МУ́СІН-ПУ́ШКІН Аляксей Іванавіч (27.3.1744, С.-Пецярбург — 13.2.1817),
расійскі дзярж. дзеяч, археограф і гісторык. Граф. Чл.Рас. акадэміі (1789). Служыў у арміі, потым на прыдворнай і грамадзянскай службе. У 1791—97 обер-пракурор Сінода, у 1794—99 прэзідэнт Акадэміі мастацтваў. З 1775 збіраў пісьмовыя і рэчавыя помнікі рас. гісторыі. Засн. гурток гісторыкаў, які адкрыў Лаўрэнцьеўскі летапіс, выдаў шэраг помнікаў стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л.«Рускую праўду» (1792), «Кнігу Вялікаму Чарцяжу» (1792), «Духоўную вялікага кн. Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха...» (1793, гл.«Павучанне Уладзіміра Манамаха»); сам адкрыў і выдаў «Слова пра паход Ігаравы» пад назвай «Гераічная песня пра паход на полаўцаў удзельнага князя Ноўгарада-Северскага Ігара Святаславіча» (1800). Зборам М.-П. (частка яго, у т. л. адзіны спіс «Слова аб палку Ігаравым», згарэла ў Маскве ў вайну 1812) карысталіся многія рас. гісторыкі, у т. л. М.М.Карамзін.
Літ.:
Козлов В.П. Кружок А.И.Мусина-Пушкина и «Слово о полку Игореве»: Новые страницы истории древнерус. поэмы в XVIII в. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІ́МАЎ Уладзімір Іванавіч (22.12. 1802—26.2.1874),
дзяржаўны дзеяч Рас. імперыі, ген. ад інфантэрыі (1859). З 1818 на вайск. службе. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1828—29. У 1833—34 у лейб.-гвардыі Літоўскім палку. З 1838 флігель-ад’ютант Мікалая I, у 1841 ген.-маёр світы. З ліст. 1842 нач. штаба пях. корпуса. З 1849 ген.-ад’ютант, папячыцель Маскоўскай навуч. акругі. З 10.12.1855 віленскі ваен. губернатар і кіраўнік грамадз. часткі, гродзенскі, ковенскі і мінскі ген.-губернатар. Па яго ініцыятыве памешчыкі Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. накіравалі прашэнне Аляксандру II аб вызваленні іх сялян ад прыгоннай залежнасці. 20.11.1857 імператар даслаў на імя Н. найвышэйшы рэскрыпт, у якім дазволіў стварыць у гэтых губернях дваранскія к-ты для падрыхтоўкі праекта адмены прыгоннага права (гл.Рэскрыпт Аляксандра II 1857). У 1861 Н. прызначаны членам Дзярж. савета з захаваннем ранейшых пасад, у 1862 — камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. У час паўстання 1863—64 за нерашучасць у дзеяннях супраць паўстанцаў 13.5.1863 заменены М.М.Мураўёвым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЫРЫ́ Каюм (сапр.Насыраў Габдэлкаюм Габдэлнасыравіч; 14.2.1825, в. Верхнія Шырданы Зеленадольскага р-на, Татарстан — 2.9.1902),
татарскі вучоны-асветнік, пісьменнік. Вучыўся ў медрэсэ ў Казані (1841—55). З 1855 вольны слухач Казанскага ун-та. Заснавальнік першай руска-тат. школы ў Казані. Складальнік граматыкі тат. мовы, слоўнікаў, у т. л. «Татарска-рускага слоўніка» (1875), правілаў правапісу, першых кніг для чытання на рус. мове «Рускае чытанне» (1889), падручнікаў па рус. граматыцы (1891), па матэматыцы, геаграфіі, л-ры, гісторыі, прыродазнаўстве, земляробстве, «Штогадовага настольнага календара» (1871—97). Выдаў працы па тат. фальклоры і этнаграфіі: «Павер’і і абрады казанскіх татар...» (1880), «Узоры народнай літаратуры казацскіх татар» (1896), «Казкі казанскіх татар у супастаўленні з казкамі іншых народаў» (1900, з П.Л.Паляковым). Аўтар «Аповесці аб сарака везірах» (1868), аповесцей «Авіцэна» (1872), «Кабуснама» (1881), павучальна-дыдактычнай «Кнігі для субяседнікаў па літаратуры» (1884), навук.-папулярных твораў для дзяцей «Вольнай часінай» (1860). Яго навелы садзейнічалі развіццю нац.маст. прозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТАРП (Natorp) Паўль (24.1.1854, Дзюсельдорф, Германія — 17.8.1924),
