мадэль прыроды (Сусвету), пабудаваная з улікам агульных паняццяў, гіпотэз, прынцыпаў, законаў і тэорый фізікі на пэўным этапе яе развіцця. У Ф.к.с. канкрэтызуецца змест філас. катэгорый (матэрыя, рух, прастора і час, рэчыва, поле фізічнае), вызначаюцца структурныя элементы матэрыі (элементарныя часціцы, атамы, малекулы), высвятляецца характар узаемасувязей паміж асобнымі з’явамі і механізм узаемадзеяння матэрыяльных аб’ектаў. Вядомы карціны свету: механічная (МКС), электрадынамічная (ЭДКС) і квантавапалявая (КПКС). Кожная з іх грунтуецца на адной ці некалькіх фундаментальных фіз. тэорыях.
У МКС матэрыя (рэчыва) мае дыскрэтную будову (атам — найдрабнейшая непадзельная частка рэчыва); прастора і час абсалютныя, не звязаныя з матэрыяй і паміж сабой; асн. від руху — механічны; узаемадзеянне — гравітацыйнае; асн. тэорыя — класічная механіка. У ЭДКС з’яўляюцца новыя паняцці і ўяўленні: рэчыва дыскрэтнае, поле неперарыўнае, прастора і час адносныя і звязаныя паміж сабой (гл.Адноснасці тэорыя); новыя віды руху: цеплавы, эл.-магн. (распаўсюджанне эл.-магн. хваль); новае ўзаемадзеянне — электрамагнітнае; асн. тэорыі: электрадынаміка, электронная тэорыя, статыстычная фізіка. У КПКС рэчыва і поле —2 віды матэрыі (гл.Дапаўняльнасці прынцып, Карпускулярна-хвалевы дуалізм); новыя віды ўзаемадзеянняў — слабае (электраслабае) і моцнае, абодва маюць абменны характар (гл.Узаемадзеянні элементарных часціц), асн. тэорыі: квантавая механіка, квантавая тэорыя поля, квантавая хромадынаміка, квантавая электрадынаміка. Усе Ф.к.с. звязаны паміж сабой адпаведнасці прынцыпам: МКС і ЭДКС уваходзяць у КПКС як прыватныя гранічныя выпадкі, што апісваюць вызначанае кола з’яў.
Ф.к.с. абагульняе звесткі пра ўвесь Сусвет і падзяляе дасягальную для навук. даследаванняў прастору разам з матэрыяльнымі аб’ектамі на мега-, макра- і мікрасвет. Мегасвет уключае Метагалактыку і галактыкі; макрасвет — зоркі, планеты і іх сістэмы, Зямлю і ўсе целы на ёй; мікрасвет — малекулы, атамы і элементарныя часціцы (гл.Макрасвет і мікрасвет). У склад мега- і макрасвету ўключаюцца таксама эл.-магн. і гравітацыйнае палі. Згодна з дасягненнямі астраноміі і касмалогіі, якія грунтуюцца на астр. назіраннях, даных эксперым. фізікі і фіз. тэорыях, Сусвет узнік каля 13 млрд. гадоў назад у выніку Вялікага выбуху (гл.Сінгулярнасць касмалагічная). У пачатковым плазменным шары (пры т-ры 109—1011К і шчыльнасці масы-энергіі 1094г/см³) узніклі фатоны, электроны, нейтрына і іх антычасціцы, а таксама пратоны і нейтроны, крыху пазней — ядры дэйтэрыю і гелію, літыю і берылію. Гэтая сфера імкліва расшыралася, а выпрамяненне хутка астывала. Праз некалькі гадзін утварэнне гелію і інш. элементаў спынілася, пасля чаго прыкладна 1 млн. гадоў адбывалася простае расшырэнне Сусвету і яго ахаладжэнне. Калі т-ра панізілася да некалькіх тысяч кельвінаў, электроны і ядры пачалі злучацца ў атамы (пераважна электроны і пратоны ў атамы вадароду). Сусвет