ІНДУ́КЦЫЯ ў фізіялогіі,

дынамічнае ўзаемадзеянне нервовых працэсаў узбуджэння і тармажэння. Выражаецца ў тым, што тармажэнне ў групе нерв. клетак выклікае ўзбуджэнне (станоўчая І.) і, наадварот, калі першаснае ўзбуджэнне індуцыруе тармажэнне (адмоўная І.). Мае 2 формы: адначасовую, калі ўзбуджэнне ў адным участку мозга выклікае тармажэнне ў суседніх і наадварот; паслядоўную, калі змена адносін праходзіць з цягам часу. Характэрна для ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы. Абмяжоўвае распаўсюджванне нерв. працэсаў і спрыяе іх канцэнтрацыі. Прыклад адмоўнай І.: моцнае раздражненне слыхавога цэнтра (напр., рэзкі званок) выклікае тармажэнне ў харчовым, бо спыняецца слінавыдзяленне. У эмбрыялогіі І. — уздзеянне адных частак (індуктараў) зародка, які развіваецца, на другія яго часткі (сістэмы, якія рэагуюць). Адкрыта ням. эмбрыёлагам Г.​Шпеманам (1901). Адбываецца пры кантакце і вызначае напрамак развіцця сістэмы, якая рэагуе, гоматыпічны, калі дыферэнцыроўка падобна індуктару, і гетэратыпічны, калі адрозніваецца ад яго. Пашырана сярод хордавых і многіх беспазваночных жывёл. Ажыццяўляецца пры ўмове, што клеткі сістэмы, якая рэагуе, здольны ўспрымаць індуцыраваны стымул і адказваць на яго стварэннем адпаведных структур. Тэрмінам «І.» вызначаюць таксама больш шырокі круг з’яў у індывід. развіцці жывёл і раслін: дыферэнцыроўка другасных палавых прыкмет, лінька лічынак насякомых, дыферэнцыроўка і рост раслін фітагармонамі, святлом, т-рай і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. conformatio форма, размяшчэнне) у хіміі, пэўнае размяшчэнне ў прасторы атамаў малекулы вядомай канфігурацыі; адно з асн. паняццяў стэрэахіміі. Пераход паміж К. адбываецца ў выніку вярчэння фрагментаў (атамаў ці груп атамаў) малекулы адносна простых сувязей, выгінання і інш. дэфармацый сувязей, якія не змяняюць канфігурацыю малекулы.

Малекула мае некалькі К., кожнай з іх адпавядае пэўная энергія. Адрозніваюць К. з макс. (заслоненыя К.) і мінім. значэннем энергіі (запаволеныя К.). Напр., для малекулы этану H3C—CH3 магчыма існаванне 2 К., якія максімальна адрозніваюцца па энергіі — запаволеная і заслоненая, энергетычны бар’ер вярчэння адносна сувязі вуглярод-вуглярод складае ~13 КДж/моль. Заслоненыя К. адпавядаюць энергетычным бар’ерам пераходаў паміж адносна стабільнымі запаволенымі. У час вярчэння фрагментаў малекулы адносна сувязей магчыма ўтварэнне некалькіх К., якім адпавядае мінімум энергіі, такія К. наз. канфармерамі. Пры высокіх значэннях энергіі вярчэння (больш за 80 КДж/моль пры т-ры 300 К) канфармеры — геам. ізамеры (гл. Геаметрычная ізамерыя), атропаізамеры (напр., ортазамешчаныя дыфенілы) і шэраг цыклічных малекул, у якіх вярчэнне запаволена з-за наяўнасці аб’ёмных замяшчальнікаў, можна вылучыць у выглядзе індывід. хім. злучэнняў. Гл. таксама Канфармацыйны аналіз.

Т.​Т.​Лахвіч.

Да арт. Канфармацыя ў хіміі: а — запаволеная і б — заслоненая канфармацыі малекулы этану.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРСУ́НА (скажэнне слова «персона» ад лац. persona асоба, твар),

умоўная назва твораў бел., рус. і ўкраінскага партрэтнага жывапісу канца 16—17 ст. Пераходны этап ад іканапісу да свецкага партрэта.

