ПРО́ДАН (Яўген Аркадзевіч) (10.2.1932, г. Таронта, Канада — 2.1.1993),

бел. хімік-неарганік. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д хім. н. (1974), праф. (1985). Скончыў Чарнавіцкі ун-т (1955). З 1958 у БДУ, з 1965 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН Беларусі (з 1976 заг. лабараторыі). Навук. працы па неарган. тапахіміі і хіміі паліфосфарных злучэнняў. Прапанаваў кінетычную мадэль іза- і анізатропнага распаўсюджвання фронту рэакцыі ў крышталях і абгрунтаваў магчымасць хім. ператварэння монакрышталёў паводле механізма аўтавагальных працэсаў. Распрацаваў тэарэт. асновы сінтэзу новых паліфосфарных злучэнняў, у т. л. крышт. солей ланцужковай трыфосфарнай к-ты.

Тв.:

Триполифосфаты и их применение. Мн., 1969 (разам з Л.​І.​Продан, М.​Ф.​Ярмоленкам);

Полифосфаты и минеральное питание растений. Мн., 1978 (у сааўт.);

Неорганическая топохимия. Мн., 1986;

Топохимия кристаллов. Мн., 1990.

Я.А.Продан.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ТЧАНКА (Васіль Ульянавіч) (н. 7.4.1930, в. Зарэчча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі і мовазнаўства. Д пед. н. (1990), праф. (1993). Скончыў Мазырскі пед. ін-т (1958). З 1971 у Нац. ін-це адукацыі, з 1995 адначасова гал. рэдактар час. «Беларуская мова і літаратура». Навук. працы па педагогіцы і філасофіі адукацыі. Аўтар падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў.

Тв.:

Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Словазлучэнне. Просты сказ. Мн., 1984;

Шматаспектны аналіз пры вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы. Мн., 1987;

Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Складаны сказ. Мн., 1989;

Адукацыя, школа і нацыянальная культура (разам з В.​П.​Протчанка) // Пачатковая школа. 1993. № 1;

Новая праграма па беларускай мове і навучальны працэс // Роднае слова. 1994. №1;

Пераказы ў пачатковай школе. Мн., 1999 (разам з Я.​М.​Лаўрэлем).

В.​У.​Чэчат.

т. 13, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬМАНАЛО́ГІІ І ФТЫЗІЯТРЫ́І НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1928 у Мінску як Бел. НДІ туберкулёзу. У Вял. Айч. вайну эвакуіраваны ў Нова-Беліцу (г. Гомель). З 1944 у Мінску, з 1972 у пас. Навінкі Мінскага р-на. З 1988 НДІ пульманалогіі і фтызіятрыі. Асн. кірункі навук. даследаванняў: распрацоўка спосабаў дыягностыкі туберкулёзу і павышэння эфектыўнасці лячэння дэструктыўных працэсаў ва ўмовах пагаршэння радыеэкалагічнага стану пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС; распрацоўка новых метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння неспецыфічных пашкоджанняў органаў дыхання; вывучэнне асаблівасцей праяўлення пазалёгачнага туберкулёзу і распрацоўка эфектыўных метадаў лячэння. У складзе ін-та 5 н.-д. аддзелаў, у т. л. імунамарфалагічных даследаванняў; лабараторыі, 8 разнапрофільных клінічных аддзяленняў, дыспансернае і дапаможнае аддзяленні. На базе НДІ працуе кафедра туберкулёзу і дзіцячага туберкулёзу Мінскага мед. ін-та.

Э.​М.​Пармон.

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРА́ЕЎ (Яўген Пятровіч) (н. 11.11.1931, г. Алматы, Казахстан),

бел. вучоны ў галіне радыяцыйнай хіміі і радыяхіміі. Д хім. н. (1974), праф. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1954). З 1954 у Радыевым ін-це (г. Ленінград). У 1968—95 у БДУ (заг. кафедры, адначасова ў 1981—85 прарэктар, з 1986 заг. лабараторыі радыяхіміі). Навук. працы па радыяцыйнай хіміі арган. злучэнняў, геахіміі радыеактыўных элементаў, радыеэкалогіі, у т. л. па праблемах наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Распрацаваў метад вызначэння каниэнтрацыі «гарачых» часціц (дробнадысперснага ядз. паліва) у лёгкіх чалавека і ўстанавіў яе карэляцыю з забруджанасцю тэрыторыі плутоніем.

