МАЛЮ́ШЫЧЫ,

вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пд ад Карэліч, 209 км ад Гродна, 48 км ад чыг. станцыі Наваельня. 471 ж., 194 двары (1999).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як сяло ў Навагрудскім пав., належала Свірылю. З 1530 уласнасць кн. Ф.​Чартарыйскага, з 1532 — татарскага кн. Ахмета Улана, які заснаваў тут мястэчка. У 18 ст. ўладальнікамі М. былі Есьманты і Багдановічы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. М. — сяло і 3 фальваркі ў Навагрудскім пав. Мінскай губ. З 1921 у складзе Польшчы у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Валеўскага, з 25.11.1940 — Карэліцкага р-наў. У 1961—79 у Райцаўскім с/с. У 1972—415 ж., 112 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

В.​У.​Шаблюк, А.​К.​Брэган.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́САР,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. За 20 км на ПнЗ ад г. і чыг. станцыі Глыбокае, 220 км ад Віцебска. 489 ж., 224 двары (1999).

Ільнозавод, базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мосарскі касцёл Ганны (1792). За 1,5 км на ПнЗ ад вёскі курганны могільнік.

Вядома з 16 ст. як мястэчка. У 16—19 ст. М. валодалі Зяновічы, Валовічы, Далмат-Ісайкоўскія, Млечкі, Бжастоўскія. Апошнія пабудавалі ў 1775—90 у М. палац (не захаваўся), у 1792 — парафіяльны касцёл св. Ганны. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. З 1872 дзейнічала нар. вучылішча. З канца 19 ст. М. — уладанне Пілсудскіх. У 1885 у маёнтку М. 558 ж., у вёсцы М. 117 ж. З 1921 М. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Дунілавіцкага раёна, з 20.1.1960 — Глыбоцкага раёна, з 1960 ва Удзелаўскім с/с.

І.​У.​Бунто.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЦЭНСК,

горад, цэнтр раёна ў Арлоўскай вобл. Расіі. Размешчаны ў межах Сярэднярус. ўзвышша, на р. Зуша (прыток Акі). 50,9 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прам-сць: біяхім., харч.; з-ды каляровых металаў і сплаваў, камунальнага машынабудавання, алюмініевага ліцця; швейная, мэблевая і інш. ф-кі. Музей гісторыі горада. За 10 км ад М. знаходзіцца запаведнік-сядзіба І.С.Тургенева — Спаскае-Лутавінава.

У летапісах згадваецца ў 1146 як Мьченск ў Чарнігаўскім. княстве; пазней крэпасць і гандл.-рамесны цэнтр. У 1238 разбураны Батыем. У 1320—1504 у складзе ВКЛ. З пач. 16 ст. ў Маскоўскім вял. княстве. У 16—17 ст. у М. буйнейшая крэпасць на Пд Рус. дзяржавы, з 2-й пал. 17 ст. страціла ваен. значэнне. З 1708 горад у Маскоўскай, з 1727 у Белгародскай губ., з 1778 павятовы горад Арлоўскага намесніцтва (з 1802 Арлоўскай губ.). У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі ў 1941—43. Вызвалены ў ходзе Курскай бітвы 1943.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМО́РСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Pomorskie),

адм.-тэр. адзінка на Пн Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 22,7 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1999), гарадскога 74%. Адм. цэнтрг. Гданьск. Найб. гарады: Гдыня, Слупск, Сопат. Рэльеф нізінны на ўзбярэжжы Балтыйскага м. і ў межах дэльты р. Вісла (Віслянскія Жулавы), у цэнтр. ч. Кашубскае Паазер’е (выш. да 329 м., г. Вяжыца). Клімат умераны, пераходны да марскога. Сярэдняя т-ра студз. ад -1 °C да -3 °C, ліп. 16—17,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рака — Вісла (з прытокамі Вда і Вяжыца), Леба, Слупя. Найб. азёры Вдзыдзе і Радунскае. Глебы пераважна падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам каля 30% тэрыторыі (хвоя, елка, бук). Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: маш.-буд. (пераважае суднабудаванне і суднарамонт, радыётэхн., электронная), хім., нафтахім., фармацэўтычная, харч., дрэваапр., лёгкая. Пад с.-г. ўгоддзямі 54% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, бульбу, цукр. буракі, кармавыя травы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Рыбалоўства. Турызм (Сопат, Ястшэмбе-Гура, Уладыславова і інш.).