у гэту эпоху складаўся на 75% з вадароду, на 25% з гелію і невял. колькасці інш. элементаў. Прыкладна праз 1 млрд. гадоў у выніку гравітацыйнага прыцягнення воблакі газу, які расшыраўся, пачалі сціскацца, праз 2—3 млрд. гадоў і пасля Вялікага выбуху ўзніклі квазары і пачалося фарміраванне галактык. У маладых галактыках адбываўся працэс зоркаўтварэння: адносна невял. халодныя воблакі вадароду сціскаліся і спараджалі першыя зоркі. Утвараліся зорныя скопішчы і зорныя асацыяцыі, а таксама матэрыяльнае міжзорнае асяроддзе, якое запаўняла прастору. Праз мільярды гадоў некаторыя з зорак пачалі ўзрывацца, выкідваючы ўтвораны ў іх вуглярод, кісларод і ўсе хім. элементы. Разам з іншымі ўзнікла і наша Галактыка, якая форму дыска набыла праз 5 млрд. гадоў пасля выбуху і бачыцца як Млечны Шлях (уключае больш за 100 млрд. зорак). Узніклі таксама групы і скопішчы галактык (маюць па некалькі тысяч галактык) і ў цэлым Метагалактыка (некалькі мільярдаў галактык) з запоўненым асобнымі відамі матэрыі міжгалактычным асяроддзем. Усярэдненая шчыльнасць рэчыва ў галактыках склала ρгал = 3∙10−31г/см³. Праз 8 млрд. гадоў пасля Вялікага выбуху (каля 4,6 млрд. гадоў таму) узнікла Сонца, а пазней пад уздзеяннем воблака распаленай плазмы, што ўзнікла пры выбуху звышновай зоркі, утварылася Сонечная сістэма. Цэнтральнае яе цела — звычайная зорка-карлік, вакол якой абарачаецца 9 вял. планет. Найбліжэйшая да Сонца зорка — Альфа Цэнтаўра (адлегласць 4,38 св. гадоў), галактыка — Андрамеды туманнасць (700 кпк). На адлегласці 149,6 млн.км вакол Сонца са скорасцю 29,8 км/с рухаецца Зямля (абарачаецца вакол восі за 23 гадз 56 мін 4 с). З Зямлі простым вокам можна бачыць каля 3 тыс. зорак. На адлегласці каля 384,4 тыс.км вакол Зямлі абарачаецца яе спадарожнік Месяц. Усе матэрыяльныя аб’екты Сусвету, у т. л. аб’екты жывой прыроды на Зямлі, створаны з адных і тых жа хім. элементаў, якія ўзніклі на розных этапах эвалюцыі зорак і маюць узрост 5—10 млрд. гадоў, што з’яўляецца пацвярджэннем матэрыяльнага адзінства Сусвету.
Літ.:
Степин В.С. Становление научной теории. Мн., 1976;
Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;
Еремеева А.И. Астрономическая картина мира и ее творцы. М., 1984;
Лейзер Д. Создавая картину Вселенной: Пер. с англ.М., 1988;
Большая детская энциклопедия: Вселенная. М., 1999;
Паркер Б. Мечта Эйнштейна: В поисках единой теории строения Вселенной: Пер. с англ. СПб., 2001;
Хокинг С. Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр: Пер. с англ. СПб., 2001.
А.І.Болсун, У.М.Сацута.
Фізічная карціна свету: спрошчаная прасторава-часавая дыяграма ўтварэння Сусвету паводле найбольш абгрунтаваных тэорый.Фізічная карціна свету: форма нашай Галактыкі і месца ў ёй Сонечнай сістэмы (1 — Сонца і Сонечная сістэма; 2 — цэнтральнае патаўшчэнне; 3 — шаравыя скопішчы ў гало; 4 — пласт пылу таўшчынёй у 400 св. гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАПУТНЫЯ ВОЙСКІ.