Тв.:

Радиационно-химическая очистка сточных вод и выбросных газов. Мн., 1985 (разам з В.​І.​Уласавай, І.​А.​Савушкіным);

Радиационная химия бифункциональных органических соединений. Мн., 1986 (разам з А.​І.​Шадырам).

А.А.Пятраеў.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАФА́ЛЬСКІ (Міхаіл Фадзеевіч) (1889, Кіеў — 1937),

рэжысёр яўрэйскага тэатра, педагог. Нар. арт. Беларусі (1934). Вучыўся ў драм. школе кіеўскага т-ра «Салаўцоў» (з 1908). Працаваў акцёрам у т-рах Кіева, Харкава і інш., гастраліраваў у Мінску і Віцебску. У 1921 з аматараў арганізаваў у Мінску яўр. тэатр. трупу, на базе якой створана яўр. секцыя Бел. драм. студыі ў Маскве. З 1922 маст. кіраўнік гэтай секцыі, з 1926 — Дзярж. яўр. т-ра БССР і адначасова ў 1933—35 студыі пры т-ры. Яго пастаноўкам уласцівы сац. абагульненасць, тыпізацыя псіхал. характарыстык, яркасць сцэн. відовішча, выкарыстанне фалькл. і этнагр. элементаў: «На пакаянным ланцугу» І.​Перэца (1926), «Ботвін» А.​Вявюркі (1928), «Глухі» Д.​Бергельсона (1929), «На 62-м участку» І.​Дабрушына (1931), «Бойтра» М.​Кульбака (1937). У 1937 рэпрэсіраваны.

К.​Б.​Кузняцова.

М.Ф.Рафальскі.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШЭ́ТНІКАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 6.1.1938, в. Халопенічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі раслін. Акад. Нац. АН Беларусі (2000, чл.-кар. 1991). Д біял. н. (1987), праф. (1992). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1959). З 1966 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (з 1977 вуч. сакратар, з 1978 нам. дырэктара), з 1997 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі (дырэктар і заг. лабараторыі). Навук. працы па пабудове, біягенезе і функцыян. актыўнасці клетачных ядраў і пластыд расліннай клеткі, надмалекулярных нуклеапратэідных комплексах, бялках і ліпідных рэчывах пры экспрэсіі і рэканструкцыі геному раслін, прыкладных пытаннях перапрацоўкі лек. і пахучых раслін.

Тв.:

Пластиды и клеточные ядра высших растений: (Биохим. аспекты). Мн., 1982;

Клеточные ядра высших растений: состав, структура, функции. Мн., 1992.

У.М.Рашэтнікаў.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЖЫН (Мікалай Васілевіч) (29.11.1926, в. Цёмнае Валагодскай вобл., Расія — 12.3.1993),

бел. філосаф. Д філас. н., праф. (1992). Скончыў БДУ (1958). З 1973 у Сакратарыяце ААН (Нью-Йорк, з 1979 Вена). З 1981 у БДУ (з 1983 заг. кафедры). Навук. працы па гісторыі грамадска-паліт., філас. і эстэт. думкі на Беларусі, еўрап. і амер. філасофіі і этыкі, праблемах развіцця навукі і аб’ектыўнай дакладнасці ведаў у філас. канцэпцыях Новага і Навейшага часу. Аўтар прац «Праблемы эпістымалогіі навуковых ведаў (Крытычны аналіз сучасных англа-амерыканскіх канцэпцый)» (1992), «Праблемы аб’ектыўнай дакладнасці ведаў у еўрапейскай філасофіі. Ад Дэкарта да сучаснасці» (1993) і інш.

Тв.:

Газета «Северо-Западный край»: Очерк обществ.-полит., филос. и эстет. позиции, 1902—1905 гг. Мн., 1970;

Неопозитивистская модель анализа научных теорий: принципы и противоречия // Весн. БДУ. Сер. 3. 1988. №2.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТМІСТРАЎ (Павел Аляксеевіч) (6.7.1901, в. Скаварова Селіжараўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 6.4.1982),

савецкі ваенны дзеяч, гал. маршал бранятанк. войск (1962), Герой Сав. Саюза (1965). Д ваен. н. (1956), праф. (1958). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931), Генштаба (1953). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўн.-Зах., Калінінскім, Сталінградскім, Варонежскім, Сцяпным, Паўд.Зах., 2-м Укр. і 3-м Бел. франтах. У час Беларускай аперацыі 1944 5-я танк. армія на чале з Р. удзельнічала ў вызваленні Барысава і Мінска. Пасля вайны на камандных пасадах у арміі, на выкладчыцкай рабоце, з 1964 у Мін-ве абароны СССР. Аўтар кн. «Час і танкі» (1972), «Танкі на вайне» (4-е выд., 1975) і інш.