т. 12, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСО́ЛЬСКІ ПРЫКА́З,

адзін з цэнтр. дзярж. органаў Расіі ў 1549—1720, які ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва і бягучую працу па зносінах з замежнымі краінамі. Гал. функцыі: адпраўка пасольстваў Расіі за мяжу, прыём замежных пасольстваў, падрыхтоўка інструкцый рас. паслам, пагадненняў, вядзенне перагавораў, з пач. 18 ст. — прызначэнне і кантроль за дзейнасцю пастаянных рас. дыпламат. прадстаўніцтваў за мяжой. П.п. займаўся таксама выкупам рас. палонных, кіраваў шэрагам зямель на ПдУ і ў інш. рэгіёнах краіны, ведаў данскімі казакамі і служылымі татарамі-памешчыкамі цэнтр. паветаў. У 17 ст. ад П.п. залежалі прыказы Маларасійскі, Смаленскі і ВКЛ. У П.п. захоўваліся дзярж. пячаткі і архіў. Узначальваўся кіраўніком (звычайна дзякам) і калегіяй з 2—6 чал., падзяляўся на павыцці (аддзелы) паводле тэр.-дзярж. прыкмет. З узнікненнем у пач. 18 ст. Пасольскай канцылярыі П.п. паступова страчваў значэнне, у 1720 скасаваны і заменены Калегіяй замежных спраў.

Літ.:

«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989.

т. 12, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНДЖА́Б, Панджаб,

правінцыя на ПнУ Пакістана, у зах. і цэнтр. частцы прыроднай і гіст. вобласці Пенджаб. Пл. 182 тыс. км². Нас. каля 80 млн. чал. (2000). Адм. і гал. эканам. цэнтрг. Лахор. Найб. эканамічна развіты раён краіны. Аснова гаспадаркі — шматгаліновае арашальнае земляробства. На долю П. прыпадае 25% тэр. і больш за 55% насельніцтва краіны, ён дае каля 75% агульнанац. збораў пшаніцы, 40% рысу, 70% бавоўны і цукр. трыснягу, каля 50% прамысл. прадукцыі Пакістана. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 млн. га, з іх арашаецца больш за 8 млн. га. Асн. культуры: пшаніца, мясц. збожжавыя — грэм, баджра, джавар; рыс, кукуруза, бавоўнік, цукр. трыснёг, алейныя. Жывёлагадоўля (авечкі, козы) пераважна на Пн і ПнЗ. Здабыча бурага вугалю, сурмы, каменнай солі, нафты. Прам-сць: харч., тэкст. (баваўняная), металургічная, маш.-буд., хім., гумавая, цэментная. Саматужная вытв-сць метал. і ганчарных вырабаў, маст. разьба па дрэве, слановай косці і інш. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.

т. 12, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалт. фронту (ген. арміі І.​Х.​Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 4-я ўдарная, 6-я гв., 43-я, 3-я паветр. арміі, 1-ы танк. корпус. Ім процістаялі злучэнні 16-й арміі групы армій «Поўнач» і частка сіл 3-й танк. арміі групы армій «Цэнтр», што ператварылі Полацк у магутны вузел абароны. Мэта аперацыі — разгром полацкай групоўкі праціўніка, вызваленне Полацка. У ходзе аперацыі групоўка ворага была ліквідавана, вызвалены 29 чэрв. г.п. Ушачы і в. Ветрына, 1 ліп. г.п. Шаркаўшчына, 2 ліп. г. Докшыцы і в. Пліса, 3 ліп. г. Глыбокае, 4 ліп. Полацк і г. Дзісна; у вызваленні Глыбокага і Докшыц удзельнічалі партызаны. У выніку аперацыі войскі фронту ізалявалі адну ад адной групы армій «Поўнач» і «Цэнтр», забяспечылі наступленне з Пн гал. стратэг. групоўкі сав. войск на тэр. Беларусі. 31 злучэнню і часці нададзены ганаровыя найменні «Полацкіх».

