АХО́ЎНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

штучныя паверхневыя слаі, якія ахоўваюць вырабы і збудаванні ад разбуральнага ўздзеяння асяроддзя, павышаюць трываласць, надаюць ім прывабны выгляд. Бываюць металічныя (з алюмінію, бронзы, жалеза, цынку і інш.) і неметалічныя (лакі, эмалі, фарбы, пластмасы, гума, цэмент, эбаніт і інш.).

Металічныя пакрыцці наносяць гальванічным (гл. Гальванатэхніка), плазмавым (распыленне расплаўленых металаў), кантактным (выдзяляюць металы з раствораў без эл. току) спосабамі, гарачай пракаткай (плакіроўка); практыкуюць алітаванне, залачэнне, цэментаванне. З неметалічных самыя пашыраныя лакафарбавыя пакрыцці. Пластмасавыя пакрыцці (поліэтылен, фтарапласты, вінілавыя пласты, матэрыялы на аснове бакелітавых і эпаксідных смолаў) наносяць на паверхні віхравым ці газаполымным напыленнем або абліцоўкай ліставымі матэрыяламі. Ахоўныя пакрыцці з пластмасаў і гумы засцерагаюць вырабы, пераважна хім. апаратуру, ад дзеяння вады, кіслот і інш. хім. рэагентаў. Керамічныя ахоўныя пакрыцці наносяць плазмавым напыленнем ці эмаліраваннем (ахоўваюць вырабы ад высокіх тэмператур і агрэсіўных асяроддзяў).

т. 2, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАБА́ННАЯ ПО́ЛАСЦЬ,

поласць у сістэме сярэдняга вуха наземных пазваночных і чалавека. Асн. функцыя — слыхавая: перадае гукавыя ваганні ад барабаннай перапонкі праз слыхавыя костачкі і акно пераддзвер’я ў вушны лабірынт, узмацняе іх, ахоўвае акно ўліткі ад вонкавых гукавых ваганняў. Аб’ём у чалавека каля 0,75 см³.

Сценкі барабаннай поласці з касцявой тканкі, за выключэннем вонкавай, большую ч. якой утварае барабанная перапонка. Унутры выслана слізістай абалонкай. Запоўнена паветрам. Праз адтуліну ў барабаннай перапонцы і слыхавую (еўстахіеву) трубу злучаецца з насаглоткай (праз трубу ажыццяўляюцца змена паветра ў поласці і адцяканне слізі ў насаглотку). На задняй сценцы ёсць уваход у самую вял. поласць сярэдняга вуха — антрум. Ад поласці чэрапа аддзяляецца тонкай касцявой пласцінкай. Інервуецца слыхавым нервам. Пашкоджанні барабаннай поласці вядуць да зніжэння або страты слыху. Іл. гл. да арт. Вуха.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 2, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобл., на р. Ольса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г.п. Клічаў, 106 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Нясета. 1034 ж., 432 двары (1995). У Бацэвічах Клічаўская райсельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Вядомы з 1560 як сяло ў Свіслацкай вол. ВКЛ. У 1743 сяло ў Аршанскім пав. У 19 ст. цэнтр воласці Бабруйскага пав. У 1844 — 283 ж., 51 двор, цэнтр маёнтка, у 1865 былі нар. вучылішча, царква, 2 млыны, праводзіўся кірмаш. У 1892 заснаваны бровар і тартак, у 1915 адкрыта земская бальніца. У 1940 — 1214 ж., 312 двароў. З ліп. 1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 — 1315 ж., 408 двароў.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬБЕРАВІЧЫ, Вольбаравічы, Ольбаравічы,

вёска ў Бярэзінскім с/с Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. За 14 км на У ад г. Докшыцы, 226 км ад г. Віцебск, 26 км ад чыг. ст. Параф’янава. 69 ж., 37 двароў (1996). Базавая школа, клуб, аддз. сувязі.

Волберавічы ўзніклі не пазней як у 15 ст. на тэр. ўладанняў Манівідаў у стараж. Харэцкай вол. У 17—18 ст. упамінаюцца як уласнасць кармелітаў. Уваходзілі ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, у складзе Докшыцкага, з 1797 — Барысаўскага пав. У 1886 — 350 ж., 36 двароў, правасл. царква. З 1924 вёска ў Бярэзінскім с/с Бягомльскага, у 1962—65 Глыбоцкага, у 1960—62 і з 1965 Докшыцкага р-наў. У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў жн. 1943 спалілі Вольберавічы і загубілі большую частку жыхароў.

т. 4, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СТРАЎ, выспа,

участак сушы, з усіх бакоў абкружаны водамі акіяна, мора, возера або ракі. Ад мацерыка адрозніваецца адносна невял. памерамі. Есць адзіночныя астравы і іх групы — архіпелагі. Займаюць каля 9,9 млн. км² (6,6%) сушы. У акіянах і морах падзяляюцца на мацерыковыя, якія аддзяліліся ад кантынентаў, але генетычна з імі звязаны (Грэнландыя, Новая Гвінея, Калімантан, Мадагаскар і інш.), пераходнай зоны ад мацерыка да акіяна (вулканічныя, гразевулканічныя, каралавыя) і акіянскія, пераважна вулканічныя астравы (Гавайскія, Ісландыя) або каралавыя (Маршалавы гл. Атол). Найбольшыя а-вы (пл. больш за 400 тыс. км²); Грэнландыя, Новая Гвінея, Мадагаскар, Калімантан, Бафінава Зямля, Суматра. Сярод астравоў рэк і азёр адрозніваюць акумулятыўныя (наносныя) і эразійныя. На Беларусі агульная плошча астравоў 53 км². Рачных больш за 300, азёрных каля 200, самы вялікі Манастырскі (каля 5 км²) на Асвейскім воз.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА паветра,

