1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі; вырошчванне культурных раслін для забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлі — кармамі, лёгкай і харч. прам-сці — сыравінай. Уключае паляводства (збожжавая гаспадарка, ільнаводства, буракаводства, бульбаводства, насенняводства, вырошчванне кармавых культур), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства.
У 20 ст. распрацаваны і выкарыстоўваюцца навукова абгрунтаваныя сістэмы З., якія ўключаюць развітую агратэхніку, палепшаную апрацоўку глебы, удасканаленае насенняводства, навук. селекцыю высокаўраджайных сартоў с.-г. культур, у адпаведнасці з канкрэтнымі ўмовамі прыродна-эканам. раёнаў уводзяцца севазвароты, ажыццяўляецца меліярацыя, на аснове хімізацыі шырока ўжываюцца мінер. ўгнаенні, развіваецца эфектыўная сістэма аховы раслін. Існуе экстэнсіўнае З. (рост вытв-сці за кошт расшырэння плошчаў) і інтэнсіўнае (рост вытв-сці за кошт дадатковых укладанняў працы і сродкаў). Вылучаюць: арашальнае З, (са штучным арашэннем), багарнае (у раёнах арашальнага З., але магчымае без паліву); сухадольнае або сухое (з дэфіцытам атм. ўвільгатнення і няўстойлівасцю прыродных умоў); устойлівае (у абласцях дастатковага ўвільгатнення); круглагадовае (у вільготных субтропіках і тропіках, з вырошчваннем 2—3 ураджаяў за год), а таксама горнае (пераважна на схілавых тэрасах), палярнае (з выкарыстаннем парнікоў) і інш. Аснова З. — паляводства, а яго гал. галіна — збожжавая гаспадарка. У 1994 сусв.вытв-сць збожжа склала 1940,1 млн.т, яго вядучыя вытворцы — Кітай (больш за 20% сусв. збору збожжа), ЗША (17%), Індыя (11%). Са збожжавых культур найважнейшае значэнне маюць пшаніца, рыс і кукуруза. У 1994 у свеце было сабрана 534,3 млн.т пшаніцы; вядучыя вытворцы — Кітай (19% сусв. вытв-сці), ЗША (12%), Індыя (11%). Прыкладна столькі ж збіраюць рысу — 531,3 млн.т (1994). Асн. рысасеючыя краіны — Кітай (больш за 30% сусв. збору) і Індыя (больш за 20%). Кукуруза — гал. зернефуражная культура. У 1994 яе вытв-сць склала 551,2 млн.т. Гал. вытворцы — ЗША (42%) і Кітай (19%). Тэхн. культуры забяспечваюць сыравінай розныя галіны прам-сці. Найб. значэнне маюць алейныя (сланечнік, соя, рапс і інш.), цукраносныя (цукр. буракі, цукр. трыснёг), валакністыя (бавоўна, лён-даўгунец, каноплі, джут і інш.). Бульбаводства — галіна З. па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя мэты. Яго сусв.вытв-сць склала 283,3 млн.т (1994). Буйнейшыя вытворцы — Расія, Кітай і Польшча (удз. в. кожнай краіны складае больш за 10% сусв. валавога збору).
Аснову с.-г. вытв-сці Беларусі складае збожжавая гаспадарка. Збожжавыя культуры займаюць амаль палову ўсёй яе пасяўной плошчы (у 1996—43,2%) і выкарыстоўваюцца на харч. і фуражныя мэты. Гал. збожжавыя культуры — жыта і ячмень (гл.табл.). Вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, грэчку; з зернебабовых — кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Тэхн. культуры маюць невял. ўдз. в. ў структуры пасяўных плошчаў — 2,6% (1996), але іх роля ў эканоміцы вельмі значная. Гал.тэхн. культуры — лён-даўгунец і цукр. буракі, у апошнія гады пашыраюцца пасевы рапсу. Ільнаводства сканцэнтравана пераважна ў Віцебскай, на Пн Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абл., дзе найб. спрыяльныя ўмовы для вырошчвання лёну-даўгунцу. Цукр. буракі вырошчваюць узах. і паўд.-зах. частках Беларусі. Пасевы гэтай культуры ўтвараюць сыравінныя зоны 4 цукр. заводаў. Бульбу на Беларусі вырошчваюць усюды, на яе прыпадае 11,6% пасяўной плошчы. Краіна дае каля 4% сусв. вытв-сці бульбы, займае 8—9-е месца ў свеце. Найб.пл. пасеваў гэтай культуры ў цэнтр. і паўд. раёнах. У апошнія гады скарачаюцца плошчы пад бульбай у гаспадарках грамадскага сектара. Гародніцтва і пладаводства сканцэнтраваны на параўнальна невял. плошчах вакол буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў. Значную частку прадукцыі атрымліваюць у спецыялізаваных гаспадарках. У апошняе дзесяцігоддзе адбыліся змены ў З. на ПдУ Беларусі, што абумоўлена вынікамі аварыі 1986 на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або цалкам спынена вырошчванне лёну, грэчкі, гароднінных і бабовых культур.
2) Навука, якая распрацоўвае спосабы рацыянальнага с.-г. выкарыстання зямлі і павышэння ўрадлівасці глебы для атрымання высокіх ураджаяў; раздзел аграноміі.
Т.Л.Казакова.
Валавы збор асноўных сельскагаспадарчых культур на Беларусі (тыс.т) у гаспадарках усіх катэгорый
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСО́ (Rousseau) Жан Жак (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),
французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. Уаснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным уэстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.
На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.К.Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.Ясінскага і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;
Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;
Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.
Літ.:
Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;
Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯНСКАЕ ПРАЦЭСУАЛЬНАЕ ПРАВА
Усав. час навук. даследаванні грамадз.-працэсуальнага характару ў БССР былі састаўной часткай сав.грамадз.-працэсуальнай навукі. З канца 1960-х г. на аснове даследаванняў і тэарэт. канцэпцый вучоных-працэсуалістаў юрыд. ф-та БДУ пачала складвацца бел. працэсуальная школа. Яе фарміраванне звязана з імем С.В.Курылёва, які даследаваў праблемы права на судовую абарону, апублікаваў манаграфію «Асновы тэорыі даказвання ў савецкім правасуддзі» (1969). Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся даследаванні прынцыпу дыспазітыўнасці і пытанняў прававога становішча бакоў уграмадз. працэсе (Л.М.Арлова), працэсуальнай эканоміі ў сав.грамадз. працэсуальным праве (В.В.Ціхановіч).
У 1980-я г. фундаментальныя даследаванні праблем выкарыстання крыміналістыкі і крыміналістычнай тактыкі ў грамадз. працэсе і судаводстве правёў В.Г.Ціхіня. Распрацоўваліся пытанні: грамадз. працэсуальных адносін, статуса бакоў, прыроды судовых пастаноў, міравых пагадненняў і інш. (М.Р.Юркевіч); удзелу пракурора ў грамадз. працэсе і разбору грамадз. спраў (Ю.І.Лутчанка); гісторыі грамадз. працэсу Беларусі (І.А.Юхо, І.М.Казей); удзелу ў грамадз. працэсе дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян у абарону правоў інш. асоб, асобага вядзення, натарыяту (Т.А.Бялова); паняцця відаў судаводства, прававой прыроды вядзення па справах, што ўзніклі з адм.-прававых адносін, выканаўчага вядзення і інш. (І.М.Калядка); прынцыпаў грамадз. працэсу, касацыйнага вядзення, разгляду спраў удзярж. арбітражы (В.В.Ціхановіч); пазасудовага і судовага ўстанаўлення бацькоўства, міжнар.грамадз. працэсу і інш. (Г.У.Якаўлева). На кафедры грамадз. працэсу і прац. права праведзены даследаванні: судаводства паводле скаргаў на пастановы па справах аб адм. правапарушэннях (І.М.Калядка), удзелу адваката ў даказванні па грамадз. справах (Я.Б.Клейн), рэчавых доказаў уграмадз. працэсе (А.П.Пятроў), удзелу пракурора ў пераглядзе судовых пастаноў, якія набылі законную сілу (В.С.Камянкоў), прыватных вызначэнняў суда (Л.І.Васілеўскі), удзелу грамадскіх арг-цый і аб’яднанняў, прац. калектываў уграмадз. працэсе (В.Р.Галаванаў), праблем судовага ўстанаўлення бацькоўства (Г.У.Якаўлева). Выдадзены навуч. дапаможнікі «Грамадзянскі працэс БССР» (ч. 1—4, 1979—82), «Практыкум па грамадзянскаму працэсу БССР» (1984), «Навукова-практычны каментарый да Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Беларускай ССР» (1989).
