ПЯТРО́Ў (Мікалай Сцяпанавіч) (н. 16.7.1937, в. Адамаўка Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д фіз.-матэм. н. (1986), праф. (1989). Скончыў БДУ (1959). З 1975 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі. З 1987 нам. дырэктара Міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі пры БПА. Навук. працы па оптыцы і лазернай фізіцы (манаімпульсныя лазеры і лазеры хваляводнага тыпу). Выявіў (разам з Ф.І.Фёдаравым) новы від эл.-магн. хваль (гл. Неаднародныя хвалі). Прадказаў эфект узмацнення святла пры поўным адбіцці ад інверсных асяроддзяў і з’яву гістэрэзіснага адбіцця святла (аптычнай бістабільнасці). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Тв.:

Новый вид плоских электромагнитных волн в поглощающих кристаллах (разам з Ф.​І.​Фёдаравым) // Оптика и спектроскопия. 1963. Т. 15, вып. 6;

Отражение света от усиливающих и нелинейных сред. Мн., 1988 (разам з Б.​Б.​Бойкам).

М.С.Пятроў.

т. 13, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІ́НАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 15.4.1939, г. Магілёў),

бел. фізік. Акад. Нац. АН Беларусі (1991; чл.-кар. 1984). Д фіз.-матэм. н. (1973), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1961). З 1964 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (у 1987—98 нам. дырэктара). Навук. працы па лазернай фізіцы, спектраскапіі складаных арган. злучэнняў. Распрацаваў спектраскапічныя метады даследавання ўзбуджаных станаў лазерных асяроддзяў, лазеры на растворах арган. злучэнняў. Даследаваў залежнасць спектра флуарэсцэнцыі раствораў ад частаты ўзбуджальнага святла (з’ява батахромнай люмінесцэнцыі). Развіў метады ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі. Дзярж. прэмія СССР 1972. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 2. Мн., 1968 (у сааўт.);

Оптические квантовые генераторы на красителях и их применение (разам з У.​І.​Томіным) // Радиотехника. М., 1976. Т. 9;

Лазеры на растворах красителей // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.

А.М.Рубінаў.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАЛО́ГІЯ (ад лац. balneum лазня, купанне + ...логія),

раздзел курарталогіі, які вывучае мінер. воды і іх лячэбна-прафілакт. выкарыстанне. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію, бальнеатэхніку; цесна звязана з інш. мед. і біял. дысцыплінамі.

Першыя працы па бальнеалогіі вядомы з 5 ст. да нашай эры (Герадот, Гіпакрат). Пачатак навук. бальнеалогіі ў 17—18 ст. даў ням. вучоны Ф.​Гофман. У Расіі вывучэнне мінер. крыніц пачалося з 1717. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рус. хіміка Г.​І.​Геса, які вывучаў хім. састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).

На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х г. у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), мед. ін-тах. Выяўлены радовішчы лек. мінер. водаў Беларусі. Вывучаны іх хім. састаў і мікрафлора, колькасць арган. рэчываў, даказана лек. эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінер. водаў (Д.​А.​Маркаў, Н.​І.​Аляксейчык, П.​В.​Астапеня, В.​М.​Ізуткін, М.​Ф.​Казлоў, Э.​С.​Кашыцкі, Л.​М.​Толстых-Чарнецкая, Ц.​А.​Каган, М.​Г.​Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння бел. мінер. водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАНЖЭ́ ((Béranger) П’ер Жан дэ) (19.8.1780, Парыж — 16.7.1857),

