α-распад, самаадвольны радыеактыўны распад атамных ядраў, пры якім адбываецца выпрамяненне альфа-часціц (гл.Радыеактыўнасць). Найменш пранікальны від выпрамянення, што выпускаецца радыеактыўнымі рэчывамі. Тэорыя альфа-распаду (Г.Гамаў, ЗША, 1927) заснавана на квантава-мех. апісанні руху α-часціцы ў патэнцыяльнай яме з бар’ерамі: паколькі энергія α-часціц складае 5—10 МэВ, а вышыня кулонаўскага бар’ера ў цяжкіх ядрах 25—30 МэВ, то вылет α-часціцы з ядра можа адбывацца толькі за кошт тунэльнага эфекту. Вядома больш за 300 α-актыўных ядраў, большасць з якіх штучныя. Альфа-распад характэрны ў асноўным для цяжкіх ядраў з масавым лікам A>200 і ат. нумарам Z>82. Час жыцця α-радыеактыўных ядраў ад 3∙10−7 с (для 212Po) да 1017 гадоў (для 204Pb).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ТАРСКАЕ КІНО́, кінааматарства,
від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана з пач. 1930-х г., у б.СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.
На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
энергетычныя аб’екты (электрастанцыі, падстанцыі, лініі электраперадач, цеплавыя сеткі, кацельныя), звязаныя агульным рэжымам у бесперапынным працэсе вытв-сці, ператварэння і размеркавання эл. і цеплавой энергіі. На тэр.б.СССР фарміраванне пачалося ў 1956—59. Да пач. 1990-х г. завершана падключэнне большай ч.аб’яднанай электраэнергетычнай сістэмы да агульнай сеткі ліній электраперадач напружаннем 220, 330, 500 і 750 кВ. У 1991 адзіная энергетычная сістэма аб’ядноўвала 92 энергет. сістэмы (выраблена каля 1490 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі). На пач. 1992 магутнасць 790 электрастанцый адзінай энергетычнай сістэмы складала больш за 288 тыс. МВт. Беларуская энергетычная сістэма тэхналагічна ўваходзіць у паўн.-зах. рэгіён адзінай энергетычнай сістэмы б.СССР і звязана лініямі з Літоўскай, Смаленскай, Пскоўскай, Бранскай і Украінскай энергасістэмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ (фізіял.),
1) здольнасць жывых арганізмаў успрымаць раздражненні, якія зыходзяць з вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Стварае магчымасць для фарміравання адаптыўных рэакцый. Адрозніваюць віды адчувальнасці: тэмпературную, смакавую, светлавую, скурную і інш. У ходзе эвалюцыі ў чалавека і жывёл фарміруюцца спецыялізаваныя нерв. ўтварэнні (рэцэптары), прыстасаваныя да ўспрымання вызначанага віду раздражнення (механарэцэптары, хемарэцэптары, фотарэцэптары і інш.) у межах парога адчувальнасці. Узбуджальнасць рэцэптараў няўстойлівая і залежыць ад іх стану і адпаведнай настройкі цэнтр.нерв. сістэмы.
2) У дыферэнцыяльнай псіхалогіі — павышаная гатоўнасць да эфектыўных рэакцый.
3) У псіхафізіцы — велічыня, адваротна прапарцыянальная парогу адчування (чым ніжэй парог, тым вышэй адчувальнасць). Адпаведна адрозніваюць абсалютную і дыферэнцыяльную (рознасную) адчувальнасць. Выкарыстанне новых тэарэт. уяўленняў (тэорыі выяўлення сігналаў) у псіхафізіцы спрыяла ўзнікненню больш абагульненых вызначэнняў адчувальнасці, незалежных ад паняцця парог адчування.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙРШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Малочнага кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі ў графстве Эр (Ayr, Ayrshire) скрыжаваннем мясцовай жывёлы з шартгорнскай, джэрсейскай, гернзейскай і галандскай пародамі. Гадуюць у Расіі, ЗША, Канадзе, Фінляндыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. Выкарыстоўваюць для скрыжавання з мясц. жывёлай, каб павысіць тлушчамалочнасць.
Жывёла нізкарослая, мае моцны і лёгкі касцяк, добра развітае вымя. Масць чырвона-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 28—30 кг, ва ўзросце 12 месяцаў 240—260 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 700—800 кг. Надой кароў за лактацыю 4200—5200 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,9—4,4%, рэкордны надой — больш за 10 тыс.кг. Сутачныя прыросты бычкоў на адкорме 750—800 г, забойны выхад дарослых жывёл 52—54%.
