БРЫЯ́Н ((Briand) Арыстыд) (28.3.1862, г. Нант, Францыя — 7.3.1932),

дзяржаўны дзеяч Францыі, дыпламат. Адвакат па адукацыі. З 1880-х г. удзельнік сацыяліст. руху. У 1902 абраны ў парламент. У 1906 увайшоў у склад урада, за што быў выключаны з Сацыяліст. партыі. У 1909—31 займаў пост прэм’ер-міністра 11 разоў і міністра замежных спраў 17 разоў. Пасля 1-й сусв. вайны праводзіў палітыку раззбраення і бяспекі. У 1909—31 выступаў за «прымірэнне» з Германіяй. Адзін з ініцыятараў Лакарнскай канферэнцыі 1925, Келага—Брыяна пакта 1928, праекта стварэння «Пан-Еўропы». Нобелеўская прэмія міру 1926 (разам з Г.Штрэземанам).

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУДЭКАНО́МІКА», Навукова-даследчы ін-т «Будэканоміка» Рэспублікі Беларусь; арэндная ўстанова (з 1990). Засн. ў 1976 у Мінску як комплексны аддзел (з 1977 Бел. філіял) Усесаюзнага н.-д. і праектнага ін-та працы ў буд-ве Дзяржбуда СССР. З 1991 «Будэканоміка». Асн. кірункі дзейнасці: падрыхтоўка заканадаўчых і нарматыўных актаў, інструктыўных і метадычных дакументаў, якія рэгулююць адносіны ўдзельнікаў капітальнага буд-ва ва ўмовах рынку, у т. л. раздзяржаўленне і прыватызацыя з улікам спецыфікі буд. комплексу; распрацоўка нарматыўнай базы па працы ў буд-ве; ацэнка фін. становішча, выкананне працэдур, звязаных з санацыяй, кансервацыяй і банкруцтвам прадпрыемстваў.

С.​Б.​Дробышава.

т. 3, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НДАЎС ((Windaus) Адольф) (25.12.1876, Берлін — 9.6.1959),

нямецкі хімік і біяхімік. Праф. (1913). Вучыўся ў Берлінскім і Фрэйбургскім ун-тах. З 1900 у Берлінскім, у 1901—13 у Фрэйбургскім, з 1913 у Інсбрукскім ун-тах. У 1915—44 дырэктар Ін-та хіміі Гётынгенскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні будовы стэрынаў, у прыватнасці халестэрыну. Вызначыў утварэнне вітаміну D з эргастэрыну пад уздзеяннем УФ прамянёў. Сінтэзаваў гістамін. Адначасова з Г.Віландам вызначыў будову жоўцевых кіслот (1913) і даказаў іх роднасць з халестэрынам. Вывучаў хім. будову сапанінаў, сардэчных гліказідаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Нобелеўская прэмія 1928.

А.Віндаўс.

т. 4, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА «ЧЫРВО́НЫ КАСТРЫ́ЧНІК» Засн. ў 1923 у Віцебску на базе саматужных майстэрняў. З 1938 — ф-ка «Чырвоны Кастрычнік». У час Вял. Айч. вайны была эвакуіравана ў г. Кунгур (Пермская вобл. Рас. Федэрацыі). Аднаўленне пачалося ў Віцебску з 1944. У пасляваен. гады рэканструявана і расшырана, у 1988 дзейнічала 13 патокаў з закончаным вытв. цыклам магутнасцю 7 млн. пар абутку за год. З 1989 у складзе прадпрыемства «Белвест». З 1994 ф-ка пераўтворана ў акц. т-ва «Чырвоны Кастрычнік». Магутнасць 3,5 млн. пар абутку за год. Асн. прадукцыя (1996): жаночы і дзіцячы абутак.

т. 4, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́.

Існавала ў Віцебску ў 17 ст. на тэр. Узгорскага замка. Пабудавана з дрэва ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Складалася з высокіх прамавугольных у плане асн. аб’ёму і гранёнай апсіды, накрытых 2-схільнымі дахамі, і 3-яруснай званіцы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні з высокімі вузкімі вокнамі ўвянчаны васьмерыковым купалам). Асн. аб’ём завяршаўся галоўкай на высокім барабане. Фасады расчляняліся высока размешчанымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,

