ГІСТО́РЫЯ (ад грэч. historia апавяданне аб мінулых падзеях, фактах, аб тым, што пазнана, даследавана),
гістарычная навука; у шырокім сэнсе — працэс развіцця ў грамадстве. У спецыфічным сэнсе гісторыя — навука аб заканамернасцях разгортвання ў прасторы і часе сусв.-гіст. працэсу і ўзаемадзеянняў этнапаліт. супольнасцей (гл. таксама Гістарычны працэс). Яна вызначае і тлумачыць канкрэтны ход і заканамернасці развіцця чалавечага грамадства ва ўсёй шматграннасці, адлюстроўвае патрэбу грамадства ў самасвядомасці, у разуменні свайго мінулага, каб глыбей асэнсаваць сучаснае і перспектывы будучага развіцця.
Аб’ект пазнання гіст. навукі — уся сукупнасць з’яў грамадскага жыцця на працягу ўсёй гісторыі грамадства. У параўнанні з інш. грамадска-гуманітарнымі навукамі гісторыя выступае як навука комплексная, інтэгральная. Яна мае справу з усімі грамадскімі з’явамі, што вывучаюцца гэтымі навукамі. Прадметам яе пазнання з’яўляецца раскрыццё чалавечай дзейнасці ва ўсёй шматбаковасці, прасторавай і часавай канкрэтнасці. Унутраная аснова гіст. навукі — збіранне фактаў, іх сістэматызацыя і аналіз ва ўзаемасувязі. Гісторыя абапіраецца на факты, у якіх адлюстраваны аб’ектыўныя працэсы развіцця грамадства; выкарыстоўвае шырокі спектр агульнанавук., спецыфічна гіст. метадаў (гісторыка-генетычны, гісторыка-параўнальны і інш.), у т. л. колькасныя метады даследавання. Як навука гісторыя павінна быць непрадузятым уваскрашэннем і аднаўленнем мінуўшчыны, а не судом над жыццём ці вынікамі дзейнасці продкаў для пацвярджэння якой-н. прыватнай паліт. і эканам. ідэі. Прыкладное значэнне гісторыі не адмаўляецца ў выпадках, калі ў ёй шукаюць тлумачэнне ці вытокі аб’ектыўных працэсаў, якія маюць месца ў сучасным жыцці. Гал.сац. функцыя гіст. навукі — навукова-пазнавальная (канкрэтнае навук. вывучэнне ўсяго шляху грамадскага развіцця ад старажытнасці да сучаснасці, якое дае фундаментальныя тэарэт.навук. веды).
У глыбокай старажытнасці назапашванне гіст. ведаў вялося ў вусных пераказах. Найдаўнейшыя пісьмовыя помнікі з аглядам гіст. падзей вядомы ў дзяржавах Стараж. Усходу (канец 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.). Вялікі ўклад у распрацоўку гіст. уяўленняў пакінулі ант. гісторыкі (Герадот, Фукідыд, Ксенафонт, Палібій, Плутарх у Стараж. Грэцыі; Лівій, Тацыт, Апіян у Стараж. Рыме). У першыя стагоддзі н.э. з’явіліся стараж.арм. і груз.гіст. творы. У 10 ст. ўзнікла стараж.-рус.гіст.л-ра. Сярэдневяковыя зах.-еўрап.гіст. веды мелі даволі складаную структуру і падзяляліся (у залежнасці ад крыніцы) на свяшчэнную і свецкую гісторыю. Цесна звязаная з тэалогіяй, гісторыя разглядалася як працэс, прадвызначаны Богам. У эпоху Адраджэння ў цэнтры гісторыі аказваюцца падзеі і факты. У эпоху Асветніцтва гісторыкі адмовіліся ад тэалагічнага тлумачэння гісторыі, склаўся погляд на гісторыю як на працэс заканамернага развіцця, прызнавалася адзінства лёсу ўсяго чалавецтва (Вальтэр, Э.Гібан і інш.). Працэс станаўлення гісторыі як навукі звязаны з ням. філосафамі і гісторыкамі 18—19 ст. (І.Г.Гердэр, І.Кант і інш.), з франц. гісторыкамі Ф.П.Г.Гізо, А.Мінье, А.Цьеры. Тэарэт.-філас. асэнсаванне сусв.-гіст. працэсу зроблена Г.Гегелем; галоўнае ў яго канцэпцыі — дыялектычны прынцып развіцця. У сярэдзіне 19 ст. К.Маркс і Ф.Энгельс распрацавалі матэрыяліст. дыялектыку. У аснове марксісцкага аналізу гісторыі — гістарызму прынцып, вучэнне аб фармацыях грамадска-эканамічных. Сярод гісторыкаў Расіі ў сярэдзіне 19 ст. традыцыйнымі былі спрэчкі паміж славянафіламі (І.С.Аксакаў і К.С.Аксакаў, І.В. і П.В.Кірэеўскія і інш.) і заходнікамі (П.В.Аненкаў, Ц.М.Граноўскі, К.Дз.Кавелін, С.М.Салаўёў і інш.). У гіст. навуцы і філасофіі вядучых краін Еўропы (акрамя Германіі) і ЗША ў 2-й пал. 19 ст. панавала тэорыя пазітывізму (А.Конт, Г.Спенсер, Г.Т.Бокль, Дж.У.Дрэйпер, Г.Ч.Лі, Дж.Р.Грын, К.Лампрэхт і інш.). Яе прадстаўнікі звярталіся да ідэі эвалюц. развіцця чалавецтва, аднолькавую ўвагу аддавалі пытанням эканомікі, сац. жыцця і культуры. На мяжы 19—20 ст. на фарміраванні ўяўленняў аб гісторыі адбіліся погляды Ф.Ніцшэ, які адмаўляў аб’ектыўную заканамернасць гіст. развіцця, прапаноўваў ідэю развіцця па крузе. У гэты час праявіліся таксама неакантыянства, неагегельянства, эмпірыякрытыцызм. У 1920—30-я г. пашырыўся неапазітывізм. У 1930—60-я г. папулярнымі былі ідэі англ. даследчыка А.Дж.Тойнбі, які разглядаў сусв.гіст. працэс як з’яднанне волі і неабходнасці. У Сав. Саюзе ў 1920-я — пач. 1990-х г.гіст. навука знаходзілася пад уплывам марксізму-ленінізму. Пасля 2-й сусв. вайны пашыранымі сталі погляды на гісторыю з пазіцый неатамізму, ірацыяналізму і канцэпцыі экзістэнцыялізму. Значны ўплыў на развіццё гіст. навукі ў Зах. Еўропе мела франц.«Аналаў» школа. Апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. адзначаны крызісам гіст. навукі ў Еўропе і Амерыцы; папулярнымі сталі гіст. антрапалогія, канцэпцыя «маральнай эканомікі» Э.Томпсана, тэорыя «культурнай гегемоніі» А.Грамшы і інш.
Развіццё ўяўленняў пра гісторыю ў Беларусі, якая знаходзілася на мяжы культ. уплываў, адбывалася ў сувязі з культ.-паліт. працэсамі. Да 14 ст.мясц.гіст. свядомасць тут развівалася пад уплывам візантызму з яго артадаксальна-правасл. формай ідэалогіі. Пісьмовыя крыніцы гэтага перыяду — летапісы, хронікі, жыціі, у якіх спалучаліся рацыянальнае і эмацыянальнае асвятленне гісторыі, правідэнцыялізм, дакументальна-дзелавое і маст. апісанне гіст. падзей. У 15—18 ст.гіст. веды і ўяўленне пра гісторыю ў Беларусі фарміраваліся пад уплывам еўрап.культ. традыцыі: хронікі, гіст.-мемуарная л-ра (дыярыушы), прадмовы Ф.Скарыны, «Песня пра зубра» М.Гусоўскага, публіцыстычныя творы, розныя зборнікі аповесцей і навел, якія ўспрымаліся тагачаснымі чытачамі як цалкам гістарычныя. Скарына ацэньваў развіццё грамадства пад уплывам хрысціянскіх абстрактна-гуманіст. прынцыпаў чалавекалюбства і справядлівасці, хоць і не адмаўляў існавання ў грамадстве класавых процілегласцей. Пазней яго ідэі ўзбагаціліся і канкрэтызаваліся ў творах М.Літвіна, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана і інш.Гіст. погляды 18 ст., нягледзячы на некат. праявы патрыят. («краёвай») думкі, вызначаліся паланафільствам, сувяззю з ідэямі мысліцеляў-асветнікаў Еўропы. Станаўленне гіст. ведаў у Беларусі на ўзроўні навук. асэнсавання адбылося ў 19 ст.Тэарэт. пытанні агульных падыходаў да разумення гісторыі ў бел.гіст. навуцы ўпершыню ўзняты ў працах М.В.Доўнар-Запольскага.
Гісторыя як навука ў працэсе свайго развіцця падзялілася на цесна звязаныя паміж сабой спецыялізаваныя часткі. Гісторыя грамадства ў цэлым (гл.Усеагульная гісторыя) на аснове характэрных рыс прынята падзяляць на эпохі: гісторыю першабытнага грамадства, гісторыю стараж. свету, сярэдневяковая гісторыя (медыявістыка), новая і навейшая гісторыя. Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на гісторыю вялікіх гістарычна звязаных паміж сабой рэгіёнаў (гісторыю Еўропы, гісторыю Лацінскай Амерыкі і інш.) і гісторыю асобных краін і народаў (гісторыю Беларусі, гісторыю Расіі, гісторыю Германіі і інш.); паводле комплексных праблем, калі даследуюцца з’явы, уласцівыя групам краін і народаў (гісторыю Адраджэння, гісторыю Рэфармацыі) і інш. У залежнасці ад таго, які бок або з’ява грамадскага жыцця вывучаецца, вылучаюць сац.-эканам. гісторыю, паліт. гісторыю, ваен. гісторыю, гісторыю мастацтва і інш. Да гісторыі адносяцца таксама спец. (дапаможныя) гіст. навукі: крыніцазнаўства, археаграфія, дыпламатыка, храналогія, сфрагістыка, генеалогія, геральдыка, нумізматыка, гістарыяграфія і інш.Самаст. месца займаюць археалогія і этнаграфія.
Літ.:
Ерофеев Н.А. Что такое история. М., 1976;
Болингброк. Письма об изучении и пользе истории: Пер. с англ.М., 1978;
Блок М. Апология истории, или Ремесло историка: Пер. с фр. 2 изд. М., 1986;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ.М., 1991;
Февр Л. Бои за историю: Пер. с фр.М., 1991;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;
Философия и методология истории: Сб. ст.М., 1977;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Ленін У.Л. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14 (Полн. собр. соч. Т. 18);
Carr E.H. What is history? London, 1961;
Schieder T. Geschichte als Wissenschaft. München;
Wien, 1968;
Topolski J. Metodologia historii. 3 wyd. Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА,
навука пра музыку; галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду муз. з’яў. Аснова класіфікацыі М. — падзел на гіст. і тэарэт. галіны адпаведна выкарыстанню гіст. і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў маст. творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае М. вывучае гісторыю музыкі як маст. працэс, развіццё нац.муз. культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае муз. крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэт. М. даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, форму музычную. Асобныя галіны М. — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, муз. сацыялогія, псіхалогія, крытыка.
Тэарэт. асэнсаванне пытанняў музыкі пачалося ў краінах стараж. цывілізацый — Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Кітаі, Індыі. У Стараж. Грэцыі зарадзілася вучэнне аб этасе, муз. ладах і гукарадах, рытме, інтэрвалах. У эпоху Адраджэння асэнсаваны асновы танальнай гармоніі, перагледжана вучэнне аб ладах, падкрэслена асаблівае значэнне іанійскага (мажор) і эалійскага (мінор) ладоў. Дж.Царліна вызначыў 2 віды трохгуччаў у залежнасці ад становішча ў іх вял. тэрцыі і стварыў перадумовы для ўстанаўлення паняццяў меладычнага і гарманічнага мажору і мінору. даў практычныя ўказанні па тэхніцы поліфанічнага пісьма, суадносін тэксту і музыкі. У 17 ст. паявіліся працы энцыклапедычнага характару па муз.-тэарэт., акустычных і эстэт. праблемах. Важны этап у фарміраванні М. як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самаст. навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, М. склалася ў 20 ст. У Расіі М. развівалася з канца 17 ст. ў працах І.Коранева («Мусікія», 1660-я г.) і М.Дылецкага («Граматыка мусікійская», 1670-я г.), дзе зроблена спроба стварыць рацыяналістычна стройнае вучэнне, і інш. У 18 ст. пачалася распрацоўка пытанняў, звязаных са станаўленнем і развіццём свецкай нац.муз. культуры. У 19 ст. ў артыкулах У.Адоеўскага і інш. закрануты пытанні пра народнасць музыкі, адметныя рысы рус.муз. школы і яе адносіны да інш.нац. школ. Росквіт рус. класічнага М. звязаны з дзейнасцю А.Сярова (увёў тэрмін «М.»), У.Стасава, Г.Лароша. Шмат прац прысвяцілі М. кампазітары М.Глінка, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, С.Танееў і інш. У 1920-я г. створаны спец.навук. ўстановы для распрацоўкі фундаментальных праблем тэорыі і гісторыі музыкі.