З 1990-х г. вучоныя-працэсуалісты распрацоўваюць праблемы ўдзелу пракурора ў гасп. працэсе (І.Э.Мартыненка), абароны правоў і інтарэсаў непаўналетніх уграмадз. судаводстве (А.М.Здрок), асаблівасці разгляду спраў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў грамадз. і гасп. судаводстве (В.М.Герасімовіч), праблемы прызнання несапраўднымі актаў дзярж. і інш. органаў угасп. судах (І.І.Верхаводка), рэалізацыі прынцыпаў спаборнасці ў грамадз. судаводстве (Т.С.Таранава), працэсуальных асаблівасцей судовай абароны жыллёвых правоў (Н.У.Казлоўская), працэсуальных асаблівасцей разгляду спраў угасп. судах першай і касацыйнай інстанцый (В.У.Жандараў), логіка-тэарэт. асноў структуры і сродкаў даказвання па грамадз. справах (С.С.Сокал) пісьмовых доказаў (Ж.В.Хацук), становішча бакоў уграмадз. працэсе (І.Ю.Кірвель). Выдадзены дапаможнікі «Каментарый да Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (1999), падручнікі «Грамадзянскі працэс. Агульная частка» (2000), «Грамадзянскі працэс. Асаблівая частка» (2002), «Грамадзянскі працэс» В.Г.Ціхіні (т. 1—2, 2002—03), навучальныя дапаможнікі «Практыкум па грамадзянскаму працэсу» (2000), «Практыкум па гаспадарчаму працэсу» (2002). Фундаментальнае даследаванне прававых гарантый абароны інтарэсаў юрыдычных асоб і грамадзян угасп. працэсе праведзена В.С.Камянковым. У межах дзярж. праграмы «Прававая дзяржава» даследуюцца праблемы эфектыўнасці ажыццяўлення і абароны права як гарантыі стварэння прававой дзяржавы, працягваецца падрыхтоўка сумесна з суддзямі Вярх. суда навук.-практычнага каментарыя да Грамадз. працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, падручнікаў па гасп. працэсе.
Літ.:
Курылев С.В. Основы теории доказывания в советском правосудии. Мн., 1969;
Орлова Л.М. Права сторон в гражданском процессе. Мн., 1973;
Тихиня В.Г. Теоретические проблемы применения данных криминалистики в гражданском судопроизводстве. Мн., 1983;
Тихиня В.Г., Тихонович В.В. Конституция БССР и принципы судебной защиты гражданских прав.Мн., 1980;
Каменков В.С. Защита интересов юридических лиц и граждан в хозяйственном (арбитражном) процессе: На основе Хоз. процессуал. кодекса Респ. Беларусь и Арбитраж. процессуал. кодекса Рос. Федерации. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РСТВА,
выраб рэчаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога характару з гліны. Вядома многім народам свету як адно з найстараж. рамёстваў. На тэр. Беларусі пач. форма ганчарства з ручной фармоўкай вырабаў і абпалам на вогнішчы вядома з часоў неаліту. З пашырэннем ганчарнага круга (10 ст.) і ганчарнага горна вылучылася ў спецыялізаванае рамяство, якое дасягнула росквіту ў 16—18 ст.У многіх бел. гарадах (Мінск, Брэст, Гродна, Полацк, Віцебск, Слуцк, Капыль, Камянец, Клецк, Стрэшын, Мір, Шклоў, Дзісна) дзейнічалі самаст. ці аб’яднаныя з іншымі ганчарныя цэхі, якія выраблялі посуд, кафлю, дробную пластыку. Вырабы цэхавага рамяства, у якіх нярэдка адчуваўся ўплыў зах.-еўрап.маст. стыляў, аздабляліся штампаваным, прадрапаным ці ляпным дэкорам, ангобнай размалёўкай, у большасці выпадкаў глазураваліся. У 19 ст. цэхавая вытв-сць заняпала, ганчарства становіцца пераважна сельскім рамяством. У канцы 19—1-й пал. 20 ст. на Беларусі вядома больш за 200 асяродкаў ганчарства.
Асн. прылада для фармавання ганчарных вырабаў — ганчарны круг, падсушаныя вырабы абпальвалі ў горне. Асартымент вырабаў вызначаўся гасп. патрэбамі. Выраблялі посуд для гатавання ежы (гаршкі, макотры, латушкі, пражэльнікі, рынкі, формы), для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (карчагі, слаі, гарлачы, глякі, спарышы), сталовы посуд (збаны, талеркі, міскі, кубкі, маслёнкі), рэчы штодзённага ўжытку (рукамыйнікі, паілкі), утылітарна-дэкар. посуд (вазоны, вазы, букетнікі, фігурны посуд), ляпілі таксама дробную пластыку і цацкі. Самастойным рамяством, пераважна гарадскім, была вытв-сцькафлі. У цэлым узоры бел.нар. ганчарства вызначаюцца простымі выразнымі формамі, уаснове — шар, цыліндр, конус. Дэкор абмяжоўваўся звычайна сціплымі хвалістымі і прамымі паяскамі (стараж. сімвал вады), выціснутымі завостранай палачкай на плечуках посуду ў час яго фармоўкі на крузе ці нанесенымі вадка разведзенай глінай іншага колеру (ангобам). Ганчарны посуд Падняпроўя вызначаецца стройнасцю і вытанчанасцю формаў, плаўнымі S-падобнымі абрысамі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Благаўская кераміка, Дубровенская кераміка). На Пн Беларусі формы посуду масіўныя, устойлівыя, гарлавіны яго нібы раздаюцца ў бакі (гл.Дзісенская кераміка), нярэдка вырабы дзеля трываласці абгортвалі стужкамі бяросты, што надавала ім дадатковы дэкар.-маст. эфект. Ганчары паўд.-зах. Беларусі аддавалі перавагу прысадзістым шарападобным формам, на якія нібы насаджаны цыліндрычныя гарлавіны (гл.Гараднянская кераміка, Пружанская кераміка). Дэкар. якасці вырабаў залежалі таксама ад спосабаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі. Чорна-карычневымі плямамі на светлай тэракотавай паверхні вызначалася гартаваная кераміка, характэрная для архаічных вясковых асяродкаў ганчарства пераважна паўн.-зах. Беларусі. Гарманічнасць формаў і дэкору ў выглядзе палосак, сеткі, елачкі характэрна для чорнаглянцаваных вырабаў паўд.-зах. Беларусі (Пружаны, Ружаны Пружанскага р-на, Поразава Свіслацкага р-на, Мір Карэліцкага р-на). Кантрастам маляўнічых падцёкаў палівы карычневага, зялёнага, жоўтага колераў на светлым тэракотавым фоне чарапка вылучаліся глазураваныя вырабы. Ангобны дэкор, характэрны для вырабаў некат. асяродкаў ганчарства (Бабінавічы Лёзненскага р-на, Ракаў, Івянец Валожынскага р-на), быў сціплы і рэдка пераходзіў у стадыю ручной адвольнай размалёўкі (гл.Ракаўская кераміка).
