ДУБРО́ЎСКІ (Віктар Паўлавіч) (15.12.1927, г. Варонеж, Расія — 17.10.1994),
рускі і бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1959), нар.арт. Расіі (1969). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1949) і сімф. дырыжыравання (1953). З 1952 працаваў у розных аркестрах Расіі, у т. л. ў Дзярж.сімф. аркестры СССР, Дзярж.акад.рус.нар. аркестры імя Осіпава, сімф. аркестры Смаленскай філармоніі (з 1994 імя Д.). У 1956—62 і 1991—94 гал. дырыжор Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі. У рэпертуары буйныя творы муз. класікі, сучасных аўтараў. Першы інтэрпрэтатар многіх твораў бел. кампазітараў, у т. л. 5-й сімфоніі М.Аладава, сімф. паэмы «Нарач» У.Алоўнікава, вак.-сімф. паэмы «Вечна жывыя» і «Святочнай уверцюры» Г.Вагнера, фантазіі на тэмы бел.нар. песень В.Залатарова, 2-га канцэрта для скрыпкі з арк. П.Падкавырава, сімф. паэмы «Сказ пра Палессе» У.Будніка, 8-й сімфоніі Дз.Смольскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБЯНЕ́ЦКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (4.3.1927, в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 3.9.1990),
бел. перакладчык і публіцыст. Брат С.Ф.Дубянецкага. Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККПБ (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦККПСС (1960). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на парт. рабоце., у 1968—75 — інструктар сектара друку ЦККПБ, у 1975—79 адказны сакратар, нам.гал. рэдактара БелСЭ, у 1979—86 — дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся як публіцыст з 1959. З 1964 выступаў як перакладчык з рус., укр., польскай моў. На бел. мову пераклаў аповесці «Жыві і помні» В.Распуціна (1982), «Клімко» Г.Цюцюнніка (1982), «Гэта дзіўнае жыццё: Аповесці і апавяданні» Д.Граніна (1983), «Блакадную кнігу» А.Адамовіча і Граніна (1983), «Верная рака: Аповесць. Апавяданні. Абразкі» С.Жаромскага (1985), зб.укр. апавяданняў «Сцежка без канца» (1980). Пераклады Д. вылучаюцца глыбокім адчуваннем слова кожнай мовы, адэкватнасцю яму эквівалентаў у бел. моўнай стыхіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬДА́НСКІ (Віталій Іосіфавіч) (н. 18.6.1923, г. Віцебск),
вучоны ў галіне хім. фізікі. Акад.АНСССР (1981, чл.-кар. 1962). Ганаровы чл. шэрагу замежных АН. Скончыў Маскоўскі дзярж.ун-т (1944). З 1942 у Ін-це хім. фізікі, Фіз. ін-це АНСССР, маскоўскіх інж.-фіз. ін-це і ін-це тонкай хім. тэхналогіі; з 1988 дырэктар Ін-та хім. фізікі Рас.АН. Навук. даследаванні па хім. фізіцы, ядз. фізіцы, хіміі пазітронію. Адкрыў двухпратонную радыеактыўнасць (1960), нізкатэмпературную мяжу скорасці хім. рэакцыі. Гал. рэдактар часопісаў АНСССР «Химия высоких энергий» (1967—87) і «Химическая физика» (з 1987). Ленінская прэмія 1980. Залаты медаль (1975) і прэмія (1966) імя Дз.І.Мендзялеева АНСССР.