Як адзін з асн. відаў Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца найб. шматлікімі, многафункцыянальнымі па спосабах вядзення баявых дзеянняў, аснашчэнні ўзбраеннем і ваен. тэхнікай. Прызначаны для вырашэння задач па адбіцці ўдараў наземных груповак праціўніка і іх ліквідацыі ў выпадку агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь. Баявы патэнцыял сухапутных войск (СВ) дазваляе самастойна або ва ўзаемадзеянні з ВПС і войскамі ППА наносіць агнявыя ўдары на вял. глыбіню; эфектыўна дзейнічаць пры ўтрыманні занятых раёнаў, рубяжоў і аб’ектаў, разгроме груповак войск праціўніка, якія могуць уклініцца ў нашу тэрыторыю. У іх склад уваходзяць: механізаваныя войскі (мотастралковыя і танк. часці); ракетныя войскі і артылерыя; злучэнні і вайск. часці ППА (зенітныя, зенітныя ракетныя, зенітныя ракетна-артыл., радыётэхнічныя), якія з’яўляюцца родамі войск; спец. войскі (злучэнні і вайск. часці сувязі, разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, інжынерныя, радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, навігацыйна-тапагр., гідраметэаралагічныя, інфарм. і тэхн. забеспячэння); злучэнні і вайск. часці тылу. Аснову складаюць аператыўныя групоўкі (аб’яднанні) на Зах. і Паўн.-зах. аперацыйных напрамках, здольныя ва ўмовах мірнага часу выканаць задачы па лакалізацыі і нейтралізацыі ўзбр. канфлікту, а пры неабходнасці весці лакальную вайну, забяспечваць своечасовае аператыўна-стратэг. разгортванне ўсіх узбр. сіл, усёй ваен. арганізацыі дзяржавы. Яны складаюцца з механізаваных злучэнняў, баз захавання, злучэнняў і вайск. часцей родаў войск і спец. войск, вайск. часцей і падраздзяленняў тэхн. і тылавога забеспячэння. Аператыўнае камандаванне ажыццяўляе кіраўніцтва падначаленымі злучэннямі і вайск. часцямі, якое таксама каардынуе дзейнасць войск, вайск. фарміраванняў і падраздзяленняў МУС, Мін-ва па надзвычайных сітуацыях, Пагран. войск, КДБ, інш.дзярж. органаў і арганізацый па выкананні задач у галіне абароны краіны, якія знаходзяцца ў зоне іх адказнасці. Асобныя злучэнні і вайск. часці родаў войск і спец. войск, тэхн. забеспячэння, вучэбныя вайск. часці, інш. часці і ўстановы, што ўваходзяць у склад СВ, прызначаны для выканання баявых задач, а таксама для аператыўнага (баявога), тэхн., тылавога забеспячэння баявых дзеянняў і падрыхтоўкі спецыялістаў.
Камандаванне СВ сфарміравана на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Дырэктывы міністра абароны ў студз. 