У 1920—50-я г. ў многіх асяродках ганчарства былі створаны ганчарныя арцелі. У 1960-я г. адны з іх спынілі сваю дзейнасць, іншыя былі пераўтвораны ў дзярж. прадпрыемствы (гл. ў арт.Івянецкая кераміка). З сярэдзіны 20 ст. з насычэннем рынку прамысл. прадукцыяй традыц. ганчарства стала інтэнсіўна скарачацца. У наш час большасць ганчарных вырабаў страціла утылітарнае прызначэнне і выконвае пераважна дэкар.-маст. функцыі. Традыц. посуд нешырокага асартыменту (гаршкі, збанкі, вазоны) вырабляюць у некат. асяродках ганчарства, у ганчарных цэхах паасобных камбінатаў буд. матэрыялаў. На вытв-сці ганчарных вырабаў утылітарна-дэкар. і маст. прызначэння спецыялізуецца аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка» з прадпрыемствамі ў Івянцы, Радашковічах і Мазыры. З мэтай адраджэння традыц. ганчарства праведзены абласныя святы «Ганчарны круг — 95» у Обалі Шумілінскага р-на, «Ганчарны звон» у Любані (1996), рэспубліканскае свята «Ганчарны круг—96» у Бачэйкаве Бешанковіцкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧАЛЬНАЯ МАТЭМАТЫКА
Сістэматычныя даследаванні па ўсіх асноўных кірунках вылічальнай матэматыкі на Беларусі пачаліся ў 1950-я г. ў АН Беларусі і БДУ пад кіраўніцтвам У.І.Крылова. Асобныя пытанні ў гэтай галіне распрацоўваліся і раней (І.К.Богаяўленскі, А.В.Гельфанд і інш.).
Па праблеме лікавага аналізу атрыманы крытэрыі збежнасці квадратурнага і кубатурнага працэсаў, высветлены ўмовы збежнасці інтэрпалявання для розных класаў функцый, распрацаваны метады прыбліжанага пераўтварэння Фур’е і абарачэння пераўтварэння Лапласа і інш. (М.П.Кеда, Л.Г.Круглікава, У.І.Крылоў, А.А.Пальцаў, Н.С.Скобля, Л.Т.Шульгіна і інш.). Пабудаваны квадратурныя формулы для сінгулярных інтэгралаў тыпу Кашы і Шварца, а таксама лікавыя метады рашэння сінгулярных інтэгральных і інтэгра-дыферэнцыяльных ураўненняў, даследавана іх збежнасць (І.М.Мялешка, Г.М.Пыхцееў, Г.А.Расолька, М.А.Шэшка, Т.С.Якіменка і інш.). У галіне прыбліжанага функцыянальнага інтэгравання распрацаваны тэарэт. асновы і атрыманы эфектыўныя метады вылічэння кантынуальных інтэгралаў па гаўсавых, іншых мерах і квазімерах у агульных лінейных, функцыянальных і інш. прасторах; вывучана асімптотыка асобных класаў інтэгралаў; створаны асновы тэорыі аператарнага інтэрпалявання ў банахавых, гільбертавых і функцыянальных прасторах (І.М.Гуло, М.В.Ігнаценка, М.А.Ліхадзед, В.Б.Малюцін, В.А.Пятроў, П.І.Сабалеўскі, А.Дз.Ягораў, Л.А.Яновіч і інш.).
Распрацоўвалася тэорыя метадаў рашэння некарэктных задач, у прыватнасці, ураўненняў 1-га роду, вылічэння значэнняў неабмежаваных аператараў, рашэння экстрэмальных няўстойлівых задач. Пабудаваны і даследаваны квазіньютанаўскія і інш. віды ітэрацыйных працэсаў для рашэння ўраўненняў у лінейных прасторах і на іх аснове атрыманы алгарытмы рашэння канкрэтных класаў задач (П.П.Забрэйка, В.М.Мадорскі, А.А.Ліскавец, Н.П.Фядэнка і інш.).
У галіне звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў пабудаваны розныя варыянты метаду прагонкі; метады, заснаваныя на пакрокавым вылучэнні дакладна абарачальнай часткі зыходнага дыферэнцыяльнага аператара; шэраг метадаў рашэння жорсткіх сістэм; метады рашэння сеткавых ураўненняў і інш. (А.І.Азараў, У.В.Бабкоў, В.А.Басік, П.І.Манастырны, П.А.Мандрык, В.І.Рэпнікаў, В.М.Шаліма і інш.), а таксама лікавыя метады рашэння дэтэрмінаваных ураўненняў аэрапругкасці і гэтых жа ўраўненняў з выпадкова ўзбуранымі ядрамі і правай часткай (М.В.Дзенісенка, М.В.Чайкоўскі і інш.).
Да першых работ у галіне прыбліжаных метадаў рашэння ўраўненняў у частковых вытворных адносяцца работы па абгрунтаванні метаду інтэгральных суадносін, метаду прамых і метаду характарыстык (В.М.Абрашын, У.В.Бабкоў, У.І.Крылоў, А.А.Ліскавец, А.В.Самусенка і інш.). Прапанаваны эканамічныя метады для ўраўненняў кожнай размернасці; праведзены даследаванні рознасных схем для шырокага кола нелінейных задач матэм. фізікі, распрацаваны эфектыўныя метады даследавання збежнасці і ўстойлівасці рознасных схем для задач з неабмежаванай нелінейнасцю, у т. л. ўраўненняў газадынамікі, цеплаправоднасці, нелінейнай оптыкі і інш. (В.М.Абрашын, П.А.Вакульчык, В.М.Волкаў, Г.Ф.Грамыка, В.У.Дрыц, Н.Р.Жадаева, У.А.Шкель, А.А.Ягораў і інш.).
Распрацаваны канечна-рознасныя метады рашэння нелінейных задач тыпу Стэфана і задач, што ўзнікаюць пры матэм. мадэліраванні асноўных тэхнал. аперацый фарміравання актыўных абласцей элементаў інтэгральных схем (В.А.Жук, А.М.Мучынскі, В.А.Цурко і інш.). Пабудаваны і даследаваны рознасныя схемы на дынамічных лакальна згушчальных сетках па часавай і прасторавай пераменнай, ітэрацыйныя метады рэалізацыі нелінейных рознасных схем на адаптыўна-часавых сетках; пабудаваны вылічальныя алгарытмы рашэння ўзаемазвязаных сістэм нелінейных ураўненняў гідраўлікі (П.П.Матус, І.А.Міхайлюк, М.М.Чуйко, В.С.Шчэглік і інш.).
Распрацавана тэорыя пабудовы паралельных форм вылічальных алгарытмаў для рэалізацыі на сісталічных матрычных працэсарах, пабудаваны паралельныя формы алгарытмаў для рашэння канкрэтных вылічальных задач (В.В.Касьянчук, М.А.Ліхадзед, П.І.Сабалеўскі, А.А.Цівунчык і інш.).
Літ.:
Крылов В.И. Приближенное вычисление интегралов. 2 изд. М., 1967;
Крылов В.И., Бобков В.В., Монастырный П.И. Вычислительные методы высшей математики. Т. 1—2. Мн., 1972—75;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЯ ШКОЛА.