французскі паэт. Развіваў традыцыі франц. нар. песні. Весялосцю, жыццялюбствам, пачуццёвасцю адметныя яго раннія творы (зб. «Песні маральныя і іншыя», 1815). «Кароль Івето» — сатыра на напалеонаўскія войны і раскошу імператарскага двара. За антыдваранскія і антыклерыкальныя песні («Маркіз дэ Караба», «Святыя айцы» і інш. двухтомніка 1821, зб-каў 1825 і 1828) двойчы зняволены. Песні 1830—40-х г. апявалі барацьбу і гераізм удзельнікаў рэвалюцый («Ліпеньскія магілы» і інш.), выкрывалі буржуазную манархію Луі Філіпа («Бандзі» і інш.), выказвалі спадзяванне Беранжэ, які знаходзіўся пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму, на магчымасць мірнага пераўтварэння грамадства, ажыццяўленне хрысціянскай ідэі роўнасці («Вар’яты», «Чатыры эпохі»). Лепшыя творы прысвяціў простым людзям («Прыдворны фрак», «Разбітая скрыпка», «Рыжая Жанна» і інш.). Песні Беранжэ жанрава разнастайныя, простыя па змесце, злабадзённыя па тэме, адточаныя па форме, дасціпныя і іранічныя; сэнсавай і эмацыянальнай кульмінацыяй у іх з’яўляецца рэфрэн. Аўтар кн. «Мая біяграфія» (не скончана, 1861). На бел. мову творы Беранжэ перакладалі Э.​Агняцвет, А.​Дудар, А.​Зарыцкі, Н.​Мацяш і інш.

Тв.:

Бел. пер.Выбр. песні. Мн., 1960;

Рус. пер.Полн. собр. соч. Т. 1—2. 2 изд. М.; Л., 1936;

Песни. М., 1985.

Літ.:

Данилин Ю. Беранже и его песни. 2 изд. М., 1973;

Муравьёва Н.И. Беранже. М., 1965.

С.​Д.​Малюковіч.

П.Ж. дэ Беранжэ.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́НЦЫГ (Май Вольфавіч) (н. 27.4.1930, Мінск),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. мастак Беларусі (1995). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1958). З 1958 выкладае ў Бел. АМ (праф. з 1980). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод работ: тэматычныя карціны «Раніца новага Мінска» (1959), «Партызанскае вяселле» (1968), «Купалаўскія радкі» (1972), «Легенда Беларусі» (1975), «І памятае свет уратаваны...» (1985—95); лірычныя пейзажы «Стары і новы Мінск» (1963), «Цішыня» (1976), «Бацькаўшчына мая» (1982), «Мая Лагойшчына» (1985), серыя «Віцебск — радзіма Шагала» (1994); нацюрморты «Бэз» (1962), «Аб Вялікай Айчыннай...» (1968), «Ялінка» (1971), «Палітра новабудоўляў» (1979); партрэты «Сталявар» (1956), «Кінарэжысёр Э.​Клімаў» (1985), пісьменнікаў А.​Адамовіча і В.​Быкава (абодва 1986) і інш. 3 твораў манум. жывапісу: мазаічнае пано ў кінатэатры «Партызан» (1966), мазаіка ў гасцініцы «Юбілейная» (1969, з Б.​Няпомняшчым) — абодва ў Мінску. Творам Д. ўласцівы арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні, драматургічнасць зместу. Канструктыўна-пластычнае валоданне колерам, спалучэнне прыёмаў манум. і станковага мастацтваў, метафарычнасці і канкрэтыкі дазваляюць яму ствараць яркія маст. вобразы, поўна раскрыць сваю творчую індывідуальнасць. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968.

Літ.:

Сурский О.А. М.​В.​Данциг. М., 1975;

Крэпак Б.А. Май Данцыг. Мн., 1976;

Петэрсан С. Убачым новыя творы // Мастацтва. 1995. № 9.

Л.​Ф.​Салавей.

