АСТА́ХАВА (Ганна Міхайлаўна) (4.7.1886, г. Кранштат Ленінградскай вобласці — 30.4.1971),
руская фалькларыстка. Д-рфілал.н. (1944). Скончыла жаночы пед.ін-т (Пецярбург, 1908). За час экспедыцый у Карэліі, на Пінезе, Мязені і Пячоры, у Памор’і і Сібіры, Маскоўскай і Ленінградскай абл. сабрала больш за 10 тыс.фалькл. твораў. Даследавала быліны, замовы, галашэнні, частушкі, рабочы фальклор. Пры вывучэнні паходжання і гісторыі гераічнага эпасу звярталася да бел. фальклору. Даследавала бел. казачны эпас, паходжанне казак на былінныя сюжэты ў беларусаў і ўкраінцаў (кн. «Народныя казкі пра асілкаў рускага эпасу», 1962).
Літ.:
А.М.Астахова: (К 70-летию со дня рождения) // Русский фольклор. М.; Л., 1956. [Вып.] 1;
Путилов Б.Н. Печатные работы А.М.Астаховой с 1957 г. // Тамсама. 1968. [Вып.] 11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАЦЮ́РК ((Ataturk) Мустафа Кемаль) (12.3.1881, г. Салонікі, Грэцыя — 10.11.1938),
дзяржаўны, паліт. і ваенны дзеяч, заснавальнік і 1-ы прэзідэнт (1923—38) Турэцкай рэспублікі. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Стамбуле (1905). Да 1908 удзельнічаў у младатурэцкім руху. Прымаў удзел у італа-турэцкай (1911—12), 2-й Балканскай (1913) і 1-й сусветнай (1914—18) войнах (з 1916 генерал, паша). У 1919 узначальваў нац.-вызв. рух за стварэнне незалежнай Тур. рэспублікі. З 1920 старшыня Вял.нац. сходу Турцыі, сфарміраванага пад яго кіраўніцтвам. З 1921 вярх. галоўнакамандуючы. За перамогу над англа-грэч. інтэрвентамі ў баях пры р. Сакар’я (1921) атрымаў званне маршала і ганаровы тытул газі. Правёў прагрэс. рэформы бурж.-нац. характару ў галіне дзярж.-адм. ладу, культуры і быту: скасаваў султанат (1922) і халіфат (1924), абвясціў рэспубліку (1923), рэфармаваў заканадаўства, увёў грыгарыянскі каляндар, лац. алфавіт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1866,
вайна Прусіі супраць Аўстрыі за аб’яднанне палітычна раздробленай Германіі і панаванне ў ёй прускага юнкерства. Зачэпкай да вайны стала спрэчка з-за зямлі Шлезвіг-Гольштэйн, заваяванай Аўстрыяй і Прусіяй у вайне супраць Даніі. Прусія заручылася нейтралітэтам Францыі і Расіі, заключыла ваен. саюз з Італіяй, і 16 чэрв. яе войскі ўварваліся ў Гесен, Гановер і Саксонію. Пасля паражэння Аўстрыі каля Садавы 23 жн. ў Празе падпісаны мірны дагавор, паводле якога зямля Шлезвіг-Гольштэйн адышла да Прусіі. Прусія, атрымаўшы права стварыць саюз герм. дзяржаў на Пн ад р. Майн, у вер. 1866 захапіла Гановер, Гесен-Касель, Насаў і Франкфурт-на-Майне. У 1867 яна арганізавала Паўн.-герм. саюз (19 ням. дзяржаў і вольныя гарады Брэмен, Гамбург і Любек). Герм. дзяржавы, размешчаныя на Пд ад Майна, падпісалі з Прусіяй сакрэтныя ваен. пагадненні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕДЭ́ЦІ ((Benedetti) Марыо) (н. 14.9.1920, г. Паса-дэ-лос-Торас, Уругвай),
уругвайскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст. Ліраэпічнай накіраванасцю адметныя зб-кі вершаў «Непазбыўны пярэдадзень» (1945), «Вершы за канторкай» (1958), «Будзённыя паэмы», «Пазнанне айчыны» (абодва 1963), «Блізкая блізкасць» (1965), «Штодзённае» (1979). Сац.-маральная праблематыка ў раманах «Хто з нас» (1953), «Перадышка» (1960), «Дзякуй за аганёк» (1965, рус.пер. 1969), «Дзень нараджэння Хуана Анхеля» (1971), зб-ках апавяданняў «Гэтай раніцай» (1949), «Апошняе падарожжа і іншыя апавяданні» (1951), «Жыхары Мантэвідэо» (1959), «Смерць і іншыя сюрпрызы» (1968), п’есах «Вы, напрыклад» (1957), «Рэпартаж» (1958), «Туды і назад» (1963), «Пэдра і капітан» (1979). Аўтар кн. літ.знаўчых і крытычных прац «Марсель Пруст і іншыя нарысы» (1951), «Уругвайская літаратура — стагоддзе дваццатае» (1963), «Геній і постаць Хасэ Энрыке Радо» (1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАЛЯТЧА́НСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.
