О́СТВАЛЬД ((Ostwald) Вільгельм Фрыдрых) (2.9.1853, Рыга —4.4.1932),
нямецкі фізікахімік і філосаф, адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1875), дзе і працаваў. З 1881 праф. Рыжскага політэхн. вучылішча, з 1887 Лейпцыгскага ун-та, адначасова ў 1898—1905 дырэктар заснаванага ім Фіз.-хім. ін-та. З 1906 праводзіў даследаванні ва ўласнай хім. лабараторыі. Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, тэорыі электралітычнай дысацыяцыі, вучэнні аб колерах, гісторыі хіміі. Вывеў суадносіны паміж электраправоднасцю разбаўленых раствораў бінарных слабых электралітаў і іх канцэнтрацыяй (закон разбаўлення О.; 1888). Распрацаваў спосаб каталітычнага акіслення аміяку да азотнай к-ты (1902). У 1889 распачаў выданне серыі «Класікі дакладных навук». Стваральнік філас. тэорыі энергетызму, паводле якой адзінай субстанцыяй сусвету з’яўляецца энергія. Нобелеўская прэмія 1909.
Літ.:
Родный Н.И., Соловьев Ю.И. Вильгельм Оствальд, 1853—1932. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМО́Н (Валянцін Мікалаевіч) (н. 18.4.1948, г. Брандэнбург, Германія),
расійскі фізікахімік. Акад.Рас.АН (1997, чл.-кар. 1991). Беларус. Скончыў Маскоўскі фіз.-тэхн. ін-т (1972). З 1977 у Ін-це каталізу Сібірскага аддз.Рас.АН (з 1985 нам. дырэктара, з 1995 дырэктар), адначасова з 1978 у Новасібірскім ун-це (з 1989 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, фота- і радыяцыйнай хіміі. Распрацаваў тэорыю спектраў электроннага парамагн. рэзанансу стабільных бірадыкалаў, навук. асновы фотакаталітычных метадаў пераўтварэння сонечнай энергіі ў хім., радыяцыйна-тэрмічнага каталізу (новы кірунак у радыяцыйным каталізе). Пад яго кіраўніцтвам створаны першыя ў Расіі сонечныя каталітычныя рэактары, каталізатары на аснове аксідаў урану, якія спалучаюць функцыі ядз. паліва і каталізатараў для акумуляцый хім. энергіі.
Тв.:
Стабильные бирадикалы. М., 1980 (разам з А.І.Какорыным, Г.М.Жыдаміравым);
Фотокаталитическое преобразование солнечной энергии. Ч. 2. Молекулярные системы для разложения воды. Новосибирск, 1985 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З ТЭАРЭТЫ́ЧНАЙ І ПРЫКЛАДНО́Й ХІ́МІІ (International Union of Pure and Applied Chemistry; ІЮПАК),
міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая ўваходзіць у Міжнар. савет навук. саюзаў. Засн. ў 1919. Членамі саюза з’яўляюцца навук. ўстановы (АН, хім. т-вы, н.-д. саветы) 44 краін, 15 краін маюць статус назіральнікаў. Штаб-кватэра ў г. Оксфард (Вялікабрытанія). Асн. задача саюза — каардынацыя даследаванняў, якія патрабуюць міжнар. ўзгаднення, кантролю і стандартызацыі. Ажыццяўляе распрацоўкі агульных прынцыпаў і правіл наменклатуры рэчываў, тэрміналогіі, сімволікі, адзінак вымярэнняў, якія выкарыстоўваюць у хіміі; займаецца стварэннем эталонаў і стандартных метадаў для навук. даследаванняў, хім. вытв-сцей, сельскай гаспадаркі, медыцыны, зборам, аналізам і публікацыяй дакладных колькасных даных у галіне хіміі і хім. тэхналогіі. Саюз выдае часопісы: «Chemistry International» («Міжнародная хімія»), «Pure and Applied Chemistry» («Тэарэтычная і прыкладная хімія»), «International Newsletter on Chemical Education» («Міжнародныя навіны хімічнай адукацыі»). Праводзіць штогадовыя навук. кангрэсы па актуальных праблемах сучаснай хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАДЖЭ́ННЕ,
выдзяленне цвёрдай фазы з газаў ці суспензій; выдзяленне аднаго ці некалькіх кампанентаў з раствораў у выглядзе асадку. Можа працякаць адвольна пад дзеяннем сілы цяжару (адстойванне), цэнтрабежнай сілы (цэнтрыфугаванне) ці сіл электрастатычнага поля. Асаджэнне з раствораў робіцца з дапамогай хім. рэакцый (комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення і інш.) пры дабаўленні рэагентаў. Выкарыстоўваецца ў хім. аналізе і прам-сці пры атрыманні чыстых рэчываў, ачыстцы газаў. Мае месца ў геал. працэсах утварэння платформавага чахла і асобных геахім. комплексаў (у т. л. радовішчаў многіх карысных выкапняў; гл. таксама Асадканамнажэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАЦЫЯ́НЫ (ад грэч. anthos колер + kyanos блакітны),