М.В.Данцыг.
М.Данцыг. І памятае свет выратаваны... 1985—95.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХАРЭ́ВІЧ (Марыя Георгіеўна) (н. 28.11.1936, в. Навасёлкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1977). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1957, курс К.Саннікава). Працуе ў Нац. т-ры імя Я. Купалы. Актрыса яркаакрэсленага лірыка-драм. плана. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца логікай унутр. жыцця, душэўнай прыгажосцю, шчодрасцю, чысцінёй. Па-мастацку пераканаўча з творчым асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу выканала ролі ў нац. рэпертуары: Ганны («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Зосі Савіч («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Наталлі Фадзееўны («І змоўклі птушкі» І.​Шамякіна), Ганны («Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава), Паліны Іванаўны («Апошні шанц» В.​Быкава), Галі Жураўкі («Пакуль вы маладыя» І.​Мележа), Ганулі Зношчыхі, Альжбеты («Тутэйшыя», «Паўлінка» Я.​Купалы); а таксама ў творах сав., рас., замежнай драматургіі: Камісара («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Браент («Праўду! Нічога, акрамя праўды!!!» Д. Аля), Танкабіке («У ноч зацьмення месяца» М. Карыма), Варвары, Гурмыжскай («Навальніца», «Лес» А.​Астроўскага), Незнаёмай («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна), Алены («Дзеці сонца» М.​Горкага), Марыі («Закон вечнасці» Н.​Думбадзе). Знялася ў кінафільмах «Чужая бацькаўшчына», «Я, Францыск Скрына», «Людзі на балоце», «Нядзельная ноч», тэлефільмах «Руіны страляюць», «Тартак», «Ясь і Яніна», «Хам» і інш. Удзельнічае ў тэлепастаноўках і радыёспектаклях («Рыбакова хата» паводле Я.​Коласа і «Хамуціус» А.​Куляшова), Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

М.Г.Захарэвіч.
М.Захарэвіч у ролі Алены.

т. 7, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́К (Міхаіл Паўлавіч) (н. 26.3.1940, в. Масцішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Акад. Нац. АН Беларусі (1996, чл.-кар. з 1989). Д гіст. н. (1980), праф. (1987). Правадз. чл. Цэнтр.-Еўрап. акадэміі навук і мастацтва (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1963). З 1969 у Ін-це гісторыі АН БССР. У 1975—81 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ. З 1981 нам. дырэктара, з 1989 дырэктар Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе сац.-эканам. і грамадска-паліт. праблемы гісторыі Беларусі пераважна сав. перыяду, пытанні ўсталявання і функцыянавання сав. сістэмы кіравання грамадствам і інш. Адзін з аўтараў 4-га тома 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (1975), гал. рэдактар і адзін з аўтараў 2-га т. 4-томнай «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (1985), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95).

Тв.:

Идейно-политическое воспитание крестьянства. Мн., 1979;

Трудовой вклад крестьянства в победу и упрочение социализма: На материалах БССР. Мн., 1986;

Социалистические ценности тружеников села: История, современность, перспективы. Мн., 1989;

«Czynnik polski» w stalinowskiej polityce represyjnej lat 30. na Białorusi // Polska-Białoruś. 1918—1945. Warszawa, 1994;

Сталіншчына і Беларусь // Бел. гіст. часоп. 1995. № 1—2, Общее и особенное в проведении советской национальной политики в Белорусской ССР // Россия в XX в.: Пробл. нац. отношений. М., 1997.

М.П.Касцюк.

т. 8, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,

цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.​Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.​Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.​Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.​Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.​Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.​Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.​Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.​Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.​Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.​Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.​Бураўкіна). У паэзіі бываюць ўстойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.​Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.​Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.​Пракаповіч, І.​Снарская, І.​Хадарэнка, А.​Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.

А.​А.​Майсейчык.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫ́Н (Аляксандр Іванавіч) (7.9.1870, с. Нараўчат Пензенскай вобл., Расія — 25.8.1938),

