ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1919 у Гомелі, на базе нацыяналізаваных у 1917 калекцый кн. І.​І.​Паскевіча, меў мастацкі профіль. З 1945 — гісторыка-краязнаўчы, з 1952 абл. краязнаўчы музей. Размешчаны ў палацы Румянцавых-Паскевічаў (арх. помнік 18—19 ст.). Мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 1013 м²), больш за 200 тыс. экспанатаў (1997). Аддзелы: прыроды, гісторыі, мастацтва. Экспануюцца карысныя выкапні, узоры расліннага і жывёльнага свету Гомельшчыны, матэрыялы з археал. раскопак краю, этнагр. калекцыі, старадрукі 16 — 19 ст. Значнае месца займаюць матэрыялы, прысвечаныя ўладальнікам Гомельскага маёнтка П.А., М.П. і С.​П.​Румянцавым, І.​Ф.​Паскевічу, а таксама рэв. руху ў краі канца 19 — пач. 20 ст., у т. л. Рудабельскай рэспубліцы і яе кіраўнікам. Вял. экспазіцыя прысвечана перыяду Вял. Айч. вайны, якая расказвае пра Гомеля абарону 1941, дзейнасць патрыят. і камсамольска-маладзёжнага падполляў, партыз. злучэнняў; экспануецца дыярама «Азарыцкія лагеры смерці» і інш. Праводзяцца маст. выстаўкі. Філіял — аддзел адкрытага захоўвання фондаў у в. Хальч Веткаўскага р-на.

М.​М.​Агай.

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Засн. ў 1962 на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1970 у г. Рагачоў Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 212 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае 5 аддзелаў (археал., гіст. мінулага, этнаграфічны, гісторыі Вял. Айч. вайны, пасляваенны), выставачную залу. Сярод экспанатаў каменная матыка, фрагменты ляпной і штрыхаванай керамікі 2—1-га тыс. да н.э., прылады працы, рыштунак конніка, ювелірныя ўпрыгожанні 11—12 ст. з раскопак археал. помнікаў на тэр. раёна; прадметы побыту, тканыя посцілкі і ручнікі канца 19 — пач. 20 ст. Аддзел гісторыі Вял. Айч. вайны знаёміць з ходам абарончых баёў у ліп.—жн. 1941, стварэннем і дзейнасцю падполля і партыз. руху, у т. л. прадметамі побыту і зброяй партызан, малюнкамі партыз. мастакоў С.​Раманава і М.​Ліпеня, матэрыяламі пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў 1944, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. Музей праводзіць выстаўкі дзіцячага малюнка, нумізматычных калекцый, вышыванак мясц. майстрых, карцін мясц. мастакоў і інш.

С.​В.​Якаўлева.

т. 13, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў ліп. 1959 у г. Маладзечна як Маладзечанскі абл. краязн, музей, з 1960 сучасная назва, адкрыты ў 1964. Пл. экспазіцыі 240 м², 41,6 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Мае 5 экспазіц. залаў, 1 выставачную. Сярод экспанатаў залатое скроневае кольца 12—13 ст., дакументы 17 ст. на старабел. мове «лацінкай», манетныя скарбы ВКЛ, Рэчы Паспалітай, старадрукі 17—18 ст., слуцкі пояс 18 ст., матэрыялы пра адну з першых у Рас. імперыі Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і яе знакамітых выпускнікоў, у т. л. М.Забэйду-Суміцкага, М.Чарота. У музеі сабраны ўзоры нар. ткацтва і адзення вілейскага, капыльска-клецкага і слуцкага строяў, ганчарныя вырабы радашковіцкай і івянецкай керамікі, творы майстроў разьбы па дрэве, з бяросты. Захоўваюцца матэрыялы пра вядомых землякоў — удзельнікаў рэв. падзей пач. 20 ст., нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.А.Рак-Міхайлоўскага, Б.А.Тарашкевіча, партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, пра сучаснае паліт., эканам. і культ. жыццё вобласці. Дэманструюцца творы прафес. і самадз. мастакоў Міншчыны, узоры флоры і фауны рэгіёна.

Т.​Л.​Лянкевіч.

т. 10, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.

Засн. ў 1978 у г. Ветка Гомельскай вобл. на базе калекцыі Ф.​Р.​Шклярава, які стаў першым дырэктарам музея, адкрыты для наведвання ў 1987. Размешчаны ў б. купецкім асабняку 19 ст. У музеі 6,5 тыс. экспанатаў, у т. л. 3,5 тыс. асн. фонду (1997), якія характарызуюць нар. культуру і побыт, традыц. мастацтва і промыслы Веткаўшчыны. Гэта старадрукі 16—18 ст: («Евангелле» П.​Мсціслаўца, 1575, кнігі В.​Гарабурды, выданні старавераў, у т. л. з Куцеінскай друкарні, і інш.), рукапісы пач. 16 — пач. 20 ст. (пераважна крукавага нотнага пісьма). Па запісах на кнігах (даравальных, купчых) складзена і экспануецца карта «Шлях кніг на Ветку». Зберагаюцца унікальныя калекцыі прорысяў 17—19 ст., абразоў 17 — пач. 20 ст., старадаўняя і сучасная разьба па дрэве, чаканка і гравіроўка па метале (абклады на абразах), ліццё, шыццё золатам, жэмчугам і бісерам; інструменты майстроў і рамеснікаў, іх дзелавая і асабістая перапіска, калекцыі меднага посуду і самавараў; узоры маст. ткацтва, вышыўкі, нар. касцюмаў; творы жывапісу самадз. мастакоў. Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: «Слабада», «Кірмаш», «Манастыр», «Рака», у якіх размешчаны тэматычна аб’яднаныя кампазіцыі з элементамі дыярамы — «Бакалейная крама», «Гандлёвы рад», «Кузня», «Бібліятэка» і інш. Калекцыі іканапісу і дэкар.-прыкладнога мастацтва ўключаюць работы мясц. майстроў рознага часу, у т. л. Р.​Рагаткіна (іканапіс), М.​Свяшчэннікава (чаканка), М.​Смірновай (шыццё бісерам), К.​Карасёва (разьба па дрэве). Сярод твораў маст. ткацтва старадаўнія і сучасныя ручнікі, абрусы і хусткі з в. Неглюбка, пас. Рэпішча і інш., дзявочыя і жаночыя нар. строі.