тэмпература паветра, якая перавышае біялагічны мінімум на працягу ўсяго перыяду вегетацыі якой-н. расліны або на працягу пэўнай фазы яе развіцця. Вызначае межы пашырэння кожнай расліннай культуры. Сумы актыўнай тэмпературы вышэй за 5, 10 і 15 °C звычайна выкарыстоўваюцца як агракліматычныя паказчыкі для вызначэння патрэб у цяпле большасці раслін і для ацэнкі тэрмічных рэсурсаў тэрыторыі. Перыяд з т-рамі вышэй за 10 °C забяспечвае актыўную вегетацыю большасці с.-г. культур умеранага пояса. На тэр. Беларусі сума т-р паветра вышэй за 10 °C паступова памяншаецца (у °C) з Пд і ПдЗ на ПнУ прыкладна ад 2600 да 2100, вышэй за 5 °Cад 2900 на ПдЗ да 2400 на крайнім ПнУ, за 15 °C — прыкладна ад 1900 на ПдЗ да 1350 на ПнУ.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КЦЫЯ (ад франц. action акцыя, дзеянне),

1) каштоўная папера, якая сведчыць пра ўдзел яе ўладальніка ў акцыянерным таварыстве, дае права атрымліваць долю прыбытку ў выглядзе дывідэнду, удзельнічаць у кіраванні дзейнасцю таварыства і размеркаванні маёмасці пры яго ліквідацыі. Як прадмет куплі-продажу акцыя, апрача намінальнай вартасці, мае цану, або курс, які вагаецца ў адпаведнасці з кан’юнктурай рынку.

Акцыі бываюць прывілеяваныя (прыносяць уладальніку раней устаноўлены працэнт даходу незалежна ад прыбытку акц. т-ва) і звычайныя (даход залежыць ад прыбытку акц. т-ва), імянныя і на прад’яўніка. Адрозніваюць акцыі, якія маюць адзін голас; якія не маюць голасу (у т. л. часам і прывілеяваныя); т.зв. ўстаноўчыя, якія маюць некалькі галасоў кожная і даюць права атрымліваць новыя выпушчаныя акцыі.

2) Дзеянне з паліт., эканам., ваен. або інш. мэтай.

Г.​І.​Краўцова.

т. 1, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БР,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Спадарожнік». За 36 км на Пн ад г.п. Лагойск, 76 км ад Мінска, 65 км ад чыг. ст. Смалявічы. 736 ж., 237 двароў (1994). Сярэдняя і пачатковая школы, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Касцёл і царква. Магіла жыхароў в. Расохі, спаленых ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну.

Вядома з пач. 16 ст. як Хатаевічы, уласнасць кн. В.​І.​Саламярэцкага. У 18 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць мясц. дамініканскага кляштара. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. У 1908 — 466 ж., 82 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскай акр., з 1927 у Плешчаніцкім р-не. У 1939 в. Хатаевічы перайменавана ў Акцябр. З 1962 у Лагойскім р-не.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́ДА (ад лац. albus светлы),

велічыня, якая характарызуе адбівальную здольнасць паверхні цела. Вымяраецца адносінамі колькасці адбітага паверхняй святла да колькасці святла, якое падае на яе. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі. Альбеда натуральных паверхняў вымяраецца альбедаметрам, вывучаецца актынаметрыяй. Характарызуе адбівальную здольнасць нябеснага цела, якое само не свеціцца.

Адрозніваюць інтэгральнае альбеда — для ўсяго патоку выпрамянення, монахраматычнае — для пэўнай даўжыні хваляў, спектральнае — для розных участкаў спектра (ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырв. і інш.). Інтэгральнае альбеда планеты Зямля (з атмасферай) каля 35%, у бачнай частцы спектра 40%. Залежыць ад геагр. шыраты, пары года, часу сутак, стану расліннага покрыва, воднай паверхні і інш. Альбеда вільготнай глебы 5—10%, лесу 5—20%, травянога покрыва 20—25%. свежага снегу 70—90%. Ад велічыні альбеда залежыць радыяцыйны баланс паверхні Зямлі.

М.​А.​Гольберг.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МПАЛЬ,

вёска ў Беларусі, у Нягневіцкім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 19 км на ПнУ ад Навагрудка, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 24 ж., 10 двароў (1994).

Заснавана каля 1810 Адамам Храптовічам (ад яго імя і назва вёскі) у маёнтку Нягневічы, купленым у кн. Радзівіла. У 2-й пал. 19 ст. адна з лепшых гаспадарак Рас. імперыі (упершыню на Беларусі выкарыстоўваліся шматпольныя севазвароты, меліяраваныя палі, наладжаны выраб галандскіх і швейцарскіх сыроў, якія збывалі за мяжу). У 1896 у фальварку Адампаль працавалі спіртзавод (з 1878), млын, маслабойня, майстэрні, хлебазапасны магазін. У 1915 з-за акупацыі герм. войскамі фальварак спыніў дзейнасць. У 1921—39 у складзе Польшчы. У 1930-я г. ў Адампалі дзіцячы прытулак, з 1944 дзіцячы дом, з 1960-х г. спец. школа-інтэрнат.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)