ПЯГА́НКІ (Tadorna),

род птушак сям. качыных. 7 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Аўстраліі, Афрыцы. Жывуць на марскіх узбярэжжах, у стэпавых, паўпустынных і пустынных ландшафтах па берагах азёр. Гняздуюцца ў норах, расколінах скал, пакінутых пабудовах, часам у кустоўі. На Беларусі адзначаны агар і П. звычайная (T. tadoma) — вельмі рэдкі гняздуючы і зімуючы від. П. хахлатая (T. cristata) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 60 см, маса да 1,65 кг. Афарбоўка пярэстая (рус. «пегая» — адсюль назва); спалучэнне белага, чорнага і рыжага колераў. Кормяцца пераважна расліннасцю, дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць да 12 (зрэдку да 18) яец. Аб’екты палявання.

Пяганка звычайная: 1 — самка; 2 — самец.

т. 13, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЗНЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Збунінскае возера. У Брэсцкім р-не, у бас. р. Серадовая Рэчка, за 30 км на Пд ад г. Брэст. Уваходзіць у Брэсцкую групу азёр. Пл. 0,43 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 3 км². Катлавіна суфазійна-карставага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 3—4 м, пад лесам, на Пн і У акаймаваны дзюнамі. Берагі высокія, на З сплавінныя. Дно плоскае, пясчанае, сапрапелістае. Шырыня мелкаводнай зоны да 100 м. Зарастае ўздоўж берагоў. Злучана канавай з воз. Белае, выцякае ручай у р. Серадовая Рэчка. На беразе возера санаторый «Бярэсце».

т. 13, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 5 км на З ад г. Браслаў. Пл. 0,83 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 760 м, найб. глыб. 17 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Пл. вадазбору 116 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. да 18 м, параслі хмызняком, у верхняй ч. разараныя, усх. і зах. тэрасаваныя (выш. тэрасы 3—3,5 м). Берагі зліваюцца са схіламі, на Пн нізкія, забалочаныя. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае слаба. Упадаюць ручаі з азёр Рожава, Бужа і Мізерышкі; выцякае р. Рака (злучае яго з воз. Дрывяты).

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАВІННЫЯ АМЁБЫ (Thecamoebina),

ракавінныя караняножкі (Testacea, або Testacealobosea), атрад (падклас) прасцейшых кл. караняножак падтыпу саркодавых. Некалькі соцень відаў. Пашыраны паўсюдна, жывуць у прэсных вадаёмах, балотах, імху, глебе. На Беларусі каля 30 відаў (найб. разнастайныя ў Нарачанскай групе азёр). Найб. трапляюцца арцэлы (Arcella), дыфлюгіі (Difflugia), эўгліфы (Euglypha) і інш.

Ад амёб адрозніваюцца наяўнасцю дыска-, груша-, шара- або яйцападобнай ракавіны даўж. да 0,15 мм. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. З вусця ракавіны выступаюць 6 і больш псеўдаподый. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам. Размнажаюцца пераважна простым дзяленнем (пры спрыяльных умовах некалькі разоў за суткі). Корм для драпежных беспазваночных, бентасаедных рыб. Іл. гл. да арт. Караняножкі.

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРА́Я РУ́СА,

горад у Наўгародскай вобл. Расіі. Вядомы з 11 ст. Каля 50 тыс. ж. (2001). Прыстань на р. Палісць (бас. воз. Ільмень), чыг. ст., вузел аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., лёгкая, харч., буд. матэрыялаў, паліграфічная. Краязнаўчы музей. Мемарыяльны музей Ф.​М.​Дастаеўскага. Бальнеагразевы курорт. Засн. ў 1828. Клімат умерана кантынентальны. Асн. прыродныя лек. фактары — хларыдныя натрыевыя мінер. воды з утрыманнем брому (да 50 мг/л), кальцыю, магнію (на пітное лячэнне і ванны) і сульфідныя глеевыя гразі салёных азёр, якія ўтрымліваюць серавадарод і жалеза. Лечаць захворванні органаў руху і апоры, страўніка і кішэчніка, печані, нерв. сістэмы, гінекалагічныя. Санаторый з аддзяленнем для падлеткаў, бальнеагразелячэбніца, пітная галерэя.

т. 15, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́РАДА, Урода,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 27 км на ПнУ ад г. Лепель. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,52 км², даўж. 3,4 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі 8,8 км, пл. вадазбору 9,95 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 2—5 м (на ПнУ, У і З месцамі да 20 м), пераважна разараныя. Берагі нізкія, часткова забалочаныя. Дно выслана гліністым ілам, уздоўж берага заіленым пяском. 2 астравы агульнай пл. 0,7 га. Зарастае да глыб. 2 м. Упадаюць 3 ручаі, выцякае р. Дзіва. Злучана 2 пратокамі з азёрамі без назвы.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 16, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УФА́,

рака ў Чэлябінскай, Свярдлоўскай абл. і Башкортастане (Расія), правы прыток р. Белая (бас. р. Кама).