Тв.:
Эффект Мессбауэра и его применения в химии. М., 1963;
Физическая химия позитрона и позитрония. М., 1968;
Туннельные явления в химической физике. М., 1986 (разам з Л.І.Трахтэнбергам, В.М.Флёравым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ДУ́МА,
выбарны распарадчы орган гар. самакіравання ў Рас. імперыі. Засн. паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 на аснове саслоўнага прадстаўніцтва. На Беларусі ўведзена ў 1875 у Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. у ходзе гарадской рэформы 1870—75. Члены дум (гласныя) выбіраліся на 4 гады на аснове высокага ўзроставага і маёмаснага цэнзу. Гарадавое палажэнне 11.6.1892 павысіла маёмасны цэнз выбаршчыка і скараціла склад гарадской думы больш чым у 2 разы. Займалася гар. гаспадаркай. Выканаўчы орган — гарадская ўправа на чале з гар. галавой. Гарадскія думы мелі абмежаваную кампетэнцыю, знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутр. спраў. Не атрымлівалі фінансавых сродкаў ад дзяржавы, гал. крыніцай іх даходаў былі падаткі з нерухомай маёмасці гараджан. Дзейнасць дум спрыяла развіццю гаспадаркі і культуры гарадоў: яны адкрывалі школы, бальніцы, займаліся страхаваннем, утрымлівалі статыстычныя камітэты. Скасаваны пасля Кастр. рэвалюцыі. Мінская гарадская дума скасавана ў студз. 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ЭНД КО́МПАНІ»
(E.I. Du Pont de Nemours and Company),
буйнейшы ў свеце хімічны і па вытв-сці зброі канцэрн ЗША Узнік на аснове невял. парахавога завода, заснаванага ў 1802 франц. эмігрантам Э.І.Дзюпонам дэ Немурам. У 1899 адбылося аб’яднанне ўсіх прадпрыемстваў, якія належалі сям’і Дзюпон. Да 1-й сусв. вайны канцэрн вырабляў выключна выбуховыя матэрыялы і неарган. сыравіну, у час вайны гал. пастаўшчык выбуховых матэрыялаў у краіны Антанты, апрача таго развіваў вытв-сць фарбавальнікаў і штучнага шоўку. Пасля вайны канцэрн устанавіў свой кантроль над большасцю прадпрыемстваў хім. прам-сці ў ЗША. У 1938—39 пачаў вытв-сць першага поліаміднага валакна — нейлону. З 1942 вырабляе кампаненты для ядзернай зброі і ядзерных рэактараў. Звязаны фінансава з групай Моргана, а таксама з брыт. канцэрнам «Імпірыял кемікал індастрыс» і бельг. канцэрнам «Сальвэ». Робіць значны ўплыў на палітыку ўрада ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ ДЗІЦЯ́ЦІ рэабілітацыйна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей да 3 гадоў: сірот, дзяцей з дэфектамі разумовага і фіз. развіцця. У спецыялізаваных Д.дз. выхоўваюцца дзеці з частковым пашкоджаннем ц. н. с. да 4 гадоў; ёсць групы дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці. Выпісваюць дзяцей з Д.дз., калі яны вяртаюцца ў сям’ю, пры ўсынаўленні ці афармленні апекі, пераводзе ў дзіцячы дом, дом-інтэрнат сац. забеспячэння.
Найб. пашыраны Д.дз. на 60—80 месцаў. Узначальвае іх гал. ўрач; урач-педыятр і кругласутачны пост мед. сясцёр прызначаецца на 40, лагапед — на 6—10 дзяцей. У вял. і спецыялізаваных Д.дз. ёсць урачы-неўрапатолагі, псіхіятры. З дзецьмі працуюць выхавальніцы і метадысты-псіхолагі. У групе да 3 гадоў 6—8, у групе 3—4-гадовых 8—10 дзяцей. У 1980 на Беларусі было 18 Д.дз. на 1780 месцаў, у 1995—13 на 1095 месцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМАБУДАЎНІ́ЧЫ КАМБІНА́Т (ДБК),
будаўніча-мантажная арг-цыя, якая вырабляе зборныя жалезабетонныя канструкцыі жылых дамоў, транспартуе іх на буд. пляцоўкі, манціруе з іх будынкі і здае заказчыку цалкам гатовымі да эксплуатацыі. Структура кіравання ДБК залежыць ад яго магутнасці, умоў дзейнасці і да т.п. У арг-цыі такога тыпу рэалізуецца гал. перавага — магчымасць увязвання ў адзіны тэхнал. працэс дзейнасці ўсіх спецыялізаваных падраздзяленняў, таму ў шэрагу ДБК няма буд.-мантажных упраўленняў. Асн.вытв. падраздзяленні — пастаянна дзеючыя ўчасткі, якія выконваюць буд., сан.-тэхн., электрамантажныя і інш. віды работ.