На Беларусі муз. жыццё гарадоў у 19 — пач. 20 ст. давала шмат матэрыялаў для развіцця муз. крытыкі. Артыкулы і нататкі пра муз. жыццё ў газ. «Минские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва» і інш. мелі пераважна інфарм. характар і найчасцей былі звязаны з пытаннямі выканальніцтва, хоць у некат. матэрыялах выявіўся зварот да нац. музыкі, прапанавана праграма стварэння бел. кірунку ў муз. культуры. У пач. 20 ст. спробы творчага асэнсавання пытанняў муз. мастацтва разглядаліся ў арт. М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, З.Бядулі. У 1920-я г. фарміраваліся прапагандысцка-асв. тэндэнцыі ў М. У арт. Ю.Дрэйзіна і інш. абагульнены некат. новыя з’явы, што ўзніклі ў грамадскім жыцці. У 1926 выдадзены слоўнік Дрэйзіна «Музычныя тэрміны». У канцы 1920 — пач. 1930-х г. у друку шырока асвятляліся пытанні музычнай адукацыі, выдаваліся падручнікі і навуч. дапаможнікі, у т. л. «Музычная пісьменнасць» В.Яфімава, «Пачатковая тэорыя музыкі» М.Мацісона, уступныя арт. да бел. опер і балетаў з нотнымі фрагментамі; працягвалася вывучэнне нар.муз. творчасці. Актывізавалася і даследчая дзейнасць. У 1930-я г. ўзбагацілася жанравая палітра музыказнаўчых прац, паявіліся артыкулы аналітычнага характару. Станаўленню М. садзейнічалі шырокая дыскусія пра развіццё бел.прафес. музыкі (1925), арганізацыя сімф. аркестра (1928) і опернага т-ра (1933). Характэрнымі жанрамі муз. публіцыстыкі 1930-х г. былі творчы партрэт і нарыс. У канцы 1940-х—50-я г. даследаваліся пытанні прафес.муз. творчасці і нац. выканальніцкай культуры. Апублікаваны брашуры і нарысы пра бел. музыку (І.Нісневіч, Б.Смольскі, Г.Цітовіч), яе вядучыя жанры (С.Нісневіч, В.Сізко), муз. калектывы (Л.Мухарынская, Б.Смольскі, І.Жыновіч). Распрацоўваліся эстэт. праблематыка нац. музыкі, актуальныя пытанні бел.муз. творчасці, опернай драматургіі, лібрэта, муз. мовы, узаемаадносін прафес. і нар. музыкі. Да 1960-х г. вызначыліся кірункі, звязаныя з распрацоўкай тэарэт. асноў нац. мастацтва. У працах абагульняльнага характару бел. музыка разглядалася ў некалькіх аспектах: нац.нар. музыка, муз. культура Беларусі ад сярэднявечча да 20 ст., сучасная бел.муз. творчасць і выканальніцтва, эстэт. праблемы нац.муз. мастацтва і інш. Цэнтрамі н.-д. думкі сталі кафедры гісторыі і тэорыі музыкі Бел.дзярж. кансерваторыі (цяпер Бел. акадэмія музыкі) і створанага ў 1957 аддзела музыкі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, грамадска-публіцыстычнай — Саюз кампазітараў Беларусі. Даследаванні ў галіне музыкі праводзяцца таксама на муз.-пед. ф-це Бел.дзярж.пед. ун-та імя М.Танка і Бел. ун-це культуры. У 1960—90-я г. апублікаваны манаграфіі, выдадзены зборнікі навук. прац па гісторыі нац.муз. культуры, у т. л. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя беларускай музыкі» (1976). Раздзелы пра бел.прафес. музыку ўвайшлі ў грунтоўнае выданне Ін-та гісторыі мастацтваў Мін-ва культуры СССР «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1—7, 1970—97). Фундаментальны характар мае праца Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97; Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за кн. 2—4). У вывучэнні творчых працэсаў сучаснай бел.муз. культуры важнае значэнне мела выданне зборнікаў праблемных артыкулаў «Музычная культура Беларускай ССР» (М., 1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэтычныя нарысы» (1990), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94), а таксама зб. «Музыка нашых дзён» (з 1969; з 1975 наз. «Беларуская музыка»). Істотны ўклад у даследаванне творчых працэсаў бел. музыкі (асобных жанраў, пытанняў муз. стылю, форм, тэматызму, выкарыстання фальклору ў творчасці кампазітараў, прынцыпу праграмнасці, праблемы нац. і інтэрнацыянальнага і інш.) зрабілі музыказнаўцы С.Нісневіч, Н.Юдзеніч, Сізко, Г.Куляшова, Т.Дубкова, Г.Глушчанка, К.Сцепанцэвіч, Т.Шчарбакова, І.Назіна, Р.Аладава, Л.Сцяпура, В.Савіцкая, А.Друкт, Р.Сергіенка, Т.Ляшчэня, Т.Шчэрба, В.Антаневіч, А.Смагін, Н.Юўчанка, Т.Дзядзюля, Э.Алейнікава, А.Карпілава і інш. Выдадзены працы пра творчасць бел. кампазітараў, выканаўцаў і муз. калектываў (І. і С.Нісневічы, Л.Мухарынская, Куляшова, Дубкова, І.Зубрыч, А.Ракава, Дз.Жураўлёў, Н.Калеснікава, Л.Аўэрбах), біябібліягр. даведнікі «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978) Жураўлёва, «Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані і Сергіенка (1997). З 1970 выходзіць шматтомнае навук. выданне бел. фальклору «Беларуская народная творчасць». З 1980-х г. распрацоўваецца праблематыка муз. культуры Беларусі ад старажытнасці да 19 ст., даследуецца царк. музыка Беларусі [Л.Касцюкавец, В.Дадзіёмава, В.Пракапцова (Масленікава), А.Капілаў, А.Ахвердава, Т.Ліхач, У.Неўдах]. Узбагацілася тэарэт.л-ра па праблемах нар. музыкі (Г.Цітовіч, В.Ялатаў, Мухарынская, З.Мажэйка, Т.Якіменка, Т.Варфаламеева), ствараецца вучэбная л-ра па бел. музыцы і бел.нар. творчасці для муз.навуч. устаноў розных узроўняў. Развіваецца эстэт. праблематыка (А.Ладыгіна), даследуюцца пытанні тэорыі опернага (Куляшова) і сімф. (Дубкова) жанраў, гукавышыннай арганізацыі сучаснай музыкі (Сергіенка). Распрацоўваюцца гісторыка-тэарэт. праблемы рас., сав., зарубежнай музыкі (Глушчанка, Шчарбакова, Друкт, М.Шыманскі, Мдывані, Б.Златавярхоўнікаў, Н.Сцяпанская, А.Гарахавік, К.Дулава і інш.), муз. сацыялогіі, адукацыі, псіхалогіі, методыкі выкладання, выканальніцкага майстэрства. Бел. музыказнаўцы ўдзельнічаюць у муз. жыцці Беларусі, вядуць муз.-асв. працу, займаюцца крытычнай дзейнасцю, выступаюць у перыяд. друку, на тэлебачанні і радыё, з 1990-х г. удзельнічаюць у міжнар. канферэнцыях і сімпозіумах, супрацоўнічаюць у замежных энцыклапедычных выданнях і інш.
Літ.:
Серов А.Н. Музыка, музыкальная наука, музыкальная педагогика // Серов А.Н. Избр. статьи. М., 1957. Т. 2;
Глебов Игорь [Асафьев Б.В.]. Теория музыкально-исторического процесса, как основа музыкально-исторического знания // Задачи и методы изучения искусств. Пг., 1924;
Рыжкин И., Мазель Л. Очерки по истории теоретического музыкознания. Вып 1—2. М.; Л., 1934—39;
Цуккерман В. О теоретическом музыкознании // Цуккерман В. Музыкально-теоретические очерки и этюды. М., 1970;
Музыказнаўства // Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
Методологические проблемы музыкознания. М., 1987;
Белорусская музыка 1960—1980 гг. Гл. 4. Мн., 1997;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУМІЗМА́ТЫКА (ад грэч. nomisma манета),
спецыяльная гіст. навука, якая даследуе манеты і інш. плацежныя знакі, іх узаемасувязь з гісторыяй, эканомікай, палітыкай, правам, культурай і тэхнікай, гісторыю грашовага абарачэння і фарміравання грашовых сістэм розных эпох, народаў і дзяржаў і іх узаемасувязь з рынкам; арганізацыю і тэхніку манетнай вытв-сці і медальернага мастацтва; грашовыя рэформы, умовы фарміравання скарбаў і іх ролю ў фарміраванні рынку грашовага абарачэння. Да Н. прымыкаюць розныя спец. дысцыпліны: медальернае мастацтва, фалерыстыка, баністыка, сфрагістыка, геральдыка, генеалогія, метралогія гістарычная. а таксама раздзелы этнаграфіі і паліт. эканоміі. якія вывучаюць т.зв. «прымітыўныя грошы» (таварагрошы).
Нумізматычныя крыніцы падзяляюць на 2 групы. Да першай, асноўнай, адносяць асобныя манеты, манетныя знаходкі (адзінкавыя манеты, зліткі, скарбы), матэрыялы і інструменты па чаканцы манет, манетныя шалі і гіркі. Да другой, дапаможнай, — розныя пісьмовыя крыніцы (дакументацыя манетных двароў, пастановы аб рэформах манетнай справы і грашовага абарачэння, вальвацыйныя табліцы — курс валют, мытныя кнігі, тастаменты і акты аб куплі-продажы), пячаткі, таварагрошы, медалі, жэтоны і ўзнагародныя знакі. З 19 ст. Н. лічылі часткай археалогіі (у шэрагу выпадкаў манеты дапамагаюць датаваць стратыграфічныя пласты, пабудовы і асобныя рэчы, выяўленыя пры раскопках). У той жа час Н. з’яўляецца самастойнай навукай, бо абапіраецца на спецыфічныя крыніцы (манеты, скарбы, зліткі), мае сваю тэрміналогію і методыку даследаванняў. Як навука Н. трансфармавалася з калекцыяніравання манет і інш. плацежных сродкаў. Калекцыяніраванне ўзнікла ў эпоху імператарскага Рыма, пашырылася ў эпоху Адраджэння і стала асабліва папулярным з 15—16 ст.
У сярэдзіне 16 ст. ў Еўропе налічвалася да 950 мюнцкабінетаў (спец. кабінеты. у якіх захоўваліся прыватныя калекцыі манет). Наяўнасць буйных нумізматычных прыватных калекцый патрабавала іх даследавання і сістэматызацыі. Да канца 18 ст. аформіліся найважнейшыя сучасныя нумізматычныя зборы: мюнцкабінеты ў Вене і Берліне, кабінет медалёў у Парыжы, калекцыі Брытанскага музея ў Лондане, Эрмітажа ў С.-Пецярбургу. У тагачасных навук. творах манеты разглядаліся як помнікі мастацтва разам з камеямі, скульптурай і г.д. Родапачынальнікам навук. Н. лічыцца аўстр. нумізмат І.Х.Экель, які ў 1792—98 выдаў у Вене 8-томную «Навуку аб старажытных манетах». Для станаўлення Н. як навукі шмат зрабілі даследчыкі 19 ст. І.Мадэр, І.Лялевель, Т.Чацкі, І.Я.Лейцман і інш. Першыя калекцыі манет у Расіі з’явіліся ў 17 ст., у 18 ст. калекцыяніраванне стала пашыраным. У 1714 у С.-Пецярбургу адкрыта Кунсткамера (на 1742 налічвалася 28 862 манеты), у 1745 апублікаваны яе першы каталог (на лац. мове), складзены Г.Я.Керам і Х.Крузіусам. З 1770-х г. пачала фарміравацца нумізматычная калекцыя ў Эрмітажы. Заснавальнікамі рус. нумізматычнай навукі лічацца Х.Д.Фрэн, А.Дз.Чарткоў і К.Келер. У сав. часы нумізматычныя даследаванні канцэнтраваліся ў аддзелах Н. Дзярж Эрмітажа (С.-Пецярбург), Дзярж.гіст. музея (Масква), некат. рэсп. музеяў (Кіеў, Тбілісі і інш.), акад. ін-таў і ун-таў. Н. ўмоўна падзялялі на антычную, візантыйскую, усходнюю (манеты краін Азіі і Афрыкі, а таксама сярэдневяковыя манеты Сярэдняй Азіі, Паволжа, Крыма і Закаўказзя), заходнюю (еўрап. манеты сярэдніх вякоў, новага і навейшага часу дзяржаў Зах. Еўропы, а таксама Паўн. і Лац. Амерыкі), рускую, савецкую; асобна — манеты краін Азіі і Афрыкі (былых калоній) на зах.-еўрап. мовах.
На Беларусі гісторыя нумізматычных даследаванняў прайшла той жа шлях, што і ў інш. краінах. У 16—18 ст. буйная нумізматычная калекцыя захоўвалася ў Нясвіжы ў князёў Радзівілаў. У 1820-я г. ў Гомелі М.П.Румянцаў сабраў вял. калекцыю, якая ўключала некалькі бел. скарбаў манет Каралеўства Польскага і ВКЛ, куфіцкіх дырхемаў (у 1831 перавезена ў Пецярбург, з 1861 у Румянцаўскім музеі ў Маскве). У 1840—50-я г. значную калекцыю сабраў вядомы археолаг, гісторык і этнограф Я.П.Тышкевіч, якую перадаў у створаны ў 1855 па яго ініцыятыве Віленскі музей старажытнасцей. У 1870—90-я г. на Міншчыне вял. калекцыю сабраў гісторык, археолаг і краязнавец Г.Х.Татур, частка якой паступіла ў Беларускі музей у Вільні і ў Беларускі дзяржаўны музей у Мінску. На Гродзеншчыне манеты і драгічынскія пломбы збіраў М.П.Авенарыус, на Віцебшчыне — М.Ф.Кусцінскі, на Магілёўшчыне і Гомельшчыне — Е.Р.Раманаў і інш. Большасць калекцыянераў публікавалі артыкулы па Н. і сфрагістыцы. У сярэдзіне 19 ст. рэгістрацыяй, зборам і даследаваннем манетных знаходак на Беларусі займаліся Віленская археалагічная камісія, стат. к-ты Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Магілёўскай губ. і створаныя імі музеі, Віцебская вучоная архіўная камісія і Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.
Нумізматычныя матэрыялы, выяўленыя на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., зберагаліся ў Віленскім музеі старажытнасцей, Віцебскім і Мінскім царк.-археал. музеях. Цяпер манетныя калекцыі захоўваюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (Мінск), ва ўсіх абл. і многіх раённых краязн. музеях. Вял. калекцыя зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце гіст. ф-та БДУ. Да пач. 20 ст. на Беларусі практычна не было прафес. нумізматаў. Апісанне манетных скарбаў, актавых пячатак, гандл. пломбаў, медалёў, укладанне каталогаў і іх публікацыі праводзіліся археолагамі і калекцыянерамі. У 2-й пал. 1920-х г. нумізматычнымі даследаваннямі займаўся дырэктар Бел.дзярж. музея К.В.Харламповіч. У 1933 С.А.Дубінскі апублікаваў «Бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін», у якой значнае месца займаў матэрыял па Н. У пасляваенныя часы даследаванні па Н. праводзяць вучоныя-выкладчыкі ВНУ і супрацоўнікі Ін-та гісторыі АН Беларусі: В.Н.Рабцэвіч, І.Н.Колабава, Л.Д.Побаль, Ш.І.Бекцінееў, І.І.Сінчук і інш. У сучасных нумізматычных даследаваннях выявіліся 2 кірункі — пераважнае вывучэнне манет і скарбаў і даследаванні грашовага абарачэння і грашовых сістэм (у асн. 10—16 ст.). Спец. курсы па Н. чытаюцца ў БДУ, Бел. ун-це культуры, Бел.пед. ун-це і інш.ВНУ Беларусі. Распрацаваны і існуюць 2 варыянты перыядызацыі грашовага абарачэння на Беларусі. Першы заснаваны пераважна на тыпах манет, якія выкарыстоўваліся на Беларусі ў розныя перыяды: рымскага дэнарыя (канец 2 — пач. 3 ст.н.э.); куфіцкага дырхема (9—10 ст.); заходнееўрап. дэнарыя (канец 10 — канец 11 ст.); «безманетны» (канец 11 — пач. 14 ст.); пражскага гроша (14—15 ст.); канца 15 — сярэдзіны 17 ст.; 2-й пал. 17 ст. — канца 18 ст.; канца 18 ст. — 1917; савецкі 1918—91; Рэспублікі Беларусь з 1992. Другі абапіраецца на грашовыя сістэмы (перыяды); старажытнарускі (9 — сярэдзіна 13 ст.) — куфіцкага дырхема (9 — канец 10 ст.), зах.-еўрап. дэнарыя (канец 10 — пач. 12 ст.), першы этап «безманетнага» перыяду (пач. 12 — сярэдзіна 13 ст.); ВКЛ (сярэдзіна 13 ст. — 1569) — другі этап «безманетнага» перыяду (сярэдзіна 13 — пач. 14 ст.), пачатковы этап рэгіянальных грашовых сістэм (2-я чвэрць 13 — пач. 14 ст.), пражскага гроша (пач. 14 ст. — 1492), завяршальны этап рэгіянальных грашовых сістэм (1300/1305—94), перыяд ранняй агульнадзярж. грашовай сістэмы ВКЛ (1394—1492), перыяд 1492—1569; Рэчы Паспалітай (1569—1795); Расійскай імперыі (1795—1917); савецкі (1918—91), Рэспублікі Беларусь з 1992.