Існаваў з пач. 20 ст. да 1924 у маёнтку Вял. Лётцы, за 15 км ад Віцебска. Створаны У.У.Адамавым з дапамогай Бат. ін-та Пецярбургскага ун-та, бат. саду Расійскай АН, садовых устаноў Варшавы, Парыжа, Жэнеўскага альпійскага саду і інш. Да 1910 у Вялікалятчанскім батанічным садзе меліся 344 віды дрэвавых (з іх 23 хвойных, 13 ліян), 664 травяністых і паўкустовых раслін, 13 відаў папарацей, у 1924 — каля 400 відаў рэдкіх дрэвавых парод (раслін-альбіносаў, стракаталістых формаў — клён вастралісты, бяроза нізкая і інш.), шмат раслін з сям. араліевых (аралія маньчжурская, акантапанакс сядзячакветны і інш.), калекцыя шматгадовых травяністых раслін (у т. л. альбіносаў), цяпліца з 300 відамі экзотаў, гербарый, «жывы зельнік» (больш за 2 тыс. відаў лек., тэхн. і інш. раслін), бат. музей. Пасля 1924 частку калекцый (да 200 відаў) перанеслі ў Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ ГАРУ́ЧЫЯ,
прыродныя сумесі вуглевадародаў метанавага рада (метан, этан, прапан і інш.), якія запаўняюць поры і пустоты горных парод, рассеяны ў глебе, раствораны ў нафце і пластавых водах. Падзяляюць на ўласна прыродныя газы, што залягаюць у пластах, якія не ўтрымліваюць нафты (маюць 93—98% метану); газы нафтавыя спадарожныя, газы газакандэнсатных радовішчаў, цвёрдыя газавыя гідраты (газагідратныя паклады).
Па колькасці цяжкіх вуглевадародаў (ад прапану і вышэй) прыродныя газы адносяць да т.зв. сухіх ці бедных газаў (менш за 50 г/м³), астатнія газы прыродныя гаручыя — да газаў сярэдняй тлустасці (50—150 г/м³) і тлустых (больш за 150 г/м³). Газы прыродныя гаручыя маюць таксама азот, вуглякіслы газ, серавадарод, некаторыя рэдкія газы (напр., гелій, аргон) і вадзяную пару. Выкарыстоўваюць як паліва (цеплата згарання 34,3 МДж/м³) і сыравіну ў вытв-сці аміяку, ацэтылену, вадароду, метанолу і інш.хім. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХТО́ЎНАСЦЬвагальнай сістэмы,
колькасная характарыстыка рэзанансных уласцівасцей вагальнай сістэмы. Паказвае, у колькі разоў амплітуда вымушаных ваганняў пры рэзанансе перавышае амплітуду вымушаных ваганняў удалечыні ад рэзанансу; характарызуе выбіральнасць і раздзяляльную здольнасць вагальнай сістэмы: чым большая Д., тым меншыя страты энергіі за перыяд ваганняў, тым вышэй рэзанансны водгук сістэмы (у параўнанні з нерэзанансным) і тым больш блізкія частоты можна выдзяляць паасобку.