Аснову базы індустр. домабудаўніцтва Рэспублікі Беларусь складаюць 28 з-даў буйнапанэльнага домабудаўніцтва з агульнай магутнасцю 3198; 3 тыс.м² агульнай плошчы жылля за год, або 2430,6 тыс.м³ зборнага жалезабетону (1996). Першы ДБК у краіне створаны ў Мінску ў 1960. Камбінаты падпарадкоўваюцца Мін-ву архітэктуры і буд-ва Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Аб’ёмнаблочнае домабудаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІРД (Анёл) (2.12.1776, маёнтак Юркаўшчына, Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 26.4.1835),
бел. філосаф, логік, псіхолаг. Скончыў Віленскую акадэмію. Выкладаў у піярскіх школах. У 1818—32 праф. Віленскага ун-та. Лічыў, што сусвет, аднойчы створаны Богам, надалей падпарадкоўваецца натуральным законам. Прадметы і іх уласцівасці існуюць незалежна ад нашай свядомасці. Крытыкаваў філасофію І.Канта, фармалізм і схематызм яго логікі і трансцэндэнтальнай эстэтыкі. Псіхал. і пед. погляды Д. абапіраліся на даследаванні здольнасцей чалавека, а яго эстэт. канцэпцыя своеасабліва спалучала класіцызм і рамантызм. Паэзію лічыў гал. жанрам мастацтва, пісаў вершы. Падрыхтаваў 3 тамы твораў па логіцы (т. 1, Полацк, 1828), манаграфію «Аб логіцы, метафізіцы і маральнай філасофіі» (Вільня, 1821). Абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі «Аб цудзе» і інш.
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Аниол Довгирд — мыслитель эпохи Просвещения. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАНЕ́НКА (Мікалай Аляксеевіч) (н. 3.8.1946, в. Маргойцы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). У 1979—82 гал. мастак Віцебскіх маст.-вытв. майстэрняў. Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі, алейнага жывапісу. Пранікнёна перадае прыгажосць роднага краю ў карцінах «Над Дзвіной» (1980), «Касцёл у Камаях» (1981), «Адвечнае» (1986), «Камянецкі пейзаж» (1990), «Назіральная вежа» (1991), «Буслы» (1996). Сярод твораў: нацюрморты «Бярозавы сок» (1979), «Жоўтыя кветкі» (1984), «Вяргіні» (1986), тэматычная кампазіцыя «Брат вярнуўся» (1984), партрэты хірурга-траўматолага Ліцкалава (1978), Ф.Малахава (1981), механізатара М.Парэпкі (1981) і інш. Аўтар маст. вырашэння больш як 30 каталогаў, буклетаў пра віцебскіх мастакоў, серыі экслібрысаў. Маст. мова адметная лёгкімі лінейнымі рытмамі, дынамічнай пластыкай і экспрэсіяй колеру.
Літ.:
Цыбульскі М. Свавольны дух акварэлі // Беларусь. 1996. № 9;
Мікалай Драненка: Кат. / Скл. М.Цыбульскі. Віцебск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЕ́ГІНА (Марыя Агасаўна) (н. 9.8.1959, г. Адэса, Украіна),
спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1983). З 1983 салістка Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае гнуткім прыгожым голасам шырокага дыяпазону, высокай каларатурнай тэхнікай. Ёй уласцівы яркая эмацыянальнасць, моцны тэмперамент. Сярод партый на бел. сцэне: Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Лізавета, Аіда («Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. З 1990 працуе па кантрактах у буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Метраполітэн-опера», Гамбургская і Венская оперы). Партыі: Тоска, Манон («Тоска», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Амелія («Баль-маскарад»), гал. партыі ў операх «Два Фаскары» і «Сімон Баканегра» Вердзі і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1984, Ерэван), Міжнар. конкурсу спевакоў (1985, Рыо-дэ-Жанейра), міжнар. конкурсу вакалістаў імя П.Чайкоўскага (1986, Масква).