З 10 ст. на тэр. Беларусі пачала распаўсюджвацца слав. пісьменнасць. У 11—12 ст.у Полацку, Віцебску, Тураве, Мазыры, Мінску, Пінску, Слуцку і інш. гарадах перапісваліся кнігі і пачалося навучанне дзяцей грамаце. Дзяцей навучалі як для царк., так і для грамадскіх і гасп. спраў. У Полацку ў 992 і ў Тураве каля 1000 г. заснаваны епіскапскія кафедры. Адметную ролю ў развіцці асветы на Полацкай зямлі адыграла Ефрасіння Полацкая. У Тураўскім княстве вырас талент вядомага пісьменніка і прапаведніка Кірылы Тураўскага, які ў сваіх «Словах» і «Павучаннях» выступаў супраць гультайства, зла, насілля, ілжывасці. Развіццё рукапіснай кніжнай справы садзейнічала ўзнікненню царк.-манастырскіх і свецкіх бібліятэк. У 13 ст. пісьменства пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. сталі адкрывацца школы пры манастырах, цэрквах, феад. маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся і настаўнікі-самавучкі. У 16—1-й пал. 17 ст. на Беларусі ўзніклі канфесіянальныя пратэстанцкія школы, друкарні, з’явіліся першыя падручнікі на бел. мове. У пратэстанцкіх школах вывучалі Свяшчэннае пісанне, царк. песнапенне, стараж. мовы (лац., грэч., стараж.-рус.), родную мову, рыторыку, паэзію, дыялектыку, матэматыку. Вял. ролю ў развіцці асветы на Беларусі адыгралі брацкія школы. Эканам. і культ. развіццё бел. зямель у канцы 15 — пач. 16 ст. абумовілі станаўленне і развіццё бел. кнігадрукавання. Яго ўзнікненне звязана з дзейнасцю бел. першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, які пачаў друкарскую дзейнасць у 1517 у Празе. У 1520-я г. ў Вільні ім надрукаваны 22 кнігі пад агульнай назвай «Біблія руская», у 1522 — «Малая падарожная кніжка» і інш.У 2-й пал. 17 ст. многія брацкія школы разам з друкарнямі закрыты. З 16 да пач. 19 ст. існавалі езуіцкія навуч. ўстановы — калегіумы. У канцы 17—18 ст. распаўсюджваліся каталіцкія і уніяцкія школы. У 1773—94 агульная адукацыя ў Рэчы Паспалітай развівалася пад кіраўніцтвам Адукацыйнай камісіі, якая правяла рэформу школ і ун-таў, зацвердзіла статут і адкрыла больш за 20 свецкіх школ, у якіх больш увагі стала аддавацца прыродазнаўчым і фізіка-матэм. навукам.
У канцы 18 ст. пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі было адкрыта 20 рускіх школ, 6 малых і 2 гал.нар. вучылішчы (у Магілёве і Полацку). Да адмены ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 пераважалі каталіцкія (ордэнскія) і уніяцкія школы, навучанне вялося пераважна на польскай мове. Пасля паўстання 1863—64 кіраўніцтва адукацыяй ажыццяўлялася на аснове «Часовых правіл для народных школ Віленскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў» і выдадзенай папячыцелем Віленскай навуч. акругі А.П.Шырынскім-Шыхматавым спец. інструкцыі (1864) нагляд за нар. адукацыяй і свецкімі школамі быў даручаны правасл. духавенству. Пачатковыя школы будаваліся і ўтрымліваліся на сродкі бацькоў. Сярэдняя школа з-за высокай платы была амаль недаступная для дзяцей працоўных. Паводле перапісу 1897 сярод насельніцтва ва ўзросце 9—49 гадоў пісьменныя складалі 32%. Пад уплывам рэвалюцыі 1905—07 актывізавалася барацьба за стварэнне бел.нац. школы. У 1906 ув. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) адбываўся 1-ы на Беларусі нелегальны з’езд настаўнікаў, на якім былі сфармуляваны патрабаванні ўсеаг. абавязковага навучання і выкладання на бел. мове. У 1906 выдадзены першы бел. буквар «Беларускі лемантар» К.Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, у 1909 — «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа. У 1914/15 навуч.г. на Беларусі працавалі 7682 агульнаадук. школы ўсіх тыпаў, у т. л. 7492 пач., 119 няпоўных сярэдніх, 71 сярэдняя. Ва ўсіх тыпах школ вучылася 489 тыс. вучняў (20% усіх дзяцей школьнага ўзросту).
У 1919 Наркамат БССР увёў у дзеянне «Палажэнне аб адзінай працоўнай школе РСФСР». Навучанне ў школах вялося на роднай мове. Па ініцыятыве братоў П.М. і М.М.Лепяшынскіх быў створаны новы тып прац. школы — школа-камуна. Асн. тыпам школы стала 7-гадовая працоўная агульнаадук. і політэхнічная школа для дзяцей ва ўзросце 8—15 гадоў. У 1919 адкрыліся першыя вячэрнія школы для дарослых, а з канца 1920 арганізавана сетка школ для непісьменных. У 1926 ЦВК і СНКБССР прынялі пастанову аб увядзенні ўсеаг. абавязковага пач. навучання (завершана да 1932). У 1926 заснаваны школы 2-й ступені з 9-гадовым тэрмінам навучання (з 1932 — з 10-гадовым). Да канца 1930-х г. дзейнічалі таксама школы з выкладаннем на польскай, яўр. (ідыш) і інш. мовах. З 1932/33 навуч.г. ўведзена абавязковае 7-гадовае навучанне (завершана да 1939/40 навуч.г.). У 1939 пісьменнасць насельніцтва дасягнула 78,9%.
На тэр.Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, з 400 бел. школ да 1937 не засталося ніводнай. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР на ўсёй тэр. Беларусі стала дзейнічаць адзіная школьная сістэма. З 1940 узах. абласцях уведзена ўсеагульная 7-гадовая адукацыя дзяцей ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў. Усяго на тэр. Беларусі ў 1940/41 навуч.г. было 12 тыс. школ, у т. л. 3,5 тыс. сямігадовых і сярэдніх, у якіх навучалася 1,7 млн. вучняў.
УВял.Айч. вайну было знішчана каля 60% усіх школьных будынкаў (9 тыс. школ), усё школьнае абсталяванне і 20 млн.экз. кніжнага фонду школ. У час вайны школы, пераважна пачатковыя, працавалі ў партыз. зонах. Пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў ужо з 1944/45 навуч.г. заняткі ў школах аднавіліся на ўсёй тэр. краіны У 1945/46 навуч.г. ў 10 982 школах навучалася 1,3 млн.чал.У 1949 прынята рашэнне аб ажыццяўленні ў Беларусі ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі дзяцей 7—15 гадоў. За дзесяцігоддзе (1946—56) колькасць вучняў сярэдніх школ павялічылася на 511 тыс. чал.
У 1961 Вярх. Савет прыняў пастанову «Аб выкананні Закона «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР», у якім гал. ўвага была звернута на далейшае развіццё сярэдніх 11-гадовых школ з вытворчым навучаннем. У 1962/63 навуч.г. працавала каля 13 тыс.агульнаадук. школ, у т. л. 4,6 тыс. васьмігадовых і сярэдніх з вытворчым навучаннем, 1331 школа рабочай і сельскай моладзі, 18 завочных школ. Колькасць вучняў дасягнула 1577,3 тыс.чал., з іх 103,3 тыс. ў сістэме вячэрніх (зменных) і завочных школ і 127,2 тыс. ў старшых класах агульнаадук. школ з вытворчым навучаннем. Працавала 121 школа-інтэрнат (34 тыс. дзяцей), 38 спец. школ (5,3 тыс. вучняў) для дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. Вялікі клопат праяўляўся аб дзецях-сіротах: у 1963 у 116 дзіцячых дамах навучалася і выхоўвалася 11,5 тыс. дзяцей. Да 1962/63 навуч.г. закончыўся пераход да ўсеагульнага 8-гадовага навучання, у 1975/76 навуч.г. — да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі.
