ЛАБКО́ВІЧЫ,
вёска ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Сож, каля аўтадарогі Крычаў—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета. За 18 км на Пн ад горада і 13 км ад чыг. ст. Крычаў, 122 км ад Магілёва. 776 ж., 293 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі Лабковіцкае радовішча фасфарытаў.
т. 9, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГЕРГА́НСА АСТРАЎКІ́,
групы клетак падстраўнікавай залозы пазваночных, якія ўтвараюць яе эндакрынную частку. Названы імем ням. вучонага П.Лангерганса, які апісаў іх (1869). У кругларотых астраўковая тканка знаходзіцца ў сценках страўніка. Л.а. развіваюцца з трубчастых нарасцей пярэдняй кішкі і ў залежнасці ад віду жывёлы складаюцца з клетак некалькіх тыпаў: ȥ-, β-, δ-клетак. У ȥ-клетках утвараецца гармон глюкагон, у β-клетках — інсулін, у δ-клетках сінтэзуецца сакрацін і інш. гармоны.
т. 9, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЭ́НЦЬЕЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 21.7.1932, Масква),
расійскі матэматык. Акад. Рас. АН (1981; чл.-кар. з 1968). Сын М.А.Лаўрэнцьева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1954). З 1957 у Сіб. аддз. Рас. АН (з 1986 дырэктар Ін-та матэматыкі). Навук. працы па ўмоўна-карэктных задачах матэм. фізікі і шматмерных адваротных задачах для дыферэнцыяльных ураўненняў, якія ўзнікаюць пры вывучэнні будовы Зямлі па назіраннях геафіз. палёў. Ленінская прэмія 1962, Дзярж. прэмія СССР 1987.
т. 9, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТНІЯ ПЕ́СНІ,
адзін з цыклаў каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы пераважна славянам і балцкім народам. На Беларусі — узор традыц. сялянскай нар.-песеннай класікі. Уключаюць маляўнічыя паводле зместу купальскія песні і пятроўскія песні, у якіх паэтызуецца хараство прыроды ў пару яе найбольшага росквіту. Асобную групу ўтвараюць касецкія песні. Уласна летнімі лічацца жніўныя песні (разам з зажынкавымі і дажынкавымі), якія перадаюць атмасферу самай гарачай пары года ў жыцці сялянскай сям’і — жніва, цяжкай працы жняі.
т. 9, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́СКІ,
вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Ведрыч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПдЗ ад г. Рэчыца, 80 км ад Гомеля, 1 км ад чыг. ст. Ліскі. 687 ж., 290 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі гарадзішча мілаградскай культуры, курганны могільнік дрыгавічоў, селішча бронзавага і жал. вякоў.
т. 9, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ШЧА,
вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Вісліца, на аўтадарозе Лагішын—Ганцавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на Пн ад горада і чыг. ст. Пінск, 215 км ад Брэста. 520 ж., 248 двароў (1999). Станцыя тэхн. абслугоўвання аўтамабіляў акц. т-ва «Прыпяць—Лада». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Свята-Аляксандра Неўскага царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 9, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНЬ,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Мядзел. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад горада і чыг. ст. Вілейка, 108 км ад Мінска. 1148 ж., 444 двары (1999). Спірт- і вінзаводы, цэх мінер. вады, кансервавы цэх, малое прадпрыемства «Любань». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 9, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛЁЎСКІ СТАДЫЯ́Л,
адзін з буйнейшых этапаў развіцця сожскага зледзянення, які наступіў пасля горацкага інтэрстадыялу. На тэр. Беларусі М.с. разглядаецца як другі пасля макс. слаўгарадскага стадыялу насоў мацерыковага лёду з Пн Швецыі і Батнічнага зал. Ільды праніклі на тэр. Беларусі трыма ледавіковымі патокамі: нёманскім, мінскім і дняпроўскім, якія вызначаліся вял. актыўнасцю. Пры адступанні ледавіка сфарміраваліся Цэнтральнабярэзінская, Слуцкая, Прыбугская і інш. водналедавіковыя раўніны і канчаткова аформіўся рэльеф Паўд.-зах. адгалінавання Беларускай грады.
т. 9, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗО́ЛІСТАЕ ЦЕ́ЛА сукупнасць нервовых валокнаў, участак белага рэчыва галаўнога мозга плацэнтарных млекакормячых і чалавека. Размешчана ў глыбіні падоўжнай шчыліны паміж паўшар’ямі галаўнога мозга. Даўж. 7—9 см. Уяўляе сабой сукупнасць папярочна размешчаных камісуральных нерв. валокнаў (колькасцю 200—350 млн.), якія злучаюць сіметрычныя, рознаіменныя звіліны ці зоны новай кары абодвух паўшар’яў. Ажыццяўляе абмен нерв. імпульсацыяй паміж паўшар’ямі, што забяспечвае іх каардынаваную дзейнасць; з’яўляецца важнай сістэмай перапрацоўкі інфармацыі пры абучэнні.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРА́НЫ,
вёска ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Брэст—Ковель (Украіна). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на У ад горада і чыг. ст. Маларыта, 41 км ад Брэста. 777 ж., 288 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. За 2 км на ПдУ ад вёскі Курган Славы.
т. 9, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)