ВЕ́ЧАР Алім Аляксандравіч
(н. 4.7.1933, Мінск),
бел. фізікахімік. Д-р хім. н. (1973), праф. (1974). Сын А.С.Вечара. Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). З 1961 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1964 у БДУ. Навук. даследаванні па фіз. хіміі цвёрдага цела (хім. сенсары, цвёрдыя электраліты, паліўныя элементы), вывучэнні тэрмадынамічных уласцівасцей неарган. рэчываў.
Тв.:
Твердые электролиты. Мн., 1988 (разам з Д.В.Вечар);
Химические сенсоры. Мн., 1990 (разам з П.П.Жуком).
т. 4, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДА́ЛЬ ДЭ ЛА БЛАШ (Vidal de la Blache) Поль
(22.1.1845, г. Пезнас, Францыя — 5.4.1918),
французскі географ; заснавальнік франц. геагр. школы. Даследаванні ў галіне фіз. геаграфіі і геаграфіі насельніцтва. Аўтар вял. атласа па геаграфіі і гісторыі свету (карты па стараж., сярэдніх вякоў і новай гісторыі, геаграфіі мацерыкоў і краін). Навук. працы абагульнены ў кн. «Прынцыпы геаграфіі чалавека» (1922). Па яго ідэі і пад яго кіраўніцтвам пачата падрыхтоўка шматтомнай працы па сусветнай геаграфіі.
т. 4, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛАКО́Ў Іван Раманавіч
(н. 10.6.1946, с. Касценічы Бранскай вобл., Расія),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1994). Скончыў БДУ (1968), дзе і працуе. Навук. працы па тэорыі занальнай фотаметрыі слабых аптычных палёў, імпульснай атамна-абсарбцыйнай спектрафотаметрыі. Распрацаваў інфармацыйна-вымяральныя сістэмы для кантролю і дыягностыкі параметраў навакольнага асяроддзя.
Тв.:
Одноэлектронные фотоприемники. 2 изд. М., 1986 (у сааўт.);
Метол счета фотонов в оптико-физических измерениях. Мн., 1989 (разам з С.В.Халандыровым).
т. 5, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРУ́ШКІН Уладзімір Андрэевіч
(н. 11.6.1949, Мінск),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1971). З 1971 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. З 1996 праф. ун-та Браўна (г. Провідэнс, ЗША). Навук. працы па дынамічнай тэорыі пругкасці. Пабудаваў і даследаваў уласцівасці рашэнняў краявых задач тэорыі пругкасці і тэрмапругкасці ў абсягах з нягладкімі межамі.
Тв.:
Краевые задачи динамической теории упругости для клиновидных областей. Мн., 1988.
т. 5, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБУ́ДА Антон Антонавіч
(н. 9.4.1923, в. Бакуны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1992). Засл. работнік нар. адукацыі (1992). Скончыў БДУ (1954), дзе працуе з 1957. Навук. працы па дыягностыцы нізкатэмпературнай плазмы і яе выкарыстанні ў электроніцы і мікраэлектроніцы, па метадах кантролю і аўтам. кіравання ў плазменнай тэхналогіі.
Тв.:
Радиофизика и электроника: Сб. науч. тр. Вып. 2. Мн., 1996 (у сааўт.).
т. 9, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ,
выкарыстанне тэхнічных сродкаў, эканоміка-матэм. метадаў і сістэм кіравання, якія часткова ці цалкам вызваляюць чалавека ад непасрэднага ўдзелу ў працэсах атрымання, пераўтварэння, перадачы і спажывання энергіі, матэрыялаў або інфармацыі; адзін з асн. кірункаў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Мэта аўтаматызацыі — павышэнне прадукцыйнасці і эфектыўнасці фіз. і разумовай працы, аптымізацыя планавання і кіравання ў розных галінах дзейнасці, вызваленне чалавека ад працы ва ўмовах, небяспечных для здароўя. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызацыя праграмавання, Аўтаматызацыя праектавання.
т. 2, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЗАТРО́ПНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы, уласцівасці якіх (мех., фіз. і інш.) неаднолькавыя па розных напрамках унутры гэтых матэрыялаў (гл. Анізатрапія). Да анізатропных матэрыялаў адносяцца монакрышталі, валакністыя і плёначныя матэрыялы, жалезабетон, пластмасы са слаістымі напаўняльнікамі (гетынакс, тэксталіты, шкло- і вугляпластыкі і інш.), кампазіцыйныя матэрыялы. Выкарыстанне анізатропных матэрыялаў скарачае расход матэрыялаў і паляпшае якасць канструкцый. Напр., трансфарматары са стрыжнямі з анізатропнай тэкстураванай сталі прыкладна на 20—40% лягчэйшыя за трансфарматары са стрыжнямі з гарачакачанай звычайнай сталі.
т. 1, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕНАСФЕ́РА
(ад бія... + грэч. genos нараджэнне + сфера),
прыродны комплекс, які ўзнік у слоі ўзаемадзеяння і ўзаемапранікнення атмасферы, гідрасферы, літасферы. Сфарміраваўся пад уздзеяннем сонечнай энергіі і арган. жыцця. У біягенасферу ўключаюць 10—12 км тоўшчы атмасферы (над узроўнем акіяна), усю гідрасферу і 4—5 км слоя літасферы, агульная тоўшча біягенасферы да 30 км. Біягенасфера ўключае і ненаселеныя прасторы планеты (напр., ледавіковыя шчыты Антарктыды і Грэнландыі). Біягенасферу вывучае фіз. і эканам. геаграфія. Гл. таксама Біясфера.
т. 3, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ДНАР Іван Васілевіч
(н. 20.7.1940, с. Доўгае Закарпацкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне фізікі і хіміі цвёрдага цела. Д-р хім. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Ужгарадскі ун-т (1964). З 1969 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1983 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. даследаванні па цвёрдых растворах шматкампанентных сістэм, вырошчванні монакрышталёў складаных паўправадніковых матэрыялаў і вывучэнні іх фіз.-хім. і цеплафіз. Уласцівасцяў.
т. 3, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСУ́К Бенядзікт
(1769—1808),
вучоны-медык. Паходзіў з шляхты Мінскай губ. Пач. адукацыю атрымаў у Мінску. Скончыў са ступенню д-ра філасофіі фіз.-матэм. (1799) і са ступенню д-ра медыцыны мед. (1806) ф-ты Віленскага ун-та. У 1799—1803 ад’юнкт кафедры хіміі, з 1806 праф. мед. ф-та Віленскага ун-та. Падрыхтаваў і вёў першы ў навук. установах Беларусі курс суд. медыцыны. Чл. Віленскага т-ва лекараў (з 1806).
В.А.Гапоненка.
т. 2, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)