С.​І.​Лявонцьева.

Абраз «Пакровы» з экспазіцыі Веткаўскага музея народнай творчасці.
Веткаўскі музей народнай творчасці. Рукапісы 16—19 ст., напісаныя крукавым нотным пісьмом.
Брама Веткаўскага музея народнай творчасці.
Адна з залаў Веткаўскага музея народнай творчасці.
Веткаўскі музей народнай творчасці. Фрагмент экспазіцыі.

т. 4, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Музей выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна 6/316; 7/58, 304, 305; 9/111

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДЗІЦКІ МУЗЕ́Й МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ Заснаваны выдавецкай фірмай «Паліфакт». Адкрыты ў 1994 на тэр. б. маёнтка Ельскіх каля в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Складаецца з комплексу стылізаваных пабудоў 19 — пач. 20 ст.; дзеючага цэха рамёстваў

(хлебапякарня, масласыраварня, кузня, ганчарная і дрэваапр. майстэрні),

сял. хутара, ветрака, карчмы з заезным домам, экспазіц. залы з прадметамі гасп. абсталявання і прылад працы 18—19 ст., выстаўкі стараж. аўтамаб. тэхнікі, механізмаў па перапрацоўцы збожжа, лёну, прадуктаў жывёлагадоўлі, трансп. сродкаў.

А.​М.​Карлюкевіч.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Шмырова М.П. мемарыяльны музей

т. 17, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й СУЧА́СНАГА ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА МАСТА́ЦТВА ў Мінску.

Заснаваны ў 1997, адкрыты ў 1998. Складаецца з выставачнай залы (пл. 147,7 м²), малой выставачнай залы (пл. 54,2 м²), галерэі (пл. 68,3 м²), хола для фотавыставак (пл. 102,8 м²). У зборы больш за 1450 экспанатаў (2000). Аснову калекцыі складаюць творы бел. мастацтва 20 ст. (жывапіс, графіка, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, фатаграфія), захоўваюцца творы замежнага мастацтва. Праводзіць выстаўкі бел. і замежнага мастацтва, у т. л. ў інш. выставачных залах Беларусі і за яе межамі.

Л.​І.​Дабравольская.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАСА ЯКУ́БА ЛІТАРАТУ́РНА-МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й Засн ў 1956 у Мінску як літ. музей, адкрыты ў 1959, з 1997 сучасная назва. Размешчаны ў доме, дзе жыў Я.Колас з канца 1944 да 1956. Пл. экспазіцыі 255 м², каля 30 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Захаваны прыжыццёвы інтэр’ер кабінета і спальні, на сядзібе растуць дрэвы, пасаджаныя Я.​Коласам. У фондзе рукапісаў (1597 адзінак) сшыткі з запісамі фальклору, зробленымі ў перыяд вучобы паэта ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і настаўніцтва на Палессі (1899—1904), рукапісы твораў (вершы дакастр. часу, ташкенцкага перыяду, паэм «Сымон-музыка», «Рыбакова хата», «Суд у лесе» і інш.), перапіска з роднымі, знаёмымі, грамадскімі дзеячамі, пісьменнікамі, перакладчыкамі, вучонымі і інш. Фонд кінафотадакументаў налічвае 3436 адзінак. У фондзе выяўл. мастацтва (1037 адзінак) прыжыццёвыя партрэты Я.​Коласа, напісаныя мастаком З.​Паўлоўскім і графікам Т.​Жырмунскай, карціны, падараваныя паэту ў 1952 («Зіма ў Беларусі» П.​Радзімава, «Нёман у ваколіцах Мікалаеўшчыны» Г.​Гарэлавай-Азгур), творы Л.​Гумілеўскага, У.​Сулкоўскага, Я.​Драздовіча, С.​Федарэнкі, графічныя работы Г.​Паплаўскага, А.​Кашкурэвіча, У. і М. Басалыгаў і інш., скульптараў З.​Азгура, Гумілеўскага, С.​Селіханава і інш. У кніжным фондзе больш за 10 тыс. адзінак. У музеі зберагаюцца таксама прадметна-рэчавыя помнікі (864 адзінкі), дакументы (830 адзінак), архіў (547 адзінак), асабісты архіў паэта (6500 адзінак) і інш. З 1985 музей штогод праводзіць літ. свята і навук. канферэнцыю «Каласавіны». Дзейнічаюць філіялы музея на радзіме Я.​Коласа ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.: мемарыяльныя сядзібы ў Смольні, Акінчыцах, Альбуці, Ластку (гл. Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял, Коласаўскі заказнік).

Літ.:

Пратасевіч М.І. Літаратурны музей Якуба Коласа. Мн., 1981;

Камароўская З.М. Літаратурны музей Якуба Коласа. Мн., 1989.

З.​М.​Камароўская.

Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей Рабочы кабінет Я.​Коласа.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей.

т. 8, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мінскі музей таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі 7/542

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)