Літ.:
Марков А.К. Древняя нумизматика. Ч. 1—2. СПб., 1901—03;
Зограф А.Н. Античные монеты. М ;
Л., 1951;
Кропоткин В.В. Клады римских монет на территории СССР. М., 1961;
Яго ж. Клады византийских монет на территории СССР. М., 1962;
Спасский И.Г. Русская монетная система. 4 изд. Л., 1970;
Янин В.Л. Денежно-весовые системы русского средневековья: Домонгольский период. М., 1956;
Рябцевич В.Н. О чем рассказывают монеты. Мн., 1968;
Яго ж. Основные итоги нумизматических исследований в БССР // Белорусские древности. Мн., 1967;
Яго ж. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993;
Бектинеев Ш.И. Периодизация денежного обращения на территории Беларуси с IX в. до Люблинской унии 1569 г. // Гіст.-археал.зб.Мн., 1994. № 4.
Ш.І.Бекцінееў.
Нумізматыка: 1 — златнік (золата); 2—4 — сярэбранікі (серабро), канец 10 — пач. 11 ст.; 5 — грыўня (рубель) чарнігаўскага тыпу (серабро), 2-я пал. 13 ст.; 6 — грыўня (рубель) кіеўскага тыпу (серабро), 11—13 ст.; 7 — грыўня (рубель) наўгародскага тыпу (серабро), 13—14 ст.; 8 — палова грыўні наўгародскага тыпу («палціна»); 9 — грыўня (рубель) заходнярускага (літоўскага) тыпу (серабро), 14—15 ст.; 10 — солід (білон), 1652; 11 — «барацінка» (медзь) 1665; 12—14 — паўгрошы (білон), 1494—1506, 1509, 1565; 15—23 — грошы (білон), 1536, 1546, 1555, 1580, 1607, 1608, 1612, 1627, 1652; 24 — два грошы (серабро) 1565; 25—27 — тры грошы (білон і серабро) 1546, 1562, 1562; 28 — чатыры грошы (серабро) 1566; 29—31 — шэсць грошаў (білон і серабро) 1547, 1562, 1664; 32—33 — паўкопкі (серабро) 1564, 1565; 34 — талер (серабро) 1580.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́СПАРА БЕЛАРУ́СКАЯ,
частка бел. народа, якая жыве па-за межамі Беларусі. У канцы 19 ст. — 1980-я г. ахоплівала ад 1/6 да амаль 1/3 часткі бел. нацыі. У пач. 1990-х г. за межамі Рэспублікі Беларусь пражывала 3—3,5 млн. беларусаў.
У розных гіст. умовах перасяленне насельніцтва з бел. зямель у інш. рэгіёны было выклікана эканам., паліт., ваен., рэліг. і інш. прычынамі. Ранняя эміграцыя найчасцей праяўлялася ў форме ўцёкаў з ВКЛ пакрыўджаных ці незадаволеных яго палітыкай прадстаўнікоў пануючага саслоўя. Для натуральнай эміграцыі з бел. зямель былі і прававыя падставы. Так, паводле прывілея 1447 Казіміра IV (пазней замацаваны ў Статуце ВКЛ 1529) князі, рыцары, шляхта і баяры маглі пакідаць дзяржаву «для лепшого щастья набытья», навучання ваен. майстэрству. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 пацвердзілі права вольных людзей розных саслоўяў на лячэнне, набыццё адукацыі, навучанне рамяству за мяжой. Многія з вольных людзей, якія выязджалі ў замежныя краіны, пакідалі там добрую спадчыну, садзейнічалі пашырэнню кнігадрукавання і асветы (Ф.Скарына, П.Мсціславец, Сімяон Полацкі, І.Капіевіч і інш.). У 15—16 ст. дзесяткі маладых людзей з бел. зямель ВКЛ вучыліся ў еўрап. ун-тах. Значны рост перасяленняў на У у канцы 16—17 ст. быў выкліканы больш раннім узмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. ўціску ў Рэчы Паспалітай. У 17—18 ст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і інш. дзяржавамі ў глыб імперыі перасяляліся ваеннапалонныя і нямала цывільных жыхароў з бел. зямель. Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гасп. асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі высокія дзярж. і ваен. пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культ. жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі пачынальнікамі геагр. і этнагр. вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.Каменскі, Л.Сеніцкі і інш.). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац, Новадзявочы, Данскі і Нова-Іерусалімскі (на Істры) манастыры. Яны прынеслі ў Рус. дзяржаву новыя рамёствы, свой адметны стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве («беларуская рэзь»), вырабу шматколернай кафлі. Падзелы Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 і развіццё ў канцы 18—19 ст.нац.-вызв. руху на Беларусі вызначылі паліт. прычыны эміграцыі, асабліва пасля паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. Некаторыя з іх уключыліся ў рэв. і вызв. рух у Еўропе і Амерыцы (Т.Касцюшка, В.Урублеўскі, М.Судзілоўскі, З.Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і бел. спадчыну (І.Дамейка, Г.Дмахоўскі, Н.Орда, А.Рыпінскі, К.Ельскі і інш.). Паводле перапісу 1897, у Рас. імперыі за межамі губерняў пераважна з бел. насельніцтвам (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) пражывала каля 500 тыс. беларусаў. Даследчыкамі прыроды, побыту, традыцый народаў Сібіры, Д. Усходу, Казахстана сталі сасланыя І.Чэрскі, Э.Пякарскі, А.Янушкевіч, Б.Дыбоўскі, В.Кавалеўскі. Узбагачэнню рус. прыродазнаўчай навукі спрыяла творчая спадчына вучоных — выхадцаў з Беларусі В.Ермакова, У.Брайцава, А.Садоўскага, Ж.Урублеўскага, У.Урублеўскага, У.Кавалеўскага, А.Кавалеўскага.
Першая хваля масавай працоўнай міграцыі бел. насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Рас. імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на рубяжы 19—20 ст. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі перасялілася (пераважна сяляне) больш за 700 тыс., за межы Расіі — 500—800 тыс.чал. (пераважна ў ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Зах. Еўропы). Па-за этн. межамі ўзніклі першая асв.арг-цыя «Крывіцкі вязок» (1868), першая самастойная паліт.арг-цыябел. інтэлігенцыі «Гоман» (1884, абедзве ў Пецярбургу), «Беларускае студэнцкае зямляцтва» ў Варшаве (1908—1914), Беларускі навук.-літ. гурток у Санкт-Пецярбургу (1912—14). У 1914 зарэгістравана першае супольнае Т-ва беларусаў і маларосаў (ЗША, штат Мічыган). У многіх рус. асяродках ЗША і Канады беларусы складалі значную ці нават большую частку, былі заснавальнікамі многіх правасл. цэркваў, прыходаў, удзельнікамі грамадска-культ. жыцця.
1-я сусв. вайна 1914—18, Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917, герм. і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток бел. насельніцтва на У Расіі (246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных пасля не вярнуліся на радзіму), вываз ваеннапалонных у Германію, выезд больш за 120 тыс.чал. у Літву, Латвію, Эстонію, Чэхаславакію, Турцыю і інш. краіны. За мяжой з’явілася першая арганізаваная паліт. эміграцыя (урад і вайск.фарміраванніБНР, кіраўніцтва партыі бел. эсэраў і інш.). Працоўная (сялянская) эміграцыя звязана з выездам у Амерыку і Еўропу (каля 180—250 тыс. жыхароў Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы). Найбольшай актыўнасцю і нац.-культ. дзейнасцю ў міжваенны перыяд. вызначалася Д.б. ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Аргенціне (існавалі т-вы, нац. друк, асвета). З БССР у 1926—38 у інш. рэгіёны СССР перасялілася больш за 600 тыс.чал. (планавы набор рабочай сілы, дэпартацыі, паліт. рэпрэсіі і інш.). Рассеяныя па абшарах дзяржавы беларусы стварылі дзесяткі грамадскіх, культурна-асветных арг-цый, якія ў 1930-я г. спынілі сваю дзейнасць. У выніку 2-й сусв. вайны амаль 1,5 млн. беларусаў эвакуіравалася на У і толькі трэцяя частка з іх вярнулася ў БССР; у ліку сав. ваеннапалонных за мяжой апынулася шмат беларусаў, каля 400 тыс. вывезена ў Германію (240 тыс. з іх не вярнуліся). Да сак. 1946 у СССР рэпатрыіравана 520 тыс. беларусаў. Аснову Д.б. склалі таксама члены бел. арг-цый, устаноў, вайск. фарміраванняў на акупіраванай тэр., якія выехалі на Захад. Пасля вайны Д.б. за межамі СССР папаўнялася нязначна. Рэгулярны прыток беларусаў і выхадцаў з Беларусі ў зах. краіны пачаўся ў 1980-х г. У 1988—90 з БССР эмігрыравала больш за 52 тыс.чал. У 1991—95 за межы Рэспублікі Беларусь выехала каля 55 тыс.чал.: у Ізраіль (50%), ЗША (32%), Германію, Аўстралію, Польшчу, Канаду. Па неафіц. звестках у 1995 каля 500 тыс. беларусаў пражывала ў ЗША, каля 100 тыс. у Канадзе, дзесяткі тысяч у Аргенціне, Бразіліі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Вялікабрытаніі і Аўстраліі Прыкладна 250—400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынуліся ў Польшчы пасля вызначэння пасляваен. дзярж. граніц. Пасля распаду СССР на абшарах новых незалежных дзяржаў апынулася больш за 2 млн. беларусаў. У 1992—95 Беларусь прыняла з новых незалежных дзяржаў 287 тыс. асоб, з якіх амаль 150 тыс. беларусаў. На постсавецкай прасторы цяпер сканцэнтравана пераважная большасць усіх замежных беларусаў. На 1996 у Расіі іх больш за 1 млн. 100 тыс.чал., на Украіне больш за 400 тыс., у Казахстане — 170 тыс., Латвіі — амаль 100 тыс., Літве — 50 тыс., Эстоніі — 25 тыс. За межамі Рэспублікі Беларусь частка беларусаў пражывае на этнічных землях, якія ў 1920—40 адышлі да інш. дзяржаў. Духоўнай асновай нац. самавызначэння, праявай самабытнасці, адметнасці сталі створаныя беларусамі ў замежжы грамадскія, паліт., асв.-культ., навук., рэліг. арг-цыі, суполкі мастакоў, нац. друк і асвета, культ. цэнтры, музеі і архівы, маст. калектывы, пабудаваныя храмы. За мяжой дзейнічаюць Бел. аўтакефальная правасл. царква, Бел.правасл. царква ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярха, Бел. каталіцкія (уніяцкія) місіі ў Чыкага, Лондане, Парыжы. Царк.-рэліг. жыццё на нац. аснове складваецца і на постсавецкім абшары (Масква, Санкт-Пецярбург, Рыга). Захаванню нац. свядомасці, пашырэнню звестак пра беларусаў спрыяюць Бел.-амер. задзіночанне, Бел.нац. аб’яднанне, Бел. кангрэсовы камітэт, Бел.-амер. рада ў Чыкага (усе ў ЗША), Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, Згуртаванне беларусаў Канады, Федэрацыя бел. арг-цый у Аўстраліі, Бел. хаўрус у Францыі, жаночыя, маладзёжныя і інш. арг-цыі; правядзенне традыц. сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952 адбыліся 22 сустрэчы), Аўстраліі (з 1976—12 сустрэч); перыяд. друк, у т. л. штомесячная газета «Беларус» (у ЗША ў 1980-я г. выходзіла 15 выданняў на бел. мове). Нац.-культ., сац.-паліт. інтарэсы беларусаў Польшчы выражаюць паліт. партыя Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, Бел. аб’яднанне студэнтаў і інш. т-вы, згуртаваныя ў Раду бел. арг-цый і Бел. Саюз, Бел. грамадска-культ.т-ва, газета «Ніва» і інш. З канца 1980-х г. пачаўся працэс нац.-культ. гуртавання беларусаў СССР. Пра дынаміку іх арганізац. аб’яднання на постсавецкай прасторы сведчыць грамадская культ.-асв. дзейнасць у 1997 больш за 80 бел. суполак, т-ваў, згуртаванняў, цэнтраў у Расіі, на Украіне, у Малдове, Латвіі, Літве, Эстоніі, Казахстане, Кыргызстане, Узбекістане. Цэнтры навук.-культ. жыцця Д.б.: Беларускі ін-т навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Англа-бел. т-ва, Б-ка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане, філіял Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Таронта (Канада), Бел.гіст.т-ва ў Беластоку (Польшча), Вялікалітоўскі фонд імя Л.Сапегі, фундацыя імя П.Крачэўскага (ЗША) і інш. Асяроддзе замежных беларусаў вылучыла вядомых людзей у розных галінах навукі, літаратуры і мастацтва. Парт.-дзярж. колы БССР і СССР у адносінах да Д.б. вялі палітыку яе непрызнання, ізаляцыі паліт. эміграцыі ад Бацькаўшчыны, расколу яе па ідэалаг. адзнаках. Створанае Бел.т-ва па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (1964, з 1976 — Бел.т-ва «Радзіма») трымала сувязь толькі з арг-цыямі, якія лаяльна ставіліся да сацыяліст. ладу. Недаацэньваліся нац.-культ. патрэбы суродзічаў у іншаэтнічных раёнах СССР. З пачаткам працэсаў дэмакратызацыі, нац. адраджэння, паліт. і эканам. рэформ узніклі ўмовы для пераасэнсавання ролі Д.б. З канца 1980-х г. новыя грамадскія рухі на Беларусі сталі ініцыятарамі ўсталявання з ёй сталых зносін. Істотныя змены ў адносінах Д.б., у т. л. і на дзярж. узроўні, пачаліся, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Дзейнічае згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), падтрымку ўрада атрымалі яго ініцыятывы агульнанац. маштабу — Першы сход беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першы з’езд беларусаў свету (ліп. 1993). У ліп. 1997 адбыўся Другі з’езд беларусаў свету. Вырашэнню праблем Д.б. спрыялі прыняцце Закона аб грамадзянстве (1991), Закона аб парадку выезду і ўезду (1993), уключэнне ў шэраг падпісаных Рэспублікай Беларусь міжнар. дагавораў (з Расіяй, Польшчай, Украінай, Кыргызстанам, Казахстанам і інш.) артыкулаў аб магчымасці свабоднага выяўлення, захавання і развіцця суайчыннікамі этнічнай, культ., моўнай, рэліг. самабытнасці, прыняцце дзярж. праграмы «Беларусы ў свеце». Гл. таксама Эміграцыя.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (Вторая половина XIX в.). Мн., 1978;
Грыцкевіч В.П. Нашы славутыя землякі. Мн., 1984;
Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;
Сачанка Б.І. Беларуская эміграцыя. 2 выд.Мн., 1991;
Скарыніч. Вып. 1—3. Мн., 1991—97;
Антонава Т. У землякоў за акіянам. Мн., 1992;
Кіпель В. Беларусы ў ЗША Мн., 1993;
Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мн., 1993;
Культура беларускага замежжа Кн. 1—3. Мн., 1993—94;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),
трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн.км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс.км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн.км² (у т. л. суша 149,1 млн.км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн.км², або 70,8%), аб’ём 1083∙1012км³, маса 5976∙1021кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс.км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс.км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙1011 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд.км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.
Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля 2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля 1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр.атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,151015т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б.ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш 1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс.км і 22 тыс.км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).
Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙1012т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).
Літ.:
Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.
В.П.Якушка.
Да арт.Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.Да арт.Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.Да арт.Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),
дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс.км². Нас. 4212 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).
Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.
Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд.т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.
Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э.тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб.Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст.тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц.ваен.фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт.вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв.Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх.ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч.Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш.араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як 2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс.чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар.дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб.сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд.дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс.т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн.т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн.т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд.кВт∙гадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс.га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс.га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс.км, з іх 3 тыс.км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн.т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд.дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.
У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд.дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн.гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс.чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс.чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс.чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс.чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.
І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).
Герб і сцяг Іарданіі.Да арт.Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.Да арт.Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.
Створаны ў 1920 у Мінску як Бел.дзярж.т-р (БДТ). З 1926 наз. Першы бел.дзярж.т-р (БДТ-1). 21.12.1944 прысвоена імя Я.Купалы, у 1955 — званне акадэмічнага, са снеж. 1993 сучасная назва. Адкрыўся 14.9.1920 спектаклямі: «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар» Э.Ажэшкі (бел. трупа), «Людзі» («Мэншн») Шолама-Алейхема (яўр.), «Вяселле» А.Чэхава (рус.). З 1922 т-р замацаваны за бел. трупай, што склалася пераважна з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, традыцыі якога прадаўжаў арганізатар т-ра Ф.Ждановіч. Важная роля ў станаўленні калектыву належыць Е.Міровічу, які спалучаў дзейнасць рэжысёра-пастаноўшчыка з вучэбна-выхаваўчай і пед. работай. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны — В.Галіна, Г.Глебаў, Г.Грыгоніс, І.Ждановіч, У.Крыловіч, К.Міронава, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, У.Уладамірскі — садзейнічала фарміраванню нац. акцёрскай школы. Да 1928 у складзе т-ра існавалі балетная і оперная трупы. У 1920-я г. аснову рэпертуару т-ра складала бел. драматургія. Былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» (першы паказ 17.9.1920) і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Апошняе спатканне», «Залёты дзяка», «Ганка» і «Бязвінная кроў» У.Галубка, «Чорт і баба», «Манька» і «Адам і Ева» Ф.Аляхновіча. Ставіліся таксама творы В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, К.Буйло, Л.Родзевіча, Ц.Гартнага, В.Гарбацэвіча, М.Грамыкі, М.Ільінскага. Найб. значнымі ў творчасці т-ра 1-й пал. 1920-х г. былі створаныя на фалькл. матэрыяле спектаклі «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» і гіст. драма «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, якія вызначаліся рамант. афарбоўкай, яркім паказам нар. побыту. Акрамя бел. былі папулярнымі творы ўкр. (М.Крапіўніцкі, М.Старыцкі, І.Катлярэўскі), рус. (М.Горкі, Чэхаў, У.Караленка), польск. (Ажэшка) і франц. (пераважна Мальер) аўтараў. У 2-й пал. 1920 — пач. 1930-х г. рэпертуарная палітыка т-ра апынулася пад ідэалаг. уціскам з боку афіц. улад. У 1926 забаронены спектакль «Тутэйшыя» Я.Купалы. Вял. шкоду т-ру нанеслі ганенні і рэпрэсіі, якім падвяргаліся рэжысёры Міровіч і Ф.Ждановіч, арт. А.Крыніца, драматургі Грамыка, Р.Кобец і інш. Калектыў вымушаны быў адмовіцца ад ранейшай разнастайнай тэматыкі і ставіць пераважна тагачасныя творы на рэв. тэму з завастрэннем іх класавай сутнасці: «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава, «Браняпоезд 14—69» У.Іванава, «Перамога», «Запяюць верацёны» і «Лён» Міровіча, «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Кобеца. З прыходам у т-ррэж. Л.Літвінава спектаклі сталі больш тэатральнымі. Этапнай стала яго пастаноўка «Бацькаўшчына» К.Чорнага, дзе манум. эпічнасць спалучалася з ёмістасцю сцэн. характараў. У 1930-я г. калектыў т-ра дасягнуў творчай сталасці. Высокай пастановачнай культурай, выдатным акцёрскім ансамблем адметныя сцэн. творы «Апошнія» М.Горкага, «Скупы» Мальера Плённа супрацоўнічаў т-р з бел. драматургамі: З.Бядулем, М.Клімковічам, Э.Самуйлёнкам. Асобнае месца належала драме «Партызаны» і сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, дзе была зроблена спроба сродкамі сатыры паказаць дэфармацыю грамадства. У гады Вял.Айч. вайны т-р працаваў у Томску (Расія). Пастаноўкі «Фронт» А.Карнейчука, «Рускія людзі» К.Сіманава вызначаліся актуальнай праблематыкай, публіцыстычнасцю, грамадз. пафасам. Ставіліся таксама «Паўлінка» Я.Купалы, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Позняе каханне» А.Астроўскага і інш. Пасля вяртання ў Мінск (4.10.1944) гал. ўвагу т-р накіраваў на асэнсаванне падзей Вял.Айч. вайны. На сцэне ішлі творы К.Крапівы, К.Губарэвіча, А.Кучара. Найб. значны спектакль пра Вял.Айч. вайну — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (Дзярж. прэмія СССР 1948). Асн. месца ў рэпертуары т-ра першых пасляваен. дзесяцігоддзяў займалі тагачасныя сав. п’есы. На творчасць т-ра паўплывала т.зв. тэорыя бесканфліктнасці з характэрнай для яе нівеліроўкай складанасцей і супярэчнасцей характараў і канфліктаў. Сярод найб. значных спектакляў гэтага перыяду «Мілы чалавек» і «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Крылле» Карнейчука, «У добры час» В.Розава, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Дабракі» Л.Зорына, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Нора» Г.Ібсена, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета.
У 1960-я г. ў т-ры адбываўся складаны працэс змены пакаленняў, назіраўся пошук у галіне сцэн. выразнасці. Ставіліся пераважна п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Макаёнка, А.Дзялендзіка, П.Васілеўскага, С.Алёшына). Прыкметнай з’явай у жыцці т-ра сталі спектаклі «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе, «У мяцеліцу» Л.Лявонава, «Дзівак» Назыма Хікмета і «Што той салдат, што гэты» — першая паспяховая спроба асвоіць эстэтыку драматургіі Б.Брэхта. Глыбокае вытлумачэнне атрымалі творы рус. класікі: «Жывы труп» Л.Талстога, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Апошняя ахвяра» Астроўскага, «На дне» М.Горкага. Адметнай падзеяй стала інсцэнізацыя рамана І.Мележа «Людзі на балоце», якая вызначалася драматызмам, высокай паэтыкай нар. драмы. У 1970—80-я г.т-р на чале з рэж. В.Раеўскім працягваў пошукі новых выяўл. сродкаў выразнасці. Лепшым сцэн. творам уласціва сучасная эстэтыка з паглыбленнем у вобразна-асацыятыўную стыхію твора, акрэсленая канцэптуальнасць, яркая тэатральнасць. Гал. месца ў рэпертуары займалі творы бел. драматургаў. Разнастайныя праблемы сучаснасці і мінулага ўзнімаліся ў пастаноўках «Начное дзяжурства» Дзялендзіка, «Амністыя» і «Мудрамер» (Дзярж. прэмія Беларусі 1988) М.Матукоўскага, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і «Пагарэльцы» Макаёнка, «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Парог» і «Вечар» А.Дударава і інш.Т-р імкнуўся па-новаму паказаць падзеі Вял.Айч. вайны. У спектаклях «Апошні шанц» В.Быкава, «Эшалон» М.Рошчына, «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава, «Трыбунал» Макаёнка, «Радавыя» Дударава (Дзярж. прэмія СССР 1985) раскрывалася жахлівая амаральнасць вайны, гучаў філас. роздум над праблемамі чалавечага быцця. Для пастановак гэтага перыяду характэрна метафарычнасць, сімволіка з паглыбленай псіхалагічнасцю акцёрскага выканання (спектаклі «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма, «Характары» паводле В.Шукшына, «Гульня з кошкай» І.Эркеня, «Святая святых» І.Друцэ, «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера). Сучаснае гучанне набылі пастаноўкі класічных твораў: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля, «Бура» Шэкспіра. У 1990-я г. ўзрастае цікавасць т-ра да бел. класікі і нац. гісторыі. Класічныя спектаклі «Тутэйшыя» Я.Купалы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча на асацыятыўным узроўні насычаюцца набалелымі праблемамі сучаснасці. Пастаноўкі «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева, «Звон — не малітва» Чыгрынава, «Князь Вітаўт» Дударава па-мастацку асэнсоўваюць рэальныя гіст. падзеі ў шчыльнай узаемасувязі з духоўнай, побытавай, прыроднай, этнагр.нар. традыцыяй. У гэты перыяд калектыў паспяхова засвойвае эстэтыку т.зв.т-ра абсурду: «Эмігранты» і «Чароўная ноч» С.Мрожака, «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.Іанеска, «Крывавая Мэры» Дз.Бойкі. Сярод інш. пастановак 1990-х г.найб. значныя «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата, «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Лес» Астроўскага, «Смерць Кандзіда Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна, «Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага, «Касцюмер» Р.Харвуда, «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» Міровіча, «Дагарэла свечачка...» А.Петрашкевіча, «Трыстан ды Ізольда» С.Кавалёва, «Восеньская саната» І.Бергмана. Лепшыя спектаклі т-ра адметныя нац. самабытнасцю, філас. асэнсаваннем бел.нар. характару, псіхал. праўдай, рэаліст. накіраванасцю, сцэн. культурай. Пры т-ры працавалі студыі: у 1945—48 (маст. кіраўнік Міровіч, з 1946 — Літвінаў), у 1956—58 і 1967—69 (маст. кіраўнік Л.Рахленка). З 1984 пры т-ры працуе Малая сцэна.
У фарміраванні творчага аблічча т-ра адметную ролю адыгралі нар. артысты СССР Глебаў, У Дзядзюшка, Г.Макарава, П.Малчанаў, Платонаў, Рахленка, Ржэцкая, З.Стома, У.Уладамірскі, М.Яроменка, нар. артысты Беларусі С.Бірыла, М.Бялінская, Г.Грыгоніс, П.Дубашынскі, І.Ждановіч, П.Кармунін, Р.Кашэльнікава, Пола, В.Філатаў, І.Шаціла, засл. артысты Беларусі Т.Аляксеева, Крыловіч, Міронава. Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі засл. артысты Беларусі А.Бараноўскі, А.Дзянісаў, П.Іваноў, В.Краўцоў, Б.Кудраўцаў, П.Пекур, Б.Уладамірскі, М.Федароўскі, Р.Філіпаў (нар.арт. Расіі), С.Хацкевіч, Э.Шапко, Л.Шынко, Б.Янпольскі, арт. Ю.Авяр’янаў, Б.Дакальская, Т. і У.Кін-Камінскія, А.Уладамірскі і інш., рэжысёры В.Галаўчынер, Л.Мазалеўская, М.Пінігін. У т-ры ставілі спектаклі Р.Агамірзян, А.Андросік, М.Зораў, Б.Луцэнка, М.Міцкевіч, І.Папоў, І.Раеўскі і інш. У розныя гады т-р узначальвалі: маст. кіраўнік Ф.Ждановіч (1920—21), Міровіч (1921—25, 1926—31), М.Папоў (1925—26), Літвінаў (1932—37), Рахленка (1937—43), Глебаў (1943—48), Платонаў (1961—63), В.Раеўскі (з 1973); гал. рэжысёры К.Саннікаў (1948—52), І.Судакоў (1952—55), Рахленка (1955—57), Я.Простаў (1958—60), В.Броўкін (1960—62), Г.Шчарбакоў (1962—64), Б.Эрын (1964—68), Ц.Кандрашоў (1969—72); мастакі А.Марыкс (1922—29, 1934—39), І.Ушакоў (1939—52), гал. мастакі В.Галубовіч (1958—62), А.Грыгар’янц (1962—76), Б.Герлаван (з 1976).
У складзе трупы (2000): нар. артысты СССР Г.Аўсяннікаў, С.Станюта, В.Тарасаў, нар. артысты Беларусі Арлова, В.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, засл. артысты Беларусі Г.Бальчэўская, З.Белахвосцік (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), Ф.Варанецкі, Г.Давыдзька, М.Зінкевіч, З.Зубкова, Я.Кавалёва, Н.Качаткова, М.Кірычэнка, У.Кудрэвіч, Г.Маляўскі, В.Манаеў, Т.Нікалаева, А.Падабед, У.Рагаўцоў, А.Рынковіч, артысты А.Гарцуеў, М.Громава, І.Дзянісаў, А.Долгая, А.Ельяшэвіч (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), А.Іваннікава, С.Краўчанка, Я.Кульбачная, А.Лабуш, А.Луцэвіч, С.Некіпелава, В.Няфёдава, В.Паўлюць, Н.Піскарова, Т.Пузіноўская, В.Рэдзька (засл. арт.Аўт. рэспублікі Крым), А.Сідарава, І.Усовіч, Г.Фёдарава і інш.; маст. кіраўнік — нар.арт. Беларусі В.Раеўскі, гал. мастак — нар. мастак Беларусі Герлаван, рэж. У.Савіцкі.