т. 12, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВЕ́ЙШАЙ ГІСТО́РЫІ ў Маскве.

Створаны ў 1991 як Цэнтр захоўвання сучаснай дакументацыі на базе дакументаў бягучых архіваў структурных падраздзяленняў ЦК КПСС, з 1999 сучасная назва. 1 500 000 млн. адзінак захоўвання за 1952 — жн. 1991. Зберагае дакументы па гісторыі паліт. партый, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. Сярод іх матэрыялы з’ездаў КПСС, пленумаў ЦК КПСС, Палітбюро і Сакратарыята ЦК КПСС, усесаюзных канферэнцый і нарад пры ЦК КПСС, структурных падраздзяленняў апарата, інфарм.-паліт. цэнтра і рэгіянальных бюро ЦК КПСС, міжнар. нарад і перагавораў з камуніст. і рабочымі партыямі. Захоўвае дакументы вышэйшых і цэнтр. органаў Кампартыі РСФСР за 1990—91, рэдакцый перыяд. выданняў ЦК КПСС, матэрыялы, рассакрэчаныя для Канстытуцыйнага суда Рас. Федэрацыі па «справе КПСС» за 1922—91. Дакументы па гісторыі КПБ знаходзяцца ў фондах Палітбюро, Сакратарыята і апарата ЦК КПСС, у фондзе-калекцыі «па справе КПСС».

Літ.:

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 205—208.

Н.​Г.​Таміліна.

т. 13, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНЯ,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Лабжанка, на скрыжаванні аўтадарог на Клімавічы, Касцюковічы, Хоцімск. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы. За 17 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 141 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 733 ж., 261 двор (2001). Сярэдняя школа. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя. аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

У 1727 сяло ў Крычаўскім старостве ВКЛ, у 1747 дзярж. ўласнасць, 20 двароў. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 мястэчка ў Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ., 289 ж., 76 двароў, драўляная царква. У пач. 19 ст. прыватнае ўладанне, вінакурны з-д. У 1880—455 ж., 78 двароў, вадзяны млын, нар. вучылішча, мураваная царква, малітоўная школа; у 1897—834 ж., 122 двары, крупадзёрка. З 1924 вёска, цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай, у 1926—30 — Магілёўскай акруг, з 1938 — Магілёўскай вобл. У 1926 у Р 471 ж., 88 двароў. У 1967 да Р далучана в Пачаеўка.

У.​У.​Бянько.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАН (London),

горад, сталіца Вялікабрытаніі. Знаходзіцца на ПдУ Англіі, абапал берагоў р. Тэмза, за 70—60 км ад Паўночнага мора. З навакольнымі гарадамі ўтварае канурбацыю Вялікі Л. з 32 гарадскіх (метрапалітэнскіх) акруг і Сіці (цэнтр ч. горада). Пл. каля 2 тыс. км². 7,6 млн. ж., з прыгарадамі на адлегласці да 72 км ад цэнтра горада — больш за 12,5 млн. ж. (1997, больш за 20% насельніцтва краіны). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у эстуарыі Тэмзы (праходзіць каля 40% імпарту краіны і каля 25% экспарту). Міжнар. аэрапорты Хітраў і Гатуік (больш за 50 млн. пасажыраў штогод). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Найбуйнейшы прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны, гал. ў Вялікабрытаніі і 2-і ў свеце (пасля Нью-Йорка) гандл.-фін. цэнтр. У Л. найб. акцыянерныя кампаніі і банкі краіны, фондавая біржа, страхавое таварыства Лойда, сусв. рынак золата (каля 80% сусв. продажу золата). Прам-сць дае больш за 25% прамысл. прадукцыі краіны. Гал. галіны прам-сці: аўтамабіле- і самалётабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, агульнае і дакладнае машынабудаванне, электратэхн., электронная, хім. (у т. л. нафтахім.), харч., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, папяровая, паліграф., мэблевая. Важны цэнтр ваеннай прам-сці, каляровай металургіі, буд. прам-сці. Цэнтр турызму. Першы ў свеце метрапалітэн (з 1863).