З 1995 пачалася планамерная і паступовая рэформа агульнаадук. школы Беларусі. Яе асн. мэты: стварэнне ўмоў для гарманічнага развіцця асобы, павышэнне якасці адукацыі, павелічэнне эфектыўнасці сістэмы адукацыі і яе адпаведнасці патрэбам грамадства і дзяржавы. Канцэпцыя і праграма рэформы агульнаадук. сярэдняй школы ў Рэспубліцы Беларусь (1996) прадугледжваюць стварэнне мадэлі будучай агульнаадук. сярэдняй школы. Асн. задачы гэтай школы: падрыхтоўка маладога пакалення да паўнацэннага жыцця і дзейнасці ў грамадстве, засваенне фундаментальных асноў нац. і сусв. культуры, садзейнічанне гарманічнаму развіццю асобы. Для іх вырашэння неабходны: аптымальнае спалучэнне фундаментальных ведаў з практыка-арыентаванымі; практычная накіраванасць прыродазнаўчых і прыродазнаўчанавуковых дысцыплін у базавай школе; ліквідацыя вучэбнай перагрузкі праз вызначэнне базавага кампанента ў межах зацверджаных дзяржавай стандартаў, стварэнне інтэграваных курсаў, аптымізацыі пед. тэхналогій; прыярытэт індывід. падыходу да навучання, асобасна арыентаванай парадыгмы, якая дазваляе гібка рэагаваць на адукац. запатрабаванні вучня; мадэрнізацыя сістэмы ацэнкі ведаў вучняў у кірунку яе гуманізацыі; пабудова выхаваўчай работы на культуралагічнай аснове, стаўленне да нац. і сусв. культуры як да зместу выхавання; грамадзянскі, патрыятычны, экалагічны характар выхавання. Структура 12-гадовай агульнай адукацыі:
Пачатковая школа (1—4-ы класы, з 6 да 10 гадоў) ставіць перад сабой 2 задачы: заахвочванне і развіццё ўстойлівай цікавасці да навучання, да ведаў, засваенне дзіцем базавых навыкаў працэсу вучэння — умення вучыцца; фарміраванне асноў агульнай пісьменнасці, якая дазваляе працягваць далейшае навучанне. Навучанне па праграме 1-га класа можа праходзіць як у школе, так і ў дзіцячым садзе.
Базавая (асноўная) сярэдняя школа (5—10-ы класы, з 10 да 16 гадоў) нясе на сабе асн. нагрузку па рэалізацыі задач агульнаадук. школы, падрыхтоўцы дзяцей да жыцця ў грамадстве. Праграма базавай школы характарызуецца лагічнай завершанасцю і паўнатой кола ведаў у межах дзярж. стандарту. Выпускнік павінен атрымаць веды, якімі ён будзе карыстацца ў жыцці, незалежна ад абранай прафесіі і далейшай адукацыі ці прафес. падрыхтоўкі. Школа павінна сфарміраваць уяўленні аб шляхах магчымага выбару, даць вучню сродкі для яго ажыццяўлення, дапамагчы яму раскрыць і развіць здольнасць, паказаць магчымасці іх аптымальнага выкарыстання. Асаблівай задачай з’яўляецца грамадз. выхаванне, фарміраванне ведаў аб дзяржаве, грамадстве, падрыхтоўка да выканання грамадз. функцый. Рэалізацыя гэтых задач дасягаецца на аснове засваення вучнямі базавага кампанента сярэдняй адукацыі. З 7—8-га класаў магчыма ўвядзенне розных узроўняў падрыхтоўкі (паглыбленага вывучэння асобных прадметаў), у 9—10-м класах — прафіляванне падрыхтоўкі (прыродазнаўчанавуковы, гуманітарны, політэхнічны профілі, сферы мастацтва і спорту). Паспяховае заканчэнне 10-гадовай школы і праходжанне дзярж. атэстацыі дае права на працяг адукацыі па наступных кірунках: атрыманне прафес. і агульнаадук. падрыхтоўкі ў ПТВ ці сярэдняй спец.навуч. установе, агульнаадук. падрыхтоўкі ў ліцэйскіх ці гімназічных класах.
Ліцэйскія і гімназічныя класы (тэрмін навучання 2 гады) ставяць перад сабой задачу — працяг агульнай сярэдняй адукацыі і падрыхтоўкі да вышэйшай адукацыі. Ствараюцца наступныя арганізацыйныя формы навучання: ліцэйскія і гімназічныя класы ў рамках сярэдніх агульнаадук. школ; ліцэі з прыродазнаўчанавуковымі, політэхнічнымі і гуманітарнымі класамі як самаст.навуч. ўстановы; ліцэі пры ВНУ, падрыхтоўка ў якіх адпавядае профілю гэтай навуч. ўстановы, выконваюць і функцыю сац. падтрымкі сельскай і прац. моладзі, аналагічную функцыю падрыхтоўчых аддзяленняў. Прызначэнне, падобнае на ліцэйскае, маюць і гімназіі з 12-гадовым тэрмінам навучання. Паспяховае завяршэнне ліцэйскага ці гімназічнага цыкла навучання (у адпаведных класах) дае права на паступленне ў ВНУ.
У 2003/04 навуч.г. атрыманне базавай і агульнай сярэдняй адукацыі забяспечвалі 4317 дзярж. дзённых агульнаадук. школ (1347 тыс. вучняў), у т. л. 447 пачатковых, 934 базавыя, 2700 сярэдніх, 115 гімназій, 26 ліцэяў, 7 навуч.-пед. комплексаў: школа (гімназія) — каледж і 88 школ і школ-інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. Адначасова функцыянавалі 12 недзярж. дзённых агульнаадук. школ (900 вучняў) і 79 дзярж. вячэрніх (зменных) школ (20,7 тыс. вучняў). Ва ўсіх тыпах устаноў працавала 146,7 тыс. настаўнікаў (гл.табл. 1). У першую змену ў дзярж. дзённых агульнаадук. школах навучалася 1153,5 тыс. вучняў (83,1%), у другую — 234,5 тыс. (16,9%). Сярэдняя напаўняльнасць школ усіх тыпаў Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь зменшылася на 0,1%. У 2441 дзярж. дзённай агульнаадук. школе працуюць групы падоўжанага дня, у якіх 150,6 тыс. дзяцей. У 2621 дзярж. дзённай агульнаадук. школе (60,2% ад агульнай колькасці школ) навучанне ажыццяўляецца на бел. мове, у 1313 (30,1%) — на рускай, у 418 (9,6%) — на дзвюх і больш мовах, у 2 — на польскай, у 1 — на літоўскай. Захоўваецца тэндэнцыя змяншэння колькасці школ з бел. мовай навучання. На пач. 2004 на бел. мове навучалася 360 тыс. вучняў (26% ад агульнай колькасці вучняў дзённых агульнаадук. школ), на рускай 1023 тыс. (73,7%), на польскай 800 вучняў (0,1%), на літоўскай 75 вучняў. Уведзена 10-бальная сістэма ацэнкі ведаў, уменняў і навыкаў. У 1-м класе адзнакі не выстаўляюцца.
Удасканаленне адукац. працэсу ажыццяўляецца за кошт пашырэння культуралагічнай, эканам., экалагічнай падрыхтоўкі, укаранення сучасных тэхналогій навучання, надання зместу адукацыі на ўзроўні базавай (асноўнай) школы адносна завершанага характару і ажыццяўлення профільнай дыферэнцыяцыі на апошнім этапе агульнай сярэдняй адукацыі. Пераход на 5-дзённы навуч. тыдзень дазваляе ўстанаўліваць навукова абгрунтаваную навуч. нагрузку. Паэтапнае зніжэнне напаўняльнасці класаў стварае аптымальныя ўмовы для навучання і аховы здароўя вучняў. Забяспечваецца адзінства навуч.-выхаваўчага працэсу ў сістэмах школьнай і пазашкольнай адукацыі. Працягваецца работа па стварэнні комплекснай сістэмы выхаваўчай работы, арыентаванай на фарміраванне духоўна-маральнай асобы. З 2001 праводзіцца работа па пашырэнні сеткі ўстаноў пазашкольнай адукацыі (комплексы пазашкольнай работы, цэнтры творчасці школьнікаў, турыстычныя клубы, дзіцячыя паркі і інш.) і аказваемых імі паслуг з улікам павелічэння патрэбнасцей і запатрабаванняў навучэнскай моладзі. Развіваецца дзейнасць дзіцячых і маладзёжных арганізацый. Фарміруецца сістэма псіхолага-пед. і сац.-пед. падтрымкі, завершана стварэнне сеткі спец. устаноў для аказання дапамогі дзецям і сем’ям, якія апынуліся ў экстрэмальных сітуацыях, пашырана аказанне карэкцыйна-адукац. паслуг асобам з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. З 2002 прымаюцца дадатковыя меры па арганізацыі профільных аздараўленчых летнікаў з улікам інтарэсаў, запатрабаванняў і неабходнасці ў аздараўленні розных катэгорый вучняў. Пашыраецца практыка аздараўлення дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця; дзяцей, якія стаяць на прафілактычным уліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх.
