ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць зямельных тэрыторый, што выкарыстоўваюцца ці прыдатныя для выкарыстання ў гасп. мэтах і ў якасці сродкаў вытв-сці; від прыродных рэсурсаў. Падзяляюцца на 3 групы: угоддзі сельскагаспадарчыя; землі для размяшчэння сродкаў вытв-сці, непарыўна звязаных з зямлёй (ахоўныя лясныя насаджэнні, гідратэхн. збудаванні, пляцоўкі для с.-г. авіяцыі і інш.); землі, якія не выкарыстоўваюць у с.-г. вытв-сці (камяністыя месцы, яры і інш.). З.р. выкарыстоўваюцца і для размяшчэння нар.-гасп. аб’ектаў, рассялення насельніцтва, як гал. сродак вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Агульная пл. сушы на зямным шары складае 133,9 млн. км² (без уліку 14 млн. км², што пад ледавікамі), з якой тундравыя і лесатундравыя тэрыторыі займаюць 17 млн. км². Пад с.-г. землямі занята каля 35%, лясамі і хмызнякамі — больш за 30%, населенымі пунктамі, прам-сцю і транспартам — больш за 3%. На душу насельніцтва плошчы пад ворнай зямлёй, лугамі і пашамі складаюць каля 1 га. Ў сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва Зямлі і выбыццём ч. ўгоддзяў з с.-г. абароту, штогод выключаецца з карыстання 5—7 млн. га. Гл. таксама Зямельны фонд.

т. 7, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

адзін з кірункаў глыбіннай псіхалогіі, які заснаваны на вучэнні аўстр. псіхолага А.Адлера. Гал. яе ідэя ў тым, што чалавек — адзіны і непадзельны арганізм, ва ўзаемасувязі якога знаходзяцца не толькі мозг і цела, але і ўсе праявы яго псіхічнага жыцця, Адлер лічыў, што ўжо ў дзяцінстве ў чалавека часам праяўляецца пачуццё фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці (т.зв. «комплекс непаўнацэннасці»), якое ён імкнецца пераадолець. У кожнага складваецца свой унікальны стыль жыцця, фарміруецца т.зв. «сацыяльны інтарэс», на развіццё якога істотны ўплыў аказваюць асаблівасці сямейнага выхавання і сацыялізацыі асобы. Састаўной часткай І.п. з’яўляецца канцэпцыя творчага «Я», паводле якой кожны чалавек патэнцыяльна здольны дзейнічаць творча, стваральна, а яго паводзіны вызначаюцца пастаўленай жыццёвай мэтай — дасягнуць асабістай дасканаласці, цэласнасці і самарэалізацыі. І.п. аказала ўплыў на развіццё сацыяльна-псіхалагічных і групавых метадаў тэрапіі (К.​Хорні, Э.​Фром і інш.).

Літ.:

Адлер А. Практика и теория индивидуальной психологии: Пер. с нем. М., 1995;

Яго ж. Понять природу человека: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хьел Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ ХВА́ЛЬ,

з’ява ўзмацнення ў адных і аслаблення ў другіх пунктах прасторы амплітуды выніковай хвалі, атрыманай пры складанні дзвюх (ці больш) хваль. Назіраецца для хваль любой прыроды. Прыводзіць да пераразмеркавання энергіі ваганняў паміж суседнімі ўчасткамі асяроддзя, аднак у сярэднім выніковая энергія роўная суме энергій зыходных хваль.

І.х. адбываецца, калі рознасць іх фаз не мяняецца з цягам часу (гл. Кагерэнтнасць) або змяняецца настолькі павольна, што атрыманая інтэрферэнцыйная карціна за час назірання не паспявае зрушыцца на адметную велічыню; для назірання інтэрферэнцыі папярочных хваль неабходна таксама супадзенне плоскасцей іх ваганняў. Амплітуда выніковага вагання мае найб. значэнне, калі φ = 2πn, дзе п — цэлы лік, і найменшае, калі φ = 2πn+1. Размеркаванне максімумаў і мінімумаў у прасторы залежыць ад даўжыні хвалі, памераў, формы і ўзаемнага размяшчэння крыніц зыходных хваль. Асобны выпадак І.х. — інтэрферэнцыя сустрэчных хваль (напр., прамой і адбітай), што вядзе да ўтварэння стаячай хвалі. І.х. выкарыстоўваецца ў оптыцы (гл. Інтэрферэнцыя святла), астрафізіцы, акустыцы, радыётэхніцы, галаграфіі і інш. Гл. таксама Інтэрферометр.