Будынак т-ра ўзведзены ў 1890 (гл.Мінскі гарадскі тэатр).
Літ.:
Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;
Рамановіч Я. Першы тэатр: Кароткі нарыс. Мн., 1946;
Бутаков А.И. Искусство жизненной правды: Театр имени Янки Купалы в 20—30-х гг.Мн., 1957;
Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Мн., 1970;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Бушко Т. Святло незабыўных імгненняў. Мн., 1985;
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985;
Театр и жизнь: Некоторые пробл. театр. процесса в Белоруссии 70—80-х гг.Мн., 1989;
Тэатральная Беларусь: Спецвып., прысвеч. 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 1995. №5.
Т.Я.Гаробчанка.
Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.Макаёнка.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэны са спектакляў: 1 — «Вечны Фама» У.Бутрамеева; 2 — «Касцюмер» Р.Харвуда; 3 — «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата; 4 — «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча; 5 — «Князь Вітаўт» А.Дударава; 6 — «Тутэйшыя» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Радавыя» А.Дударава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕНЦІ́НА (Argentina),
Аргенцінская Рэспубліка (República Argentina), дзяржава ў Паўд. Амерыцы. Абмываецца водамі Атлантычнага ак. Займае паўд.-ўсх.ч. Мацерыка, усх. палову в-ва Вогненная Зямля і суседнія з ёй астравы. Мяжуе на З з Чылі, на Пн з Балівіяй і Парагваем, на ПнУ з Бразіліяй і Уругваем. Падзяляецца на 22 правінцыі, адну федэральную (сталічную) акругу і нац. тэрыторыю Вогненная Зямля; Фалклендскія, або Мальвінскія, а-вы — спрэчная з Вялікабрытаніяй тэрыторыя. Пл. 2,8 млн.км² (8-я па велічыні краіна свету), нас. 33,9 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Буэнас-Айрэс. Афіц. мова іспанская, пашыраны італьян., ням., французская, англ.Нац. святы — гадавіна Майскай рэвалюцыі (25 мая), Дзень незалежнасці (9 ліп.).
Дзяржаўны лад. Аргенціна — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1853 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (46 чал.) і палаты дэпутатаў (254 чл.).
Прырода. Тэр. Аргенціны выцягнута з Пн на Пд на 3700 км (ад 22° да 55°паўд. ш.), з З на У да 1577 км. Берагі слаба парэзаны залівамі Ла-Плата, Эль-Рынкон, Сан-Матыяс, Сан-Хорхе, Баія-Грандэ і інш. У рэльефе вылучаюцца раўніны і нізіны: на Пн і У Гран-Чака, Пампа, Аргенцінскае Міжрэчча; у цэнтр.ч. Лаплацкая нізіна; на Пд Патагонскае пласкагор’е (да 2000 м) з плоскімі столападобнымі паверхнямі — мясетамі; на З Анды з найвыш. пунктам Паўд. Амерыкі гарой Аканкагуа (6960 м), на ПнЗ заходзіць ч. высакагорнага плато Пуна з шматлікімі вулканамі, на ПнУ — Бразільскае пласкагор’е. Клімат раўніннай ч. трапічны і субтрапічны, на Пд — умераны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (студз.) на Пн 28 °C, на Пд 10 °C, самага халоднага (ліп.) адпаведна 18 °C і 1 °C. У гарах клімат умерана халодны. Ападкаў за год ад 100—300 мм у Патагоніі да 1400—1600 мм на ПнУ, на ўсх. схілах Андаў да 5000 мм. Рачная сетка найб. развітая ў нізіннай і вільготнай паўн.-ўсх.ч. краіны. Буйныя паўнаводныя і суднаходныя ў нізоўях рэкі Парана (з прытокам Парагвай) і Уругвай зліваюцца ў агульнае вусце — эстуарый Ла-Плата. Да іх басейна належаць рэкі Пількамайо, Рыо-Бермеха, Рыо-Салада. Рэкі Патагоніі (Рыо-Каларада, Рыо-Негра, Чубут з Рыо-Чыко і інш.) багатыя гідраэнергарэсурсамі. Каля падножжа Андаў шматлікія, пераважна ледавіковыя, азёры Наўэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Лага-Архенціна, Фаньена (на Вогненнай Зямлі). Каля 20% тэр. Аргенціны пад вечназялёнымі і лістападнымі лясамі, пераважна ў гарах. На Гран-Чака сухое рэдкалессе на чырвоных глебах, ва Усх. Пампе лугавыя стэпы на чарназёмах (разараныя), у Патагоніі паўпустыні. У фауне шмат відаў, якія невядомы ў краінах Старога Свету: браняносцы, скунсы, магеланаў сабака, пампаскі кот і інш. Шмат птушак і паўзуноў. Найб.нац. паркі: Ігуасу, Лос-Гласьярэс, Ланін, Лос-Алерсес, Наўэль-Уапі і інш.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва — аргенцінцы, нашчадкі эмігрантаў з Іспаніі, Італіі, Францыі і інш. краін Еўропы. Жывуць таксама італьянцы, украінцы, беларусы, іспанцы, палякі, немцы, яўрэі і інш. Карэнных жыхароў — індзейцаў — засталося каля 100 тыс.чал.; кечуа, тупі-гуарані і інш. Жывуць каля мяжы з Балівіяй і Парагваем, араўканы, тэхуэльча (патагонцы) — у Патагоніі. Метысаў, што гавораць на мове кечуа, каля 200 тыс.чал. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 12,1 чал. на 1 км² (1994). Большасць сканцэнтравана ў Пампе, менш населеная тэр. на Пд Аргенціны. Гар. насельніцтва 86%, трэцяя частка яго ў Вял. Буэнас-Айрэсе. Іншыя вял. гарады: Кордава, Мендоса, Расарыо, Ла-Плата, Марон, Мар-дэль-Плата, Тукуман, Санта-Фэ.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 66, у жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 25,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Гісторыя. Тэр. Аргенціны заселена чалавекам у 8—7-м тыс. да н.э. Напярэдадні еўрап. заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны, якія знаходзіліся на розных ступенях першабытнага ладу. На ПнЗ жылі дыягіты (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і серабро. На ПнУ і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны. Пазней сюды прыйшлі гуарані, чыёй мовай да гэтага часу карыстаецца сельскае насельніцтва Аргенціны. На тэр. сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; з Паўн. Патагоніі сюды прыходзілі для менавага гандлю качавыя плямёны араўканаў. У 16 ст.тэр. Аргенціны каланізавалі іспанцы. Новыя землі яны назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — будучую сталіцу краіны. У 1617 на тэр. Аргонціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 б.ч. Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб’яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. Аселыя на гэтых землях ісп. каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясц. індзейскае насельніцтва, утварыўшы паўд.-амер. тып метысаў. Нашчадкаў ісп. каланістаў і дзяцей ад змешаных шлюбаў са светлай скурай сталі называць крэоламі. Ісп. заваяванне перапыніла самаст. развіццё індзейскіх плямёнаў. Жорсткая іх эксплуатацыя ў рудніках, адцясненне ў больш халодныя раёны і перадгор’і Андаў рэзка зменшылі колькасць мясц. насельніцтва. У абарону яго выступіла каталіцкая царква. У 1610 ордэн езуітаў стварыў для індзейцаў Аргенціны, Парагвая і Уругвая 30 пасяленняў-рэдукцый, дзе яны займаліся земляробствам, знаёміліся з еўрап. культурай. У 17 ст. ў сувязі з недахопам рабочых рук іспанцы пачалі завозіць неграў-рабоў з Афрыкі. Палітыка каланізатараў неаднойчы выклікала нар. хваляванні (1580, 1630, 1657, 1712, 1720, 1770). Шматлікія абмежаванні, якімі метраполія тармазіла сац.-эканам. развіццё Ла-Платы, выклікалі супраціўленне крэолаў. Вайна паўн.-амер. калоній за незалежнасць, франц. рэвалюцыя канца 18 ст., буйныя паўстанні індзейцаў Перу і Чылі стымулявалі вызв. барацьбу і ў Аргенціне. Крызіс ісп.калан. сістэмы спрабавала выкарыстаць Вялікабрытанія. Аднак 2 яе інтэрвенцыі ў 1806—07 пацярпелі паражэнне. У выніку антыісп. паўстання 1810 у Буэнас-Айрэсе скінуты віцэ-кароль і ўлада перайшла да Патрыят.т-ва, якое сфарміравала часовы ўрад Ла-Платы. Гэта паўстанне стала састаўной ч.Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. 9.7.1816 Нац. кангрэс у Тукумане абвясціў незалежнасць Аб’яднаных правінцый Ла-Платы, у 1826 яны пераўтвораны ў Федэратыўную Рэспубліку Аргенціна. Першым прэзідэнтам Аргенціны стаў Б.Рывадавія. У 1829 1835 у Аргенціне ўстаноўлены дыктатарскі рэжым Х.М.Росаса, які ў выніку нар. руху ў 1858 1852 быў скінуты. Канстытуцыя 1853 паскорыла працэс аб’яднання краіны. Прагрэсіўна-ліберальныя ўрады Д.Сарам’ента (1868—74), Н.Авельянеды (1874—80) правялі шэраг рэформаў. Паступова Аргенціна стала буйным экспарцёрам збожжа. Да пач. 20 ст. ў асн. склалася аргенцінская нацыя. Выразнікам патрабаванняў далейшых пераўтварэнняў стала партыя Грамадз. радыкальны саюз (ГРС), створаная ў 1891. У 1916 яна перамагла на прэзідэнцкіх выбарах і яе ўрады, што кіравалі краінай да 1930, ажыццявілі шэраг рэформаў, нацыяналізавалі нафтавую прам-сць, умацавалі дзярж. сектар, увялі 8-гадзінны рабочы дзень. З 1930 да 1946 краінай правілі ваен. рэжымы. На прэзідэнцкіх выбарах 1946 перамог лідэр хустысіялісцкага руху (гл.Хустысіялізм) Х.Д.Перон, які правёў новыя рэформы. У выніку ваен. перавароту ў вер. 1955 Перон скінуты, і да 1983 Аргенцінай правілі пераважна ўрады ваенных. Гады праўлення апошняга ваен. рэжыму пазначаны абвастрэннем унутр. і знешняга становішча, што найб. выявілася ў англа-аргенцінскім канфлікце 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы. У выніку выбараў 1983 прэзідэнтам Аргенціны стаў Р.Альфансін ад партыі ГРС. Пагаршэнне эканам. сітуацыі ў краіне вылілася ў сац. хваляванні. На выбарах 1989 перамог кандыдат ад Хустысіялісцкай партыі К.Менем. Ён аднавіў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй, умацаваў сувязі з дзяржавамі ЕЭС; Аргенціна выйшла з Руху недалучэння і арыентуецца на пазіцыю ЗША і інш. развітых краін. У 1991 падпісана пагадненне з Бразіліяй, Парагваем і Уругваем пра ўтварэнне паўд.-амер. агульнага рынку. На выбарах у 1995 прэзідэнтам краіны зноў выбраны К.Менем. Аргенціна — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамерыканскай асацыяцыі інтэграцыі і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 6.11.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Хустысіялісцкая партыя, Грамадз. радыкальны саюз, Саюз дэмакр. цэнтра, Хрысц.-дэмакр. партыя. Адзіны праф. цэнтр краіны — Усеагульная канфедэрацыя працы.
Гаспадарка. Аргенціна — адна з найб. развітых у эканам. адносінах краін Лац. Амерыкі. Валодае разнастайнымі прыродна-эканам. рэсурсамі, урадлівымі землямі, энерганосьбітамі (нафта, газ, гідраэнергія, найб. ў Лац. Амерыцы запасы уранавых рудаў) і інш. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 112 млрд.дол. (1992), 3,4 тыс.дол. на душу насельніцтва, што прыкладна ўдвая перавышае сярэдні ўзровень па рэгіёне.
Прамысловасць. Аснова эканомікі — высокаразвітая апрацоўчая прам-сць, дае каля 24% ВУП і амаль цалкам забяспечвае патрэбы краіны. Каля 50% кошту прамысл. прадукцыі дае чорная металургія (выплаўка чыгуну і сталі, пераважна на прывазной сыравіне), каляровая металургія (выплаўка свінцу, цынку, алюмінію), маш.-буд. (аўта-, трактара-, судна- і станкабудаванне, с.-г. машыны), нафтаперапр., нафтахім. і хім.прам-сць. Развіта вытворчасць трубаў, электратэхн., цэлюлозна-папяровая, цэментная прам-сць. У Аргенціне раней, чым у інш. краінах Лац. Амерыкі, узніклі галіны, звязаныя з высокімі тэхналогіямі (электронная, атамная). Удзельная вага традыц. галін прам-сці — харчасмакавай (тытунёвая, вытв-сць парагвайскага чаю матэ) і тэкстыльнай — знізілася. Вельмі развіта харч.прам-сць (мясная, цукровая, маслабойная, кансервавая, мукамольная, вінаробчая і інш.). Значная гарбарна-абутковая прам-сць. У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча нафты і прыроднага газу, поліметалічных, уранавых, жалезных, марганцавых, медных, берыліевых і вальфрамавых рудаў, а таксама вугалю. У 1992 выпрацавана 51,4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (каля 48% на ЦЭС, 46% на ГЭС, 5% на АЭС). Буйныя прамысл. цэнтры: Буэнас-Айрэс (каля паловы прамысл. прадукцыі), Кордава, Ла-Плата, Расарыо, Санта-Фэ, Мендоса, Баія-Бланка, Саратэ і інш.
Сельская гаспадарка. Разам з рыбалоўствам дае 15% ВУП і забяспечвае краіну харч. прадуктамі і большай ч. сыравіны. Спецыялізацыя — таварная вытв-сць мяса і збожжа. Каля 75% зямельнага фонду належыць буйным латыфундыям (больш за 1000 га). Плошча с.-г. угоддзяў каля 180 млн.га, з іх 20% — ворныя землі. Асн. галіна — жывёлагадоўля: буйн. раг. жывёла мяснога кірунку і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Развіта птушкагадоўля. Земляробства канцэнтруецца ў Пампе. Асн.с.-г. культуры: пшаніца, кукуруза, ячмень, авёс, сланечнік. Вырошчваюць лён, жыта, цукр. трыснёг, цукр. буракі, сою, рыс, чай, бавоўнік, люцэрну, бульбу, тытунь, арахіс, вінаград, аліўкавыя і тунгавыя дрэвы, цытрусавыя. Вакол вял. гарадоў — агародніцтва, садаводства, малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля.