нямецкі філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў марбургскай школы неакантыянства. Вучань Г.Когена. Праф. філасофіі Марбургскага ун-та (1885). Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае трактоўка кантаўскага паняцця «рэчы ў сабе», якое ён лічыў «гранічным паняццем» і пабуджальным пачаткам навук. пазнання. Н. затушоўвае прынцыповую кантаўскую розніцу паміж апрыёрнымі формамі пачуццёвасці і катэгорыямі розуму і пераносіць яе ў разрад чыста лагічных праблем. Класічным прыкладам навукі, на яго думку, выступае матэм. аналіз, дзе канструкцыі чыстага мыслення выцясняюць усе спец. аб’екты. Н. даследаваў ант. філасофію, асабліва вучэнне Платона, якое разглядаў з неакантыянскіх пазіцый. Сац.-філас. погляды Н. спалучаюць у сабе характэрныя для марбургскай школы ідэі «этычнага сацыялізму» з лібералізмам. Галоўным у сац. педагогіцы Н. было палажэнне пра неабходнасць адукацыі індывіда ў якасці перадумовы яго ўдзелу ў агульначалавечым руху за пабудову ідэальнага грамадства. Аўтар прац: «Сацыяльная педагогіка» (1899), «Вучэнне аб ідэях Платона» (1903), «Філасофія як праблема і яе праблемы» (1911) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ШЛЯХ»,
грамадска-палітычны і літ. часопіс, орган Беларускага студэнцкага саюза. Выдаваўся ў 1922—23 у Вільні на бел. мове. З-за фінансавых цяжкасцей выходзіў нерэгулярна. Адказныя рэдактары Б.Туронак, Л.Мазалеўскі. Гал. мэта выдання — больш глыбокае пазнанне Беларусі, адраджэнне нац. свядомасці, змаганне за дзярж. незалежнасць. Апубл. артыкулы А.Луцкевіча «Вялікае свята», «Студэнцкая моладзь у беларускім руху», канспект яго лекцыі «Развіццё палітычнай думкі ў Беларусі». Ідэйныя пошукі моладзі адлюстраваны ў арт. «Шляхі беларускай студэнцкай моладзі» М.Крывічонка (Туронка), «Наш шлях», «Аб нашым месіянізме» С.Радзіміча і інш. Актуальнасцю, творчым пошукам вылучаліся артыкулы і нарысы Ф.Маркотнага (Ф.Пяткевіча), М.М. (М.Марцінчыка). Інфармаваў пра культ.-асв. працу студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та, друкаваў хроніку з жыцця бел. студэнтаў у Маскве, Мінску, Празе, паведамляў пра лёс бел. асветы ў Латвіі. Змяшчаў вершы Н.Арсенневай, З.Верас, І.Дварчаніна, Г.Леўчыка, апавяданні Л.Леўскага, А.Пакуцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНЫ ПРАФСАЮ́З БЕЛАРУ́СІ, Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў,
хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і інш.. работнікаў. Створаны 6.11.1991 на базе арг-цыі «Рабочы саюз» і стачкома г. Салігорска. Аб’ядноўвае больш за 10 тыс.чл. Складаецца з пярвічных і рэгіянальных арг-цый, кіруючы орган — Савет прадстаўнікоў. Арг-цыі Н.п.Б. існуюць у Салігорску, Мінску, Наваполацку, Гродне, Мазыры, Слуцку і інш.Асн. мэты прафсаюза: павышэнне жыццёвага ўзроўню і сац. абароненасці чл. прафсаюза, абарона іх працоўных, сац.-эканам., грамадз., маёмасных і інш. правоў і законных інтарэсаў. Асн. задачы — прадстаўляць і адстойваць інтарэсы чл. прафсаюза ў органах дзярж. улады і кіравання, заключаць пагадненні і калект. дагаворы, ажыццяўляць нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, дабівацца прывядзення законаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з міжнар. нормамі права і інш. Выдае штотыднёвую газ. «Салідарнасць» (1991). З’яўляецца чл.Міжнар. федэрацыі прафсаюзаў работнікаў хім., горназдабыўной прам-сці, энергетыкі і рознарабочых (ІСЕМ), заснавальнікам Бел. кангрэса дэмакр. прафсаюзаў (БКДП).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІ ЗЕ́МСКІ СУД, земскі суд,
калегіяльны выбарны адм.-паліцэйскі орган на тэр. павета ў Рас. імперыі ў 1775—1863. Створаны на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Расійскай імперыі» 1775. Павінен быў забяспечваць у павеце «добрапрыстойнасць, добрыя паводзіны і парадак», выкананне законаў, пастаноў губернатара і губ. устаноў, сачыць за гандлем і станам цэн, займацца вышукам збеглых сялян, сачыць за станам дарог і мастоў і інш. Праводзіў папярэдняе расследаванне па пэўнай катэгорыі крымін. спраў і выконваў рашэнні, вынесеныя суд. органамі. На Беларусі такія суды ўводзіліся ў 1775—96. Напачатку ў іх уваходзілі земскі спраўнік і 2—4 засядацелі ад дваранства, якіх выбіралі на дваранскіх выбарах на 3 гады і зацвярджаў губернатар. З 1832 земскіх спраўнікаў выбіралі на 6 гадоў. Прадугледжвалася і выбранне 2 засядацеляў ад сялян (фактычна іх выбіралі толькі ў Віцебскай і Магілёўскай губ.). Скасаваны ў 1863 на падставе «Часовых правіл аб арганізацыі паліцыі ў гарадах і паветах губерняў» (1862) і заменены павятовымі паліцэйскімі ўпраўленнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІНСКІ РОЎ,