Раннія П. толькі ўмоўна перадавалі партрэтнае падабенства, захоўвалі ідэальнасць і кананічнасць вобразаў, плоскасную ўзорыстую тэхніку пісьма тэмперай па дошцы. У 17 ст. развіццё П. ішло ў двух кірунках: дамінавання абразовага пачатку (партрэт цара Фёдара Іванавіча, канец 16 — пач. 17 ст.; М.​В.​Скапіна-Шуйскага, каля 1630) і паступовага засваення прыёмаў зах.-еўрап. жывапісу, імкнення да перадачы індывід. асаблівасцей мадэлі, аб’ёмнасці форм пры захаванні традыц. плоскаснасці ў трактоўцы адзення (партрэт Г.​П.​Гадунова, 1686). П. таго часу пісалі алеем на палатне, часам з натуры. Найб. пашырылася ў творчасці жывапісцаў Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля І.​Безміна, І.​Максімава, С.​Ушакова, М.​Чаглокава і інш.

У жывапісе Беларусі 16—17 ст. арыентацыя на традыцыі ранніх партрэтных адлюстраванняў, якія трапляюцца ў фрэсках і іканапісе Стараж. Русі, прыкметна ў партрэтах Міхаіла Барысавіча (канец 16 — пач. 17 ст.), Канстанціна Астрожскага (1-я пал. 17 ст.). Рысы П. маюць партрэт сармацкі, партрэт данатарскі.

Да арт. Парсуна. Цар Фёдар Іванавіч. Канец 16 — пач. 17 ст.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦАЎЛАДКАВА́ННЕ,

сістэма арганізацыйных, эканам. і прававых мер, накіраваных на забеспячэнне прац. занятасці насельніцтва У шырокім сэнсе П. аб’ядноўвае ўсе формы прац. дзейнасці, у т. л. прадпрымальніцтва, індывід. прац. дзейнасць і да т.п. У вузкім сэнсе пад П. разумеецца працэс пошуку адпаведнай работы і ўладкаванне на ёй, а таксама працэс прафес. падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі грамадзян для атрымання наяўных прац. месцаў. У забеспячэнні занятасці насельніцтва ўдзельнічаюць агульныя і спец. дзярж. органы. Агульнае кіраванне П. у Рэспубліцы Беларусь ускладзена на Мін-ва працы, якое нясе адказнасць за распрацоўку і рэалізацыю дзярж. палітыкі ў галіне працы і занятасці. Спец. органам П. з’яўляецца дзярж. служба занятасці, у якую ўваходзяць Гал. ўпраўленне дзярж. службы Мін-ва працы, абл. ўпраўленні службаў занятасці, гар. і раённыя цэнтры занятасці, інфарм. цэнтры, цэнтры па прафес. падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы беспрацоўных (гл. Беспрацоўе), іх філіялы і аддзяленні. Дзярж. служба занятасці з’яўляецца пасрэднікам паміж беспрацоўнымі і наймальнікамі. Падставай ўзнікнення праваадносін паміж імі з’яўляецца рашэнне службы занятасці аб прызнанні грамадзяніна беспрацоўным. Прававое рэгуляванне адносін, звязаных з П., ажыццяўляецца законам «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.12.1991 і інш. нарматыўнымі актамі.

А.​В.​Моціна.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭФАРМІ́ЗМ (ад лац. praeformo загадзя ўтвараю),

