АНАРТАЗІ́Т (ад франц. anorthose плагіяклаз), лабрадарыт, алігаклазіт, плагіяклазіт,

горная парода групы габра. Складаецца з асн. або сярэдняга плагіяклазу з невял. колькасцю (5—10%) каляровых мінералаў (алівіну, піраксену, тытанамагнетыту і інш.). Колер ад белага да цёмна-шэрага, амаль чорнага. Для некаторых анартазітаў характэрна ірызацыя (вясёлкавасць) у сініх і блакітных тонах. Шчыльн. 2700—3000 кг/м³. Анартазіт лічаць магматычнымі пародамі. Сустракаюцца ва ўсіх абласцях выхадаў на дзённую паверхню стараж. горных парод. Выкарыстоўваюць як буд. і абліцовачны камень, на выраб помнікаў.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКІ ДАГАВО́Р 1936 аб дружбе і саюзе.

Падпісаны 26 жн. ў Лондане. Пашыраў самастойнасць Егіпта ва ўнутр. і знешніх справах: скасоўваўся інстытут англ. саветнікаў пры ўрадзе Егіпта, павялічвалася егіп. армія, Англія абавязвалася падтрымаць хадайніцтва Егіпта аб уступленні ў Лігу Нацый, фармальна спынялася акупацыя Егіпта англ. войскамі. Адначасова дагавор захоўваў асн. ваен. пазіцыі англічан (у зоне Суэцкага канала ёй дазвалялася трымаць да 10 тыс. войска). Дэнансаваны Егіптам у 1951. Англія прызнала яго адмену па Англа-егіпецкім пагадненні 1954.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАЙКО́ВІЧ (Бутаўт-Андрайковіч) Стафан Аляксандравіч

(1861, Гродзенская губ. — ?),

рэвалюцыянер. Вучыўся ў Гродзенскай, Віцебскай і 2-й Пецярбургскай гімназіях. З 1881 чл. рэв. групы ў Пецярбургу. Пасля яе ўваходжання ў 1883 на правах рабочай групы партыі «Народная воля» ў Пецярбургскую нарадавольніцкую арг-цыю загадваў (пад псеўд. Уладзімір Бажэнаў) «лятучай друкарняй». Быў звязаны з пецярбургскім гуртком «Агніска» («Ognisko») — філіялам польск. рабочай партыі «Пралетарыят». У 1883 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1899 жыў у Гродне.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕВА (сапр. Юркоўская) Марыя Фёдараўна

(1868, С.-Пецярбург — 8.12.1953),

руская актрыса. З 1894 артыстка Т-ва мастацтва і л-ры, у 1898—1905 у МХТ. З тонкім лірызмам выконвала ролі ў п’есах Г.​Гаўптмана (Раўтэндэляйн — «Патанулы звон», Кетэ — «Адзінокія»), А.​Чэхава (Ірына — «Тры сястры», Аня — «Вішнёвы сад»), М.​Горкага (Наташа — «На дне», Ліза — «Дзеці сонца», Мар’я Львоўна — «Дачнікі»). Адна са стваральнікаў і артыстка (1919—26) Вял. драм. т-ра ў Петраградзе. У 1931—48 дырэктар Маскоўскага Дома вучоных.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНДЫКУЛЯ́РЫІ (Appendicularia),

клас марскіх хордавых жывёл тыпу абалоннікаў. Каля 100 відаў. Жывуць ва ўсіх морах і акіянах у паверхневых слаях вады.

Цела даўж. 0,3 мм — 2,5 см, з тулава і хваста, свеціцца. Маюць хорду, спінны нервовы цяж і мускульныя клеткі, сэрца. Знаходзяцца ў студзяністым празрыстым «доміку», які могуць скідваць. Рухамі хваста праганяюць ваду праз фільтрацыйны апарат. У глотцы пара шчэлепных адтулін (стыгмы). Жывяцца мікраарганізмамі. Гермафрадыты. Размнажэнне палавое. Яйцы трапляюць у ваду пасля разрыву сценкі цела, і апендыкулярыі гінуць.

