БО́ЛБАС (Аляксандр Карпавіч) (н. 11.12.1911, в. Слабодка Бабруйскага р-на),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Мінскую саўпартшколу (1936), курсы палітсаставу пры Ваен. акадэміі бранятанк. і механізаваных войскаў (1946), курсы палітсаставу (1956). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., Сцяпным, Варонежскім, 1-м Укр., 1, 2 і 3-м Прыбалтыйскім франтах, удзельнік абароны Мінска, Бабруйска, Рагачова, Магілёва, Смаленска, Масквы, Сталінградскай і Курскай бітваў. У баях каля Кіева ў вер. 1943 байцы батальёна пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро, захапілі і ўтрымалі плацдарм. Да 1958 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Грабёнка і гар. пас. Ржышчаў (Украіна).

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ЖНЕЎ (Дзмітрый Данілавіч) (7.11.1905, в. Пісклава Курскай вобл., Расія — 4.4.1982),

савецкі селекцыянер і генетык. Акад. УАСГНІЛ (1956), Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Варонежскі с.-г. ін-т (1933). У 1937—41 і 1949—79 у НДІ раслінаводства ў Ленінградзе (з 1965 дырэктар). Навук. Працы па біялогіі агароднінных культур, прапанаваў арыгінальныя метады селекцыі на імунітэт. Пад кіраўніцтвам Брэжнева распрацавана сістэма насенняводства цяплічных сартоў агароднінных раслін. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Тв.:

Овощеводство в США М., 1961;

Томаты. 2 изд. Л., 1964;

Овощеводство в субтропиках и тропиках. М., 1977 (разам з П.​Ф.​Кананковым);

Дикие сородичи культурных растений флоры СССР. Л., 1981 (разам з В.​М.​Каровінай).

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́БНІС ((Bubnys) Вітаўтас) (н. 9.9.1932, в. Чудзішкяй Прэнайскага р-на, Літва),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1982). Скончыў Вільнюскі пед. ін-т (1957). Друкуецца з 1953. Аўтар кніг апавяданняў «Пахучы аер» (1967), «Белы вецер» (1974), аповесцяў «Рамунас» (1964), «Арберон» (1969) і інш. Раманы «Галодная зямля» (1971), «Пад летнім небам» (1973; за абодва Дзярж. прэмія Літвы 1974), «Красаванне нясеянага жыта» (1976), пра гіст. лёс літоўскага сялянства; «У гадзіну поўні» (1980), «Запрашэнне» (1983), «Даруй грахі нашы» (1989), «Няхай адкрыюцца твае вочы» (1993) пра жыццё інтэлігенцыі, яе маральную і грамадз. адказнасць. На бел. мову асобныя творы Бубніса пераклаў У.​Яцко (у зб. «Бурштынавыя пацеркі», 1984).

А.​Лапінскене.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАЎТВАРЭ́ННЕ,

працэс узнікнення новых біял. відаў і змяненне іх з цягам часу. Аснова відаўтварэння — спадчынная зменлівасць арганізмаў і натуральны адбор. Часта віды ўтвараюцца з продкавай формы шляхам яе раздзялення на некалькі новых. Адрозніваюць відаўтварэнне шляхам алапатрыі, сімпатрыі, скачкападобнае (выбуховае), звязанае з адаптыўнай радыяцыяй, і інш. яго формы. Прычыны, механізмы і скорасці відаўтварэння недастаткова высветлены.

Першую тэорыю відаўтварэння распрацаваў Ж.Б.Ламарк (1809). Заснавальнікам матэрыяліст. тэорыі відаўтварэння з’яўляецца Ч.​Дарвін (1859), які распрацаваў канцэпцыю дывергенцыі. Паводле сучаснага эвалюцыйнага вучэння (гл. Эвалюцыі сінтэтычная тэорыя) відаўтварэнне звычайна адбываецца пад кантролем дызруптыўнага адбору (спрыяе захоўванню крайніх фенатыпаў і элімінацыі прамежкавых) і не патрабуе вострай унутрывідавой канкурэнцыі як абавязковай умовы.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1656,

пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай пра спыненне ваен. дзеянняў і сумесную барацьбу супраць шведскай агрэсіі; падпісана 3.11.1656 у маёнтку Немежы пад Вільняй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на землі Літвы і Польшчы ўварваліся (1655) Шведскія войскі Карла Х Густава. Баючыся ўмацавання Швецыі, рас. ўрад пачаў захады для прымірэння з Рэччу Паспалітай. На перагаворы прыбыла рас. дэлегацыя на чале з кн. М.​І.​Адоеўскім; дэлегацыю Рэчы Паспалітай узначальваў ваявода полацкі Я.​Красінскі; пасрэднікам быў аўстр. дыпламат Алегрэці. Не дамовіўшыся пра ўмовы міру, дэлегацыі заключылі перамір’е і вырашылі пачаць сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬБУШЭ́ВІЧ (Марыя Уладзіміраўна) (Вульфаўна; 1879, г. Гродна — ?),