А.​І.​Болсун.

Да арт. Інтэрферэнцыя хваль: 1 — інтэрферэнцыя дзвюх хваль на паверхні вады; 2 — утварэнне мінімумаў (а) і максімумаў (б).

т. 7, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВЫ ГАДЗІ́ННІК, атамны гадзіннік, малекулярны гадзіннік,

прылада для дакладнага вымярэння часу, якая мае кварцавы генератар, што кіруецца квантавым стандартам частаты. Ход К.г. рэгулюе частата выпрамянення атамаў або малекул пры іх квантавых пераходах з аднаго энергет. стану ў другі.

Гэтая частата настолькі стабільная (хібнасць 10​−11—10​−13), што дазваляе вымяраць час больш дакладна, чым з выкарыстаннем астр. метадаў (недакладнасць ходу каля 1 с за 100 гадоў). К.г. мае спец. электронныя прыстасаванні, якія фарміруюць сетку частот, забяспечваюць вярчэнне стрэлак або змену лічбаў на цыферблаце, выдачу сігналаў дакладнага часу. Выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі для вымярэння адлегласцей ад лятальнага апарата да наземнай станцыі (параўнаннем фазы сігналу, прынятага з Зямлі, з фазай апорнага сігналу бартавога абсталявання), у службах дакладнага часу, неабходнага для геал., геафіз. і інш. работ, а таксама ў якасці эталона частаты пры фіз. даследаваннях. На аснове К.г. ў 1960-я г. створана сістэма адліку часу, незалежная ад астр. назіранняў (наз. атамным часам). Гл. таксама Секунда.

Структурная схема квантавага гадзінніка: КСЧ — квантавы стандарт частаты; 3 — змешвальнік; П — памнажальнік; КГ — кварцавы генератар; СЧ — сінтэзатар частот, У — узмацняльнік; ФД — фазавы дэтэктар; КБ — кіравальны блок.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПЕ́ННЕ,

пераход вадкасці ў пару, які адбываецца з утварэннем у аб’ёме вадкасці бурбалак пары; адзін з фазавых пераходаў I роду. Пры К. бурбалкі павялічваюцца ў аб’ёме ў выніку выпарэння вадкасці ў поласць бурбалак, усплываюць на паверхню вадкасці, а насычаная пара, што ў іх знаходзіцца, пераходзіць у паравую фазу над паверхняй вадкасці. К. пачынаецца, калі ціск насычанай пары ў бурбалках дасягае значэння знешняга ціску, і можа адбывацца ва ўсім тэмпературным інтэрвале раўнавагі вадкасці і пары (паміж трайным пунктам і крытычным станам).

Для падтрымання К. да вадкасці неабходна падводзіць некаторую колькасць цеплаты, якая ідзе на параўтварэнне і на работу пары супраць знешняга ціску. Значэнне тэмпературы кіпення вадкасці залежыць ад яе хім. прыроды і знешняга ціску, з павелічэннем якога т-ра К. павялічваецца. К. можна выклікаць таксама памяншэннем знешняга ціску пры пастаяннай т-ры, што тлумачыцца з’явай кавітацыі. Залежнасць т-ры К. ад знешняга ціску ляжыць у аснове вызначэння бараметрычнага ціску. Выкарыстоўваецца ў розных тэхн. і тэхнал. працэсах (атрыманне вадзяной пары ў паравых катлах, выпарванне, рэктыфікацыя, кансерваванне, атрыманне нізкіх т-р і інш.).

