ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

адзін з кірункаў глыбіннай псіхалогіі, які заснаваны на вучэнні аўстр. псіхолага А.Адлера. Гал. яе ідэя ў тым, што чалавек — адзіны і непадзельны арганізм, ва ўзаемасувязі якога знаходзяцца не толькі мозг і цела, але і ўсе праявы яго псіхічнага жыцця, Адлер лічыў, што ўжо ў дзяцінстве ў чалавека часам праяўляецца пачуццё фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці (т.зв. «комплекс непаўнацэннасці»), якое ён імкнецца пераадолець. У кожнага складваецца свой унікальны стыль жыцця, фарміруецца т.зв. «сацыяльны інтарэс», на развіццё якога істотны ўплыў аказваюць асаблівасці сямейнага выхавання і сацыялізацыі асобы. Састаўной часткай І.п. з’яўляецца канцэпцыя творчага «Я», паводле якой кожны чалавек патэнцыяльна здольны дзейнічаць творча, стваральна, а яго паводзіны вызначаюцца пастаўленай жыццёвай мэтай — дасягнуць асабістай дасканаласці, цэласнасці і самарэалізацыі. І.п. аказала ўплыў на развіццё сацыяльна-псіхалагічных і групавых метадаў тэрапіі (К.​Хорні, Э.​Фром і інш.).

Літ.:

Адлер А. Практика и теория индивидуальной психологии: Пер. с нем. М., 1995;

Яго ж. Понять природу человека: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хьел Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРО́ЛЬ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,

спосаб самарэгуляцыі сац. сістэмы, які забяспечвае ўпарадкаванае ўзаемадзеянне яе кампанентаў (індывідаў, груп, супольнасцей) з дапамогай нарматыўнага рэгулявання адпаведнымі нормамі, правіламі, традыцыямі, звычаямі. Важнейшая яго функцыя — стабілізуючая. Для ажыццяўлення К.с. неабходна аўтарытэтная інтэрпрэтацыя нарматыўных абавязацельстваў спец. створанымі сац. ін-тамі культуры, права, кіравання і інш., якія ў неабходных выпадках павінны прыняць не толькі меры выхавання і заахвочвання, але і прымусу. Гэтыя ін-ты ўжываюць санкцыі: фармальныя, афіц. прадпісаныя грамадствам або арг-цыяй (павышэнне або зніжэнне службовага статусу, узнагарода, пакаранне); нефармальныя (ухваленне, абурэнне і інш.); пазітыўныя (грамадскае прызнанне заслуг, прэміраванне, прысваенне ганаровага звання), негатыўныя (вымова, штраф, асуджэнне, ізаляцыя і інш.). Асн. спосабы К.с.: заахвочванне за ўчынкі, якія адпавядаюць каштоўнасцям і нормам, што існуюць у грамадстве; прадухіленне непажаданых учынкаў; устрымліванне ад дзеянняў, якія парушаюць нормы і правілы паводзін; пакаранне за парушэнне прававых, маральных і інш. нормаў; выпраўленне асоб, якія парушылі сац. нормы, учынілі злачынства і г. д. У сістэме К.с. асаблівая роля належыць сац. ін-там [крымінальнае права, міліцыя (паліцыя), суды, пракуратура і інш.], а таксама грамадскай думцы, культ. традыцыям народа.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 8, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́СТЭРЫ (англ. cluster літар. пучок, рой, вялікая колькасць),

групоўкі хімічна злучаных атамаў (ад 3—4 да некалькіх дзесяткаў і нават соцень) аднаго ці розных элементаў. Устойлівыя толькі ў саставе хім. кластэрных злучэнняў і кластэрных матэрыялаў (К. размеркаваны ў сярэдзіне матрыцы, напр., графіту).

У метал. К. атамы металаў (пераважна пераходных) злучаны шматцэнтравымі сувязямі, якія ў К. з некалькі дзесяткаў атамаў трансфармуюцца ў металічную сувязь. Звычайна маюць форму шматграннікаў (тэтраэдрычных, актаэдрычных). Кластэрныя злучэнні маюць кластэрныя іоны, напр., [Fe4(CO)13]​2-, [Os6(CO)18]​2−, [Mo3NiS4]​4+, [Au55(PR3)12]​6+. У гэтых іонах метал. К., які мае зарад, злучаны з лігандамі: асобнымі атамамі (напр., галагены, сера, кісларод) ці малекуламі (напр., аксід вугляроду СО, фасфіны PR3, дзе R — арган. радыкал). Кластэрныя злучэнні тыпу Fe4S4 уваходзяць у склад ферментаў і адыгрываюць значную ролю ў біял. працэсах акіслення, фіксацыі атм. азоту і інш. Перспектыўнае выкарыстанне кластэрных злучэнняў як каталізатараў для хім. прам-сці.

