філасофская плынь, якая асн. спосабам спасціжэння быцця лічыць непасрэднае інтуітыўнае пранікненне ў сутнасць розных прадметаў і з’яў. Для І. характэрна разуменне інтуіцыі як самай «каштоўнай» псіхічнай здольнасці ў параўнанні з дыскурсіўным, лагічным мысленнем. Асаблівае значэнне ідэі І. набылі ў розных містычных плынях, у якіх містычная інтуіцыя лічылася найвышэйшай формай спасціжэння звышрэальнасці ў яе сувязі з рэальнасцю асабістага «Я». На важную ролю інтуіцыі ў пазнанні рэчаіснасці звярнулі ўвагу ўжо ант. філосафы (Платон, Арыстоцель). Як асобны філас. кірунак 1. узнік на мяжы 19—20 ст., што было своеасаблівай рэакцыяй на пашырэнне рацыянальнага спосабу мыслення. Вылучаюць 2 разнавіднасці І. Для адной характэрна супрацьпастаўленне інтэлекту і інтуіцыі (А.Бергсон і інш. прадстаўнікі «філасофіі жыцця»), для другой — спроба арганічна спалучыць інтэлектуальнае і інтуітыўнае пазнанне (М.А.Лоскі, С.Франк, Э.Жыльсон, Ж.Марытэн, часткова Э.Гусерль, М.Шэлер, Н.Гартман). У цэлым І. імкнецца абгрунтаваць поўную аўтаномію інтуітыўнага пазнання ад прыродазнаўчага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМЫ, інтэрнацыянальная лексіка,
словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні, запазычаныя з якой-н. адной мовы і пашыраныя не менш чым у трох няроднасных мовах (напр., у бел., англ. і франц). У большасці сучасных моў складаюць грамадска-паліт., навук. і тэхн. тэрміны, запазычаныя з англ. («джаз», «імпарт»), франц. («балет», «наркоз»), італьян. («арыя», «бензін») моў. У бел. мове значная колькасць І. пашырылася ў 16—17 ст. у выніку запазычання непасрэдна або праз польск. пасрэдніцтва з грэч. («атам», «акадэмія», «дыялект», «фантазія») і лац. («аўтар», «доктар») моў. У сувязі з заняпадам старабел. літ.-пісьмовай мовы ў канцы 17 ст. многія старабел. І. былі забыты. Адноўлены ў бел. мове ў 20 ст. пад уплывам рус. мовы. І. выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях літ. мовы, найб. у навук.-тэхн. л-ры, літаратуразнаўчай, мовазнаўчай і інш. тэрміналогіі («алегорыя», «драма», «перфект», «сінтаксіс»).
Літ.:
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Акуленко В.В. Вопросы интернационализации словарного состава языка. Харьков, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць сістэматычных і масавых метадаў і прыёмаў апрацоўкі інфармацыі ва ўсіх відах дзейнасці чалавека з выкарыстаннем сродкаў сувязі, паліграфіі, выліч. тэхнікі і праграмнага забеспячэння; раздзел прыкладной інфарматыкі. У канкрэтна-прыкладным аспекце сучасная І.т. — высокаарганізаваны канвеер апрацоўкі інфармацыі.
І.т. — неад’емная і істотная частка цывілізацыі, яе развіццё ўзаемаабумоўлівала паралельнае развіццё вытв-сці, навукі, мастацтва і адукацыі. У аснову І.т. пакладзены розныя тэхн. вынаходствы (друкарскі станок, тэлеграф, фотаапарат, тэлефон, гука- і відэазапіс і інш.). З’яўленне ЭВМ, асабліва мікрапрацэсара, прывяло да істотных змен І.т.: ЭВМ стала гал. сродкам аўтаматызацыі фіз. і разумовай працы, з дапамогай беспапяровага спосабу справаводства, электроннай пошты, машыннай графікі, безнаборнага спосабу друку і інш. аб’яднала ўсе сродкі І.т., надала ім гібкасць і ўзаемадапаўняльнасць.