удзельніца яўр. рабочага і сіянісцкага руху на Беларусі. З канца 1890-х г. чл. мінскага гуртка Бунда. 7.3.1900 арыштавана. У час допытаў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.​В.​Зубатавым трапіла пад уплыў яго тэорыі аб магчымасці легальнага рабочага руху (гл. Зубатаўшчына). У жн. 1900 вызвалена. Займалася прапагандай зубатаўскіх ідэй у Гродне і Мінску. Адна з заснавальнікаў Яўр. незалежнай рабочай партыі (ЯНРП; чэрв. 1901). Пастаянна інфармавала Дэпартамент паліцыі і Зубатава пра ўсе падрабязнасці руху. Пасля ліквідацыі ЯНРП (1903) уступіла ў гурток рабочых-сіяністаў («Паалей Цыён»). З 1904 у Швейцарыі, потым у ЗША, Палесціне.

М.​А.​Сакалова.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДСКІ (Сяргей Мікалаевіч) (13.9.1856, Кіеў — 24.2.1953),

рускі мікрабіёлаг, адзін з заснавальнікаў мікрабіялогіі ў Расіі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1894), ганаровы чл. Рас. (1923), чл. Франц. (1924) АН і Лонданскага каралеўскага т-ва. Вучань А.С.Фамінцына і А. дэ Бары. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1881). У 1891—1912 у Ін-це эксперым. медыцыны ў Пецярбургу, з 1922 у Пастэраўскім ін-це пад Парыжам. Навук. працы па глебавай мікрабіялогіі і развіцці экалагічнага кірунку ў мікрабіялогіі. Выявіў хемааўтатрофныя мікраарганізмы і працэс хемасінтэзу (1887). Упершыню вылучыў з глебы азотфіксавальныя бактэрыі (1893).

Тв.:

Микробиология почвы: Проблемы и метады. М., 1952.

Літ.:

Русские микробиологи С.​Н.​Виноградский и В.​Л.​Омелянский. М., 1960.

т. 4, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТА́ЛІ (Іван Пятровіч) (1794, С.-Пецярбург — 17.7.1855),

рускі скульптар. Вучыўся ў свайго бацькі П.​Віталі і як вольны слухач у Пецярбургскай АМ (у 1842—55 праф.). Майстар манум.-дэкар. і партрэтнай скульптуры, выкананай пад уплывам класіцызму. Найб. вядомыя яго творы: калясніца Славы і рэльеф «Вызваленне Масквы» для Трыумфальных варотаў (1829—34), дэкар. скульптура фантанаў на плошчах Лубянскай і Тэатральнай (абодва 1835) у Маскве; партрэты К.​П.​Брулова (1836), А.​С.​Пушкіна (1837), «Венера» (1852); статуі і рэльефы Ісакіеўскага сабора (1841—43) у Пецярбургу.

Літ.:

Якирина Т.В., Одноралов Н.В. Витали, 1794—1855. Л.;

М., 1960.

А.​К.​Лявонава.

І.Віталі. Скульптурная група фантана на Тэатральнай плошчы ў Маскве. 1835.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ «КАЦЁЛ»,

акружэнне войскамі 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 пад Віцебскам 5 ням. дывізій у час Вял. Айч. вайны. 23 ліп. войскі 43-й арміі 1-га Прыбалт. фронту і 39-й арміі 3-га Бел. фронту прарвалі абарону ворага, абышлі Віцебск з Пд і ПдЗ, у ноч на 25 ліп. злучыліся каля в. Гняздзілава Бешанковіцкага р-на і замкнулі акружэнне групоўкі праціўніка, якую разграмілі, 26 ліп. вызвалілі Віцебск. Праціўнік страціў каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і больш за 10 тыс. палоннымі. У в. Гняздзілава ў гонар сав. воінаў пастаўлена стэла.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ГЗІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 28 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,67 км², даўж. 1,78 км, шыр. 690 м, найб. глыб. 9,3 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Схілы катлавіны выш. 10—17 м, на Пн і З нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Берагі на Пн і З сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае, глыбей за 2,5 м дно выслана сапрапелямі. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. каля 60 м, на зах. плёсе расце ахоўны від флоры ў Беларусі — наяда марская. Упадае ручай з воз. Какісіна, выцякае ручай Праскавея ў р. Дзіва.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)