Да стараж.-рым. заваявання Брытаніі (40—60-я г. н. э.) кельцкае паселішча; упершыню згадваецца стараж.-рым. гісторыкам Тацытам (1—2 ст. н. э.). У 1 ст. рым. ваен. лагер, пазней рачны і марскі порт. З сярэдзіны 4 ст. значны паліт. цэнтр рым. Брытаніі. У час англа-саксонскага заваявання разбураны, у пач. 7 ст. гал. горад Каралеўства ўсх. саксаў (Эсекс). У 9—10 ст. на горад нападалі датчане. З канца 11 — пач. 12 ст. афіц. сталіца Англіі (з 1707 — Вялікабрытаніі), з 1265 у ім знаходзіцца парламент. У канцы 12 ст. атрымаў права самакіравання. З 16 ст. найбуйнейшы эканам. цэнтр і порт Англіі, у т. л. заснаваны гандл кампаніі Маскоўская (1555), Левантыйская (1581), Ост-Індская (1600) і інш., Лонданская біржа (1571). Гараджане ўдзельнічалі ў барацьбе за Вялікую хартыю вольнасцей (1215), паўстаннях (1381, 1450), англійскіх рэвалюцыях 17 стагоддзя. Горад спустошаны эпідэміяй чумы 1665 і пажарам 1666. У 1830-я г. тут пачаўся чартысцкі рух (гл. Чартызм). У 1860—63 у Л. пабудаваны першы ў свеце метрапалітэн. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр рабочага і міжнар. сацыяліст. руху, у т. л. паліт. эміграцыі. У 2-ю сусв. вайну Л. бамбардзіравала ням. авіяцыя (гл. Бітва за Англію 1940—41), тут знаходзіліся эмігранцкія ўрады Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхаславакіі, штаб-кватэра «Змагарнай Францыі». Л. — месца шматлікіх дыпламат. сустрэч, нарад і міжнар. канферэнцый, падпісання міжнар. дагавораў (Лонданскі дагавор 1854, Лонданскі пратакол 1830, Лонданскія канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, Лонданскія перагаворы 1939 і інш.). Урадавыя ўстановы размешчаны на Даўнінг-стрыт.

Л. развіваўся стыхійна шляхам зліцця самаст. гарадоў і пасёлкаў (цяпер раёны Л.). Гіст. і паліт. цэнтр Л. — раён Вестмінстэр. На яго тэр. арыстакратычны раён Уэст-Энд з параднай ансамблевай забудовай у стылі класіцызму (асабнякі, атэлі, гандл. вуліцы, каледжы, музеі, паркі), у т. л. раёны Рыджэнт-стрыт, Оксфард-сёркус і інш. (усе 1812—30, арх. Дж.​Нэш), Адэльфі, Портлендплейс і інш. (1768—1800, арх. Р. і Дж.​Адамы, часткова перабудаваны). У раёне Сіці (дзелавы цэнтр Л.) цэрквы раманская Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123), рамана-гатычная храмоўнікаў Тэмпл (Сент-Мэры; 12—13 ст.), ратуша (Гілдхол; каля 1411—40, майстар Дж.​Крокстан, перабудавана ў 1788—89, арх. Дж.​Данс Малодшы), палац Хэмптан-корт (з 1515), комплекс Тэмпл (падвор’е юрыстаў; 16—17 ст.), будынкі банкаў, кантор, біржаў і інш. На У ад яго — новы жылы раён (1960—80-я г.) з культ. «Барбікан-цэнтрам». Да Сіці прылягаюць раёны Таўэр-Хамлетс з замкам-крэпасцю Таўэр і Іст-Энд з докамі і рабочымі кварталамі. Сярод інш. арх. помнікаў Л.: царква Сент-Мэры-ле-Боу (1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710, абодва арх. К.​Рэн), шпіталі ў Грынвічы (1616—1728, арх. І.​Джонс, Рэн, Дж.​Ванбру) і Чэлсі (1694, арх. Рэн), царква Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17, арх.