Табліца 1 Установы, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі (на пачатак навуч. года)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЕ́ЛЬНЫЯ ПЕ́СНІ,
найбольш разгорнуты цыкл сямейна-абрадавага фальклору; муз.-паэт. кампанент цэласнай сістэмы абраду вяселля. Вядомыя многім народам свету.
Гістарычна склаліся як форма сімвалічнага выражэння сац.-прававых, маёмасных і сямейных узаемадачыненняў, вераванняў, маральна-этычных і эстэт. поглядаў і каштоўнасцей. Разам з абрадавымі дзеяннямі рытуалізуюць адзін з асн. этапаў жыццёвага шляху чалавека — пераход у іншую сям’ю (род), іншую сац. групу. Як элемент абрадавай сістэмы часта выяўляюць сваю семантыку толькі ў этнагр. кантэксце. Разам з тым муз. і паэт. бакі вясельных песень утвараюць аўтаномныя падсістэмы, кожная з якіх мае спецыфічныя заканамернасці. Упаэт. сферы яны раскрываюцца пры класіфікацыі тэкстаў па функцыян.-тэматычным і жанравым прынцыпах.
Убел. вясельных песнях на функцыянальна-тэматычным узроўні выяўляюцца групы песень, якія адпавядаюць пэўным этапам вяселля; на жанравым узроўні вясельныя песні падзяляюцца на апавядальна-каменціруючыя, імператыўныя (заклінанні, распараджэнні, патрабаванні, парады), велічальныя і дакаральныя, лірычныя (з вял. цыклам сірочых песень), прыпевы і меладызаваныя прыгаворы. Паводле геагр. аспекту асн. сюжэты бел. вясельных песень падзяляюць на 3 групы: сюжэты, якія бытуюць на ўсёй тэр. Беларусі; сюжэты, якія пры захаванні асн. сюжэтных характарыстык набываюць рэгіянальныя адметнасці пераважна ў выніку вар’іравання зачынаў, часцей канцовак тэкстаў, і сюжэты, характэрныя толькі для пэўных рэгіёнаў ці мясц. традыцый.
Напевы вясельных песень тыповыя, палітэкставыя, маюць разнастайны характар гучання, утвараючы ў абрадзе 3 вобразна-эмац. сферы: рытуальна-святочную, жартоўную (паводле нар. вызначэння, «вясёлыя») і лірыка-драматычную («абідлівыя»). У розных этнагр. рэгіёнах яны суадносяцца па-рознаму ў залежнасці ад дамінуючага там комплексу вясельнага абраду і асаблівасцей мясц. песеннай сістэмы. На У Беларусі, дзе ў песеннай сістэме пануе карагодна-гульнявы комплекс, а ў вясельным рытуале стаўбавы абрад (паўн. зона), напевы вясельных песень маюць яскравы эмац.-ўзнёслы, воклічны характар, маторны тып рытмікі, тэмбравую звонкасць; асаблівай кантрастнасцю вызначаецца песенны рытуал паўн. зоны, дзе святочнаму гучанню квінтавых вясельных песень процістаяць галашэнні маладой і яе маці, напевы якіх ідэнтычныя пахавальным. Узах. рэгіёне пануе лірычны гукавы вобраз, што звязана з элегічным характарам пашыранага тут абраду зборнай суботы і перавагай у песеннай сістэме пазаабрадавых лірычных песень позняга гіст. пласта, якія часта выступаюць у функцыі вясельных. Вясельным песням Паазер’я ўласціва сказава-апавядальная, напаўрэчытатыўная манера інтанавання, пераважаюць квартавыя напевы з пластычнай меладычнай лініяй. Мясц. галашэнні маюць песенны характар (стабільную складавую муз.-рытмічную форму, адносна спакойную манеру выканання) і складаюць з песнямі адзіны тыпалагічны рад. У гэтых трох рэгіёнах вясельныя песні выконваюцца пераважна аднагалосна, з нярэдкім «адхіленнем» у двухгалоссе: гетэрафоннага тыпу на Паазер’і, квартава-квінтавага ва ўсх. і тэрцава-квінтавага ў зах. рэгіёнах. Асаблівасці вясельных песень Палесся найперш вызначаюцца разгорнутай дэталізацыяй каравайнага абраду, ствараюць атмасферу абшчыннай урачыстасці і весялосці з палкім, часам нават разгульным характарам. Песні выконваюцца ва унісонна-гетэрафонным або дыяфонным на бурдоннай аснове стылі. Іх яркае, сакавітае, часам «вострае» з доўгімі выгукамі і глісанда гучанне абумоўлена і распаўсюджанай на Палессі традыцыяй галаснога спеву. Уцэнтр. рэгіёне адбываецца змяшэнне песенных традыцый усходу, захаду, поўначы і поўдня. Пры гэтым у зонах іх перакрыжавання ўтвараюцца версіі тыповых напеваў, спецыфічных для мясц. традыцый.
Заканамернасці муз. кампанента вясельных песень раскрываюцца і на ўзроўні сістэматызацыі напеваў па функцыянальна-тыпалагічным прынцыпе (тыпізуючым выступае структурна-рытмічны комплекс), што дазваляе вылучыць 8 асн. тыпаў вясельных напеваў, пашыраных на ўсёй Беларусі, і некалькі лакальных груп. Асн. тыпы, захоўваючы ўстойлівасць структурна-рытмічных комплексаў, у розных рэгіёнах мяняюць інтанацыйна-меладычны комплекс і набываюць своеасаблівы характар гучання.
Літ.:
Янчук Н.А. По Минской губернии: (Заметки из поездки в 1886 г.). М., 1889;
Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;
Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Вяселле: Песні. Кн. 1—6. Мн., 1980—88;
Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,
навука пра хім. элементы і ўтвораныя імі простыя і складаныя рэчывы, акрамя арганічных злучэнняў. Асн. задачы Н.х. — даследаванне будовы, саставу і ўласцівасцей простых рэчываў і хім. злучэнняў, навук. абгрунтаванне і распрацоўка спосабаў атрымання матэрыялаў, неабходных сучаснай тэхніцы. Асн. метады даследаванняў грунтуюцца на аналізе (сукупнасць аперацый, скіраваных на вызначэнне якаснага і колькаснага саставу рэчыва) і сінтэзе (атрыманне складаных хім. злучэнняў з больш простых ці з хім. элементаў). У Н.х. выкарыстоўваюцца тэарэт. ўяўленні і метады фізікі, крышталяграфіі, крышталяхіміі, а таксама метады аналіт., фіз. і калоіднай хіміі. Па аб’ектах, якія вывучаюцца, падзяляюць: на хімію асобных элементаў, хімію груп элементаў перыяд. сістэмы (хімія шчолачных металаў, галагенаў, шчолачназямельных элементаў, халькагенаў і інш.), хімію пэўных злучэнняў некаторых элементаў (хімія сілікатаў, пераксідных злучэнняў і інш.), хімію блізкіх па ўласцівасцях і галінах выкарыстання рэчываў (хімія тугаплаўкіх рэчываў, інтэрметалідаў, паўправаднікоў, высакародных металаў, неарган. палімераў і інш.), а таксама хімію элементаў, аб’яднаных у групы па адзнаках, якія склаліся гістарычна (напр., хімія рэдкіх элементаў). Самаст. раздзел Н.х. — каардынацыйная хімія, ці хімія каардынацыйных злучэнняў (ш. Комплексныя злучэнні). Звычайна «адасабляюць таксама хімію пераходных элементаў.