Транспарт. У знешніх перавозках гал. роля належыць марскому транспарту, ва ўнутраных — аўтамабільнаму. Найб. марскія парты: Буэнас-Айрэс, Ла-Плата, Расарыо, Баія-Бланка, Сан-Нікалас, Камадора-Рывадавія, Санта-Фэ, Мар-дэль-Плата. Даўж. аўтадарог 575 тыс.км, 55 тыс.км асфальтаваныя, чыгунак 37 тыс.км. У Аргенціне 10 міжнар. аэрапортаў, найбольшы ў Буэнас-Айрэсе. Каля 80% экспарту складае с.-г. прадукцыя: мяса, мясапрадукты, воўна, скуры, збожжа, маслічныя, малочныя прадукты, дубільны экстракт з кебрача, чай. Экспартуюць таксама абсталяванне, вальфрам. Імпарт: машыны, прамысл. абсталяванне, сыравіна, нафтапрадукты, паліва. Гандл. партнёры: ЗША, Бразілія, Балівія, Германія, Італія, Японія, Нідэрланды і інш. Беларусь у 1993 экспартавала ў Аргенціну грузавыя аўтамабілі, трактары, з Аргенціны прывозіла с.-г. прадукты. Грашовая адзінка — песа.
Узброеныя сілы Аргенціны ўключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 83 тыс.чал. (1991) і складаюцца з сухап. войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (45 тыс.чал.) зведзены ў 4 армейскія корпусы, маюць на ўзбраенні танкі і інш. бранятэхніку, артылерыю, ракеты і інш. У складзе ВПС (13 тыс.чал.) 10 авіяц. брыгад (143 баявыя, 164 дапаможныя самалёты, 45 верталётаў). ВМС (25 тыс.чал.) уключаюць флот, авіяцыю ВМС і падраздзяленне марской пяхоты (3 тыс.чал.); 36 баявых караблёў (1 авіяносец, 6 эсмінцаў, 7 фрэгатаў, 4 падводныя лодкі, 12 патрульных караблёў і 6 тральшчыкаў), 67 катэраў, 38 дапаможных суднаў, 33 самалёты і 24 верталёты марской авіяцыі. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульнай воінскай павіннасці, прызыўны ўзрост — 18 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках і ВПС — 1 год, у ВМС — 14 месяцаў. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. вучылішчах, а таксама за мяжой. Ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з жандармерыі (ваен. паліцыя, 13 тыс.чал.) і берагавой аховы (9 тыс.чал.). Агульная колькасць рэзерву — 377 тыс.чал. (1987).
Асвета, навуковыя ўстановы. Паводле закону аб адукацыі 1976 сістэма адукацыі ў Аргенціне ўключае ўстановы дашкольнага выхавання для дзяцей 3—5 гадоў, абавязковую (пачатковую) школу (7 гадоў навучання) для дзяцей 6—12 гадоў, сярэднюю (5—7 гадоў навучання) з двума цыкламі: 3-гадовым базавым (8—10 кл.) і 2—4-гадовым агульнаадук. або спец. навучаннем (у залежнасці ад тыпу сярэдняй навуч. установы ці ВНУ). У 1989/90 навуч.г. дашкольныя дзіцячыя ўстановы (існуюць пры пач. школах) наведвала 720 тыс. дзяцей, у пач. школах займаліся 4,9 млн. вучняў, працавалі 252 тыс. настаўнікаў, у сярэдніх — каля 2 млн. вучняў і 262 тыс. выкладчыкаў. Вышэйшую адукацыю ў Аргенціне даюць у асноўным ун-ты (больш за 50), а таксама ін-ты і вышэйшыя каледжы. Каля паловы прыватных ВНУ кантралюе каталіцкая царква. У 1989/90 навуч.г. ў ВНУ займалася каля 903 тыс. студэнтаў, працавала каля 70 тыс. выкладчыкаў. Найбольшыя ун-ты: у Буэнас-Айрэсе (з 1821), Кордаве (з 1613), Ла-Плаце (з 1884), Санта-Фэ (з 1919), Мароне (з 1960) і інш. Найбольшыя б-кі: Нац.б-ка (з 1810), б-ка ун-та ў Буэнас-Айрэсе, Нац. кангрэса (з 1859). Музеі: прыродазнаўчых навук (з 1823), Нац. гістарычны (з 1889), Нац. музей прыгожых мастацтваў (з 1895), школьны імя Сарм’ента (з 1910, усе ў Буэнас-Айрэсе), прыродазнаўча-гістарычны ў Мендосе (з 1911) і інш. Навуковыя даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях навук, НДІ пры ун-тах і ін-тах, у навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аргенціне выходзіць 227 перыяд. выданняў агульным тыражом 2,75 млн.экз. (1990). Найбуйнейшыя газетныя выданні: «Clarin» («Гарніст», з 1945), «Cronica» («Хроніка», з 1963). Агенцтвы друку: Тэленатысіёса Амерыкана (з 1945), Дзыстрыбуідора Аргенціна дэ Натыскас (прыватнае інфарм. агенцтва, з 1964), Дыярыас і Натысіяс (з 1982). Дзейнічаюць 37 дзярж., 3 прыватныя і 72 мясц. радыёстанцыі. Галоўныя: Радыё Эль Мунда, Радыё дэль Плата, Радыё Насьёналь. 14 дзярж. тэлестанцый, 28 прыватных тэлеканалаў.
Літаратура. Літ. помнікі карэннага індзейскага насельніцтва Аргенціны не захаваліся. Творы калан. перыяду (пач. 16 — пач. 19 ст.) — гіст. хронікі Р.Дыяса дэ Гусмана, М. дэль Барка Сентынеры (л-ры Ла-Платы). У гады нац.-вызв. руху (1810—16) панаваў рэв.-патрыят. класіцызм (Х.Крус Варэла, Б. дэ Мантэагуда). Пасля абвяшчэння незалежнасці Аргенціны ідэйна-маст. кірункам у л-ры стаў рамантызм (Х.М.Гуцьерэс, Э.Эчыверыя, Х.Мармаль). Маст.-філас. твор «Факунда» (1845) Д.Ф.Сарм’ента лічыцца шэдэўрам арг.рамант. школы. Гіст. раман «Амалія» (1855) Х.Мармаля — першы нац. раман. Да канца 18 ст. склаліся традыцыі фальклору гауча (жыхароў Пампы). На іх аснове развіваецца ўласнаарг. «л-ра гауча» (І.Аскасубі, Э. дэль Кампа, Р.Аблігада). Яе вяршыня — эпічная паэма Х.Эрнандаса «Марцін Ф’ера» (ч. 1—2, 1872—79), адметная рысамі кастумбрызму (апісанне побыту і нораваў). Імкненне да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці характэрна для твораў прадстаўнікоў кастумбрысцкай л-ры (2-я пал. 19 ст.) Л.В.Лопеса, Л.Кане, Э.Вільдэ, К.Гіда-і-Спана. З пач. 20 ст. ўзмацніліся пазіцыі рэалізму [Х.Мартэль, Э.Камбасерас, Ф.Моча (Х.С.Альварэс), Р.Х.Пайра, Ф.Санчэс, Б.Лінч, М.Гальвес], мадэрнізму і постмадэрнізму (Л.Лугонес, Э.Лаэрта, Б.Фернандэс Марэна, Э.Карыега, А.Сторні, Э.Банчс, Р.А.Арыета, Э.Марцінес Эстрада і інш.). Вялікі ўплыў на развіццё літ. жыцця 1920-х г. зрабілі літ. аб’яднанні «Фларыда» (адстойвала «чыстае» мастацтва: Х.Л.Борхес, Э.Мальеа, Л.Марычаль) і «Баэда» (выступала за «мастацтва для жыцця»: А.Юнке, Р.Арльт, Р.Гансалес Туньён). У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у развіццё арг. і сусв. л-ры зрабілі Х.Картасар, Х.Л.Борхес, Э.Сабата і інш.
Архітэктура. У калан. перыяд архітэктура развівалася ў гарадах, што ўзніклі на шляхах пранікнення ў краіну іспанцаў. Выраслі гарады Буэнас-Айрэс, Кордава, Санта-Фэ і інш. з прамавугольнай сеткай вуліц, на гал. плошчы якіх узводзіліся сабор, ратуша, палац губернатара, арсенал. Архітэктура 17 ст. вызначалася прастатой і манументальнасцю (арх. Х.Краус, А.Бланкі, Х.Б.Прымалі). Найб. характэрны помнік гэтага перыяду царква Кампанья ў Кордаве (праект інж. Ф.Лемера, 1649—90). З 18 ст. панавалі барока і класіцызм (царква Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес), у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектызм і стылізацыя. У 1920-я г. склаліся рацыяналістычныя тэндэнцыі (арх. А.Вірасора, В.Акоста, Х.Віванка, А.Банет, А.Вільямс). З 1940—50-х г. архітэктары звяртаюцца да арган. архітэктуры, развітых прасторавых і структурных кампазіцый, выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (А.Агасціні, Х.Сальсон, К.Тэст, А.Гайда, Э.Лестан, Э.Амбаш і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Да каланізацыі Аргенціны ў 16 ст. было развіта мастацтва карэннага насельніцтва — індзейцаў (ткацтва, кераміка, культавая скульптура з каменю, дрэва і гліны, ювелірныя вырабы). У каланіяльны перыяд выяўл. мастацтва ў асн. было рэлігійнае (разнымі дэкар. скульптурамі ўпрыгожвалі алтары-рэтабла, кафедры); развіваўся і свецкі жывапіс (гал. чынам партрэт). Пасля вызвалення Аргенціны ад ісп. панавання (1816) пад уздзеяннем заходнееўрап. мастацтва сталі развівацца жывапіс, скульптура, графіка (літограф-жанрыст К.Марэль, пейзажыст П.Пуэйрэдон, скульптар Л.Карэа Маралес, жывапісец-рэаліст Э.Сіворы). На пач. 20 ст. распаўсюдзіўся імпрэсіянізм (жывапісцы Х.Бутлер, П.Куіда, М.Мальяра, П.Сонса Брыяна, Ф.Фадэр, скульптары Р.Іруртыя і інш.). У 1929 Р.Сольдзі стварыў «авангардысцкую школу» (Э.Петаруці, Р.Форнер), якая садзейнічала развіццю авангардных плыняў (Х.Ле Парк, А.Берні, М.Мінухін, Э.Майк-Інтайр, Р.Максіо). Вострыя сац. праблемы, жыццё народа адлюстроўваюць жывапісцы Х.К.Кастаньіна, Л.Э.Спілімберга, Б.Кінкуэла Марцін, графікі А.Р.Віга, А.Брыес, разьбяры А.Сібеліна, С.Фітула.
Музыка. У нар. музыцы Аргенціны пераважае крэольскі фальклор. Музыка індзейцаў-абарыгенаў захавалася толькі на ПдЗ краіны. Сярод песень і танцаў індзейцаў — араві, уайна, карнаваліта; муз. інструменты — кена, пінкілья, сіку і інш. Крэольскі муз. фальклор (песні — яраві, трыстэ, тона, эсціла, танцы — самакуэка, байлесіта, куанда і інш., мастацтва нар. паэтаў-спевакоў — паядораў) дасягнуў росквіту ў 19 ст.Прафес.муз. школа складваецца з канца 19 ст. пад уплывам еўрапейскіх, пераважна італьянскіх, жанраў і стыляў. Яе заснавальнік К.Вільямс. У канцы 19 ст. з’явіўся жанр оперы (А.Беруці). У 1929 арганізавана «Група музычнага абнаўлення». Працуюць кампазітары браты Х.М. і Х.З.Кастра, Х.Фішэр, Х.Пас, А.Хінастэра, Ф.Кропфль і інш.Муз. Цэнтр Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе дзейнічаюць: оперны т-р «Калон» (1908); аркестры філарманічны, Нац. сімфанічны, Нац. радыё; Нац. і Муніцыпальная кансерваторыі; Лац.-амер. цэнтр муз. даследаванняў «Тарквата ды Тэлья» і інш.
Тэатр. Першы т-р у Буэнас-Айрэсе адкрыты ў 1783. У 1880-я г. ўзнік жанр рамант. меладрамы, т.зв. «тэатр гауча», гал. герой якога — селянін-пастух (гауча), ахвяра сац. несправядлівасці. На пач. 20 ст.вял. значэнне для развіцця нац.т-ра мела рэаліст. творчасць драматурга Ф.Санчаса. У 1920-я г. ў процівагу камерцыйным узніклі «незалежныя» т-ры, якія вывучалі вопыт еўрап.т-ра, ставілі п’есы нац. драматургаў А.Кусані, А.Драгуна, К.Гарастыса, творы класічнай і тагачаснай драматургіі. Цэнтр тэатр. жыцця Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе працуюць незалежныя («Эль-Пуэбла», «Новы тэатр», «Ла Маскара») і камерцыйныя т-ры (Нац.т-р камедыі, «Архенціна» і інш.), Нац.ін-т вывучэння т-ра. Сярод рэжысёраў і акцёраў: А.Баэра, П.Аскіні, М.Села, Л.Сандрыні, Ф.Петроне.
Кіно. Упершыню кіназдымкі ў Аргенціне адбыліся ў 1897. У 1908 зняты першы маст. фільм «Расстрэл у Дарэга» (рэж. М.Гальа). Фільм «Танга смерці» (1917, рэж. Х.А.Ферэйра) паклаў пачатак серыі карцін, сюжэтна звязаных з папулярным у краіне танцам танга. У 1940—50-я г.найб. поспех мелі муз. камедыі з удзелам Л.Торэс, лепшая з якіх — «Узрост кахання» (1953, рэж. Х.Сарасэні). У 1950-я г. ў кіно прыйшло новае пакаленне рэжысёраў: Р.Куін, Л.Муруа, Л.Фавіа, Х.Марцінес Суарэс, творчасць якіх атрымала назву «новае аргенцінскае кіно». У 1956 заснавана Школа дакумент. кіно пад кіраўніцтвам Ф.Біры. Вядомыя рэжысёры: Л.Нільсен, Ф.Э.Саланас, Д.Ліпшыц, Л.Пуэнца.