А.​І.​Болсун.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ЧЭ ((Croce) Бенедэта) (25.2.1866, Пескасеролі каля г. Неапаль, Італія — 20.11.1952),

італьянскі паліт. дзеяч, гісторык, філосаф, літаратуразнавец, публіцыст, прадстаўнік неагегельянства і італьян. лібералізму. У 1902—20 праф. Неапалітанскага ун-та. У 1903—44 выдаваў літаратуразнаўчы час. «La Critica» («Крытыка»). З 1910 сенатар. У 1920—21 міністр асветы. У 1925 напісаў маніфест супраць фашызму ў Італіі. У 1943 удзельнічаў у аднаўленні Ліберальнай партыі (да 1947 яе старшыня). У 1947 заснаваў у Неапалі Італьян. ін-т гіст. даследаванняў. Выступаў за «абсалютны гістарызм», сцвярджаючы, што рэчаіснасць — гэта гісторыя і нішто іншае. Вылучаў 4 асн. формы актыўнасці духу: эстэтыку, логіку, эканоміку, этыку. Заснавальнік «этыка-палітычнай» школы ў італьян. гістарыяграфіі; адстойваў непарыўную сувязь гісторыі з філасофіяй, лічыў, што гісторыя заклікана не проста рэгістраваць падзеі, але і выхоўваць, дапамагаць усведамленню сучаснасці; актыўнымі творцамі гісторыі лічыў інтэлектуальныя слаі грамадства, яго эліту. Фашызму, яго культуры і ідэалогіі проціпастаўляў ідэалы свабоды, прагрэсу. Аўтар прац «Эстэтыка» (1902), «Логіка» (1909), «Філасофія Дж.​Віка» (1912), «Тэорыя і гісторыя гістарыяграфіі» (1917), «Арыёста, Шэкспір і Карнель» (1920), «Гісторыя Італіі з 1871 да 1915 г.» (1928) І ІНШ.

Н.​К.​Мазоўка.

Б.Крочэ.

т. 8, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАЭ́Д (ад грэч. logaoidikos празаічна-вершаваны),

1) від ант. верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя паводле характару стопы.

2) Від сілаба-танічнага верша, у якім няма метрычнай аднароднасці, аднак існуе рытмічная аднароднасць вершаваных радкоў. У сучаснай сілаба-тоніцы вылучаюцца 3 разнавіднасці Л.: стопны, радковы і строфны. У стопным Л. на адным і тым жа месцы вершаваных радкоў (найперш у 3-складовых стопах) выпадаюць 1 ці 2 ненаціскныя склады (знешне ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі). Ужываецца найчасцей у перакладах ант. твораў або ў імітацыях ант. памераў. У радковым Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца радкі розных метраў, напр., чаргаванне 3-стопнага амфібрахія з 2-стопным дактылем:

Спачатку яно шалясцела
Вельмі нясмела,
А потым лізнула аконца
Ціха, як сонца.
(Я.​Купала. «Безназоўнае»).

У вельмі рэдкім строфным Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам (напр., верш П.​Панчанкі «Пры святле маланак»). Лагаэдычныя радкі робяць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, што памагае больш поўна выявіць паэт. сэнс твора.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМІ́Т у матэматыцы,

адно з найважнейшых паняццяў матэматычнага аналізу. Л. функцыі дазваляе даследаваць аналітычныя ўласцівасці функцыі: неперарыўнасць, дыферэнцавальнасць, інтэгравальнасць.

Л. функцыі 𝑓(z) у пункце z = a ёсць лік A, да якога неабмежавана набліжаецца значэнне функцыі 𝑓(z), калі z імкнецца да α (запісваецца lim za 𝑓(z) = A ).

Больш дакладна: лік A наз. Л. функцыі 𝑓(z) у пункце z = a, калі для адвольнага дадатнага ліку ε можна ўказаць такі дадатны лік δ, што для ўсіх значэнняў z, якія задавальняюць |za|<δ, і не супадаюць з a, выконваецца ўмова |𝑓(z)−A|<ε. Л. паслядоўнасці лікаў a1, a2, ... an, ... ёсць лік a, да якога неабмежавана набліжаюцца ўсе члены паслядоўнасці, пачынаючы з некаторага дастатковага вял. нумара (запісваецца lim n an = a ). Больш дакладна: лік a наз. Л. паслядоўнасці a1, a2, ... an, ..., калі для адвольнага дадатнага ліку ε можна ўказаць такі нумар N, што для ўсіх членаў паслядоўнасці з нумарам n>N мае месца ўмова |ana|<ε. Паняцце Л. ўжываецца да дыскрэтных і пераменных паслядоўнасцей, якія мяняюцца неперарыўна.

