стаў прадпрымальнікам. З 1938 займаўся вытв. дзейнасцю ў канцэрне «І.​Г.​Фарбэніндустры». Распрацаваў метады высокага ціску ў хіміі і хім. тэхналогіі. Прапанаваў працэсы гідрагенізацыі вугалю і ператварэння цэлюлозы ў кармавы цукар, што забяспечыла Германію ў гады 2-й сусв. вайны жыццёва неабходнымі рэсурсамі. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з К.Бошам).

Ф.Бергіус.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГСТРЭМ (Bergstrom) Суне (н. 10.1.1916, Стакгольм),

шведскі біяхімік. Чл. Каралеўскай Шведскай АН. Замежны чл. АН СССР (1976), АМН СССР (1982), Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук у Бостане. Праф. (1947). Скончыў Каралінскі ін-т у Стакгольме (1943). З 1947 у Лундскім ун-це, з 1958 і ў 1970—77 (рэктар) у Каралінскім ін-це, з 1960 у Базельскім ун-це (Швейцарыя). Навук. працы па хіміі і біяхіміі простагландзінаў, біясінтэзе і абмене жоўцевых кіслот і халестэрыну, біяхіміі гепарыну. Старшыня Савета дырэктараў Нобелеўскага фонду (1975). Нобелеўская прэмія 1982 (разам з Б.Самуэльсанам і Дж.Вейнам).

С.Бергстрэм.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)