Літ.:

Петров Ю.И. Кластеры и малые частицы. М., 1986;

Губин С.П. Химия кластеров: Основы классификации и строение. М., 1987.

В.​В.​Свірыдаў.

Да арт. Кластэры. Структура кластэрнага дыаніёна [Os6(CO)18]​2−.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАФІЗІ́ЦТВА (ад мона + грэч. physis прырода, існасць),

хрысціянскае вучэнне, якое ўзнікла ў 5 ст. ў Візантыі як рэакцыя на арыянства і нестарыянства. Заснавальнік М. канстанцінопальскі архімандрыт Яўціхій (каля 378—454) сцвярджаў, што спачатку асобна існавалі 2 прыроды Хрыста — боская і чалавечая, аднак пасля спалучэння іх пры богаўвасабленні стала існаваць адна. Зыходзячы з гэтага, прыхільнікі М. лічылі, што на крыжы ахвяраваў сабою сам Бог, а не Богачалавек, таму гэтая ахвяра ў пэўнай ступені служыць толькі сімвалам. У 448 памесны патрыяршы сабор у Егіпце пазбавіў Яўціхія сана архімандрыта, але яго падтрымаў імператар Візантыі Феадосій II, які склікаў сабор епіскапаў у Эфесе (449), дзе Яўціхій быў апраўданы Пасля смерці Феадосія II Халкідонскі усяленскі сабор 451 прыняў дыяфізіцкую дактрыну (вучэнне аб дзвюх прыродах Хрыста) і асудзіў М. як ерась. Працяглая ўзбр. барацьба хрысціян-монафізітаў прывяла да аддзялення нехалкідонскіх цэркваў ад афіц. візант. царквы. Але на аснове М. былі заснаваны копцкая царква ў Егіпце і Эфіопіі, сірыйская (якавісцкая) царква, армянская апостальская царква, якія захоўваюць сваю дагматычную і царк. самастойнасць. Гл. таксама Монафеліты.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОП-АРТ (англ. op art скарочанае ад optikal art аптычнае мастацтва),

кірунак абстрактнага мастацтва. Узнік у канцы 1940-х г. у Парыжы ў творчасці групы мастакоў на чале з В.​Вазарэлі (сапр. Ванархей) на аснове геам. абстракцыянізму. Блізкі да кінетычнага мастацтва, у адрозненне ад якога стылістычна не выходзіць за межы жывапіснага твора. З 1960-х г. пашырыўся ў зах.-еўрап. і амер. жывапісе, дызайне і рэкламе. У творах О.-а. выкарыстоўваюць аптычныя ілюзіі, заснаваныя на асаблівасцях зрокавага ўспрыняцця, што стварае фіктыўны вобраз, які існуе толькі ў свядомасці гледача (эфекты прасторавага перамяшчэння, зліцця ці бязважкасці форм, ілюзіі руху, паслядоўнай змены вобразаў і няўстойлівай формы і інш.). Гэта дасягаецца ўвядзеннем рэзкіх колеравых і танальных кантрастаў, рытмічных чаргаванняў, перасячэннем спіралепадобных і кратавых канфігурацый, закручаных ліній і інш. Часта выкарыстоўваюцца матэрыялы, якія не ўласцівы жывапісу (метал, шкло, пластык і інш.), але маюць паверхню, што адбівае святло, а таксама ўстаноўкі зменлівага асвятлення, дынамічныя канструкцыі і інш. Сярод прадстаўнікоў: Р.​Анушкевіч, К.​Крус-Дыес, Л.​Пунс, Б.​Райлі, Р.​Сота і інш.

С.​У.​Пешын.

Да арт. Оп-арт. В.​Вазарэлі. ГІКСЭХ. 1955—62.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭДЫКА́Т (ад лац. praedicatum сказанае),

тое, што ўласцівасць; у вузкім сэнсе — уласцівасць асобнага прадмета, у шырокім — адносіны, г.зн. уласцівасць некалькіх прадметаў. У арыстоцелеўскай і традыц. логіцы разумеўся толькі як адзін з двух тэрмінаў суджэння — той, у якім нешта гаворыцца аб суб’екце. Больш агульная трактоўка П. звязана з разглядам прэдыкацыі як прыватнага выпадку функцыянальнай залежнасці. У сучаснай логіцы П. — лагічная (або прапазіцыянальная) функцыя — выраз з нявызначанымі тэрмінамі (пераменнымі), які пры выбары канкрэтных значэнняў для гэтых тэрмінаў пераўтвараецца ў асэнсаванае (ісціннае або памылковае) выказванне. У лагічнай структуры суджэння традыц. паняцці П. і суб’екта замяняюцца адпаведна на дакладныя матэм. паняцці функцыі і яе аргумента.