геалагічнае агаленне ў яры на левым беразе р. Дняпро, за 1 км на Пн ад г. Шклоў Магілёўскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991). Лінза арганагенных і гумусаваных адкладаў шклоўскага міжледавікоўя падсцілаецца марэнай і лімнагляцыяльнымі адкладамі дняпроўскага зледзянення і перакрываецца лімнагляцыяльнымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі ўтварэннямі сожскага зледзянення. Даўж. яра каля 700 м, глыб. ў вусці 30 м. Магутнасць міжледавіковых адкладаў (торф, гіція, суглінак і супесак) да 13 м, даўж. каля 100 м. Міжледавіковыя адклады багатыя выкапнёвымі рэшткамі — пылок і споры 220 відаў раслін, плады і насенне 195 відаў і форм раслін, астракоды 16 відаў, насякомыя 109 відаў. У азёрна-балотнай тоўшчы міжледавіковых адкладаў адлюстраваны працяглы геал. летапіс канца дняпроўскага зледзянення, усяго шклоўскага міжледавікоўя і пачатку сожскага зледзянення. Знаходка каля вусця яра за 60 м ад міжледавіковай лінзы гляцыякупала сведчыць аб парушэннях парод карэннага берага р. Дняпро ў час актыўнай дзейнасці дняпроўскага ледавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́СЬБІТ ІНФАРМА́ЦЫІ,
матэрыяльны сродак для запісу, назапашвання, захоўвання і ўзнаўлення інфармацыі, а таксама абмену ёю паміж людзьмі або машынамі. Інфармацыя запісваецца шляхам змен фіз., хім. ці мех. уласцівасцей запамінальнага асяроддзя. Выкарыстоўваецца ў сістэмах гука- і відэазапісу, аўтам. апрацоўкі інфармацыі, інфармацыйна-пошукавых сістэмах і інш.
Асн. паказчыкі: габарытныя памеры, шчыльнасць запісу, часавыя характарыстыкі (працягласць запісу, счытвання і пошуку інфармацыі) і інш. Бываюць з неперарыўным (магн. стужкі, аптычныя і магн. дыскі і інш.) і дыскрэтным (ферытавыя стрыжні і кольцы, перфакарты і інш.) асяроддзем запісу, адна- (аднаразовы запіс інфармацыі і мнагакратнае счытванне) і шматразовыя (мнагакратныя запіс і сціранне інфармацыі на адных і тых жа ўчастках асяроддзя). Адрозніваюць таксама чалавекаарыентаваныя (напр., папяровыя носьбіты рукапіснай, друкаванай і выяўл. інфармацыі) і машынаарыентаваныя Н.і., якія дазваляюць непасрэдна ўводзіць інфармацыю ў ЭВМ, выліч. сістэмы і інш. Праблемай беспапяровай інфарматыкі з’яўляецца наданне юрыд. сілы машынным Н.і.
На Беларусі прававыя асновы (у т. л. аўтарскія правы) выкарыстання электронных дакументаў на машынных Н.і. рэгламентуюцца законам «Аб электронным дакуменце» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЎГАРАД-СЕ́ВЕРСКІ,
горад на Украіне ў Чарнігаўскай вобл. Прыстань на р. Дзясна. 15,6 тыс.ж. (1991). Чыг. станцыя. Пенькаапр., буд. матэрыялаў, асфальтавы, сыраробны з-ды, ткацкая ф-ка. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці.
Узнік у 1044 як стараж. паселішча севяран. У 1068 і 1080 разбураны полаўцамі. З 1096 сталіца Северскага княства. Паход ноўгарад-северскага князя Ігара Святаславіча на полаўцаў (1185) апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». Пасля разбурэння мангола-татарамі (1239) страціў б. значэнне. У 13—1-й пал. 14 ст. ў складзе Бранскага княства. У 2-й пал. 14—15 ст. ўваходзіў у ВКЛ. З 1503 належаў Рас. дзяржаве. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Рэчы Паспалітай. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 замацаваны за Расіяй. З 1782 цэнтр Ноўгарад-Северскага намесніцтва, з 1797 пав. горад Маларасійскай, з 1802 — Чарнігаўскай губ. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (крас.—снеж. 1918). У Вял.Айч. вайну моцна пацярпеў у час ням.-фаш. акупацыі (1941—43).