Беларусы ў Аргенціне. Бел. дыяспара ў Аргенціне склалася з некалькіх значных эміграц. хваляў з Беларусі. Гэтаму спрыялі і адпаведныя законы Аргенціны: яе ўрад даваў усім эмігрантам роўныя правы, вызваляў іх ад падаткаў і г.д. Прадстаўнікамі 1-й эміграц. хвалі з Беларусі (канец 19 ст. — 1914, каля 300—400 тыс.чал.) былі сяляне пераважна з Гродзенскай і Віленскай, з 1905 — Мінскай і інш.усх. губерняў (асн. іх ч. пазней вярнулася на Бацькаўшчыну). У час 2-й хвалі эміграцыі ў 1921—39 з Зах. Беларусі каля 40 тыс.чал. перасяліліся ў правінцыі Масіёнес, Мэндэра, Сан-Жуан, каля 60 тыс. — у Буэнас-Айрэс і яго ваколіцы. У 1934 у Буэнас-Айрэсе склалася першае бел.культ.-асв.т-ва «Грамада», у 1935 — «Культура», у 1937 — «Т-ва бібліятэкі імя Івана Луцэвіча», у 1938 — Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», у 1939 — «Док Суд», Бел.культ.т-ва ў г. Берысо. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю бел. арг-цый у Аргенціне, дзейнасцю якой кіравала ўправа на чале з М.Мярэчкам, У.Гайлевічам і Я.Пятрушакам; выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». У пач. 2-й сусв. вайны пры Федэрацыі створаны Бел.дэмакр.к-т, які праводзіў збор дабрачынных ахвяраванняў; у 1943 з аналагічнымі мэтамі ўтвораны Славянскі саюз Аргенціны. У час 3-й хвалі ваен.-паліт. эміграцыі ў 1946—53 бел. дыяспара павялічылася прыкладна на 1—1,5 тыс.чал. Яе прадстаўнікі заснавалі альтэрнатыўнае даваен. т-ва Згуртаванне беларусаў Аргенціны (ЗБА; 1948—57, старшыня К.Мярляк), якое ў 1948 увайшло ў Антыкамуніст. славянскую лігу. ЗБА актыўна выступала супраць намаганняў пасольства СССР у Аргенціне прадстаўляць інтарэсы Беларусі. У 1949—54 у Аргенціне працавала прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з Мерляком. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страчваюць сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. У сувязі з рэпатрыяцыяй прыхільнікаў бел.нац. ідэі з ліку прац. эміграцыі (каля 15 тыс.чал.), выездам прадстаўнікоў ваенна-паліт. эміграцыі ў ЗША бел.нац. змястоўнасць ў грамадска-культ. жыцці суайчыннікаў амаль знікае. Паступова ліквідуецца і адна з найбуйнейшых арг-цый «Белорусский очаг» (з 1951, налічвала 15—18 тыс. пераважна сав. грамадзян). З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны» (больш за 2 тыс.чал.), куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У сучаснай бел. дыяспары Аргенціны каля 150 тыс. прадстаўнікоў бел. эміграцыі розных пакаленняў.
Літ.:
Пименова Р.А. Аргентина. М., 1987;
Культура Аргентины. М., 1977;
Arte argentino contemporaneo: [Catalogo]. Madrid, 1976.
Герб і сцяг Аргенціны.Аргенціна. Статак авечак у Патагоніі. Правінцыя Санта-Крус.Аргенціна. Пейзаж аргенцінскай Пуны.Аргенціна. Нацыянальны парк Наўэль-Уапі.Аргенціна. Горад Кордава.Да арт.Аргенціна. Спартыўная зала-басейн у Буэнас-Айрэсе. Арх. Э.Лестан. 1988.Да арт.Аргенціна. Руіны царквы Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес. 18 ст.Да арт.Аргенціна. Э. Петаруці. Квінтэт. 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РНЫЯ АПЕРА́ЦЫІнямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэр.
Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну,
сукупнасць акцый рэпрэсіўнага, ваен., эканам. і паліт. характару з мэтай задушыць партыз. рух, заняволіць жыхароў на акупіраванай тэр., разрабаваць маёмасць. Неад’емная частка акупацыйнага рэжыму, адзін з асн. сродкаў усталявання т.зв. «новага парадку». Ажыццяўляліся ваен., ахоўнымі, паліцэйскімі і спец. падраздзяленнямі гітлераўцаў. У ліп. 1941 332-і паліцэйскі полк правёў К.а. ў Белавежскай пушчы, карнікі спалілі 34 вёскі, з якіх вывезлі 6,6 тыс. жыхароў, забралі 665 коней, 287 кароў, 454 цяляці, больш за 2,5 тыс. свіней, каля 2 тыс. авечак, с.-г. прадукты і інш. З 31 ліп. да 19 жн. гітлераўцы загубілі больш за 640 чал.; 30—31 жн. правялі акцыю ў гета Мінска (расстралялі 914 чал.), 3—7 вер. рабавалі і расстрэльвалі насельніцтва ў Уздзенскім р-не; 16—18 вер. правялі «аперацыю ўціхамірвання» ў раёне, абмежаваным р. Дняпро, дарогамі Палыкавічы—Княжыцы, Княжыцы—Магілёў; у в. Палыкавічы, Княжыцы, Пашкава, Паўлаўка, Дары (Магілёўскі р-н), Падзевічы, Хвойна (Бялыніцкі р-н) расстралялі, утапілі ў балотах і спалілі каля 100 чал. 24.9—2.10.1941 правялі акцыі ў в. Княжыцы, Ліпок, Гуслянка, Грышанава, Шапчыцы (Магілёўскі р-н), расстралялі 112 чал., 3 кастр. загубілі 2 тыс.чал. з гета Магілёва. З 4 кастр. фашысты расстралялі, спалілі і ўтапілі ў балотах на Магілёўшчыне каля 900 чал. Па няпоўных даных з ліп. 1941 да ліст. 1942 332-і паліцэйскі батальён загубіў каля 5 тыс. цывільных жыхароў і сав. ваеннапалонных. У ліп.—жн. 1941 супраць падраздзяленняў Чырв. Арміі, што трапілі ў акружэнне, партызан і мясц. насельніцтва праведзена буйная К.а. «Прыпяцкія балоты». 28.7.1941 рэйхсфюрэр СС Г.Гімлер аддаў загад, у якім патрабаваў знішчаць на Палессі авіяцыяй любы нас. пункт, у якім будзе аказана супраціўленне. Паводле звестак 1-й кав. брыгады СС на 13.8.1941 у выніку аперацыі загублена 13 788 чал. Загадамі ням. камандавання ад 16.9 і 25.10.1941 былі дадзены ўказанні па тактыцы т.зв. «ўціхамірвання» цывільнага насельніцтва, па арганізацыі К.а., якія прыраўноўваліся да ваен. дзеянняў на фронце. 16.4.1942 камандуючы ахоўнымі войскамі і нач. тылавога раёна групы армій «Цэнтр» Шэнкендорф, у распараджэнні якога былі 4 ахоўныя дывізіі, 2 брыгады СС, 11 артыл. батарэй, 229 пях., 12 танказнішчальных рот, 9 рот цяжкай пях. зброі, папрасіў дадаткова 13 ахоўных батальёнаў і 2 дывізіі для правядзення буйных К.а. Да вясны 1942 К.а. мелі спарадычны характар. У чэрв. 1942 камандаванне групы армій «Цэнтр» распрацавала план 16 К.а. у сваім тылавым раёне. У вер. 1942 Гітлер усклаў агульнае кіраўніцтва барацьбой з партыз. рухам на акупіраваных тэрыторыях на рэйхсфюрэра СС Гімлера, у аператыўных раёнах — на В.Кейтэля. У кастр. 1942 Гімлер прызначыў старшым нач. СС і паліцыі ў тылавым раёне групы армій «Цэнтр» групенфюрэра СС Э. фон дэн Бах-Зелеўскага сваім упаўнаважаным па барацьбе з партызанамі на Беларусі і перадаў у яго распараджэнне матарызаваную брыгаду СС, 2 паліцэйскія палкі, 3 ахоўныя батальёны, 2 батарэі процітанк. гармат, танк. роту, ахоўныя часці і фарміраванніням.-фаш. сатэлітаў. У кастр. на Беларусь дадаткова перакінута 19 вучэбных батальёнаў вермахта і вучэбныя часці ВПС, якія ўдзельнічалі ў К.а. З восені 1942 Бах-Зелеўскі і Шэнкендорф каардынавалі свае дзеянні і праводзілі буйныя К.а. па ўсёй тэр. Беларусі з удзелам часцей паліцыі, СС і вермахта. Да восені 1943 у К.а. удзельнічалі 201, 203, 221, 281 і 286-я ахоўныя, 707-я пях., 52-я вучэбна-палявая спец прызначэння, 390-я і 391-я вучэбна-палявыя дывізіі, кав. і матарызаваная дывізіі СС, некалькі ням. паліцэйскіх палкоў, войскі сатэлітаў фаш. Германіі і аператыўнага рэзерву групы армій «Цэнтр». З канца 1943 К.а. праводзілі таксама войскі 3-й танк., 2, 4 і 9-й палявых армій вермахта, больш за 100 ахоўных батальёнаў і шмат спец. падраздзяленняў. За гады акупацыі Беларусі ням -фаш. захопнікі правялі больш за 140 К.а. (гл. табліцу). Карнікі нанеслі вял. страты нар. гаспадарцы Беларусі і яе насельніцтву, загубілі або вывезлі на катаргу ў Германію сотні тысяч людзей, рабавалі, знішчалі і вывозілі запасы прадуктаў і сыравіны, жывёлу і маёмасць, палілі нас. пункты, шмат якія раёны ператварылі ў «зоны пустыні». У час К.а. знішчаны 5454 нас. пункты, у т. л. 630 разам з жыхарамі (325 з іх не адрадзіліся), 4824 з часткай насельніцтва (337 з іх не адрадзіліся).
Літ.:
Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии, 1941—1944. Мн., 1984;
Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941—1944. 2 изд. Мн., 1965;
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995.
Найбольш буйныя карныя аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва Беларусі ў 1941—44 (размешчаны па часе іх правядзення)
№ п/п
Назва аперацыі або яе нумар
Час правядзення
Месца правядзення
1
2
3
4
1.
«Прыпяцкія балоты»
ліп.—жн. 1941
Брэсцкая, Мінская, Пінская, Палеская вобл.
2.
«Бамберг» («Bamberg»)
сак.—крас. 1942
Акцябрскі, Глускі, Любанскі, Бабруйскі р-ны
3.
«Рыга» («Riga»)
май 1942
Рудзенскі р-н
4.
№ 5 (паўторна ў жн. ў гэтым жа раёне і пад гэтым жа нумарам)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РА (лац. architectura ад грэч. architektōn будаўнік),
дойлідства, мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў, а таксама сістэма будынкаў і збудаванняў, якія фарміруюць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці людзей. Архітэктура адначасова з’яўляецца і галіной матэрыяльнай культуры і маст. творчасці. Ствараецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і магчымасцямі грамадства, якое вызначае функцыян. прызначэнне і маст. лад архітэктуры. Паводле функцыян. прызначэння падзяляецца на жылую архітэктуру (гл.Жыллё), прамысловую архітэктуру, архітэктуру грамадскіх будынкаў і збудаванняў (гл.Грамадскія будынкі), садова-паркавую (гл.Садова-паркавае мастацтва). У асобныя галіны вылучаюць планіроўку і забудову гар. і сельскіх населеных месцаў (гл.Горадабудаўніцтва, Сельская архітэктура). Пры стварэнні матэрыяльнага асяроддзя жыцця і дзейнасці людзей архітэктура зыходзіць з патрабаванняў карыснасці, трываласці і прыгажосці. Адзін з асн. яе крытэрыяў — мэтазгоднасць. Архітэктура мае спецыфічныя сродкі выяўлення ідэйна-маст. зместу, гал. з іх — фарміраванне прасторы і архітэктоніка. Для гарманізацыі прасторавых формаў выкарыстоўваюць кампазіцыйна-вобразныя прыёмы і сродкі: сіметрыю і асіметрыю, кантраст і нюанс, рытм, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў кампазіцыі, суразмернасць частак і цэлага і г.д.Маст. выразнасць твораў архітэктуры павышаецца падборам фактуры, колеру, дэкар. элементаў, выяўленнем формы з дапамогай святлаценю і інш. Асобны будынак, нават дасканалай маст. формы, успрымаецца сам па сабе, а разам з інш. аб’ектамі і ландшафтам стварае пэўную арх.-прасторавую сістэму, вышэйшай ступенню якой з’яўляецца арх. ансамбль. Найбольшы маст. эфект дасягаецца ў выніку сінтэзу архітэктуры з інш. відамі мастацтва (жывапіс, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. канструяванне; гл.Сінтэз мастацтваў). Сукупнасць функцыян., канструкцыйных і маст. рысаў, уласцівых архітэктуры пэўнага народа ў вызначаны гіст. перыяд, складае яе стыль. Нац. характар архітэктуры выяўляецца ў яе асаблівасцях пэўнага народа або рэгіёна і звязаны з іх гіст. развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і маст. традыцыямі. Найб. яскравы нац. характар маюць помнікі народнага дойлідства. Мясц. традыцыі архітэктуры часцей сінтэзуюцца з традыцыямі, агульнымі для многіх краін і народаў. У гэтым выяўляецца ўзаемаўплыў і ўзаемадзеянне мастацтва розных народаў, кожны з якіх робіць свой уклад ў сусветную архітэктуру.