дзяржаўнае ўладанне (каралеўшчына) у ВКЛ у 17—18 ст. Упамінаецца з пач. 17 ст. як эканомія, што здавалася ў службовы лен (уладанне, падараванае васалу за вайск. або адм. службу), на тэр. Віцебскага ваяв. Паводле інвентароў 1657 і 1667, складалася з 5 валасцей, у якіх былі 54 сял. дымы і 28 службаў. У 1785 пл. эканоміі 17 тыс. дзесяцін з 431 сялянскай хатай. З 1773 уваходзіла ў Віцебскую правінцыю, з 1777 — у Віцебскі і Суражскі пав. У канцы 18 ст. б.ч. Віцебскай эканоміі падаравана ў вечнаспадчынную ўласнасць прыватным асобам.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНІКАЎ (Сяргей Яўгенавіч) (н. 7.11.1961, Мінск),

бел. спартсмен (футбол). Скончыў Бел. ін-т фіз. Культуры (1983). З 1981 у складзе мінскага «Дынама». Чэмпіён (1982) і бронзавы прызёр (1983) першынства СССР. Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1988). З 1989 у італьян. прафес. футбольных клубах «Ювентус» (у складзе яго — уладальнік Кубкаў Італіі і УЕФА, 1990), «Леча», з 1993 у яп. клубе «Гамба». Удзельнік чэмпіянатаў свету (1986, 1990), Еўропы (1988, 1992) у складзе зборных СССР і СНД, правёў за іх (з 1984) 77 гульняў. Выступаў за зборную свету (1990). Аўтар кн. «І жыццё, і слёзы, і футбол...» (1992, разам з Дз.​Беленькім).

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДЭГІ́ДЫ,

клас арганічных злучэнняў, у састаў якіх уваходзіць альдэгідная група — C(O)H, звязаная з вуглевадародным радыкалам. Найпрасцейшы — фармальдэгід. Ніжэйшыя альдэгіды — рэчывы з рэзкім пахам, вышэйшыя C8—C14з прыемным. Рэакцыйназдольныя: акісляюцца да кіслот, аднаўляюцца да спіртоў, уступаюць у рэакцыі замяшчэння, далучэння, кандэнсацыі, утвараюць ненасычаныя злучэнні, цыклічныя трымеры (паральдэгід, трыаксан), лінейныя палімеры (парафармальдэгід), прадукты полікандэнсацыі. Атрымліваюць з любых класаў злучэнняў; некаторыя вылучаюць з расліннай сыравіны. Выкарыстоўваюць у сінтэзе палімераў (поліфармальдэгіду, полівінілацэталяў, аміна- і фенолальдэгідных смолаў), карбонавых кіслот, спіртоў і інш.; у вытв-сці пестыцыдаў, выбуховых, духмяных рэчываў, лекаў, фарбавальнікаў. Гл. таксама Ацэтальдэгід, Фурфурол, Ванілін, Цытраль.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБО́Н (ад грэч. ambōn узвышэнне),

казальніца, пульпіт, паўкруглае і высунутае на сярэдзіну храма ўзвышэнне перад царскімі варотамі, з якога чытаюць Евангелле, гавораць казанні. Сімвалізуе камень каля Труны Гасподняй, які адваліў ангел і з яго абвясціў міраносцам пра ўваскрэсенне Хрыста. Амбон рабілі з каменю, дрэва, металу, багата дэкарыравалі мармурам. У ранні перыяд хрысціянства ўстанаўлівалі перад алтаром каля балюстрады, што аддзяляла хоры ад нефа, і мелі форму трыбуны з парапетам; з сярэднявечча — каля левага міжнефавага ці цэнтр. слупа, у аднанефавых храмах — на сцяне. У эпоху Адраджэння амбон меў пераважна акруглую ці чатырохгранную форму.

Амбон у касцёле францысканцаў у Пінску. 18 ст.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРАЖУ́НАС (Пётр) (Пятрас) Іосіфавіч (24.1.1892, в. Грумшлі Біржайскага р-на, Літва — 20.12.1937),

дзярж. дзеяч БССР. З 1913 у арміі. У 1919 старшыня Мірскага валаснога ВРК, у органах па харч. забеспячэнні Смаленскай губ. і Зах. фронту. У 1921—22 мінскі павятовы харчкамісар. З 1923 старшыня Мінскага, Аршанскага павятовых, з 1928 Гомельскага акруговага выканкомаў. З 1930 нам. старшыні Вышэйшага савета нар. гаспадаркі БССР, з 1934 нарком, нам. наркома камунальнай гаспадаркі БССР. Старшыня праўлення Саюза архітэктараў БССР (1934—37). Чл. ЦВК БССР (1924—37). Канд. у чл. ЦК (1927—30), чл. ЦК КП(б)Б (1930—37). Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)