Дж.​Гібс), рэзідэнцыя лорд-мэра Меншанхаўс (1739—53, арх. Дж.​Данс Старэйшы), Сомерсет-хаўс (1776—86, арх. У.​Чэймберс), Нац. галерэя на Трафальгарскай пл. (1832—38, арх. У.​Уілкінс; усе класіцызм), будынак парламента ў Вестмінстэры (1840—52, арх. Ч.​Бэры, АП’юджын, 1862—68, арх. Э.​Бэры), Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.​Бэры, Х.​Джонс; абодва неаготыка), Савет Вял. Л. (1911—12, арх. Р.​Нот), Брытанік-хаўс (1924—27, арх. Э.​Лачэнс; абодва неакласіцызм). Сярод узораў сучаснай архітэктуры: будынак рэдакцыі газ. «Дэйлі экспрэс» (1932, арх. Х.​О.​Эліс, Кларк), канцэртная зала (Роял-фестывал-хол; 1949—51, арх. Р.​Мэцью, Л.​Марцін), аэравакзал (1956, арх. Ф.​Гіберт), будынак амер. пасольства (1960, амер. арх. Э.​Саарынен), Цэнтр мастацтваў (1967, арх. Х.​Бенет). Сярод паркаў Сент-Джэймс-парк, Гайд-парк, Рыджэнтс-парк. Па ініцыятыве Э.Хоўарда ў Л. створаны шэраг эксперым. гарадоў-садоў (Уэлін-Гардэн-Сіці, з 1920, арх. Л. дэ Суасон і інш.). Паводле плана Вял. Л. (1944, арх. П.​Аберкрамбі) пабудаваны гарады-спадарожнікі Л. (Стывенідж і Харлаў, з 1946, арх. Гіберт, і інш.). У зах. і паўн. раёнах Вял. Л. — стадыёны Уімблдан і Уэмблі. У Л. помнікі: «Манумент» у памяць аб пажары 1666 (1671—76, арх. Рэн), Калона Нельсана на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.​Рэйлган), «Кенатаф» у памяць аб 1-й сусв. вайне (1919—20, арх. Лачэнс) і інш. Вестмінстэрскія палац, абацтва, царква св. Маргарыты і Таўэр уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Сярод навуч. і навук.-асв. устаноў Л. — Лонданскі універсітэт, Каралеўская акадэмія музыкі, Акадэмія прыгожых мастацтваў, Лонданскае каралеўскае т-ва, Брыт. акадэмія і інш. У Л. больш за 30 музеяў, у т. л. Брытанскі музей, Нац. галерэя, галерэя Тэйт, Музей Вікторыі і Альберта, збор Уолес, ін-т Корталда (усе мастацкія); каля 80 т-раў, у т. л. «Ковент-Гардэн», Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр, «Роял Корт», «Друры-Лейн»; канцэртныя залы Роял-фестывал-хол, Куін-Элізабет-хол; муз. калектывы (Лонданскі сімф. аркестр, Лонданскі філарманічны аркестр, Каралеўскі балет, Аркестр Бі-Бі-Сі). У Л. Беларуская бібліятэка і Музей імя Францішка Скарыны.

Літ.:

Воронихина Л.Н. Лондон. Л., 1969;

Иконников А.В. Лондон. Л., 1972.

Лондан. На пярэднім плане — Таўэр.
Сомерсет-хаўс у Лондане. 1776—86. Арх. У.​Чэймберс.
Лондан. Трафальгарская плошча з калонай Нельсана.

т. 9, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)