фарбавальныя рэчывы (пігменты з групы флаваноідаў) клетачнага соку раслін. Паводле хім. саставу — гліказіды, у якіх рэшткі глюкозы або інш. цукру звязаны з афарбаваным нецукрыстым рэчывам. Колер антацыянаў залежыць ад хім. прыроды апошняга і рэакцыі асяроддзя (напр., чырвоны — у кіслым, сіні, фіялетавы — у шчолачным). Наяўнасцю антацыянаў абумоўлена фіялетавая, сіняя, карычневая, чырв., аранжавая і інш. афарбоўка пялёсткаў кветак, пладоў, лістоў, сцяблоў, чырв. колер вінаў і фруктовых сокаў. Мяркуюць, што антацыяны — ахоўны сродак ад шкоднага дзеяння ультрафіялетавых прамянёў і перагрэву тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЫ́КА (Галіна Аляксандраўна) (н. 6.12.1960, в. Восава Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэтэса. Дачка А.М.Булыкі. Скончыла хім.ф-тБДУ (1983), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). У 1990—94 у газ. «Культура», з 1994 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1983. У зб-ках вершаў «Сінтэз» (1986), «Турмалін» (1994) — рацыяналізм і экспрэсіўнасць, эмац.-эстэтычнае асваенне «непаэтычных» фіз. і хім. з’яў і рэчываў, філасафічнасць, незвычайнасць міфалагічнай і фалькл. сімволікі, шматпланавасць, неадназначнасць сэнсу (вершы пра гісторыю, навуку, культуру, мастацтва, каханне і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БХО́ПАЛ,
горад у цэнтр.ч. Індыі. Адм. ц. штата Мадх’я-Прадэш. 1062,8 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Аэрапорт. Гандаль збожжам і бавоўнай. Хім. (вытв-сць сродкаў аховы раслін), маш.-буд., цукр., гарбарна-абутковая, баваўняная, мукамольная, алейная прам-сць. Саматужная вытв-сць запалак, тканін, швейна-трыкат. і ювелірных вырабаў. Ун-т. Археал. музей. Маўзалей Тадж-ал Масаджыд (незакончаны). У снеж. 1984 горад пацярпеў ад буйной індустр. катастрофы — выкіду атрутнага газу ізацыянату з хім. прадпрыемства амер. кампаніі «Юніян карбайд» (загінула 2,5 тыс.чал., пацярпела больш за 100 тыс.чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,
фізіка-хімічны метад аналізу і раздзялення сумесей, дзе рухомая фаза — газ (пара); від храматаграфіі. У залежнасці ад агрэгатнага стану нерухомай фазы (цвёрды паверхнева-актыўны адсарбент ці вадкасць, нанесеная ў выглядзе тонкай плёнкі на паверхню цвёрдага носьбіта) адрозніваюць газаадсарбцыйную і газавадкасную храматаграфію. Выкарыстоўваюць у розных галінах прам-сці і фізіка-хім. даследаваннях для якаснага і колькаснага аналізу тэрмічна ўстойлівых арган. і неарган. злучэнняў, для вызначэння розных характарыстык (т-ры плаўлення і кіпення, канстанты скорасці і раўнавагі хім. рэакцый і інш.).
Літ.:
Новікаў Г.І., Жарскі І.М. Асновы агульнай хіміі. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙНЫХ МАС ЗАКО́Н,
вызначае суадносіны паміж канцэнтрацыямі прадуктаў рэакцыі і зыходных рэчываў у стане раўнавагі хімічнай, адзін з асн. законаў фіз. хіміі. Адкрыты ў 1864—67 нарвежскімі вучонымі К.Гульдбергам і П.Вааге, якія назвалі «дзейнай масай» рэчыва — колькасць яго ў адзінцы аб’ёму (канцэнтрацыю), адсюль назва.
Паводле Дз.м.з. пры нязменнай т-ры скорасць элементарнай гамагеннай рэакцыі прама прапарцыянальная здабытку канцэнтрацыі рэагуючых рэчываў у ступенях, роўных стэхіяметрычным каэфіцыентам гэтых рэчываў ва ўраўненні хім. рэакцыі (гл.Ураўненні хімічныя). Дз.м.з. карыстаюцца пры разліках у хім. кінетыцы і тэрмадынаміцы.