На Беларусі даследаванні па праблемах І.т. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі, БДУ, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. БПА і інш. Каардынацыю работ праводзіць Фонд інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Поппель Г.Л., Голдстайн Б. Информационная технология — миллионные прибыли: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛІК (Сяргей Піліпавіч) (25.10.1846, в. Свадкавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.4.1926),
бел. рэвалюцыянер-народнік. Вучыўся ў Пецярбургскім і Кіеўскім ун-тах. Падтрымліваў сувязі з М.А.Бакуніным, П.Л.Лаўровым, П.М.Ткачовым. Стварыў народніцкія гурткі ў Пецярбургу, Харкаве, Саратаве, Самары і інш., якія вялі агітацыю сярод сялян. У ліп. 1874 арыштаваны ў Самарскай губ. разам з М.К.Судзілоўскім, адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Па працэсе 193-х (1877—78) асуджаны на 10 гадоў катаргі. З 1880 у ссылцы ў Якуціі. З 1898 працаваў у Мінску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 нам. старшыні Мінскай гар. думы, старшыня Мінскага губ. зямельнага к-та. У 1920—22 у нар. камісарыяце сац. апекі БССР. З 1922 выкладчык Мінскага палітэхнікума. Старшыня Мінскага аддз.т-ва паліткатаржан і ссыльных пасяленцаў. Аўтар успамінаў «Рэвалюцыйны рух сямідзесятых гадоў і працэс 193-х» (надр. 1928), артыкулаў у час. «Былое» і «Каторга и ссылка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЭ́СА (Філарэт Міхайлавіч) (17.7.1871, с. Пясчавы Стрыйскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 3.3.1947),
украінскі музыказнавец-фалькларыст, этнограф, кампазітар, літаратуразнавец. Акад.АН Украіны (1929). Бацька М.Ф.Калэсы. Скончыў Львоўскі ун-т (1896). Музыказнаўчую адукацыю атрымаў у Вене ў А.Брукнера, Г.Адлера. З 1939 праф. і адначасова (з 1940) дырэктар этнагр. музея Львоўскага ун-та. Заснавальнік укр.муз. этнаграфіі. Вывучаў суадносіны лакальнага і агульнанац. стылю ў фальклоры, гісторыю ўкр. дум, слав.фалькл.сувязі. У 1932 з К.Машынскім запісваў бел. фальклор на Палессі (матэрыялы апубл. ў арт. «Народная музыка на Палессі», 1939, дзе К. падкрэсліваў цесную сувязь укр. і бел. фальклору). Аўтар працы «Рытміка ўкраінскіх народных песень» (1907), хар. твораў, апрацовак нар. песень, літаратуразнаўчых прац на творчасці М.Лысенкі, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, Л.Украінкі інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯРО́ВАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,
найбольш энергаёмістая галіна цяжкай прам-сці, якая ажыццяўляе здабычу і абагачэнне руд, вытв-сць і апрацоўку каляровых, высакародных і рэдкіх металаў, у т. л. сплаваў, перапрацоўку другаснай сыравіны, а таксама здабычу алмазаў. Спадарожная прадукцыя галіны — хім. злучэнні, мінер. ўгнаенні, буд. матэрыялы і інш. У залежнасці ад віду прадукцыі, якую вырабляюць, у складзе галіны вылучаюцца медная, свінцова-цынкавая, нікель-кобальтавая, алюмініевая, тытана-магніевая, вальфрама-малібдэнавая, высакародных металаў, цвёрдых сплаваў, рэдкіх металаў прам-сць. Роля К.м. ў сучаснай эканоміцы хутка расце ў сувязі з развіццём новых галін прам-сці: атамнай, ракетнай, касмічнай, электроннай, прыладабудавання і інш.Найб. развіта К.м. ў ЗША, Расіі, Казахстане, Японіі, Кітаі, Канадзе, Германіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Бразіліі і інш.
На Беларусі з канца 19 ст. існавалі невял. медзеплавільныя прадпрыемствы саматужнага тыпу, якія выкарыстоўвалі металалом. Цяпер у Мінску існуе завод другаснай перапрацоўкі каляровых металаў, ёсць невял. ліцейная вытв-сць у Гомелі і Мазыры.
Літ.:
Хрущев А.Т. География промышленности СССР. 3 изд. М., 1986.