асадкавыя горныя пароды, якія складаюцца з абломкаў большстараж. горных парод і мінералаў. Адрозніваюць абломкавыя горныя пароды сцэментаваныя і несцэментаваныя (рыхлыя). Па велічыні абломкаў вылучаюцца грубаабломкавыя пароды, або псефіты (несцэментаваныя — глыбы, валуны, галька, друз, жарства, жвір і сцэментаваныя — кангламераты, брэкчыі, гравеліты і інш.); пясчаныя (псаміты), пылаватыя (алеўрыты, алеўраліты), гліністыя (пеліты) пароды, а таксама мяшаныя (суглінкі і супескі). Да абломкавых горных парод належаць таксама прадукты вулканічных вывяржэнняў: вулканічны друз, попел, туфабрэкчыі і інш. Выкарыстоўваюць у буд-ве, металургічнай, шкляной, керамічнай прам-сці і інш. У рачных і марскіх пясках трапляюцца золата, плаціна, каштоўныя камяні, разнастайныя мінералы, руды каляровых, рэдкіх і радыеактыўных металаў. Абломкавыя горныя пароды пашыраны па ўсёй Беларусі. Многія з іх (пяскі, жвір і інш.) — карысныя выкапні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,
тэмпература, якая адлічваецца ад абсалютнага нуля. У тэрмадынаміцы вызначана ў вобласці дадатных т-р, дзе працягваецца на +∞. Вымяраецца ў кельвінах. Асн. рэперны пункт шкалы абсалютная тэмпература — т-ратрайнога пункта вады. Параметр стану сістэмы многіх часціц, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (пры гэтым абсалютная тэмпература ўсіх яе макраскапічных падсістэм аднолькавая). Пры звычайных умовах у стане раўнавагі часціцы размеркаваны па энергіях так, што на высокіх узроўнях знаходзіцца менш часціц, чым на нізкіх (гл.Больцмана размеркаванне). Абсалютная тэмпература +∞ адпавядае раўнамернае размеркаванне часціц па ўсіх узроўнях энергіі, адмоўнай — т.зв. інверсная заселенасць узроўняў энергіі (на высокіх узроўнях больш часціц, чым на нізкіх). Таму лічаць, што з пунктам +∞ супадае пункт -∞, вышэй за якім знаходзіцца вобласць адмоўных т-р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЯ МО́ВА,
самастойнае адгалінаванне індаеўрапейскіх моў. Мова армян; дзярж. мова Арменіі. Пашырана таксама сярод армян Азербайджана, Грузіі, Сірыі, Ірана, Лівана, Турцыі, ЗША, некат. краін Зах. Еўропы, Амерыкі. У лексіцы і фанетыцы ёсць агульныя рысы з мовамі Каўказа. У ёй больш за 50 дыялектаў. Фанетыка багатая зычнымі — 30 фанем; 6 галосных. Самая развітая і багатая граматычная катэгорыя — дзеяслоў.
Гісторыя літ. мовы падзяляецца на 3 перыяды: стараж.-арм. мова вядома з часу стварэння армянскага пісьма (5 ст.), вусны яе варыянт выйшаў з ужытку ў 11 ст., пісьмова-літ. (грабар) існавала да канца 19 ст.; сярэдні перыяд — 12—16 ст.; з 17 ст. фарміруецца новая літ. армянская мова. Сучасная літ. мова мае 2 варыянты: усх. (дзярж. мова) і зах. мова (сродак зносін армян за мяжой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́СА,
штат Індыі, на ПнУ паўвострава Індастан, каля Бенгальскага заліва. Плошча 155,8 тысяч км². Насельніцтва 30,06 млн. чалавек. (1988), гарадскога больш за 8,0%. Адм. ц. — горад Бхубанешвар. Найбольшыя гарады Катака, Рауркела, Берхампур. Размешчаны ў далінах рэк Маханады, Брахмані, Байтарані. На рацэ Маханады з найбуйнейшай у свеце земляной дамбай вадасховішча Хіракуд (1957). Горная частка штата — плато Чхота-Нагпур, адгор’і Усходніх Гатаў.
Клімат субэкватарыяльны, мусонны (ападкаў 1500 мм за год). Галоўныя сельска-гаспадарчыя культуры: рыс, пшаніца, проса, кукуруза, джут, батат, цукровы трыснёг. Лесаводства. Рыбалоўства. Развіты горназдабыўная (храміты, графіт, марганцавыя руды, кварцыты, даламіты, жалезныя руды і іншыя), металургічная і металаапрацоўчая (чорныя металы, ферасплавы, алюміній), хімічная (мінеральныя ўгнаенні), папяровая, лесахімічная і тэкстыльная прамысловасць, вытворчасць шкла, цэменту. Рамёствы. Турызм у Залатым Трохвугольніку (Канарак, Пуры, Бхубанешвар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НА, таполя дрыжачая (Populus tremula),
лістападнае дрэва з роду таполя сям. вярбовых. Пашырана ў Еўропе і Азіі, трапляецца ў Паўн. Афрыцы. Утварае асінавыя лясы. На Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі.
Двухдомнае ветраапыляльнае дрэва выш. да 35 м. Ствол дыяметрам да 60—100 см. Крона невялікая, рыхлая. Лісце чаргаванае, простае, круглаватае або круглавата-рамбічнае. Кветкі дробныя, сабраны ў адвіслыя цыліндрычныя каташкі. Плод — зеленавата-бурая каробачка. Насенне з пушыстым чубком, прыстасаванае, каб разносіцца ветрам. Хуткарослая і вельмі прадукцыйная на драўніну піянерная расліна. Жыве да 100 і больш гадоў. Драўніна лёгкая, мяккая. Выкарыстоўваюць у запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці, буд-ве і тарнай вытв-сці, кару, лісце і пупышкі — у медыцыне. Асн. корм для ласёў, зуброў і аленяў. Утварае мікарызу з падасінавікамі.