Апендыкулярыя.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПШЭРО́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

на зах. беразе Каспійскага м., у Азербайджане. Даўж. да 60 км, шыр. да 30 км. Усх. канцавая частка п-ва — Шахава каса. Хвалістая раўніна (выш. да 165 м) з гразевымі сопкамі і бяссцёкавымі катлавінамі, запоўненымі саланчакамі і салёнымі азёрамі, месцамі ўчасткі рухомых пяскоў. Радовішчы нафты і газу (гл. Бакінскі нафтагазаносны раён). Мінер. крыніцы. Пустынны клімат змякчаецца ўплывам мора. Расліннасць паўпустынная. Вінаграднікі і бахчавыя культуры на паліўных землях. Кліматычныя і бальнеалагічныя курорты. На паўд. ўзбярэжжы паўвострава г. Баку.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГІНІ́Н, L-аміна-δ-гуанідзінаваляр’янавая кіслата,

C6H14O2N4, арганічнае рэчыва з групы амінакіслот. У арганізме прысутнічае ў свабодным стане і ў складзе бялкоў, асабліва пратамінаў (да 85%) і гістонаў. У значнай колькасці ёсць у раслінах (асабліва ў рэзервовых і зародкавых органах). Мае ўласцівасці шчолачаў, утварае бясколерныя крышталі, растваральныя ў вадзе. Садзейнічае назапашванню і пераносу азоту. Для дарослых млекакормячых не з’яўляецца незаменнай, а ў маладых яе біясінтэз недастатковы. Удзельнічае ва ўтварэнні мачавіны і арніціну (арніцінавы цыкл), крэаціну, аргінінфасфату і інш.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕ́НЬЕЎ Канстанцін Іванавіч (23.10.1789, в. Міроханава Кастрамской губ. — 11.12.1865),

рускі географ, статыстык. Акад. Пецярбургскай АН (1836). Праф. Пецярбургскага ун-та (1819—21). У 1828—35 выкладаў гісторыю і статыстыку будучаму рас. імператару Аляксандру II. Адзін з заснавальнікаў Рус. геагр. т-ва. Навук. працы па статыстыцы, эканам. раянаванні Расіі і геаграфіі.

Тв.:

Начертание статистики Российского государства. Ч. I. О состоянии народа Спб., 1818. Ч. 2. О состоянии правительства. Спб., 1819;

Краткая всеобщая география. Спб., 1818;

Статистические очерки России. Спб., 1848.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ ЗАВО́Д ГАНДЛЁВАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ.

Створаны ў г. Баранавічы ў 1946 як рамонтна-мех. з-д, з 1963 з-д гандл. машынабудавання. З 1976 галаўное прадпрыемства ВА «Беларусьгандальмаш». У 1983—86 расшыраны. Спецыялізуецца на выпуску тэхнал. абсталявання для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання. Асн. прадукцыя (1995): гандл. абсталяванне (у т. л. модулі), машыны для перапрацоўкі мяса, гародніны і цеста, мясарубкі, бульбачысткі, медагонкі, працірачныя і інш. машыны, лініі па вырабе каўбас, шафы і вітрыны халадзільныя, тавары нар. ўжытку.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТ (Barth) Генрых (16.2.1821, Гамбург — 25.11.1865),

нямецкі гісторык, філолаг, географ-падарожнік. Праф. Берлінскага ун-та і старшыня Геагр. т-ва ў Берліне (1863). Адзін з першых навук. даследчыкаў Афрыкі. У 1849—55 прымаў удзел у англ. навукова-гандл. экспедыцыі Дж.​Рычардсана ў Судан. Двойчы перасек Сахару, даследаваў шэраг аазісаў, плато Аір і Дамергу, басейн воз. Чад, р. Бенуэ і Сярэдні Нігер, сабраў багаты геагр., гіст., этнагр. і лінгвістычны матэрыял. Вывучаў таксама Балканскі п-аў і Малую Азію.

т. 2, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)