АМЕРЫКА́НА-ФРАНЦУ́ЗСКІ ДАГАВО́Р 1778.

Падпісаны 6 лют. ў Парыжы Б.Франклінам і франц. міністрам замежных спраў Ш.​Вержэнам. Прадугледжваў уступленне ў вайну з Англіяй Францыі, якая абавязалася абараняць «свабоду, суверэнітэт і незалежнасць» 13 паўн.-амер. калоній і не складаць зброі да таго часу, пакуль Англія не прызнае іх незалежнасць. Дагавор перастаў дзейнічаць у 1794, калі ЗША абвясцілі пра свой нейтралітэт у вайне Францыі супраць кааліцыі еўрап. дзяржаў на чале з Англіяй.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАФІ́ТЫ (ад антрапа... + ...фіт(ы)], расліны, якія не звязаны з прыродным развіццём мясц. флоры (у адрозненне ад апафітаў) і ўвайшлі ў яе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Падзяляюцца на археафіты (віды, якія трапілі ў флору да канца 15 ст.) і кенафіты (ад пач. 16 ст. і да цяперашняга часу). Да археафітаў належыць большасць пустазелля, да кенафітаў — адвентыўныя расліны і інтрадукаваныя расліны. У флоры Беларусі антрапафітаў больш за 400 відаў.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАВЯДА́ЛЬНЫ СКАЗ,

камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, у якой рэчаіснасць адлюстроўваецца ў выглядзе паведамлення. Асн. прызначэнне апавядальнага сказа — несці інфармацыю (гэтым ён проціпастаўляецца пытальнаму сказу і пабуджальнаму сказу). Апавядальнаму сказу ўласціва складаная сістэма сродкаў перадачы паведамляльнага значэння: інтанацыя, фразавы (лагічны) націск, парадак слоў, марфал. катэгорыі (асабліва катэгорыі часу і абвеснага ладу дзеяслова), службовыя словы і інш. Структурныя схемы апавядальнага сказа разнастайныя: ад аднаслоўных сказаў да канструкцый самай складанай пабудовы.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕПРАВО́ДНЫ ШНУР, бікфордаў шнур,

шнур для перадачы цеплавога імпульсу (пучка іскраў) капсулю-дэтанатару або зараду выбуховых рэчываў праз строга вызначаны прамежак часу з моманту падпальвання. Складаецца з асяродка са спрасаванага дымнага пораху і абалонкі (аплёткі) з некалькіх слаёў нітак, насычаных вільгацеізаляцыйным саставам. Дыяметр 6 мм, скорасць гарэння да 1 см/с (пад вадой на глыб. да 5 м гарыць з большай скорасцю). Выкарыстоўваецца ў ваен. справе і пры выбуховых работах.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛАВА́Я СКО́РАСЦЬ,

вектарная велічыня ω→, якая характарызуе скорасць вярчэння цвёрдага цела. Модуль вуглавой скорасці ω = lim Δt → 0 Δφ Δt = dφ dt′ , дзе Δφ — прырашчэнне вугла павароту за прамежак часу Δt. Вектар ω→ накіраваны ўздоўж восі вярчэння ў той бок, адкуль паварот цела бачны супраць ходу гадзіннікавай стрэлкі (правіла правага вінта). Адзінка вуглавой скорасці ў СІ — радыян за секунду (рад/с).

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДУ́ШКА,

бандарная, радзей выдзеўбаная пасудзіна розных памераў у форме ўсечанага конуса, звужаная кверху (звычайна без вушак). Выкарыстоўвалася для захоўвання прадуктаў — квашанай капусты і буракоў, салёных агуркоў, грыбоў, соку, квасу і інш. К. вял. памераў — кадзі (1,5—1,6 м у вышыню), выкарыстоўваліся для захоўвання збожжа, мукі. Часам іх замацоўвалі на гліняным падмурку ў свірнах і клецях. Пашыраны ў хатнім побыце са стараж. часоў і захаваліся да нашага часу.

Кадушка.

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСА́НІЙ (Pausanias; 2 ст. н.э.),

старажытнагрэчаскі пісьменнік. Нарадзіўся, верагодна, у Лідыі. Падарожнічаў па Італіі, Сардзініі, Корсіцы, Аравіі і Сірыі. Напісаная ім у 170-я г. праца «Апісанне Элады» — своеасаблівы даведнік пра найб. вядомыя помнікі гісторыі і культуры: Атыкі і Мегары (кн. 1), Карынфа (кн. 2), Пелапанеса (кн. 3—8), Беотыі і Факіды (кн. 9—10). Апрача асабістых уражанняў П. выкарыстаў творы гісторыкаў і географаў, паэтаў, якія не дайшлі да нашага часу.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКАЦІ́-ПО́ЛЕ,

травяністыя расліны стэпаў і пустыняў, якія да часу выспявання насення набываюць шарападобную форму з прычыны моцнага разгалінавання кветканосных парасткаў. Сцёблы каля асновы лёгка адломліваюцца, і ўся надземная маса, падхопленая ветрам, коціцца па зямлі (напр., кермек). Сярод П.-п. аднагадовыя (напр., ерыхонская ружа), двухгадовыя (напр., адзін з відаў разаку сям. парасонавых) і шматгадовыя (некалькі відаў цыбулі) расліны. Памеры П.-п. ад некалькіх сантыметраў да 1 м у папярочніку.

т. 12, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМЕ́ННЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, якія мяняюць сваю свяцільнасць за кароткія прамежкі часу. Бываюць зацьменныя і фізічныя П.з. У зацьменных бляск мяняецца з прычыны паўтаральных зацьменняў у цеснай падвойнай сістэме зорак (гл. Падвойныя зоркі). Фізічныя мяняюць бляск у выніку фіз. працэсаў, што адбываюцца ў самой зорцы, напр., з прычыны пульсацый або выбухаў. Фіз. П.з. бываюць: пульсуючыя (гл. Пульсацыя зорак) і эруптыўныя зоркі.

Літ.:

Цесевич В.П. Переменные звезды и их наблюдение. М., 1980.

т. 12, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ПАРШЧЫК (ад стараж.-слав. прапар — сцяг, палотнішча),

воінскае званне ў арміях шэрагу краін, у т. л. ва Узбр. Сілах Беларусі. У рас. арміі з 1649 П. наз. сцяганосцамі. У 1712—1917 — малодшы афіцэрскі чын (з 1884 толькі для ваен. часу). У рас. ВМФ у 1862—82 П. адпавядала званне гардэмарын. Ва Узбр. Сілах СССР званне П. ўведзена ў 1972 (адпавядала званню мічман у ВМФ), старшы П. — у 1980.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)