ПАВЕ́РХНЕВАЕ НАЦЯЖЭ́ННЕ клеткі,

адзін з фактараў, які вызначае форму клеткі і яе частак. Мае значэнне для клетак (жывёльных, некат. прасцейшых), пазбаўленых трывалай надмембраннай структуры, як, напр., у клетак раслін. Такія клеткі ў вадкім асяроддзі ў завіслым стане маюць сферычную канфігурацыю. Форма клеткі, якая прымацавана да субстрату або да інш. клетак, залежыць пераважна ад інш. фактараў (напр., ад мікратрубачак, кантактных структур). Лакальныя змены П.н. маюць значэнне ў гаструляцыі, пінацытозе, фагацытозе.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВІ́ЦЦЕ,

вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 49 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 95 км ад Брэста. 1906 ж., 758 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкія магілы партызан і ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял. Айч вайну. Помнік архітэктуры — Павіццеўская Прачысценская царква.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАРО́СК,

вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка, на аўтадарозе Ваўкавыск—Ружаны. Цэнтр сельсавета і раённага вытв. аб’яднання «Сельгасхімія». За 26 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Ваўкавыск, 97 км ад Гродна. 707 ж., 294 двары (2000). Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква, касцёл. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).

т. 11, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЕХ,

пасёлак гар. тыпу ў Іванаўскай вобл. ў Расіі, за 64 км на ПдУ ад Іванава, 32 км ад чыг. ст. Шуя. 6,3 тыс. ж. (1996). Цэнтр рус. нар. мастацтва мініяцюрнага жывапісу (гл. Палехская мініяцюра). Маст.-вытв. майстэрні па размалёўцы лакавых вырабаў з пап’е-машэ. Лёгкая, харч. прам-сць. Маст. вучылішча. Крыжаўзвіжанская царква (18 ст.) з размалёўкамі і абразамі палехскіх майстроў. Музеі палехскага мастацтва, мемарыяльныя мастакоў І.І.Голікава, П.​Дз.Корына.

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАБАЛІ́ЧНАЯ СКО́РАСЦЬ,

мінімальная скорасць, якую трэба надаць целу (напр., касм. апарату) для пераадолення ім гравітацыйнага прыцягнення інш. цела (напр., Зямлі) і аддалення ад яго па парабалічнай арбіце. Памяншаецца з павелічэннем адлегласці ад цела, што прыцягвае. Пры скорасці, меншай за П.с., цела рухаецца па эліпсе; пры скорасці, большай за П.с., — па гіпербале. П.с. цела каля паверхні нябеснага цела наз. другой касмічнай скорасцю; каля паверхні Зямлі роўная 11,2 км/с.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАФ’Я́НАВА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Мядзел—Докшыцы; чыг. ст. на лініі Полацк—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на З ад г. Докшыцы, 197 км ад Віцебска. 1236 ж., 486 двароў (2000). Збожжапрыёмнае прадпрыемства, райпалівазбыт, база райсельгасхіміі, склады аптова-рознічнага гандл. аб’яднання. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (1908).

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-ЦІХААКІЯ́НСКАЕ ПАДНЯ́ЦЦЕ (ХРЫБЕ́Т),

падводны сярэдзіннаакіянічны хрыбет у паўд. частцы Ціхага ак., усх. працяг Аўстрала-Антарктычнага падводнага падняцця. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку на 4100 км, у раёне 135° зах. д. аддзяляецца разломам Элтанін ад Усх.-Ціхаакіянскага падводнага падняцця. Шыр. да 750 км, глыб. падэшвы 4500 м. Пераважная глыб. над хрыбтом 2500—3000 м, найменшая — 878 м. Ад інш. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў адрозніваецца больш вял. шырынёй, меншай выражанасцю рыфтавай зоны.

т. 12, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫ ВО́СТРАЎ (South Island),

самы вялікі востраў Новай Зеландыі. Ад Паўночнага в-ва аддзелены пралівам Кука, ад в-ва Сцьюарт — прал. Фова. Пл. 150,5 тыс. км². Амаль увесь в-аў заняты Паўд, Альпамі (г. Кука, 3764 мнайвыш. пункт краіны). На У — Кентэрберыйская раўніна — гал. земляробчы раён, на ПдЗ — нізіна Саўтленда і горнае плато Атага (1200—1300 м). Клімат субтрапічны, марскі, на крайнім Пд умераны. Гал. горад — Крайстчэрч.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́МЗА (ад лац. pumex пена),

порыстая разнавіднасць кіслага вулканічнага шкла. Мае крышт. ўключэнні плагіяклазу, кварцу, манакліннага і рамбічнага піраксенаў, слюды. Колер ад белага і блакітнага да жоўтага, бурага, чорнага. Цв. 5—6,5. Шчыльн. 2—2,3 г/см³. Вылучаюцца разнавіднасці з валакністай, ячэістай, пузыраватай і пеністай тэкстурамі; структура буйна- або драбнапорыстая. Порыстасць больш за 60—70%. Хімічна інертная, вогнетрывалая. Выкарыстоўваецца ў прам-сці буд. матэрыялаў, дрэва- і металаапр., хім. нафтавай, шкляной.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ДМАНТ (Piedmont),

перадгорнае плато, якое прымыкае да ўсх. краю Апалачаў, у ЗША. Выш. ад 40—80 м на У, да 200—400 м на З, шыр. ад 50 да 200 км. Складзена з крышт. і метамарфічных парод. Паверхня слабаўзгорыстая, на ПдУ стромка абрываецца да Прыатлантычнай нізіны. Астанцовыя ўзгоркі дасягаюць выш. 500—700 м. Рэкі, якія перасякаюць усх. край П., утвараюць серыю стром і вадаспадаў. Месцамі захаваліся мяшаныя лясы.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)