РА́МАС-О́РТА ((Ramos Horta) Хасэ) (н. 26.12.1949, г. Дылі, Усх. Тымор),
палітычны дзеяч Усх. Тымора. Скончыў Оксфардскі (Вялікабрытанія) і Антыяхійскі (ЗША) ун-ты. Удзельнік нац.-вызв. руху супраць партугальскага панавання на Усх. Тыморы. Чл. урада Нар.-Дэмакр. Рэспублікі Усх. Тымор, абвешчанай 28.11.1975. Пасля акупацыі ў снеж. 1975 Усх. Тымора войскамі Інданезіі ў эміграцыі. Міжнар. прадстаўнік усх.-тыморскага супраціўлення. Дамогся прыцягнення ўвагі міжнар. супольніцтва да праблемы Усх. Тымора, да барацьбы супраць інданезійскай акупацыі. Пасля рэферэндуму 1999, які выказаўся за незалежнасць Усх. Тымора, працуе ў адміністрацыі, якая ствараецца там пры дапамозе ААН. Нобелеўская прэмія міру 1996 (з біскупам К.Х.Бела).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́НТ СТА́ТКА,
сістэма мерапрыемстваў па адборы, вырошчванні і ўводзе ў статак маладых жывёл. Праводзіцца з мэтай павелічэння статка, паляпшэння яго прадукцыйнасці, замены жывёл. Маладняк, які выкарыстоўваюць для Р.с., называюць рамонтным. Пры адборы рамонтнага маладняку ўлічваюцца пародныя і прадукц. якасці бацькоўскай пары, паказчыкі асабістага развіцця (хуткасць росту, устойлівасць да хвароб і інш.). У малочнай жывёлагадоўлі штогод для Р.с. пакідаюць не менш як 30% цялушак і праводзяць адбор пасля першага ацёлу. У свінагадоўлі штогод для Р.с. на адну асн. матку вырошчваюць адну рамонтную, якіх выбракоўваюць пасля першага апаросу. У авечкагадоўлі для папаўнення статка штогод пакідаюць 25—30% маладняку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,
стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз.рэлаксацыяй.
Пры Р.т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаў для кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,
баланс кампанентаў асяроддзя і прыродных працэсаў, які забяспечвае працяглае існаванне экалагічных сістэм і біясферы ў цэлым. Падтрымліваецца сукупнасцю фактараў, што склаліся ў працэсе эвалюцыі: пастаянства біятычнага кругавароту рэчываў, суадносіны аўтатрофаў і гетэратрофаў, адаптацыі арганізмаў адзін да аднаго і навакольнага асяроддзя і інш. Прыродныя згуртаванні арганізмаў здольны процістаяць разнастайным шкодным уздзеянням і вяртацца ў зыходны стан, але пры ваганнях умоў асяроддзя, што выходзяць за пэўныя межы, узнікаюць парушэнні Р.э., якія могуць весці да крызісу экалагічнага ці экалагічнай катастрофы. Захаванню Р.э. і яе падтрыманню спрыяюць рацыянальнае прыродакарыстанне і мерапрыемствы па ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЭ́ННЕ СУДА́,
пастанова суда першай інстанцыі, які вырашае па сутнасці цывільную справу. Афармляецца ў пісьмовым выглядзе, падпісваецца і абвяшчаецца суддзёй. Набывае законную сілу пасля заканчэння тэрміну на касацыйнае абскарджанне і апратэставанне. У выпадку прынясення касацыйнай скаргі або касацыйнага пратэсту рашэнне, калі яно не адменена, набывае законную сілу пасля разгляду справы вышэйстаячым судом. Рашэнне Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь набывае законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння. Неадкладнаму выкананню падлягаюць Р.с. інш.суд. інстанцый па справах аб спагнанні аліментаў, аб аднаўленні на рабоце або ў ранейшай пасадзе няправільна звольненага ці пераведзенага работніка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОТ (Лазар Артуравіч) (н. 13.12.1920, г. Курган, Расія),
бел. вучоны ў галіне тэарэт. фізікі. Д-рфіз.-матэм.н., праф. (1977). Скончыў Ваенна-паветраную інж. акадэмію (1944). З 1953 у Бел.тэхнал. ун-це (у 1964—92 заг. кафедры). Навук. працы па статыст. тэрмадынаміцы, механіцы суцэльных асяроддзяў, біяфізіцы, даследаванні крытычных з’яў і турбулентнасці, праблемах удасканалення падрыхтоўкі навук. кадраў. Стварыў метад умоўных размеркаванняў — новы метад статыст. механікі, які дазволіў адзіным чынам апісаць ўсе віды фазавых пераходаў I роду.
