ІЛЬКЕ́ВІЧ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 1.8.1958, в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),
рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскае вышэйшае агульнавайск. вучылішча (1979), Акадэмію Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) Рас. Федэрацыі (1993). Служыў ва Узбекістане, Афганістане, Азербайджане. З 1992 нач. Цэнтра грамадскіх сувязей Упраўлення ФСБ Рас. Федэрацыі па Смаленскай вобл. Аўтар дакумент. твораў пра паліт. рэпрэсіі ў СССР, у т. л. на Смаленшчыне, пра лёсы дзеячаў бел. культуры — М.І.Гарэцкага (кн. «Душа дваілася...», 1997), Г.І.Гарэцкага («Акадэмік Гаўрыіл Гарэцкі», 1998), В.Ластоўскага, Я.Лёсіка, А.Ляўданскага і інш.
т. 7, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМА́НАЎ (Лютфіяр Муслім аглы) (н. 17.4.1928, г. Сабірабад, Азербайджан),
азербайджанскі спявак (драм. тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1977). Скончыў Бакінскае муз. вучылішча (1957), Азерб. ін-т мастацтваў (1968), выкладае ў ім (праф. з 1986). З 1958 саліст Азерб. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Кёр-аглы («Кёр-аглы» У.Гаджыбекава), Балаш («Севіль» Ф.Амірава), Багатур («Багатур і Сона» С.Алескерава), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Атэла, Радамес («Атэла», «Аіда» Дж.Вердзі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Валодае моцным выразным голасам прыгожага тэмбру. Выступае ў канцэртах.
т. 7, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМШАНЕ́ЦКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 8.1.1905, Кіеў),
расійскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Акад. Рас. АН (1962, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Варонежскі ун-т (1926). З 1930 у Ін-це мікрабіялогіі АН СССР (у 1949—85 дырэктар). Навук. працы па біялогіі, марфалогіі, эксперым. зменлівасці мікраарганізмаў, пра іх ролю ў кругавароце рэчываў, касм. біялогіі. Атрымаў поліплоідныя культуры дражджэй Candida і некат. бактэрый. Даследаванні І. маюць практычнае значэнне ў вытв-сці ферментаў, антыбіётыкаў, спірту і інш.
Тв.:
Микробиология целлюлозы. М., 1953;
Экспериментальная изменчивость микроорганизмов. М., 1956.
т. 7, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́КАВА (Ніна Сяргееўна) (н. 8.10.1928, г. Себеж Пскоўскай вобл., Расія),
руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Расіі (1969), нар. арт. СССР (1981). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1958), з 1978 выкладае ў ёй. У 1958—85 салістка Маскоўскага муз. т-ра імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Сярод партый: Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Графіня («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Варвара («Бязродны зяць» Ц.Хрэннікава), Клара («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева), Санетка («Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча). Выступае ў канцэртах. Лаўрэат Міжнар. конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (Жэнева, 1958). Дзярж. прэмія Расіі 1972.
т. 7, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИСТО́РИЯ ФА́БРИК И ЗАВО́ДОВ»
(«ИФЗ»),
назва спецыялізаванай серыі кніг па гісторыі рас. і сав. прадпрыемстваў і выдавецтва ў Маскве, якое яе выпускала ў 1931—38. Засн. пісьменнікам М.Горкім. У выданні серыі ўдзельнічалі Саюз пісьменнікаў СССР, Т-ва гісторыкаў-марксістаў, Ін-т гісторыі Камуніст. акадэміі і інш. На месцах дзейнічалі рэсп., абл. і заводскія камісіі «ИФЗ». Усяго за час існавання выд-ва выдадзена больш за 30 кніг серыі: зб-кі дакументаў, успаміны рабочых, нарысы і навук.-маст. манаграфіі. У 1938 выд-ва «ИФЗ» ліквідавана.
т. 7, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Сяргей Іванавіч) (25.9.1886, с. Куганак, Башкортастан — 12.11.1960),
савецкі гісторык антычнасці. Д-р гіст. н. (1938). У 1924—56 выкладаў у Ленінградскім ун-це, дзе ў 1934 арганізаваў і ўзначаліў кафедру гісторыі Стараж. Грэцыі і Рыма. Ў 1938—50 супрацоўнік Ленінградскага аддз. Ін-та гісторыі АН СССР, у 1956—60 дырэктар Музея гісторыі рэлігіі і атэізму. Аўтар прац па сац.-эканам. гісторыі стараж. свету (у т. л. пра паўстанні рабоў), праблеме паходжання і сац. сутнасці хрысціянства, падручнікаў для школ і ВНУ па гісторыі ант. грамадства, Стараж. Грэцыі і інш.
т. 7, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКАЯ (Валянціна Фёдараўна) (н. 21.7.1938, Кіеў),
украінская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1968). Скончыла Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1957). У 1957—81 салістка, з 1980 педагог-рэпетытар Кіеўскага т-ра оперы і балета. Яе творчасці характэрна дасканалае валоданне тэхнікай класічнага танца, глыбокі псіхалагізм у стварэнні вобразаў. Сярод партый: Донна Анна («Каменны валадар» В.Губарэнкі), танец агню («Чорнае золата» В.Гамалякі), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Эгіна («Спартак» А.Хачатурана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Мірта («Жызэль» А.Адана).
т. 7, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦА́ТЫ (Аркадзь Мікалаевіч) (н. 14.9.1905, С.-Пецярбург),
расійскі і бел. кінааператар. Засл. арг. Беларусі (1935). У 1927—35 на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Удзельнічаў у здымках фільмаў «Джэнтэльмен і певень», «Хвоі гамоняць» (1929). Аператар бел. фільмаў «Рубікон» (1931), «Ураган» (1932), «Гонар свету» (1933), «Першы ўзвод» (1933, з Б.Рабавым), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Шлях карабля» (1935, з Е.Менгдэнам і М.Тэйтэльбаўмам). Сярод фільмаў на інш. кінастудыях: «Дзеці капітана Гранта» (1936), «Карнавальная ноч» (1956) і інш. З 1963 выступае як рэжысёр. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1952.
т. 7, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЯВА́ ((Kaniava) Эдуардас) (н. 1.7.1937, г. Клайпеда, Літва),
літоўскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1960), з 1969 выкладае ў ёй. З 1959 саліст Літ. оперы. Валодае яркімі вак. данымі, сцэн. майстэрствам, выконвае партыі лірычнага і драм. барытона: Марус («Птушкі, якія заблудзілі» В.Лаўрушаса), Удрыс («Піленай» В.Кловы), Анегін, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Рыгалета, Жэрмон, маркіз ды Поза («Рыгалета, «Травіята», «Дон Карлас» Дж.Вердзі). Выступае і як канцэртны спявак.
т. 8, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕЛЯ́Н (Яфім Захаравіч) (12.4.1912, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 6.3.1975),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў студыю пры Ленінградскім Вял. драм. т-ры (1935), працаваў у гэтым тэатры. Для ігры характэрны стрыманы лірызм, уменне трымаць паўзу, прыцягваць увагу гледача да роздумаў героя. Сярод роляў: Джэксан («Скаваныя адным ланцугом» Н.Дугласа і Г.Сміта, 1961), Вяршынін («Тры сястры» А.Чэхава, 1965). З 1932 здымаўся ў кіно: Сава Марозаў («Мікалай Баўман», 1968), Свідрыгайлаў («Злачынства і кара», 1970). Чытаў тэкст ад аўтара ў фільмах, у т. л. тэлефільме «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973) і інш.
т. 8, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)