А.​А.​Гусак.

т. 9, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬТУЗІЯ́НСТВА,

сацыялагічная тэорыя, у адпаведнасці з якой дабрабыт людзей вызначаецца натуральным законам адставання тэмпаў росту сродкаў існавання ад тэмпаў росту народанасельніцтва; адзін з кірункаў зах. дэмаграфіі. Узнікла ў канцы 18 — пач. 19 ст. Назва ад імя англ. эканаміста і дэмографа Т.Р.Мальтуса, які ўпершыню выказаў палажэнне пра вызначальную ролю біял. фактараў ва ўзнаўленні народанасельніцтва і сфармуляваў т.зв. «закон абсалютнай перанаселенасці». Існуе ў выглядзе розных дактрын і школ. Прадстаўнікі «класічнага» М. (Э.​Іст, У.​Томпсан (ЗША), Г.​Ражо (Францыя), К.​Віт-Кнудсен (Данія) і інш. лічылі, што галоўным у М. з’яўляецца «прыродны» характар дэмаграфічнага развіцця. Неамальтузіянцы У.​Фогт (ЗША) і Г.​Бутуль (Францыя) сцвярджаюць, што абмежаванне дзетанараджэння з’яўляецца адзіным спосабам выхаду з сусв. «крызісу насельніцтва». З паскораным ростам насельніцтва Зямлі, абвастрэннем экалагічных праблем, павелічэннем разрыву ва ўзроўнях развіцця паміж рознымі рэгіёнамі і краінамі свету звязаны іншыя канцэпцыі неамальтузіянства (напр., тэорыя «оптымуму насельніцтва» Г.​Браўна, Дж.​Бонера). Гл. таксама Дэмаграфія, Народанасельніцтва.

Літ.:

Судоплатов АП. Демографические концепции. М., 1974;

Рубин Я.И. Наследники Мальтуса. М., 1983.

В.​В.​Краснова.

т. 10, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКУ́ЗЕ ((Marcuse) Герберт) (19.7.1898, Берлін — 29.7.1979),

нямецка-амерыканскі філосаф і сацыёлаг, прадстаўнік франкфурцкай школы. З 1934 у ЗША. З 1954 праф. Брандэйскага, з 1965 — Каліфарнійскага ун-таў. Яго погляды фарміраваліся пад уплывам М.​Хайдэгера, Г.​Гегеля, З.​Фрэйда, К.​Маркса. Лічыў, што «індустрыяльнае грамадства» забяспечвае лаяльнасць сваіх «функцыянераў», фарміруючы ў іх «аднамерную» структуру схільнасцей, якія не выходзяць за сацыякульт. межы гэтага грамадства. Магчымасць рэв. змен на сац. узроўні звязваў з грамадскімі групамі людзей, якія яшчэ не інтэграваны індустр. грамадствам (моладзь, люмпены, нац. меншасці, насельніцтва краін «трэцяга свету»); на антрапалагічным узроўні — з адвечнымі эратычнымі схільнасцямі людзей (называў «сексуальнай рэвалюцыяй»), на культ. узроўні — з авангардысцкім сюррэалістычным мастацтвам, што адлюстроўвае бунт гэтых схільнасцей супраць «рэпрэсіўнай» культуры. У 1960-я г. яго ідэі былі папулярныя сярод «новых левых» экстрэмістаў, якія ставілі за мэту «таталітарную рэвалюцыйную вайну» супраць «познакапіталістычнага грамадства», яго культуры і «аўтарытарнай асобы». Аўтар прац: «Трансцэндэнтальны марксізм» (1930), «Аднамерны чалавек» (1964), «Контррэвалюцыя і бунт» (1972) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Одномерный человек. М., 1994;

Эрос и цивилизация. Киев, 1995.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)