П.А.Ротмістраў.

т. 13, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУНКЕ́ВІЧ (Сцяпан Рыгоравіч) (23.1.1867—1919?),

бел. гісторык правасл. царквы, прапаведнік, грамадскі дзеяч. Д багаслоўя (1899). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1891), потым выкладаў у ёй. У 1901—08 прыват-дацэнт Пецярбургскага ун-та. У 1901—17 займаў і адм. пасады ў Св. Сінодзе. Вёў дабрачынную дзейнасць, рэліг.-павучальныя чытанні. Гіст. погляды Р. склаліся пад уплывам М.​В.​Каяловіча. Навук. дзейнасць пачаў з выдання «Матэрыялаў для гісторыі Мінскай епархіі» (1892—94). Падрыхтаваў і выдаў фундаментальнае «Апісанне дакументаў архіва заходнярускіх уніяцкіх мітрапалітаў» (т. 1—2, 1897—1907). Аўтар прац па гісторыі Мінскай епархіі, артыкулаў у гродзенскіх, літоўскіх, мінскіх «Епархиальных ведомостях» і інш.

Тв.:

Краткий исторический очерк столетия Минской епархии... Мн., 1893;

История Минской архиепископии (1793—1832 гг.). СПб., 1893;

Жизнеописания западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. СПб., 1897.

В.​М.​Чарапіца.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ ХАРАВА́Я КАПЭ́ЛА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ імя Р.​Р.​Шырмы.

Створана ў 1940 у Беластоку як Бел. ансамбль песні і танца. Заснавальнік і кіраўнік да 1970 Р.Шырма, танц. групай кіраваў І.Хвораст. Ў 1950 ансамбль рэарганізаваны ў Дзярж. хор БССР (з 1944 у Гродне, з 1952 у Мінску), з 1955 Дзярж. хар. капэла БССР, з 1957 акадэмічная, імя Шырмы з 1978. З 1988 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор Л.Яфімава (з 1987). У рэпертуары капэлы апрацоўкі бел. нар. песень, творы бел. кампазітараў, у т. л. М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, А.​Бандарэнкі, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, Э.​Казачкова, В.​Казлоўскага, І.​Кузняцова, М.​Куліковіча-Шчаглова, А.​Літвіноўскага, І.​Лучанка, С.​Манюшкі, А.​Мдывані, Я.​Паплаўскага, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, Л.​Шлег і інш., хар. і вак.-сімф. свецкая і царк. музыка рус. і замежных класікаў і сучасных кампазітараў: рэквіемы Дж.​Вердзі, В.​А.​Моцарта, Р.​Шумана, Л.​Керубіні, А.​Брукнера, І.​Брамса, Дз.​Кабалеўскага, месы І.​С.​Баха, Брукнера, Моцарта, І.​Гайдна, араторыі Дз.​Шастаковіча, П.​Чайкоўскага, С.​Пракоф’ева, хар. канцэрты С.​Танеева, П.​Часнакова, Дз.​Бартнянскага, А.​Архангельскага, С.​Рахманінава і інш. Капэла выступала з вядомымі сімф. аркестрамі Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі пад кіраўніцтвам Ю.​Яфімава, М.​Янсанса, Л.​Крэмера, Р.​Зеехафера, Ч.​Грабоўскага, В.​Катаева, В.​Дуброўскага, П.​Д.​Панэла, С.​Сандэцкіса, Ю.​Домаркаса, Ю.​Цырука, А.​Янчанкі і інш. У розны час капэлай кіравалі У.​Раговіч, А.​Шунтаў; працавалі спевакі М.​Тэадаровіч, Л.​Царанкова, М.​Шуманскі, В.​Юневіч і інш. Калектыў — лаўрэат Міжнар. фестывалю царк. музыкі ў г. Гайнаўка (Польшча, 1993).

Літ.:

Смольский Б.С. Государственная академическая хоровая капелла БССР. Мн., 1959;

Пуроўскі К. Песні вольных людзей. Мн., 1961.

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)