Архітэктура зарадзілася, калі чалавек пачаў сам будаваць жыллё. Найб. раннія жылыя збудаванні на тэр. Беларусі адносяцца да часоў палеаліту (стаянкі каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл.). Пазней з’явіліся селішчы з наземнымі жытламі. Ад часоў бронз. і жал. вякоў у Англіі, Францыі, Арменіі і інш. краінах захаваліся культавыя мегалітычныя збудаванні — дальмены, менгіры, кромлехі (сусветна вядомы кромлех у Стоўнхенджы, Вялікабрытанія) і абарончыя збудаванні. У рабаўладальніцкіх дзяржавах, дзе ў руках маёмных класаў канцэнтраваліся сродкі і бясплатная рабочая сіла, былі дасягненні навукі і тэхнікі, ствараліся буйныя ірыгацыйныя сістэмы, абарончыя і культавыя забудаванні, манум. палацы і храмы (піраміды ў Гізе, храмы ў Луксоры і Карнаку ў Егіпце, зікураты Асірыі і Вавілоніі, Вялікая Кітайская сцяна, пячорныя храмы і ступы ў Індыі, храмы і палацы інкаў і ацтэкаў). У эпоху росквіту эгейскага мастацтва і гарадоў-дзяржаў (полісаў) Стараж. Грэцыі развівалася сістэма рэгулярнай планіроўкі гарадоў, узніклі разнастайныя тыпы жылых, культавых і грамадскіх будынкаў, грамадска-рэліг. цэнтры — акропалі (Афінскі акропаль), склалася сістэма арх.ордэра. Прасякнутая гуманіст. духам архітэктуры Стараж. Грэцыі значна паўплывала на далейшае развіццё сусветнага дойлідства. У Стараж. Рыме вял. значэнне набылі збудаванні, якія сведчылі аб магутнасці дзяржавы (форумы, амфітэатры, тэрмы, базілікі, палацы, аркі трыумфальныя), з’явіліся скляпеністыя перакрыцці, новыя буд. матэрыялы (Рымскі Калізей, Рымскі Пантэон). У эпоху сярэднявечча асн. тыпамі былі культавыя збудаванні (хрысц. цэрквы і манастыры ў Еўропе, мячэці і медрэсэ, маўзалеі ва ўсх. краінах), а таксама крапасныя і абарончыя замкі, крамлі. У Візантыі створаны буйныя купальныя збудаванні (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Візантыйская архітэктура зрабіла вял. ўплыў на дойлідства Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Грузіі, Арменіі і Стараж. Русі. На землях Кіеўскай Русі ў 10—12 ст. будаваліся гарады, абарончыя ўмацаванні з магутнымі валамі і вежамі (Залатыя вароты ў Кіеве), храмы (Кіеўскі Сафійскі сабор, Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор), на бел. землях — Полацкі Сафійскі сабор, Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква), княжацкія палацы. У 12—14 ст. на землях б.Стараж. Русі склаліся школы дойлідства: кіеўская, чарнігаўская, уладзіміра-суздальская, пскоўская, наўгародская, гродзенская, полацкая (гл. асобныя арт.). У 14—16 ст. фарміруецца руская, украінская, беларуская архітэктура. У 17—18 ст. высокага ўзроўню дасягнула рус., бел. і ўкр.драўлянае дойлідства (Кіжы, Новамаскоўскі Троіцкі сабор, Рубельская Міхайлаўская царква). Значны ўклад у развіццё архітэктуры сярэднявечча зрабілі народы араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (гл. ў арт.Арабская культура), Паўд.-Усх. Азіі (храмавы комплекс Ангкор у Камбоджы, маўзалей Тадж-Махал у Агры, Індыя). У Зах. і Цэнтр. Еўропе ў канцы 10 ст. склаўся раманскі стыль — манастырскія комплексы з замкнутымі дварамі-клуатрамі, масіўныя храмы базілікальнага тыпу з некалькімі манументальнымі вежамі (саборы ў Мілане, Вормсе, Ілі і інш.). У 12 ст. ў Францыі, а потым у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы пашырылася архітэктура готыкі са своеасаблівай канструкцыйнай сістэмай — нервюрнымі скляпеннямі, стральчатымі аркамі, аркбутанамі і т.д. (саборы ў Парыжы, Рэймсе, Ам’ене, Шартры ў Францыі, Кёльне, Марбургу ў Германіі, у Празе, Кракаве і інш.).
Важны этап гісторыі архітэктуры ў краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы звязаны з эпохай Адраджэння, калі пашырылася буд-ва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. На змену ананімнаму рамесніку-дойліду прыйшоў адукаваны спецыяліст-архітэктар, які ў сваіх праектах звяртаецца да ант. спадчыны і абапіраецца на дасягненні сучаснай яму культуры (Ф.Брунелескі, Д.Брамантэ, Мікелоца; тэорыю архітэктуры развівалі Л.Б.Альберці, Віньёла, А.Паладыо і інш.). На Беларусі стыль эпохі Адраджэння выявіўся ў культавых (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква) і замкава-палацавых (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовах. У канцы 16 ст. ўзнік стыль барока са складанай сістэмай аб’ёму і прасторы, пластычнасцю і сакавітай дэкаратыўнасцю. Ён стаў пануючым у Італіі (арх. Л.Берніні, Ф.Бараміні), Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Партугаліі, пашырыўся ў Расіі, а ў краінах Лацінскай Амерыкі набыў нац.маст. ўвасабленне. Першы помнік барока на Беларусі — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Маст. сістэма позняга бел. барока мае назву віленскае барока. У 2-й пал. 17 ст. ў Францыі пачала складвацца архітэктура класіцызму, якая была гал. кірункам і ў 18 ст. пасля кароткачасовай успышкі дэкар. і вычварнага стылю ракако. Сярод франц. архітэктараў класіцызму вылучаліся Л.Лево, Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр, К.Перо, Ж.А.Габрыэль, К.Н.Леду. У Францыі класіцызм перыяду напалеонаўскай імперыі прыйшоў да халоднай параднасці ампіру. У Расіі ён адцясніў барока і праз абавязковыя «ўзорныя праекты» пашырыўся на звычайную забудову гарадоў. Росквіт рус. класіцызму на пач. 19 ст. адзначаны стварэннем манум. ансамбляў у Пецярбургу, Маскве і правінцыяльных гарадах. Яго прадстаўнікі — В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў, Дж.Кварэнгі, А.Захараў, А.Вараніхін, Ж.Тама дэ Тамон, К.Росі, В.Бавэ, Дж.Жылярдзі, А.Грыгор’еў. На Беларусі канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ліку помнікаў сталага класіцызму ў жыллёвай грамадз. і культавай архітэктуры Гомельскі, Сноўскі (Нясвіжскі р-н), Жыліцкі (Кіраўскі р-н), Радзівілімонтаўскі (в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на) палацы, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы. У сярэдзіне 19 ст. класіцызм прыйшоў у заняпад. Пачалі ўзнікаць новыя тыпы збудаванняў, заводскія цэхі, шматпавярховыя фабрычныя будынкі, вакзалы, універсальныя магазіны, выставачныя павільёны, даходныя дамы; будынкі з металу і шкла («Хрустальны палац» у Лондане), вышынныя інж.-тэхн. збудаванні з метал. каркасам (Эйфелева вежа ў Парыжы). Група архітэктараў т.зв. чыкагскай школы ў ЗША стварыла спецыфічную форму вышыннага канторскага будынка — небаскроб. Аднак наватарскія канструкцыі часта губляліся ў дэкар. формах, якія ўзнаўлялі стылі розных эпох (гл.Эклектызм). У архітэктуры Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. ўпор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (будынкі духоўнага ведамства і т-вас.-г. страхавання ў Мінску, рэальнага вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (касцёл Сымона і Алены ў Мінску, касцёл у в. Воўчкавічы Мінскага р-на); несапраўдная готыка; неарускі стыль (Пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.). Супярэчнасць паміж традыц. архітэктурай і новай тэхнікай спрабавалі вырашыць архітэктары стылю мадэрн, які ўзнік у 1890-я г. Выкарыстоўваючы новыя буд. і маст. магчымасці, яны аддавалі перавагу пластычнай форме, якая набывала жывапісна-дэкар. трактоўку (А.Гаўдзі ў Іспаніі, У.Макінтош у Вялікабрытаніі, В.Арта ў Бельгіі, Й.Ольбрых, Й.Гофман у Аўстрыі, Ф.Шэхтэль у Расіі). На пач. 20 ст. шэраг архітэктараў спалучалі тэхн. дасягненні з нац. традыцыямі і класічнымі прынцыпамі кампазіцыі (А.Перэ ў Францыі, О.Вагнер і А.Лоз у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, Х.П.Берлаге ў Нідэрландах). У архітэктуры складваецца рацыяналізм, гал. прынцып якога — максімальная мэтазгоднасць і дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню. Рацыяналісты (Ле Карбюзье ў Францыі, прадстаўнікі арх. аб’яднання «Баўгаўз» у Германіі) шукалі выразнасці ў лаканізме формаў і іх кантрастах. У 1930-я г. рацыяналізм, пашыраны ў архітэктуры ўсіх развітых краінах, атрымаў назву функцыяналізм. Імкненню функцыяналістаў да універсальнасці формаў проціпастаўлялася т.зв.арганічная архітэктура, заснавальнікам якой быў Ф.Л.Райт. У пасляваенны час своеасаблівасцю нац. школ вылучаліся Фінляндыя (А.Аалта), Японія (К.Танге), Бразілія (О.Німеер). У ЗША арх. Л.Міс ван дэр Роэ стварыў канцэпцыю «універсальнай» архітэктуры, заснаванай на рытмічнай яснасці, прастаце геам. формаў і вял. унутраных прастораў. У процілегласць ёй развіўся кірунак бруталізму, які спалучаў функцыянальнасць пабудоў з наўмыснай масіўнасцю і грубай фактурай аголеных паверхняў (Л.Кан і інш. ў ЗША). Усё большыя магчымасці буд. тэхнікі, якія дазваляюць ствараць складаныя прасторавыя формы зборных жалезабетонных абалонак і вантавых пакрыццяў, набылі маст. асэнсаванне ў збудаваннях П.Л.Нерві ў Італіі, Ф.Кандэлы ў Мексіцы і інш. У 1970—80-я г. ў ЗША і Зах. Еўропе пашырыўся постмадэрнізм, які абвясціў вяртанне да рознастылёвых гіст.арх. формаў мінулых эпох (П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане).
У архітэктуры былога СССР таксама прасочваюцца пэўныя стылявыя змены. Рысы архітэктуры 1920 — пач. 30-х г. выявіліся ў пошуках новых формаў маст. выразнасці і рацыянальнага выкарыстання збудаванняў — лаканічнасць і прастата арх.-маст. вырашэння фасадаў (будынак Дзяржпрома ў Харкаве, Дом урада Рэспублікі Беларусь і інш.). Узніклі новыя тыпы грамадскіх будынкаў — палацы культуры, рабочыя клубы, фабрыкі-кухні, т.зв. дамы-камуны, у праектаванні якіх удзельнічалі групоўкі «канструктывістаў» (браты Весніны, М.Гінзбург, І.Леанідаў), «функцыяналістаў» (К.Мельнікаў, М.Ладоўскі) і інш. Дойліды старэйшага пакалення імкнуліся захаваць класічныя арх. традыцыі (А.Шчусеў, І.Жалтоўскі, І.Фамін). З пачаткам пяцігодак сав. архітэктура перайшла да масавага стварэння буйных прамысл. комплексаў, жылых масіваў і цэлых гарадоў. З 2-й пал. 1930-х г. у архітэктуры грамадскіх будынкаў узніклі тэндэнцыі да захаплення параднасцю, заснаваныя на выкарыстанні класічнай спадчыны, што прывяло да часовага адыходу ад наватарскіх прыёмаў. Дасягненнем гэтага перыяду была рэалізацыя шырокіх горадабудаўнічых ідэй (ген. планы рэканструкцыі Масквы, Ленінграда, Мінска, Гомеля, Віцебска і інш.). У пасляваенны час паралельна з вырашэннем грандыёзных задач па аднаўленні і рэканструкцыі разбураных гарадоў, ствараліся новыя ансамблі гарадскіх цэнтраў. Удасканальваліся віды і тыпы збудаванняў, шырока ўкараняўся метад тыпавога праектавання. Разам з тым назіраўся і зварот да класічнай арх. спадчыны, імкненне да трыумфальнасці, што адбівалася на вырашэнні функцыян., тэхн. і эканам. аспектаў і тэмпе буд-ва. З укараненнем індустр. метадаў буд-ва пашыралася колькасць тыпавых праектаў жылых дамоў з павялічаным наборам тыпаў кватэр. Імкненне да утылітарнасці і эканоміі прывяло да манатоннай аднастайнасці архітэктуры. З 1970-х г. пачынаюць стварацца новыя жылыя раёны, дзе ў буд-ве выкарыстаны больш эстэтычна выразныя формы і планіровачныя прынцыпы, у т. л.Зялёны Луг і Усход у Мінску. Перадавыя тэхн. прыёмы давалі магчымасць стварыць грамадскія збудаванні са свабодным аб’ёмна-планіровачным вырашэннем (Палац з’ездаў у Маскве, палацы мастацтваў і культуры ў Алматы, Ташкенце, Ерэване, Кіеве, Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр, павільён міжнародных выставак і Палац спорту ў Мінску, аэравакзал ў Брэсце і інш.). Важную ролю ў фарміраванні горадабуд. структур адыгрываюць мемарыяльныя збудаванні і комплексы, якія арганічна ўваходзяць у ансамблі населеных пунктаў і ландшафтаў. Гл. таксама раздзелы «Архітэктура» ў арт. пра Беларусь і інш. краіны і вял. гарады.
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 1—12. 2 изд. М., 1970—75;
Витрувий. Десять книг об архитектуре: Пер. с лат.М., 1936;
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Виолле ле Дюк. Беседы Об архитектуре: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1937—38;
Гропиус В. Границы архитектуры: Пер. с англ.М., 1971;
Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972;
Бэнэм Р. Взгляд на современную архитектуру: Эпоха мастеров: Пер. с англ.М., 1980;
Гидион З. Пространство, время, архитектура: Пер. с нем. 3 изд. М., 1984;
Ле Корбюзье. Архитектура XX в.: Пер. с фр. 2 изд. М., 1977;
Нимейер О. Архитектура и общество: Пер. с португ., англ. и фр.М., 1975;
Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. с англ.М., 1960;
Архітэктура Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 1993;
Encyclopeadia of modern architecture. London, 1963;
History of world architekture. Vol. 1—14. New York, 1972—80;
Kraiewski K. Mala encyklopedia architektury I wnetrz. Wrocław etc., 1974;
Broniewski T. Historia architektury dła wszystkich. 2 wyd. Wrocław etc., 1980;
Benevolo L. Histoire de l’architecture moderne. [Vol.] 1—2. Paris, 1979—80;
Да арт.Архітэктура. Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку. 1152—61 (уверсе); Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. 1194—97.Да арт.Архітэктура. Храм Геры ў Пестуме. Італія. 5 ст. да н.э.Да арт.Архітэктура. Сабор у Ілі (Вялікабрытанія). 12 ст. (уверсе); палацца Ручэлаі ў Фларэнцыі (арх. Л.Б.Альберці і Б.Раселіна). 1446—51.Да арт.Архітэктура. Сабор Нотр-Дам у Шартры (Францыя). 1194—1260.Да арт.Архітэктура. Палац Верхні Бельведэр у Вене. Арх. Л.Гільдэбрант. 1722.Да арт.Архітэктура. Мікалаеўская царква ў в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл. 1818.Да арт.Архітэктура. Царква Саграда Фамілія ў Барселоне. Арх. А.Гаўдзі. 1884—1926.Да арт.Архітэктура. Алімпійскі спартыўны комплекс у Токіо. Арх. К.Тангэ. 1960—64.Да арт.Архітэктура. Капэла Нотр-Дам-дэю-О ў Раншане (Францыя). Арх. Ле Карбюзье. 1950—53.Да арт.Архітэктура. П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане. Фантан. Арх. Ч.Мур. 1976.Да арт.Архітэктура. Галоўны корпус архітэктурна-будаўнічага факультэта БПА у Мінску. Арх. І.Есьман, В.Анікін. 1982.Да арт.Архітэктура. Павільён міжнародных выставак у Мінску. Арх. Л.Маскалевіч і інш. 1989.