незалежнае грамадскае аб’яднанне маладзёжных і дзіцячых арганізацый у 1958—95. Створаны ў кастр. 1958 як КМА БССР. Заклаў падмурак міжнар. супрацоўніцтва бел. моладзі, наладзіў сувязі з маладзёжнымі арг-цыямі Польшчы, Венгрыі, Югаславіі, В’етнама, ФРГ, Бельгіі, ЗША і інш. КМА БССР быў адзінай арг-цыяй, якая ва ўмовах сав. сістэмы давала бел. моладзі магчымасць выязджаць за мяжу. Асн. мэты: развіццё навук., тэхн. і маст. творчасці моладзі; абарона паліт., сац.-эканам., асабістых правоў, свабод і законных інтарэсаў маладзёжных арг-цый Беларусі; стварэнне і развіццё новых маладзёжных рухаў і арг-цый, прадстаўленне іх інтарэсаў на міжнар. арэне; развіццё рэгіянальнага міжнар. супрацоўніцтва і інш. У кастр. 1991 зарэгістраваны як КМА Беларусі. У сак. 1995 перарэгістраваны як Бел.нац.к-т маладзёжных арг-цый (БНКМА). Вышэйшы орган — сход прадстаўнікоў арганізацый-членаў, выканаўчы — прэзідыум БНКМА. У складзе БНКМА 28 арганізацый-членаў і 6 арганізацый-наглядальнікаў (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т РУ́СКІХ АФІЦЭ́РАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,
падпольная рэв.арг-цыя ў часцях рас. арміі на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны ў 1861—63. Узнік восенню 1861 як федэрацыя афіцэрскіх гурткоў колькасцю ў некалькі соцень чал. (палякі, рускія, беларусы і інш.). Кіраўнікі: А.Л.Патабня, Я.Дамброўскі, З.Падлеўскі і інш.К-т ідэйна прымыкаў да «чырвоных», выступаў за ліквідацыю прыгонніцкіх парадкаў. Быў звязаны з рас.рэв. цэнтрам у Лондане (А.І.Герцэн, М.А.Бакунін, М.П.Агароў), ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу (у яе склад к-т увайшоў у канцы 1862 як аўт.арг-цыя), Цэнтр.нац. к-там у Варшаве, Літоўскім правінцыяльным камітэтам у Вільні. У 1861—62 вёў прапагандысцкую работу ў войсках, выпусціў больш за 16 пракламацый. 27.6.1862 Патабня здзейсніў замах на рас. намесніка ў Польшчы ген. А.М.Лідэрса. Да сярэдзіны 1863 дзейнасць к-та спынілася ў сувязі з рэпрэсіямі і змяненнем паліт. сітуацыі, многія яго члены ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́ТЫ ПА СПРА́ВАХ ЦА́РСТВА ПО́ЛЬСКАГА,
вышэйшыя дарадчыя органы пры рас. імператарах для выпрацоўкі дзярж. палітыкі ў дачыненні да Каралеўства Польскага (Царства Польскага) у 19 ст. 1) Засн. 29.8.1831 пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Быў таксама апошняй судовай інстанцыяй па справах аб удзельніках паўстання, у т. л. асуджаных Вярх.крымін. судом у Варшаве. З 1834 дзейнічаў нерэгулярна, скасаваны 21.11.1841. Старшыні: В.П.Качубей (1831—34), М.М.Навасільцаў (1834—38), І.В.Васільчыкаў (1838—41).
2) Засн. 8.3.1864 у сувязі з паўстаннем 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве; да 13.12.1866 дзейнічаў тайна. Рыхтаваў законапраекты, якія зацвярджаліся імператарам ці паступалі на абмеркаванне Дзярж. савета, па ўказанні імператара абмяркоўваў пытанні, якія датычыліся Царства Польскага. Скасаваны 10.6.1881. Старшыні: імператар Аляксандр II (1864—72), вял. князь Канстанцін Мікалаевіч (1872—81); фактычна гэтыя абавязкі выконвалі старшыні Кабінета міністраў П.П.Гагарын (1864—71), П.М.Ігнацьеў (1872—79), П.А.Валуеў (1879—81).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У Афрыцы на Пд ад 20°паўд. ш., уваходзіць у царства Палеагею (гл.Царствы біягеаграфічныя). Лічыцца таксама, што К.б.в. — падвобласць Эфіопскай біягеагр. вобл.
Займае пустынныя і паўпустынныя раёны з разнастайнымі ландшафтамі. Вызначаецца вял. фларыстычнай своеасаблівасцю. Сустракаецца каля 7000 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш палавіны эндэмікі (прадстаўнікі 7 сям.: амарылісавыя, касачовыя, пратэйныя і інш.). Найб. характэрныя сям. раслін — бабовыя, верасовыя, касачовыя, пратэйныя, складанакветныя і інш. Флора мае генет.сувязі з трапічнай Афрыкай, Міжземнамор’ем і шэрагам абласцей Паўд. паўшар’я, асабліва з Аўстралійскай біягеаграфічнай вобласцю. Фауна адносна бедная. Некат. групы беспазваночных (напр., перыпаты) з’яўляюцца рэліктамі. З насякомых эндэмічныя жук-алень, некат. саранчовыя. Сярод птушак эндэмічныя 15 родаў з 297. Сярод 83 родаў млекакормячых 8 эндэмічных (віверы, некат. грызуны, даўгапяты, златакраты, трубказубы). Характэрныя жывёлы — антылопа скакун, бурая гіена, віверы, даўганогі, квага.
Да арт.Капская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — даўгапят; 2 — сурыката; 3 — даўганог; 4 — скакунчык; 5 — даман; 6 — трубказуб.