вучэнне пра наяўнасць у палавых клетках арганізмаў матэрыяльных структур, якія прадвызначаюць развіццё зародка і прыкметы арганізма, што з яго ўтвараецца. Мікраскапісты 17 ст. (А.Левенгук, М.Мальпігі і інш.) лічылі, што зародак знаходзіцца ў яйцы (авізм) або семені (анімалькулізм) у сфарміраваным стане, а ў працэсе развіцця адбываецца толькі павелічэнне ў памерах празрыстых, раней нябачных тканак (вучэнне аб прэфармацыі). У 2-й пал. 18 ст. пад уплывам даных аб парушэннях развіцця, аб спадчыннасці бацькоўскіх індывід. прыкмет, здольнасці арганізма да рэгенерацыі пачало пераважаць вучэнне аб развіцці арганізмаў як шэрагу паслядоўных новаўтварэнняў (эпігенез). У канцы 19 ст. паявілася гіпатэтычная тэорыя спадчыннасці на аснове ведаў аб індывідуальнасці храмасом і іх ролі ў працэсах апладнення і спадчыннасці, якая яшчэ мела прэфармісцкі характар. З узнікненнем генетыкі гіпотэза набыла навуковае абгрунтаванне. У сярэдзіне 20 ст. выяўленне хім. прыроды генаў, механізмаў захавання і перадачы спадчыннай інфармацыі спыніла існаванне прэфармісцкіх уяўленняў у біялогіі. Сучасная матэрыяліст. тэорыя арган. развіцця ўлічвае ролю прэфарміраваных структур (генома) і надае важнае значэнне фактарам навакольнага асяроддзя, якія спрыяюць рэалізацыі генет. інфармацыі.

Літ.:

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972. Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСТВА,

сацыяльнае ўтварэнне, якое ўяўляе сабой гал. ўмову жыццядзейнасці людзей, увасобленую ў канкрэтна-гіст. формах і тыпах. Вылучаюць шэраг абавязковых прыкмет сучаснага грамадства: наяўнасць пэўнай сукупнасці надзеленых воляй і свядомасцю індывідаў; існаванне агульных інтарэсаў; узаемадзеянне і супрацоўніцтва ў імя агульных мэт; стварэнне дзяржавы і рэгуляванне праз яе розных інтарэсаў; магчымасць развіцця і ўдасканалення грамадскіх інстытутаў шляхам іх рэфармавання і інш. Пры гэтым першаснай адзінкай грамадства лічыцца абстрактны індывід, а само грамадства асацыіруецца з сукупнасцю індывідаў. Аднак гэтыя прыкметы не лічацца вычарпальнымі і не прымаюцца ў якасці сукупнага крытэрыю для вызначэння чалавечага грамадства. У гісторыі філас., сацыялагічнай і прававой думкі ўсталявалася разуменне грамадства як сукупнасці людзей, аб’яднаных у адзінае цэлае па аб’ектыўных або суб’ектыўных прычынах. Геракліт лічыў грамадства адным з выяўленняў усеагульнага розуму (логасу), Дэмакрыт — штучным прадуктам працяглага натуральна неабходнага развіцця. Сакрат і Платон імкнуліся адшукаць аснову грамадства ў думцы пра яго, яго ідэі. Арыстоцель выводзіў паняцце грамадства з неабходнасці зносін свабодных і раўнапраўных людзей. Існавалі трактоўкі грамадства як злучэння многіх людзей, аб’яднаных агульнасцю патрэб, інтарэсаў, згоднасцю ў пытаннях права (Цыцэрон). Мысліцелі Н.​Макіявелі, Т.​Гобс бачылі ў грамадстве сродак сац. кантролю над сутнасцю індывіда і яго ўтаймавання. У перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе моцныя пазіцыі набылі розныя варыянты дагаворнай тэорыі грамадства (Г.​Гроцый, Д.​Дзідро). У процівагу грамадскаму дагавору Г.​Гегель прапанаваў у якасці фактара, што фарміруе грамадства, шматбаковую ўзаемную залежнасць індывідаў у сумесным, найперш эканамічным, жыцці. У 2-й пал. 19 ст. ўзнікла матэрыяліст. тэорыя грамадства (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін, Г.​В.​Пляханаў). Яна аспрэчвае гал. пастулат ранейшых поглядаў на тое, што ключавое значэнне для грамадства мае індывід. Паняцце грамадства ў матэрыяліст. разуменні ўключае ўсю сукупнасць грамадскіх з’яў і інстытутаў, абумоўленых неабходнасцю ўзаемадзеяння людзей, іх разнастайнымі сувязямі і адносінамі. Грамадства на пэўнай ступені развіцця — гэта грамадска-эканамічная фармацыя, якая мае ўнутр. структуру і зменьваецца па аб’ектыўных законах. У апошняй трэці 20 ст. атрымалі прызнанне канцэпцыі, у якіх найважнейшым фактарам устанаўлення разнастайных сувязей паміж індывідамі і пераўтварэнняў у грамадстве лічыцца навук.-тэхн. прагрэс і выкліканыя ім сац.-эканам. вынікі. Асабліва вылучаюцца тэорыі індустрыяльнага грамадства, дзе асн. крыніцай складанага комплексу грамадскіх узаемасувязей паміж людзьмі выступае індустрыялізацыя, прагрэс навукі і тэхналогій, у прыватнасці, стварэнне сусв. сістэмы камунікацыі і ўзнікненне глабальнага грамадства. Пашыранымі сац.-эканам. версіямі індустр. грамадства з’яўляюцца дабрабыту тэорыя і канцэпцыя аб «дзяржаве працвітання». Лагічным працягам тэорыі індустр. грамадства з’яўляюцца тэорыі постіндустрыяльнага грамадства і інфармацыйнага грамадства. Існуюць таксама канцэпцыі адкрытых і закрытых грамадстваў.