рускі пісьменнік. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (Масква, 1890). Быў на ваен. службе, з 1894 у адстаўцы, жыў у Кіеве, шмат ездзіў па Расіі. У 1903 зблізіўся з М.​Горкім, супрацоўнічаў у яго выд-ве «Знание». У 1919 эмігрыраваў у Францыю, з 1937 на радзіме. Друкаваўся з 1889. Раннія апавяданні (зб. «Мініяцюры», 1897) — псіхал. эцюды, прысвечаныя даследаванню розных станаў чалавечай душы. У апавяданнях «Дазнанне», «У паходзе», аповесцях «Прапаршчык армейскі» (1897), «На пераломе (Кадэты)» (1900), «Паядынак» (1905) і інш. рэаліст. паказ жахлівага ваен. побыту, пратэст супраць жорсткасці і падаўлення асобы. Аповесць «Малох» (1896) — спроба з дапамогай іншасказання і сімвалаў паказаць бесчалавечнасць вытворчага прагрэсу. Пасля паездкі на Палессе (1897) напісаў цыкл апавяданняў («У лясной глушы», «На глушцоў» і інш.), аповесць «Алеся» (1898), у якіх упершыню моцна загучала тэма вял. кахання, характэрная для наступных яго твораў («Суламіф», 1908; «Гранатавы бранзалет», 1911; і інш.). Аўтар аповесцей навукова-фантаст. «Вадкае сонца» (1913), напаўфантаст. «Зорка Саламона» (1917), цыкла нарысаў «Кіеўскія тыпы» (1895—98), «Лістрыгоны» (1907—11) і інш. Аповесць «Яма» (ч. 1—2, 1909—15) пра амаральнасць грамадства, якое апраўдвае прастытуцыю. У эміграцыі стварыў нарысы аб Францыі, аповесці «Купал св. Ісакія Далмацкага» (1928), «Кола часу» (1929), «Жанета» (1932—33), казачныя («Кісмет») і гіст. («Аднарукі камедыянт», «Цень імператара») апавяданні, успаміны пра цыркавых артыстаў, рус. прыроду і інш. Асн. эмігранцкі твор — аўтабіягр. раман «Юнкеры» (1928—32). Многія творы К. экранізаваны («Паядынак», «Алеся» і інш.). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі І.​Шамякін, Л.​Салавей.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1970—73;

Собр. соч. Т. 1—3. Мн., 1994;

Река жизни: Рассказы, повести;

Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;

Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;

Рассказы и повести. Мн., 1997;

Бел. пер. — Выбранае Мн., 1985;

Выбр. проза. Мн., 1992. Собр. соч. Т. 1—9. М., 1970—73;

Собр. соч. Т. 1—3. Мн., 1994;

Река жизни: Рассказы, повести;

Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;

Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;

Рассказы и повести. Мн., 1997; Бел. пер. — Выбранае Мн., 1985; Выбр. проза. Мн., 1992.

Літ.:

Куприна К.А. Куприн — мой отец. 2 изд. М., 1979;

Михайлов О. Куприн. М., 1981;

Кулешов Ф.И. Творческий путь Куприна, 1883—1907. 2 изд. Мн., 1983;

Яго ж. Творческий путь Куприна, 1907—1938. 2 изд. Мн., 1987.

С.​Ф.​Кузьміна.

А.І.Купрын.
А.Купрын. Нацюрморт з сінім падносам. 1914.

т. 9, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,

орган прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць «супрацоўніцтва» с.-д. кіраўніцтва Рады БНР з польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чал.) абвясціла сябе Н.р. БНР, меншая (37 чал.) — Найвышэйшай радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшынёй Н.р. БНР абраны П.​А.​Крачэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — П.​Бадунова (БПС-Р) і В.​І.​Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Н.​Козіч і Я Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Н. р. БНР, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду Міністраў узначаліў В.​Ю.​Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады. Польскія акупац. ўлады не прызналі Н.р. БНР, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студз. 1920 патаемна выехалі з Мінска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У маі 1920 Бадунова, Т.​Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка. 4.7.1920 пачалося паспяховае наступленне Чырв. Арміі на сав.-польскім фронце. Паводле дагавора паміж Літвой і РСФСР ад 12.7.1920 Літ. Рэспубліцы былі перададзены Вільня і Віленскі край. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Н.р. БНР. Захарка, які ўзначальваў дэлегацыю ўрада Ластоўскага на перагаворах у Маскве, уручыў ноту пратэсту наркому замежных спраў РСФСР Г.​В.​Чычэрыну. Гэты пратэст быў адвергнуты. Стала зразумела, што Сав. Расія не прызнае БНР. Бел. эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае бел. войска і кааліцыйны сацыяліст. ўрад. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай рады БНР на тое, што бел. дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12.10.1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастр. адбылася нац.-паліт. нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і бел. сацыял-дэмакратаў. Чл. прэзідыума Найвышэйшай рады БНР К.​Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду адзінай паліт. структурай БНР. З гэтага часу Н.р. БНР зноў стала называцца Радай БНР.

Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998. Анатоль Сідарэвіч.

т. 11, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)