У адпаведнасці з гэтым П. вызначаюцца на мноствах (абласцях прадметаў); элементы якіх служаць аргументамі, або значэннямі адпаведных пераменных. Пры функцыянальнай форме запісу П. ад η пераменных выражаюць формулай P(x1, ... xn), дзе η ≥ 0. Пры η = 0 П. супадае з выказваннем, пры η = 1 П. з’яўляецца ўласцівасцю ў вузкім сэнсе (аднамесны П.), пры η = 2 — уласцівасцю «пары» (двухмесны П.), пры η = 3 — уласцівасцю «тройкі» (трохмесны П.) і г.д. Гл. таксама Логіка прэдыкатаў, Функцыя.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ТУС САЦЫЯ́ЛЬНЫ,

суадноснае становішча (пазіцыя) індывіда або групы ў сац. сістэме, якое вызначаецца па шэрагу эканам., прафес., этн. і інш. спецыфічных для дадзенай сістэмы адзнак (пол, узрост, прафесія, адукацыя, даход і інш.). Упершыню паняцце «С.с.» выкарыстаў у канцы 19 ст. англ. гісторык Г.​Мэн. К.​Маркс і Ф.​Энгельс лічылі, што аб’ектыўнай асновай становішча індывідаў у грамадстве з’яўляецца грамадская практыка, іх сумесная дзейнасць, якая набывае ў ходзе развіцця асаблівыя гіст. формы. М.​Вебер сцвярджаў, што стратыфікацыя грамадства і становішча індывіда ў ім вызначаюцца не толькі эканам. кампанентамі (доступ да сродкаў вытв-сці, грамадскіх багаццяў), але і сац. ролямі і пазіцыямі. Кожны індывід мае некалькі статусных характарыстык Вылучаецца гал. статус, які і вызначае становішча асобы ў грамадстве. У залежнасці ад таго, якую пазіцыю займае чалавек у грамадстве дзякуючы спадчынным адзнакам (сац. паходжанне, раса, нацыянальнасць і інш.) або асабістым намаганням (адукацыя, кваліфікацыя і г.д.), адрозніваюць прыродны і дасягальны С.с. Суадносіны іх у сац. структуры грамадства з’яўляюцца паказчыкамі характару эканам. і паліт. улады, якая і вызначае адпаведную структуру С.с.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎПА́ЦІЙ КАЛАЎРА́Т, Яўпацій Львовіч Калаўрат,

легендарны рус. асілак, разанскі баярын, які ў 1237—38 гераічна змагаўся супраць мангола-тат. заваёўнікаў. Пра яго подзвіг расказвае стараж.-рус. «Аповесць пра спусташэнне Разані Батыем» (1-я пал. 14 ст.), якая ўвайшла ў шэраг пазнейшых рус. летапісаў. Паводле «Аповесці», Я.К. у 1237 выконваў даручэнне свайго князя ў Чарнігаўскай зямлі. Даведаўшыся пра нашэсце Батыя, ён спешна вярнуўся ў Разань, але застаў толькі папялішчы знішчанага горада. Сабраўшы 1700 воінаў («храбраў»), ён кінуўся наўздагон за Батыем, каб «выпіць смяротную чашу» разам з князямі, што загінулі ў Разані. Дагнаўшы мангола-татараў у Суздальскай зямлі, напаў на іх лагер і прычыніў ім значныя страты. Паводле «Аповесці», Я.К. і «храбры» біліся адзін з тысячай, а два з цьмою (10 тыс. чал.). Батый накіраваў супраць іх сваіх лепшых воінаў, але Я.К. рассек напапалам Хастаўрула, швагра Батыя, і забіў яшчэ многіх мангола-тат. асілкаў. Калі з дапамогай кідальных машын Я.К. усё ж быў забіты, Батый, уражаны яго мужнасцю і сілай, аддаў цела асілка «храбрам», якім загадаў захаваць жыццё і волю.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 18, кн. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1566, Другі статут Вялікага княства Літоўскага,

звод законаў феад. права, які дзейнічаў у Беларусі і Літве ў 1566—88, а на Правабярэжнай Украіне і ў 17—18 ст. помнік старабел. пісьменства.