Літ.:

Волков А.И. Человеческое измерение прогресса. М., 1990;

Новая технократическая волна на Западе. М., 1986.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т у літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека

(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.​Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.​Коласа, К.​Чорнага, І.​Мележа, В.​Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.

2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.​Васілька, М.​Засіма, А.​Салагуба),

сучасных бел. пісьменнікаў (У.​Караткевіча, Н.​Гілевіча) стварыў У.​Калеснік.

У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл. таксама Надмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл. Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або арх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.

Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл. Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл. таксама Партрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.​Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.​Дзюрэр, Л.​Кранах Старэйшы, Г.​Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.​Госарт, Р.​Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.​Халс у Нідэрландах, Д.​Веласкес, Ф.​Гоя, Ф.​Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.​Іорданс, П.​П.​Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.​Вато, Ж.​Гудон, К. дэ Латур, Ж.​Б.​Перано, Ж.​А.​Фраганар, Ж.Б.​С.​Шардэн у Францыі, У.​Хогарт у Вялікабрытаніі, П.​Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.​Гейнсбара, А.​Стывенс, Дж.​Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.​Сцюарт у ЗША, Ж.​Л.​Давід, Э.​Дэлакруа, Г.​Курбэ, Т.​Жэрыко, Ж А.​Энгр у Францыі, В.​Лейбль, А.​Менцэль у Германіі, А.​Каўфман у Швейцарыі, Я.​Матэйка ў Польшчы, А.​Антропаў, І.​Аргуноў, У.​Баравікоўскі, К.​Брулоў, І.​Вішнякоў, М.​Ге, І.​Крамской, А.​Кіпрэнскі, Дз.​Лявіцкі, В.​Пяроў, Ф.​Рокатаў, І.​Рэпін, Ф.​Шубін у Расіі і інш.).

На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.​Дэга, Э.​Манэ, А.​Радэн, А.​Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.​Какошка, А.​Мадыльяні, П.​Пікасо, П.​Сезан і інш., скульптары — А.​Бурдэль, А.​Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.​Аненкава, А.​Галавіна, В.​Сярова, М.​Урубеля, Б.​Кустодзіева, М.​Ларыёнава, П.​Малявіна, К.​Сомава, З.​Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.​Гутуза (Італія), Л.​Ласанскага, Э.​Уорхала (ЗША), І.​Глазунова, П.​Канчалоўскага, П.​Корына, М.​Несцерава, К.​Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.​Дунікоўскага (Польшча), Дж.​Манцу (Італія), Ф.​Крэмера (Германія), В.​Мухінай (Расія) і інш.