Гісторыя Н.х. пачынаецца з глыбокай старажытнасці; першыя звесткі пра золата, серабро, медзь, волава і інш. металы адносяцца да 3 ст. да н.э.У сярэднія вякі, калі панавала алхімія, былі адкрыты мыш’як, сурма, фосфар, цынк, вісмут, атрыманы к-ты (серная, саляная, азотная), некаторыя солі і інш. неарган. злучэнні. Як самаст. навука пачала развівацца ў 18—19 ст., калі былі ўстаноўлены асн. законы хім. атамістыкі: законы захавання масы пры хім. рэакцыях (М.В.Ламаносаў, 1756; А.Лавуазье, 1770), пастаянства саставу (Ж.Пруст, 1801—07), кратных адносін закон (Дж.Дальтан, 1803). Упач. 19 ст. Ё.Я.Берцаліус апублікаваў табліцу атамных мас 45 вядомых элементаў; А.Авагадра і Ж.Л.Гей-Люсак адкрылі газавыя законы; П.Л.Дзюлонг і А.Пці вынайшлі правіла, што звязвае цеплаёмістасць з колькасцю атамаў у злучэнні; Г.І.Гес адкрыў закон пастаянства колькасці цеплаты (гл.Геса закон) узнікла атамна-малекулярная тэорыя. У 1807 Г.Дэві ажыццявіў электроліз гідраксідаў натрыю і калію і ўвёў у практыку новы метад атрымання простых рэчываў. У 1834 М.Фарадэй апублікаваў асн. законы электрахіміі. Наступны этап у развіцці Н.х. звязаны з адкрыццём перыяд. закону і перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева (1869), а таксама з дасягненнямі фізікі, якія дазволілі даць перыяд. закону фіз. абгрунтаванне, заснаванае на тэорыі будовы атама. Упач. 20 ст. прапанаваны першыя электронныя тэорыі валентнасці (В.Косель, 1915; Г.Льюіс, 1916), распрацаваны асновы каардынацыйнай хіміі (Л.А.Чугаеў, І.І.Чарняеў). Даследаванне прыроднай радыеактыўнасці прывяло да адкрыцця прыродных радыеактыўных элементаў і ўзнікнення радыяхіміі. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці дазволіла атрымаць новыя хім. элементы і ізатопы, запоўніць прабелы ў перыяд. сістэме элементаў і дабудаваць яе трансуранавымі элементамі. Развіццё ядз. энергетыкі, рэактыўнай тэхнікі, электронікі спрыяла стварэнню новых сінт. матэрыялаў і тэхналогій з выкарыстаннем дасягненняў у галіне тэхнікі высокіх тэмператур і ціску, глыбокага вакууму, распрацоўкі метадаў атрымання матэрыялаў высокай чысціні. Важная задача сучаснай Н.х. — даследаванне хім. уласцівасцей і спосабаў атрымання рэдкіх металаў (ніобій, тытан, малібдэн, тантал) і сплаваў на іх аснове, вывучэнне неарганічных палімераў і сіталаў. Н.х. з’яўляецца таксама навук. базай хім. вытв-сці неарган. рэчываў (солей, Кіслот, шчолачаў і інш.), неабходных для развіцця цяжкай індустрыі і сельскай гаспадаркі.
На Беларусі даследаванні па Н.х. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН (сінтэз эмаляў, адсарбентаў, каталізатараў, керамічных матэрыялаў і мінер. угнаенняў), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН і БДУ (сінтэз звышцвёрдых і паўправадніковых матэрыялаў, сегнетаэлектрыкаў і ферытаў), Бел.тэхнал. ун-це (фосфарныя ўгнаенні, пераўскіты, ферыты), НДІ будматэрыялаў (пенашкло, пенабетон, вапна і інш.), Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (паўправадніковыя злучэнні).
Літ.:
Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975;
Штрубе В. Пути развития химии: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСТАЎРА́ЦЫЯ (ад позналац. restauratio аднаўленне),
1) у шырокім сэнсе — аднаўленне чаго-н. у першапачатковым (ці блізкім да першапачатковага) выглядзе.
2) Р. ў архітэктуры і мастацтве — умацаванне і аднаўленне разбураных, пашкоджаных або скажоных помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, археал. знаходак і інш.); састаўная ч.аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Праводзіцца з мэтай выяўлення і аднаўлення іх гіст. і маст. каштоўнасці, падаўжэння іх веку і ўключэння ў сучаснае жыццё на аснове дэталёвага дакумент. даследавання помніка (апісанні, фотафіксацыя, абмерныя чарцяжы, археал., гіст., інж.-тэхн.) і навукова абгрунтаванага праектнага рашэння з фіксацыяй усіх змен.
У працэсе Р. могуць уводзіцца новыя элементы, неабходныя па эстэт. і канстр. меркаваннях, ужываюцца новыя матэрыялы, тэхніка і тэхналогіі, якія не парушаюць цэласнасці помніка і яго гіст.рыс. Метады і спосабы Р. вызначаюцца характарам далейшага існавання помніка: кансервацыя, аднаўленне (адбудова), прыстасаванне, рэканструкцыя, уласна Р., перанясенне (з поўнай разборкай помніка або без яе), рэгенерацыя (комплекс горадабуд. і рэстаўрацыйных ’работ па захаванні гіст. забудовы і ансамбляў). Мэта Р. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — умацаванне і раскрыццё ад скажаючых напластаванняў. Р. папярэднічае вывучэнне прычын і відаў разбурэнняў аб’ектаў (спектральны, храматаграфічны, мікракрышт. і інш. аналізы, рэнтгенаграфаванне, макра- і мікрафатаграфаванне і г.д.). У працэсе Р. праводзіцца структурнае ўмацаванне твораў з выкарыстаннем роднасных ці спец.сінт. матэрыялаў, выпраўляюцца іх дэфармаваныя часткі, аднаўляюцца ці выдаляюцца хім. зменлівыя элементы, часткова ці поўнасцю выдаляюцца пазнейшыя дапаўненні. Розніца мясц. умоў, традыцый, мэт і ўзроўню Р. вызначае разнастайнасць яе тэарэт. канцэпцый у розных рэгіёнах. Першыя прыклады Р. помнікаў архітэктуры мелі выпадковы характар. У 19 ст. склаўся навук. падыход да Р. (арка Ціта ў Рыме, 1 ст.н.э., рэстаўрыравана ў 1821; Дзмітрыеўскі сабор 12 ст. ў г. Уладзімір, Расія, рэстаўрыраваны ў 1834-43).