Асн. крыніцы Статута 1566: агульназемскія і абласныя прывілеі, Судзебнік 1468, Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 і некат. нормы звычаёвага права; выкарыстаны таксама нормы царк. (рымска-каталіцкага і грэка-правасл.) права. У ім спалучаны тэарэт. распрацоўкі мясц. права з практычнай дзейнасцю і тэарэт. асновамі рымскага і зах.-еўрап. права. З тэксту Бельскага прывілея 1564 вынікае, што праект Статута рыхтавала камісія, працай якой кіраваў канцлер М.​Радзівіл Чорны; у ёй удзельнічаў маршалак дворны А.​Б.​Валовіч, верагодна, П.​Раізій, А.​Ратундус і інш. Праект Статута 1566 аддадзены сойму на папярэдні разгляд у 1561, зацверджаны 1.7.1564, меркавалася ўвесці яго ў дзеянне з 11.11.1564. Аднак з-за спрэчак па асобных артыкулах Статут набыў законную сілу з 1.3.1566; некаторыя змены ўнесены ў яго прывілеем 1.7.1566. У Статут былі ўпісаны Віленскі прывілей 1563, Бельскі прывілей 1564, Віленскі прывілей 1565. У Статуце 1566 захавана з невял. зменамі структура Статута 1529. У ім 14 раздзелаў і 367 артыкулаў. 1—3 раздзелы ахопліваюць нормы дзярж., ваеннага, адм. права, 4-ы — судовы лад і судовы працэс, 5—6-ы — сямейнае і апякунскае права, 7—9-ы — цывільнае, 10-ы — лясное і паляўнічае, 11—14-ы — крымін. права. Найб. істотныя змены ўнесены ў нормы дзярж., судова-працэсуальнага і цывільнага права. Статут 1566 замацаваў асн. прынцыпы права: адзінства права для жыхароў краіны, хоць яно не было роўным для ўсіх, дзярж. суверэнітэт, абмежаванне ўлады вял. князя, прыярытэт пісанага права. Упершыню пазначалася аддзяленне суда ад органаў улады і кіравання. Для гэтага ствараліся земскія суды і падкаморскія суды.

Больш поўна рэгламентавалася кампетэнцыя органаў дзярж. улады і кіравання. Кіраўніком дзяржавы і гал. асобай ва ўсёй сістэме дзярж. органаў прызнаваўся вял. князь, які ў Статуце называецца гаспадаром. Паўнамоцтвы вял. князя грунтаваліся на выбарным пачатку і рэгламентаваліся прававымі нормамі Статута 1566. Вял. князь не меў права без рашэння сойма пачынаць вайну, устанаўліваць падаткі на ваен. патрэбы (раздз. 2, арт. 2), выдаваць законы (раздз. 3, арт. 12). Вял. князь абавязваўся «всих князей и панов-рад, як духовных, так и свецких, и всех врядников земских и дворных, панов хоруговных, шляхту, рыцарство, мещане и всих людей посполитых у Великом князстве Литовском... заховати при свободах и вольностях» (раздз. 3, арт. 2). Важнае значэнне меў артыкул, які забараняў даваць маёнткі, пасады, чыны і званні чужаземцам, у т. л. ўраджэнцам Польшчы (раздз. 3, арт. 9). Статут 1566 заканадаўча замацаваў прывілеі і гал. ролю буйных феадалаў у дзяржаве, даваў усім феадалам права вольна распараджацца сваімі маёнткамі. У ім паўней, чым у статуце 1529, выкладзены і нормы спадчыннага права (8-ы раздзел). Істотныя змены ўнесены ў крымін. права. Суб’ектам злачынства прызнаваўся толькі чалавек. Непаўналетнія маглі быць пакараны толькі пасля 14 гадоў (раздз. 14, арт. 8). Абвяшчалася прэзумпцыя невінаватасці (раздз. 14, арт. 2). Крымін. пакаранне павінна было ажыццяўляцца толькі па суду, а асоба, якая абвінаваціла каго-н. у злачынстве і не даказала яго віны, павінна была быць пакарана так, як мог быць пакараны абвінавачаны ёю (раздз. 1, арт. 2).

Статут напісаны на бел. мове, быў перакладзены на лац. і польск. мовы. Выяўлена 58 спісаў Статута 1566, з іх 13 на бел., 40 на польск. і 5 на лац. мовах. Упершыню надрукаваны ў 1855 у Маскве.

Публ.:

Статут Великого княжества Литовского 1566 г. [и поправы статутовые 1578 г.] // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1855. Кн. 23.

Літ.:

Подозерская Г.Ф. Второй Литовский Статут: [К истории его составления] // Ист. зап. 1945. №17;

Пичета В.И. Земельное право в статутах 1529 и 1566 г. // Пичета В.И. Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961;

Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.

І.​А.​Юхо.

т. 15, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял. кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам I Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл. Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр. ВКЛ агульныя прававыя нормы.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)