На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.​Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл. Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.​Шрэтэр, графікі Г.​Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.​Аляшкевіч, Ц.​Бычкоўскі, А.​Главацкі, Я.​Дамель, С.​Заранка, К.​Карсалін, Ф.​Смуглевіч, І.​Хруцкі, А.​Шэмеш, графікі Ю.​Азямблоўскі, А.​Бартэльс, К.​Бахматовіч, Т.​Кіслінг, Я.​Клямбоўскі, К.​Кукевіч, Ю.​Пешка, скульптары Я.​Астроўскі, К.​Ельскі, Р.​Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.​Альпяровіч, Я.​Кругер, Ю.​Пэн, А.​Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.​Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.​Ахрэмчык, А.​Бразер, Г.​Віер, В.​Волкаў, А.​Грубэ, К.​Змігродскі, М.​Станюта, М.​Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.​Азгур, А.​Анікейчык, Л.​Асядоўскі, А.​Бембель, М.​Будавей, С.​Вакар, Г.​Вашчанка, М.​Данцыг, Л.​Дударэнка, Я.​Зайцаў, М.​Кірэеў, П.​Крахалёў, А.​Кішчанка, А.​Малішэўскі, А.​Марачкін, В.​Маркавец, І.​Міско, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч, У.​Пасюкевіч, Ю.​Піскун, В.​Пратасеня, І.​Пратасеня, А.​Пушкін, М.​Савіцкі, В.​Сахненка, У.​Стальмашонак, І.​Стасевіч, І.​Фяцісаў, Я.​Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.​Шаранговіч, А.​Шыбнёў, Л.​Шчамялёў і інш.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;

Беларуская станковая графіка / Склад. В.​Ф.​Шматаў. Мн., 1978;

Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.

А.​М.​Пяткевіч (літаратура), М.​Л.​Цыбульскі.

К.​Брулоў. Партрэт графіні Ю.​Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.
А.​Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.
Да арт. Партрэт. П.​Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.
І.​Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.
Да арт. Партрэт. З.​Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.
У.​Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.
Да арт. Партрэт. М.​Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.
Да арт. Партрэт. М.​Будавей. А.​Макаёнак. 1985.
Да арт. Партрэт. Ю.​Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСАЦЫЯГЕНЕ́З,

інтэгральнае паняцце, выпрацаванае тэарэтычным навук. мысленнем для цэласнага разумення чалавека ў яго гіст. і індывід, развіцці. Дае магчымасць: пазбегнуць аднабаковых тлумачэнняў паходжання чалавека (з пазіцый антрапа- і сацыягенезу, біялагізатарства, расізму, нацыяналізму); разглядаць пачатак чалавечай гісторыі ў дынаміцы эвалюцыйна-біял. перадумоў і матэрыяльна-дзейнасных фактараў гамінізацыі; зразумець прыроду як «неарганічнае цела» чалавека, што фарміруецца ў гіст. працэсе грамадства.

Выкарыстанне прынцыпу гістарызму да антрапалагічных праблем дае магчымасць раскрыць сац. сутнасць матэрыяльнага (фізічнага, біялагічнага) цела чалавека на ўзроўні яго філа- і антагенезу. Вял. мозг, рукі, здольнасць прама хадзіць, мысліць, гаварыць і інш. ўласцівыя чалавеку рысы — усё гэта жывая матэрыя, прырода. У той жа час гэта прырода чалавека фарміруецца самім соцыумам у працэсе яго гіст. развіцця. Дзіця пры нараджэнні атрымлівае ў спадчыну матэрыяльныя формы і задаткі чалавека, але самі па сабе яны яшчэ не робяць яго чалавекам. Ці стане мысліць і гаварыць дзіця, аб чым яно будзе мысліць і на якой мове размаўляць — усё залежыць ад сац. умоў жыцця. Антрапасацыягенез мае на мэце і даследаванне перспектыў змены матэрыяльных формаў і патэнцый чалавека ў працэсе натуральна-гіст. развіцця соцыуму, яго дэфармацыі і дэградацыі.

Літ.:

Ефимов Ю.И. Философские проблемы теории антропосоциогенеза. Л., 1981;

Проблемы современной антропологии. Мн., 1983;

Поршнев Б.Ф. О начале человеческой истории. М., 1974.