2002 на базе 5-га гвардз. армейскага корпуса. На яго ўскладзены задачы падтрымання на неабходным узроўні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, непасрэднага кіраўніцтва штодзённай дзейнасцю і баявой падрыхтоўкай органаў кіравання, аб’яднанняў, злучэнняў і вайск. часцей, а таксама кіраўніцтва тэр. абаронай. Будаўніцтва і развіццё СВ ажыццяўляецца ў адпаведнасці з прынцыпамі забеспячэння ваен. бяспекі дзяржавы, выкладзенымі ў канцэпцыі нац. бяспекі (2001), Ваен. дактрыне Рэспублікі Беларусь (2002), і на аснове праграмных дакументаў — Канцэпцыі будаўніцтва Узбр. Сіл да 2010, Праграмы завяршэння рэфармавання Узбр. Сіл на 2001—05 і Плана будаўніцтва Узбр. Сіл да 2006. Гал. мэта рэфармавання — стварэнне боегатовых і здольных да разгортвання ў пэўныя тэрміны аб’яднанняў, злучэнняў, вайск. часцей і арганізацый СВ аптымальнай структуры, складу і колькасці, якія валодаюць дастатковым патэнцыялам стрымлівання і могуць процістаяць любой ваен. пагрозе. Адна з важных задач рэфармавання — ажыццяўленне якасных пераўтварэнняў, якія гарантуюць нарошчванне баявых магчымасцей, удасканаленне арганізац.-штатных структур, аснашчэнне сучасным узбраеннем і ваен. тэхнікай (УВТ), удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў, паляпшэнне якасных паказчыкаў укамплектаванасці асабовага складу, павышэнне баявой вывучкі ваеннаслужачых, зладжанасці злучэнняў і вайск. часцей. Як адзін з асн. спосабаў павелічэння сумарнага баявога патэнцыялу войск прадугледжана павышэнне эфектыўнасці сістэмы кіравання (органаў і пунктаў кіравання, сродкаў сувязі і аўтаматызаванага кіравання войскамі). Важнае значэнне надаецца распрацоўцы і ўкараненню новых падыходаў, прынцыпаў кіравання і метадаў кіраўніцтва. З мэтай падтрымання ў баявым стане, развіцця і ўдасканалення УВТ праведзена іх мадэрнізацыя з адначасовай планамернай і паэтапнай заменай на новыя перспектыўныя ўзоры шляхам распрацоўкі, вытв-сці (самастойна або ў кааперацыі з інш. дзяржавамі). Вядуцца н.-д. і доследна-канструктарскія работы па стварэнні элементаў і сістэм новага УВТ, зарыентаваныя на рэалізацыю такіх перспектыўных кірункаў будаўніцтва СВ, як развіццё ракетных войск і артылерыі, сіл і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, разведкі, сувязі. З улікам развіцця ваен. майстэрства і вопыту лакальных войнаў перагледжаны многія палажэнні тактыкі і дзеянняў злучэнняў і часцей, спосабы выкарыстання СВ уцэлым. Распрацаваны і ўведзены ў дзеянне новыя сучасныя праграмы баявой падрыхтоўкі мотастралковых, танк., мабільных падраздзяленняў, а таксама падраздзяленняў родаў войск, праграмы камандзірскай падрыхтоўкі афіцэраў і прапаршчыкаў, курсы стральбы і ваджэння баявых машын. Кардынальна перапрацаваны нарматывы па баявой падрыхтоўцы. СВ паспяхова дзейнічалі ў час комплексных аператыўна-тактычных вучэнняў «Нёман—2001», «Бярэзіна—2002», «Чыстае неба—2003», «Шчыт Айчыны—2004 г.». Кадры для СВ рыхтуюць Ваен. акадэмія Рэспублікі Беларусь, Аб’яднаны навуч. цэнтр па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў, а таксама шэраг ваен. кафедраў (ф-таў) цывільных ВНУ і інш. Кіраўніцтва СВ ажыццяўляе камандуючы Сухапутнымі войскамі, які непасрэдна падпарадкоўваецца міністру абароны Рэспублікі Беларусь. Камандуючыя СВ Рэспублікі Беларусь: Ю.В.Партноў (2001—03), С.С.Смольскі (з 2003).
