ПЛАЗМО́ЛІЗ (ад плазма + лізіс),
аддзяленне прысценачнага слоя цытаплазмы ад цвёрдай абалонкі расліннай клеткі. Адбываецца ў жывых клетках па прычыне сціскання пратапласта пад уздзеяннем плазмалітыку — раствору, гіпертанічнага да клетачнага соку. Пры запаволеным П. клеткі здольныя даволі доўга заставацца жывымі і пры перанясенні ў звычайную ваду хутка аднаўляюць стан тургару. Здольнасць да П. выкарыстоўваюць у эксперым. цыталогіі і фізіялогіі раслін для вызначэння асматычнага патэнцыялу, вязкасці цытаплазмы, вывучэння клетачнай пранікальнасці і інш.
т. 12, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ЎРА (ад грэч. pleura рабро, бок, сценка),
серозная абалонка, што пакрывае лёгкія і сценкі грудной поласці наземных пазваночных і чалавека. Адрозніваюць унутраны, ці вісцэральны лісток П., які зрастаецца з тканкай лёгкага, і прысценны, або парыетальны, які высцілае знутры сценкі грудной поласці. У млекакормячых плеўральная (грудная) поласць поўнасцю адмежавана ад брушной дыяфрагмай і запоўнена серознай вадкасцю, якая памяншае трэнне лёгкіх пры дыханні. Запаленне П. выклікае плеўрыт.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТО́ЛІЗ (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + лізіс),
утварэнне мінералаў за кошт вылучаных з магмы пры яе раскрышталізацыі лятучых кампанентаў (пара- і газападобных) ці ад уздзеяння іх на горныя пароды. Пры ўздзеянні магматычных эманацый, складзеных пераважна са злучэнняў бору, фтору, хлору, фосфару і шчолачных металаў, на ўмяшчальныя пароды адбываецца пнеўматалітавы метасаматоз (гл. Метасаматызм), адкладваюцца злучэнні металаў і металоідаў (мінералы: касітэрыт, вальфраміт, шэеліт, берыл, тапаз і інш.). Звычайна П. суправаджаецца гідратэрмальнымі працэсамі.
т. 12, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭФЕРЭ́НЦЫЯ (франц. préférence перавага ад лац. praeferre аддаваць перавагу),
ільгота, якая даецца пры абкладанні мытнымі пошлінамі ўсіх або некалькіх тавараў асобных краін і не пашыраецца на тавары інш. краін. Ажыццяўляецца ў форме зніжэння падаткаў, скідак з мытных пошлін, вызвалення ад Плацяжоў, прадастаўлення выгадных крэдытаў. П. даюцца дзяржавай, маюць адрасны характар. У адносінах паміж дзяржавамі П. даюцца на пачатках узаемнасці ці ў аднабаковым парадку. Гл. таксама Найбольшага спрыяння рэжым.
т. 13, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТО́З (ад грэч. ptōsis падзенне),
блефараптоз, апушчэнне верхняга павека ў чалавека. Адрозніваюць П. прыроджаны і набыты; паралітычны, сімпатычны, старэчы. Прыроджаны П. абумоўлены недаразвіццём мышцы, якая паднімае верхняе павека, аплазіяй ядраў вокарухальнага нерва. Бывае адна- і двухбаковы. Вылучаюць таксама поўны і частковы П. (у залежнасці ад закрыцця вочнай шчыліны). Набыты П. узнікае ў выніку траўмы цэнтраў вокарухальнага нерва, пры пухлінах, кровазліццях і інш., пераважна аднабаковы. Лячэнне хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
т. 13, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕПРАТЭ́КТАРЫ (ад радые... + лац. protector абаронца),
рэчывы, увядзенне якіх перад апрамяненнем у асяроддзе з біял. аб’ектамі, у арганізм жывёлы, чалавека зніжае шкоднае дзеянне іанізавальнага выпрамянення. Пераважна сінт. паходжання. Прызначаны для індывід. аховы арганізма ад знешняга апрамянення пры аварыях, у ваен. умовах, для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Дзеянне Р. відаспецыфічнае, напр., некат. Р. ахоўваюць мікраарганізмы і клеткі ў культуры і не абараняюць млекакормячых.
Н.А.Арцёмава.
т. 13, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖА́ВА,
ручай у Палескім р-не Кіеўскай вобл. Украіны (верхняе цячэнне) і Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. (ніжняе цячэнне), правы прыток р. Жалонь (бас. р. Прыпяць). Даўж. 20 км. Вадазбор нізінны (пл. 99 км²). Пачынаецца за 1 км на ПнУ ад в. Дзянісавічы Палескага р-на і на працягу 2,4 км цячэ на тэр. Украіны, вусце за 1 км на ПнУ ад в. Ражава Нараўлянскага р-на. Цячэ ў зоне адсялення.
т. 13, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКІ́ТНІЦА,
вёска ў Жабінкаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 12 км на Пд ад горада і чыг. ст. Жабінка, 20 км ад Брэста. 600 ж., 205 двароў (2001). Брэсцкае абл. ўпраўленне радыё і тэлебачання. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Курган Памяці на ўшанаванне памяці воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 13, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЕ́ЯННЕ ХВАЛЬ,
узбурэнні хвалевых палёў, выкліканыя неаднастайнасцямі асяроддзя, дзе распаўсюджваюцца хвалі, ці на рассейвальных аб’ектах у гэтым асяроддзі. Вынік дыфракцыі хваль на асобных аб’ектах рассеяння вядзе да ўтварэння другасных хваль, якія распаўсюджваюцца ва ўсіх магчымых напрамках, а таксама да аслаблення інтэнсіўнасці зыходнай хвалі. Для Р.х. ад мноствавых аб’ектаў характэрны калектыўныя эфекты, абумоўленыя суперпазіцыяй палёў рассеяння і шматразовым рассеяннем. Так фарміруюцца дыяграмы рассеяння ад перыядычных структур, напр., дыфракцыйнай рашоткі.
т. 13, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАС-ША́МРА, Рас-эш-Шамра,
шматпластавы археал. помнік на ўзгорку за 12 км на Пн ад г. Латакія (Сірыя). Раскопкамі 1929—39 і 1948—63 тут адкрыты рэшткі паселішчаў, якія датаваны ад 7—6-га тыс. да н.э. да 5—3 ст. да н.э., у т. л. стараж. г. Угарыт. Выяўлены палацавы комплекс (каля 9 тыс. м²), храмы клінапісныя архівы і бібліятэкі. шмат вырабаў з каштоўных металаў і слановай косці.
т. 13, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)