А.​І.​Пятрушчык.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНА́МІКА ў музыцы,

адзін з бакоў арганізацыі музыкі як працэсу; характарызуецца зменамі гучнасці, шчыльнасці гучання і тэмпу. У больш шырокім сэнсе — любыя змены ў муз. развіцці, а таксама іх адлюстраванне ва ўспрыняцці. Вызначаецца дзеяннем розных якасцей муз. гуку (вышыня, сіла, працягласць, тэмбр), інтэнсіўнасцю і частатой змен розных параметраў. Выяўляецца ў мелодыі, гармоніі, рытміцы, тэмпе, фактуры і інш., на розных узроўнях муз. развіцця (напр., у асобным гуку, у матыве, фразе, частцы, цыкле). Найб. дэталёва Д. ў музыказнаўстве разглядаюць як сукупнасць з’яў, звязаных з гучнасцю, і як вучэнне пра гэтыя з’явы. У такім значэнні тэрмін вядомы з 19 ст. Гістарычна распрацавана дакладная сістэма абазначэння дынамічных адценняў (выкарыстоўваюць італьян. тэрміны).

Асн. абазначэнні: forte-fortissimo (fff) — надзвычай гучна, fortissimo (ff) — вельмі гучна, forte (f) — гучна, mezzo forte (mf) — умерана гучна, mezzo piano (mp) — умерана ціха, piano (p) — ціха, pianissimo (pp) — вельмі nixa, piano-pianissimo (ppp) — надзвычай ціха; crescendo (графічнае <) — паступовае ўзмацненне гуку, diminuendo або decrescendo (>) — паступовае аслабленне гуку; раптоўная змена дынамічнага адцення — subito. Д. ўключае таксама акцэнты. Гучнасная Д. мае непасрэдныя адносіны да інтэрпрэтацыі (указанні кампазітара хоць і абавязковыя для выканаўцы, але дазваляюць індывід. трактоўку). Д. — важны сродак муз. выразнасці. Побач з агогікай, артыкуляцыяй, фразіроўкай яна адыгрывае вял. ролю ў муз.-выканальніцкім мастацтве.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГАЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + газ),

1) Д. атрутных рэчываў — зніжэнне да дапушчальных норм ступені заражанасці стойкімі атрутнымі рэчывамі мясцовасці, вады, тэхнікі і інш. аб’ектаў. Ажыццяўляюць фіз. і хім. спосабамі. Праводзяць з дапамогай спец. тэхн. сродкаў — прылад, дэгазацыйных машын і інш. для прадухілення ўздзеяння атрутных рэчываў на чалавека і жывёл.

Як паняцце Д. ўзнікла ў перыяд 1-й сусв. вайны, калі пачалі выкарыстоўваць газападобныя атрутныя рэчывы. Фіз. спосабы Д. — выдаленне атрутных рэчываў выпарэннем, змываннем арган. растваральнікамі ці воднымі растворамі паверхнева-актыўных рэчываў, адсорбцый, зразаннем заражанага слоя глебы (снегу), а таксама засыпаннем заражанай паверхні інертнымі матэрыяламі (напр., пяском, шлакам). Найб. эфектыўныя хім. спосабы Д., якія заснаваны на абясшкоджванні атрутных рэчываў з дапамогай дэгазавальных рэчываў. Эфектыўная таксама Д. мыццём з выкарыстаннем мыйных сродкаў і карбанату натрыю (кальцыніраванай соды). Пры Д. скурнага покрыва чалавека карыстаюцца універсальнымі дэгазавальнымі растворамі, якія ўваходзяць у камплект індывід. хім. пакета.

2) Д. ў металургіі — выдаленне газаў з вадкага металу. Найб. эфектыўнае вакуумаванне (гл. Вакуумная металургія), таксама Д. адбываецца ў працэсе плаўкі, разліўкі, кіпення, перамешвання, адстойвання металу і інш. 3) Д. ўгорнай справе — выдаленне руднічных газаў з падземных горных вырабатак. Ажыццяўляецца бурэннем свідравін у масіве горных парод, адсмоктваннем газаў з вял. колькасцю метану і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 6, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)