машына для здрабнення і змешвання матэрыялаў расцісканнем і сціраннем. Складаецца з чыгуннай чашы, па дне якой перакочваюцца масіўныя чыгунныя каткі, што верцяцца вакол уласнай (гарызантальнай) восі і разам з крыжавінай, на якой яны ўмацаваны, — вакол яе вертыкальнай восі. Выкарыстоўваюцца ў гарнаруднай прам-сці, металургіі, прам-сці будматэрыялаў і інш. Пры выкарыстанні бегуноў для амальгамацыі залатых рудаў дно чашы заліваюць тонкім слоем ртуці, у якой раствараюцца атрыманыя з руды часцінкі золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛ,
адзінка лагарыфмічнай велічыні, што служыць для вымярэння рознасці ўзроўняў аднайменных энергет. (магутнасць, энергія і інш.) ці сілавых (напружанасць поля, ціск і інш.) фіз. велічыняў. Абазначаецца Б. 1 Б = lg(P2/P1) пры P2 = 10P1 або 1 Б = 2lg(F2/F1) пры , дзе P1 і P2(F1 і F2) — аднайменныя энергетычныя (сілавыя) велічыні. Часцей выкарыстоўваецца долевая адзінка — дэцыбел; 1 дБ = 0,1 Б. Названа ў гонар А.Г.Бела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФІЛЬТРА́ТАРЫ,
водныя жывёлы, якія кормяцца дробнымі арганізмамі планктону або завіслымі арган. часцінкамі (дэтрытам), што адцэджваюцца (фільтруюцца) з вады. Падзяляюцца на актыўных і пасіўных. У актыўных фільтрацыя адбываецца праз спец. прыстасаванні: рашэцісты фільтр у апендыкулярый, шчэлепы ў двухстворкавых малюскаў, лафафоры ў плечаногіх і імшанак, пласціны вусоў кітоў і інш. У пасіўных для фільтрацыі «расстаўляюцца» своеасаблівыя лоўчыя сеткі. Біяфільтратары ўдзельнічаюць у працэсах біялагічнага самаачышчэння забруджаных водаў і ў біял. ачыстцы вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАКТЭА́Т (ад лац. bractea тонкая бляха),
сярэбраная манета, якую ў 12—14 ст. чаканілі на тонкім манетным кружку толькі з аднаго боку (верхнім штэмпелем) так, што малюнак на ёй атрымліваўся на аверсе выпуклы, на рэверсе ўвагнуты. З’явіўся ў краінах Зах. Еўропы ў выніку змяншэння масы дэнарыя ў канцы 11 ст. Сярэдневяковаму брактэату папярэднічалі залатыя брактэат ў ант. Грэцыі (4—2 ст. да н.э.), брактэаты — упрыгожанні герм. плямёнаў (5—6 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛГЕБРЫ АСНО́ЎНАЯ ТЭАРЭ́МА,
класічная тэарэма існавання, якая сцвярджае, што кожны мнагасклад з камплекснымі каэфіцыентамі мае камплексны корань. Упершыню выказаў ням. матэматык П.Ротэ (1608), першым дакладна даказаў К.Гаўс (1799). Усе доказы абапіраюцца на тапалагічныя ўласцівасці мностваў камплексных і рэчаісных лікаў. З алгебры асноўнай тэарэмы вынікае: колькасць каранёў мнагаскладу супадае са ступенню мнагаскладу; кожны паліном з рэчаіснымі каэфіцыентамі раскладаецца ў здабытак лінейных і квадратычных множнікаў з рэчаіснымі каэфіцыентамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́НА, Алена Прыгожая,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка Зеўса і Леды, жонка цара Спарты Менелая, якая лічылася надзвычайнай прыгажуняй. Паводле міфаў, сын траянскага цара Прыяма Парыс з дапамогай Афрадыты выкраў Алену, што стала зачэпкай Траянскай вайны. Міф пра Алену — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны Я.Тынтарэта, Ж.Л.Давіда), л-ры (Гамер, Эўрыпід, І.В.Гётэ), музыцы (К.В.Глюк, К.Сен-Санс, Р.Штраус) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРНАТЫ́ЎНАЯ СЛУ́ЖБА,
асобны від працоўнай дзейнасці, якім замяняецца тэрміновая ваенная служба. Альтэрнатыўная служба датычыцца грамадзян, што прыгодныя да ваен. службы ва ўзбр. сілах, але па сваіх рэліг., пацыфісцкіх перакананнях або інш. прычынах не могуць прымяняць зброю і баявую тэхніку і адмаўляюцца ад ваен. службы. Грамадзяне, якія знаходзяцца на альтэрнатыўнай службе, працуюць санітарамі, даглядаюць састарэлых і інш. Альтэрнатыўная служба існуе ў многіх краінах (напр., Бельгіі, Галандыі, Германіі, Францыі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІРАБА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў эпохі позняй бронзы (9—8 ст. да н.э.), што жылі на тэр.Стараж. Харэзма (нізоўе р. Амудар’я). Назва ад стаянак у раёне канала Амірабад (Каракалпакія). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыло на паселішчах з 15—20 прамавугольных паўзямлянак. Для іх керамікі характэрна плоскае дно і акруглая форма тулава. На паселішчы Яке-Парсан-2 знойдзены бронзавыя наканечнікі стрэл, сярпы і формы для іх адліўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІРА́Л (Vanessa atalanta),
насякомае атр. матылёў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на палянах, лугах, берагах ручаёў, уключаны ў Чырвоную кнігу.
Размах крылаў да 6 см. Пярэднія крылы зверху чорныя з белымі плямкамі і чырвонай косай палоскай (адсюль назва), заднія — чорныя, з чырвонай палоскай на краі. Лёт у ліп.—вер., тых, што перазімавалі, — у маі. Вусені развіваюцца ў чэрв.—жн. на лісці крапівы і чартапалоху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДРАС (франц. adresse) у вылічальнай тэхніцы, лічбавае або лічбава-літарнае абазначэнне (код) месца захоўвання інфармацыі ў ЭВМ. Напр., нумар ячэйкі памяці, дарожка на магн. дыску. У многапраграмных ЭВМ адрас, што зададзены ў праграме, звычайна не супадае з адрасам рэчаіснага запамінальнага прыстасавання і адшуканне патрэбнай ячэйкі памяці выконваецца з дапамогай апаратных і праграмных сродкаў. У машыне адрас пераўтвараецца ў сістэму сігналаў кіравання, якія забяспечваюць зварот да пэўнай зоны памяці.