А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Артылерыйскі разлік на тактычных занятках.Падраздзяленне мотастралкоў на палявых занятках.Танкавае падраздзяленне на маршы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСО́НСТВА,
франкмасонства (франц. franc-maęn, літар. вольны муляр), вучэнне і практыка найбуйнейшага міжнар. тайнага т-ва элітарнага тыпу, якое аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў пад эгідай пошуку «сапраўдных шляхоў духоўнага аднаўлення грамадства». Асн. метад дзейнасці т-ва — спроба ўплываць на гіст. падзеі праз намаганні сваіх адэптаў у розных сферах грамадскай дзейнасці і вядучых дзярж. установах. Класічнае М. ўяўляла сабой рэліг.-этычны рух, удзельнікі якога імкнуліся стварыць тайную сусв. арг-цыю з мэтай аб’яднання чалавецтва ў братэрскім саюзе, незалежна ад яго нац., паліт., сац., рэліг. і інш. адрозненняў. Гіст. карані М. — у брацтвах «вольных муляраў» (буд. саюзах), што ўзніклі ў Германіі ў 12—13 ст. Вызначэнне «вольны» азначала апрацоўшчыка «вольных» парод каменю (мармур, вапняк). Т-вы «вольных муляраў» (цэхі, ложы) пашырыліся Ў Англіі, Італіі, Францыі. З канца 16 ст. ’англ. ложы пачалі прымаць у свае рады т.зв. «пабочных муляраў» — заможных адукаваных людзей, якія садзейнічалі адукацыі і маральнаму ўдасканаленню астатніх членаў лож. Уласна буд. т-вы зніклі ў пач. 18 ст., але брыт. «пабочныя муляры», захоўваючы знешнюю атрыбутыку дзейнасці апошніх, пачалі выкарыстоўваць ложы для абмеркавання праблем маральнага выхавання асобы і грамадства ў цэлым. У 1717 брыт. ложы ўтварылі Вял.брыт. ложу. Па яе даручэнні масон Дж.Андэрсан распрацаваў у 1721 «Кнігу канстытуцый» — першы сістэматызаваны зборнік прынцыпаў М., якія забаранялі масонам быць атэістамі і вальнадумцамі, падтрымліваць афіц. ўлады і прымаць удзел упаліт. рухах, замацоўвалі асн. іерархічныя ступені лож — вучань, падмайстар, майстар, уводзілі асобнае званне — наглядчык (сачыў за правільным выкананнем рытуалаў). Кожнага члена ложы звалі «братам», прымаліся асобы не маладзей за 25 гадоў і толькі пры згодзе ўсіх «братоў». Так званая Вял. ложа аб’ядноўвала майстроў і наглядчыкаў усіх лож краіны і ўзначальвалася Вял. майстрам. Рытуал выконваўся ў кожнай ложы з выкарыстаннем традыц. мулярскіх інструментаў (малаток, навугольнік, цыркуль) і адзення (пальчаткі, капялюш, фартух). У далейшым арганізац. іерархія М. ўскладнілася. Меліся ложы з 33 ступенямі (градусамі) і нават з 99. З 18 ст. М. пашырылася ў Францыі, Германіі, Швецыі, Расіі, ЗША і інш. краінах. Яго ідэйныя арыенціры (пошук эфектыўных метадаў матэрыяльнага і маральнага прагрэсу грамадства, знакаміты дэвіз масонаў: «свабода, роўнасць, братэрства», імкненне ўзвысіцца над класавымі, парт. супярэчнасцямі) былі прыцягальнымі для многіх дзярж. дзеячаў, пісьменнікаў, філосафаў розных краін. Пэўны антыклерыкалізм М. абумовіў варожасць Ватыкана да т-ва, многія папскія булы (у т. л. Льва XIII у 1884) абвяшчалі М. анафему.