У аснову вымярэнняў Д. (гл.Дыхтоўнасці вымяральнік) могуць быць закладзены розныя прынцыпы: Д. (Q) можна таксама выразіць як дзель рэзананснай частаты ω да шырыні рэзананснай крывой Δω(Q = ω/Δω); дзель поўнай энергіі W назапашанай у вагальнай сістэме, да сярэдняй магутнасці страт Pза перыяд ваганняў (Q = ωW/P) і інш.Напр., вагальны контур мае Д. да 100, камертон — да 104, пласцінка п’езакварцу і аб’ёмны рэзанатар ЗВЧ ваганняў — да 105.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ТА́ЙНА,
звесткі ваен., эканам. і паліт. характару, рознага роду адкрыцці, вынаходствы і інш., якія адносяцца да дзярж. сакрэтаў і ахоўваюцца дзяржавай. Ахова Дз.т. прадугледжвае шэраг прававых, арганізац., інж.-тэхн. і інш. мер па абмежаванні распаўсюджання звестак, аднесеных да дзярж. сакрэтаў. У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона «Аб дзяржаўных сакрэтах» ад 29.11.1994 ахове падлягаюць звесткі, распаўсюджанне якіх можа нанесці шкоду нац. бяспецы, абараназдольнасці і жыццёва важным інтарэсам дзяржавы. Пералік гэтых звестак зацвярджае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь па прадстаўленні Савета Міністраў. Ахову Дз.т. ажыццяўляюць органы заканад., выканаўчай і суд. улады, органы мясц. кіравання і самакіравання, органы дзярж. кантролю і нагляду, юрыд. асобы. Парадак карыстання і распараджэння звесткамі, якія складаюць Дз.т., вызначаецца заканадаўствам. Нагляд за заканадаўствам у дзейнасці па ахове Дз.т. ўскладзены на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў. Выдаванне Дз.т. з’яўляецца крымін. злачынствам і цягне за сабой крымін. адказнасць. С.У.Скаруліс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́БЫШ (Станіслаў Іосіфавіч) (н. 17.3.1939, в. Заграддзе Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. харавы дырыжор, педагог. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972). З 1977 выкладае ў Бел. унце культуры (з 1981 заг. кафедры, з 1994 праф.). Адначасова ў 1964—93 кіраўнік Мінскага нар. хору Палаца культуры вытв.буд.-мантажнага аб’яднання «Мінскпрамбуд», арганізатар (1979) і кіраўнік фалькл.вак.-харэаграфічнага ансамбля «Валачобнікі» ун-та культуры, з 1993 — Мінскага нар. хору Палаца культуры прафсаюзаў, якія пад яго кіраўніцтвам дасягнулі значнага выканальніцкага майстэрства. За час працы з калектывамі падрыхтаваў больш за 40 канцэртных праграм, у т. л. некалькі тэматычных, якія ўключаюць бел.нар. песні (у т. л. а капэла), песні бел. і інш. кампазітараў. Яму ўласцівы беражлівыя адносіны да нар. песні, пошук сродкаў яе захавання ў варыянце, блізкім да аўтэнтычнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛО́ГІЯ РЭК, патамалогія,
раздзел гідралогіі сушы, які вывучае заканамернасці фарміравання рэк і працэсы, што ў іх адбываюцца, у цеснай узаемасувязі з фіз.-геагр. ўмовамі і гасп. дзейнасцю чалавека. Уключае гідраграфію рэк, вучэнні аб сцёку і рэчышчавых працэсах. Асн. кірунак — вывучэнне гідралагічнага рэжыму. На Беларусі першыя звесткі па гідралогіі рэк адносяцца да 11—12 ст. Перыядычныя назіранні за крыгаломам і замярзаннем рэк вядуцца з пач. 19 ст. З 1876 вядуцца пастаянныя назіранні за рэжымам рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна і Прыпяць, з 1877 — Нёман, з 1896 — Сож на гідралагічных пастах. Рэгулярнаму вывучэнню гідралогіі рэк спрыялі работы Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот (1873). У 1930 арганізавана гідраметэаралагічная служба Беларусі, з 1931 складаюцца гідралагічныя прагнозы, з 1936 выдаюцца гідралагічныя штогоднікі, з 1940 водны кадастр. Даследаванні вядуцца ў Гідраметцэнтры Беларусі. Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, «Белмеліявадгасе», БДУ і інш.