Даўж. 918 км, пл. бас. 53,1 тыс. км². Выцякае з Уфімскага воз. на Сярэднім Урале. У верхнім цячэнні — горная рака, цячэ ў вузкай даліне, ніжэй упадзення р. Юрузань даліна пашыраецца. Асн. прытокі: Ай, Юрузань (злева), Бісерць, Цюй (справа). Сярэдні гадавы расход вады каля Паўлаўскай ГЭС у ніжнім б’ефе 329 м³/с. Ледастаў з канца кастр. — пач. снеж. да крас. — пач. мая. У бас. У. каля 600 азёр. Суднаходная на 135 км вышэй і на 170 км ніжэй Паўлаўскай ГЭС. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. На У — гарады Краснаўфімск, Уфа.

т. 16, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦНО,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка (цячэ праз возера), за 1,5 км на У ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 0,57 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 850 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі 3,7 км. Пл. вадазбору 452 км². Катлавіна падпруднага тыпу, лопасцевай формы. Схілы катлавіны выш. 6—10 м, у ніжняй ч. разараныя, у верхняй занятыя сухадольным лугам і лесам. Берагі нізкія, забалочаныя і сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, пры ўпадзенні Друйкі — заіленыя пяскі. У межах Ц. востраў пл. 0,011 км². Моцна зарастае. Па возеры праходзіць турысцкі маршрут.

т. 17, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДААХО́ЎНЫЯ ЛЯСЫ́,

прыродныя або штучна створаныя забаронныя палосы і масівы лясоў, якія служаць для аховы вадаёмаў, вадацёкаў і інш. водных аб’ектаў ад неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя; адзін з відаў ахоўных лясоў. Уваходзяць у водаахоўную зону. Ахоўваюць берагі вадаёмаў ад разбурэння ветрам і патокамі вады з вадазбораў, а вадаёмы ад засмечвання, забруджвання і празмернага выпарэння вады, паляпшаюць мікраклімат і гідралагічны рэжым тэр. вадазбораў, падтрымліваюць высокую воднасць рэк, садзейнічаюць раўнамернаму паступленню вады ў крыніцы, павелічэнню запасаў падземных вод за кошт пераводу паверхневага сцёку ва ўнутрыглебавы, акумуляцыі алювію ў поймах, зніжэнню т-ры вады ў рэках, паляпшэнню ўмоў нерасту рыб і інш. Маюць таксама глебаахоўнае, рэкрэацыйнае, эстэтычнае, аздараўленчае, сан.-гігіенічнае і рыбагасп. значэнне.

На Беларусі водаахоўныя лясы ў выглядзе палос уздоўж рэк і вакол вадаёмаў маюць шыр. 1—6 км і займаюць агульную пл. 371,1 тыс. га (1996). Вылучаны ўздоўж Дняпра (шыр. палос 6 км на кожным беразе да ўпадзення р. Бярэзіна і 3 км ніжэй па яго цячэнні), Нёмана (4 км), Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Сажа, Прыпяці, Віліі, Мухаўца, Піны, Дняпроўска-Бугскага і Белаазерскага каналаў (па 3 км), Друці (1,5 км), Свіслачы (1 км), вакол Браслаўскіх, Нарачанскіх і некаторых інш. азёр і вадасховішчаў аднесены да лясоў 1-й катэгорыі. Выдзяляюць таксама асабліва ахоўныя лясы, да якіх, у прыватнасці, належаць і берагаахоўныя ўчасткі лесу шыр. 300 м у межах забаронных палос і 100 м у інш. катэгорыях лясоў уздоўж рэк, каналаў, азёр, вадасховішчаў, а таксама ўчасткі лесу ў радыусе 100—200 м вакол крыніц і вытокаў малых рэк. Лесакарыстанне на гэтых участках рэгулюецца Палажэннем аб водаахоўных палосах (зонах) малых рэк Беларусі (1983) і інш. дырэктыўнымі ўказаннямі.

Т.​А.​Філюкова.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАЦЕ́ННІКІ (Limosa),

род птушак падатр. кулікоў атр. сеўцападобных. 4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, поймавых лугах, гразкіх травяністых берагах азёр. На Беларусі 2 віды: вераценнік вялікі (Limosa limosa) і вераценнік малы (Limosa lapponica). Вераценнік вялікі (нар. назвы грыцук, грута, грыца, нецяг) шматлікі на Палессі, звычайны ў цэнтр. частцы, рэдкі на ПнУ. Вераценнік малы — рэдкая птушка, трапляецца на веснавым і асеннім пралётах.

Даўж. цела да 45 см, маса да 350 г. Афарбоўка апярэння рыжая. Дзюба доўгая, прамая або ледзь загнутая ўгару, ногі доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі малюскамі, жукамі, зрэдку насеннем. Гняздо — неглыбокая ямка на купіне сярод травы, крыху высланая сухой травой. Аб’екты палявання.

Вераценнікі: 1 — вялікі; 2 — малы.

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)