На Беларусі першыя навук. Р. гіст. помнікаў арганізаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. членамі камісіі Рус.археал.т-ваУ.В.Суславым (Камянецкая вежа 13 ст.) і П.П.Пакрышкіным (Сафійскі сабор 11 ст. ў г. Полацк). У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі праведзена Р. помнікаў архітэктуры: Стары замак 14—16 ст. ў Гродне, палац 18 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на, кальвінскі збор 16 ст. ў г. Смаргонь, касцёл 16 ст. ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на. Значныя рэстаўрацыйныя работы праведзены пасля разбурэнняў уВял.Айч. вайну. Спецыфічнасць помнікаў архітэктуры і мастацтва Беларусі (шматразовыя разбурэнні, перабудовы і наслаенні розных эпох і стыляў, асаблівасці ўздзеяння на помнікі кліматычных умоў, недаўгавечнасць іх асн. матэрыялаў) ускладняе іх Р. З 1968 Р. помнікаў вялі Спец.навук.-рэстаўрацыйныя вытв. майстэрні, з 1985 — вытв. аб’яднанне «Белрэстаўрацыя». У 1991 утворана Гал. ўпраўленне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры СМ Беларусі, у 1996 яно рэарганізавана ў Камітэт па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў пры Мін-ве культуры Беларусі. Сярод найб. значных навук. Р. помнікаў: архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква 16 — пач. 17 ст. ў г. Заслаўе, касцёл 19 ст. ў в. Раўбічы Мінскага р-на; Слуцкая брама 17—18 ст. ў г. Нясвіж, манастыр базыльянак 18 ст. і рэшткі Прачысценскай царквы 12 ст. ў Гродне, Сафійскі сабор уг. Полацк (рэшткі храма 11 ст., дэкор 18 ст. і інш.), будынкі філіялаў Літ. музея Я.Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на і Літ. музея Я.Коласа ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на; гісторыі — дом-музей Э.Ажэшкі 19 ст. ў Гродне; манум. жывапісу — размалёўка абл. б-кі імя Я.Ф.Карскага і сграфіта на фасадах касцёла брыгітак 17 ст. ў Гродне, размалёўка Успенскага касцёла ў г. Мсціслаў. Рэстаўрыруюцца старадаўні жывапіс і скульптура, керамічныя і ювелірныя вырабы, мэбля, муз. інструменты, старадрукі і інш. (захоўваюцца ў Нац.маст. музеі Беларусі, Нац. музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і інш.).
3) Р. ў палітыцы — аднаўленне ранейшага, звергнутага паліт. ладу.
Літ.:
Выгонная А.А., Калнин В.В., Цейтлина М.М. Основы реставрации памятников архитектуры, монументальной и станковой живописи. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕМНЫЯ ВОДЫ.
На Беларусі падземныя воды пашыраны ў водапранікальных пародах асадкавага чахла і масівах крышталічнага фундаменту. Паводле якасных паказчыкаў іх падзяляюць на прэсныя, мінеральныя, прамысловыя і тэрмальныя.
Прэсныя падземныя воды сканцэнтраваны пераважна ў верхніх ваданосных гарызонтах і комплексах Прыбалтыйскага, Прыпяцкага, Брэсцкага, Аршанскага артэзіянскіх басейнаў. Мінералізацыя прэсных падземных вод пераважна 0,3—0,5 г/дм3, пітных — да 1 г/дм3 (паводле ДАСТа). У іх хім. саставе пераважаюць гідракарбанаты, кальцый, магній, радзей сульфаты і натрый. Паводле ўмоў залягання прэсныя падземныя воды падзяляюцца на грунтавыя і артэзіянскія. Грунтавыя воды насычаюць пароды 1-га ад паверхні зямлі ваданоснага гарызонту і звычайна безнапорныя. Артэзіянскія воды насычаюць пароды 2-га, 3-га і ніжэй залягаючых ад зямной паверхні ваданосных гарызонтаў. Яны пераважна напорныя. Галоўная мэта здабычы прэсных падземных вод — гаспадарча-пітное водазабеспячэнне. На тэр. Беларусі разведана каля 250 радовішчаў прэсных падземных вод, іх эксплуатацыйныя запасы складаюць больш за 6 млн.м³/сут (прыкладна па 600 л на кожнага жыхара краіны). Эксплуатуюцца адзінкавымі свідравінамі (больш за 30 тыс.), групавымі водазаборамі, калодзежамі (у сельскай мясцовасці для ўласных патрэб насельніцтва, абсталяваны пераважна пад выкарыстанне грунтавых вод). На большай частцы тэрыторыі прэсныя падземныя воды добра ахаваны ад антрапагеннага ўздзеяння. За іх якасцю ажыццяўляецца пастаянны кантроль у межах дзярж. маніторынгу падземных вод.
Мінеральныя воды пашыраны ў многіх месцах краіны. Паводле іх іонна-салявога саставу вылучаюць гідракарбанатныя, сульфатныя (напр., «Рассветаўская»), хларыдныя (напр., «Мінская-4») і складанага саставу (гідракарбанатна-хларыдная, напр., «Брэсцкая»; гідракарбанатна-сульфатныя; сульфатна-хларыдныя, напр., «Усмешка», «Бярэзінская», «Барысаўская», «Бабруйская»; хларыдна-сульфатныя, напр., «Магілёўская»); паводле катыённага саставу — натрыевыя (напр., «Нарачанская», «Крынічка», «Дарыда») і кальцыевыя (напр., «Парэчча-1»). Паводле павышаных канцэнтрацый біялагічна актыўных кампанентаў вылучаюць мінеральныя воды серавадародныя, жалезістыя, радонавыя, бромныя, бромна-ёдныя, борныя, фторыстыя.
У гідракарбанатных водах з рознай камбінацыяй аніёнаў і катыёнаў, ускрытых у крышталічным фундаменце, павышаная колькасць радону (170—1480 Бк/дм3). Мінералізацыя вод да 2—3 г/дм3. Сульфатныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на значнай частцы тэр. краіны ў адкладах ад ардовіку і сілуру да юры. Характарызуюцца мінералізацыяй ад 4—6 г/дм3 да 25,8 г/дм3 і канцэнтрацыяй бору да 40 мг/дм3. Хларыдныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на ўсёй тэр. краіны, у пародах крышталічнага фундаменту, адкладах пратэразою, кембрыю, дэвону, пярмі, трыясу, юры. Паводле мінералізацыі падзяляюцца на воды малой мінералізацыі (да 10 г/дм3), сярэдняй (10—35 г/дм3) і расолы (35—70 г/дм3). У хларыдных водах рознай мінералізацыі павышаная канцэнтрацыя жалеза (да 20 мг/дм3), серавадароду (200—300 мг/дм3), брому (да 500 мг/дм3), ёду (да 3 мг/дм3), бору (да 20—25 мг/дм3), фтору (да 3,3 мг/дм3). На тэр. Беларусі адкрыта больш за 80 радовішчаў мінеральных вод, агульныя запасы якіх складаюць больш за 20 тыс.м³/сут. На іх базе функцыянуюць заводы па разліве мінеральных вод у гарадах Мінск, Брэст, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, г.п. Ушачы (Віцебская вобл.), пасёлках Ждановічы (Мінскі р-н), Парэчча (Гродзенскі р-н), в. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) і інш.; санаторыі «Аксакаўшчына», «Беларусь», «Дружба», «Крыніца» (Мінская вобл.), «Лётцы» (Віцебская вобл.), «Радон» (Гродзенская вобл.) і інш.; прафілакторыі і дамы адпачынку. Мінеральныя воды выкарыстоўваюць у якасці сталовых, лячэбна-сталовых і бальнеалагічных. На кожным радовішчы арганізаваны зоны санітарнага кантролю, вядуцца рэжымныя назіранні і кантроль хімічнага саставу.
Прамысловыя воды — гэта падземныя расолы з мінералізацыяй 320—460 г/дм3, у якіх ёсць шэраг каштоўных кампанентаў у прамысловых колькасцях. Такімі расоламі насычаны верхнепратэразойскія і дэвонскія адклады Прыпяцкага артэзіянскага басейна. Яны залягаюць на глыбінях 2000—4500 м і перакрыты дзвюма магутнымі водатрывалымі саляноснымі тоўшчамі, якія забяспечваюць утварэнне расолаў і іх захаванасць. Т-ра расолаў у прыродным заляганні 40—90 °C, што дае падставу адносіць іх да тэрмальных вод. Прагнозныя запасы прамысловых расолаў складаюць каля 35 тыс.м³/сут. Яны сканцэнтраваны ў 4 радовішчах, на 2 з якіх праведзены разведачныя работы і ацэнены эксплуатацыйныя запасы. Прамысловыя воды выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, медыцыне. На іх аснове наладжана доследная вытворчасць ёду і брому.