Тв.:
Статистическая теория молекулярных систем. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ТА (Ruta),
род кветкавых раслін сям. рутавых. 7 відаў (па інш. звестках каля 70 разам з родам Haplophyllum). Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і ўмераным поясе Азіі. Здаўна ў Еўропе культывуецца Р. духмяная (R. graveolens) як прыпраўная і лек. расліна. Інтрадукавана ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
Шматгадовыя пахучыя травы або паўкусты. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, сабраныя ў шчыткападобную мяцёлку на верхавінцы сцябла. Плод — каробачка. Р. духмяная — ядавітая, мае ў сабе эфірны алей, які аказвае моцнае мясцовае раздражненне. Лісце і кветкі ўжываюцца як прыправа. Лек., тэхн., харч., дэкар. і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЧА́Й,
невялікі пастаянны або часовы вадацёк, які ўтвараецца ад сцёку снегавых, дажджавых і грунтавых вод. Характарызуецца звілістым рэчышчам, вузкай поймай, слабавыразнай далінай; звычайна даўж. 3—5 км. Часта з’яўляецца вытокам ракі або прытокам вадаёмаў. Выразнай мяжы паміж Р. і малой ракой няма, але Р. звычайна не мае прытокаў. Найб. расход вады на Р. назіраецца пры летніх паводках, радзей у веснавое разводдзе. У засушлівую пару часта мялее і перасыхае, у моцныя маразы прамярзае. На Беларусі найчасцей да Р. адносяць вадацёкі даўж. да 10 км. У выніку меліярац. работ частка Р. ператворана ў меліярац. канавы і каналы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЫ́САВЫЯ БУ́НТЫ»,
масавыя хваляванні ў Японіі ў 1918. Выкліканы рэзкім павелічэннем цэн на імпартуемы рыс шляхам увядзення яп. урадам вял. мытных збораў. Пачаліся з нападу 3.8.1918 жонак рыбакоў на судна з грузам рысу. Неўзабаве стыхійныя бунты ахапілі 33 прэфектуры Японіі. У ходзе іх натоўпы збівалі гандляроў рысам, падпальвалі і рабавалі склады і крамы. «Р.б.» былі жорстка задушаны войскамі, больш за 8 тыс.чал. асуджана. Аднак хваляванні прывялі да адстаўкі ўрада М.Тэрауці і фарміравання першага ў гісторыі Японіі парт. ўрада Т.Хара, які абапіраўся на парламенцкую большасць, што падштурхнула працэс дэмакратызацыі яп.паліт. жыцця ў 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,
эканамічны паказчык, што вызначае аб’ём прадметаў спажывання і паслуг, які работнік можа набыць на свае грошы, атрыманыя ў форме аплаты працы; састаўная частка рэальных даходаў насельніцтва. Яе велічыня залежыць ад памеру аплаты ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю працы і ад цэн на тавары і паслугі, падаткаў і інш. Вылічваецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і вызначае суадносіны паміж намінальнай (грашовай) заработнай платай і індэксам цэн на тавары і паслугі ў дадзены перыяд за вылікам спагнаных падаткаў і ўзносаў. Памяншэнне Р.з.п. звязана з інфляцыяй, калі яна не кампенсуецца павелічэннем, індэксацыяй заработнай платы.