У Беларусі і Літве масонскія ложы пачалі дзейнічаць з 2-й пал. 18 ст. як залежныя ад рас. і польскага М. У 1774 маёр рас. арміі Вердароўскі заснаваў у Полацку ложу «Талія». У Магілёве працавалі ложы «Да трох арлоў» (1770) і «Геркулес у калысцы» (1776). У 1781 у Вільні існавалі ложы «Дасканалае адзінства», «Руплівы літвін», «Добры пастыр», «Храм мудрасці», жаночая ложа «Дасканалая вернасць». У 1781 у Гродне засн. ложа «Шчаслівае вызваленне», у 1784 — пад той жа назвай ложа ў Нясвіжы. Пасля паўстання 1794 дзейнасць бел.-літ. лож прыпынілася і актывізавалася толькі ў 1810-я г.У гэты час узніклі масонскія ложы ў Вільні («Руплівы літвін», 1813; «Да храма мудрасці» і «Школа Сакрата», 1818; рус. ложа «Славянскі арол», 1819), у Мінску («Паўн. паходня», 1816, 200 чл.у 1822; «Гара Табар», 1818), Нясвіжы («Святыня спакою» і «Шчаслівае вызваленне», 1819), Слуцку («Уладзіслаў Ягайла»), Навагрудку («Вузел адзінства»), Гродне («Сябар чалавецтва»). Маладзёжныя т-вы філарэтаў, філаматаў і інш. структурай нагадвалі масонскія ложы. Кіраўнік філарэтаў Т.Зан быў членам віленскай ложы «Школа Сакрата». У 1822 усе масонскія ложы Рас. імперыі былі забаронены ўказам Аляксандра I. Яны пачалі аднаўляцца ў Маскве, Пецярбургу, Адэсе і інш. гарадах толькі з 1906—09. У Вільні ўзніклі ложы «Адзінства» (1910), «Літва» (1911), «Беларусь» (1914). Ёсць звесткі пра існаванне М. ў Віцебску і Мінску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны М. ў Расіі і Беларусі амаль спыніла дзейнасць. У сучасным свеце М. найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Агульная колькасць членаў лож складае, паводле розных звестак, ад 6 да 30 млн.чал.У Італіі, дзе ў 1981—82 адбыўся буйны паліт. скандал у сувязі з тайнымі «работамі» ложы «Прапаганда-2», упач. 1990-х г. існавалі 582 ложы (16 700 чл.). Каля 400 лож у той час дзейнічала на Кубе. Кіраўніцтва дзейнасцю масонаў ажыццяўляецца на сходах (канферэнцыях) масонскіх лож свету, 1-ы з якіх адбыўся ў пач. 20 ст. ў Бруселі, пасля звычайна раз у 5 гадоў праводзяцца канферэнцыі. З канца 1980 — пач. 1990-х г. масоны аднавілі дзейнасць ва Усх. Еўропе (Будапешт, Белград, Прага, Варшава, Сафія), а таксама ў Расіі і некат. інш. рэспубліках б.СССР. Украс. 1991 дэлегацыя франц. масонаў стварыла ў Маскве брацтва «Паўночная зорка», у 1992 засн. роднасная ёй асацыяцыя «Свабодная Расія», а пазней — ложы «Паўночныя браты» і «Дзевяць муз», брацтвы «А.С.Пушкін» і «Мікалай Навікоў», а таксама асацыяцыі ў Санкт-Пецярбургу і Харкаве (Украіна). Куратарства дзейнасці вышэйназваных арг-цый ажыццяўляе парыжская ложа «Руская садружнасць», куды ўваходзяць 45 масонаў рас. паходжання. У сучасным М. вылучаецца 2 асн. плыні, якія прытрымліваюцца шатландскага або йоркскага рытуалу. Масоны імкнуцца да захавання таемнага характару сутнасці і метадаў сваіх «работ».
Літ.:
Дабранскі С. Масонскія лёжы ў Літве // Спадчына. 1997. № 1;
Ягож. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве // Там жа. №3;
Замойский Л.П. За фасадом масонского храма: Взгляд на пробл. М., 1990;
Соловьев О.Ф. Масонство в мировой политике XX в. М., 1998;
Sawicki J.Z dziejów «Wielkiego Wschodu Litwy» // Przegląd wschodni. 1997. Z. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,
пераход маёмасці прыватных асоб ва ўласнасць дзяржавы на падставе спец. актаў кампетэнтных дзярж. устаноў. Аб’ектамі Н. могуць быць і асобныя прадпрыемствы, аб’яднанні, будынкі, зямельныя ўчасткі і цэлыя галіны эканомікі, уся зямля або асобныя яе катэгорыі. Можа ажыццяўляцца праз бязвыплатную экспрапрыяцыю (прымусовае адчужэнне), поўны або частковы выкуп. Права дзяржавы на правядзенне Н., якое ўключае свабоднае распараджэнне прыроднымі рэсурсамі краіны, пацверджана ў шэрагу рэзалюцый Ген. Асамблеі ААН. Міжнар. публічнае права прызнае права дзяржавы на Н., але не прадугледжвае рэгулявання супярэчнасцей, што ўзнікаюць у выніку пераразмеркавання ўласнасці паміж дзяржавай і прыватнымі ўласнікамі. Разнавіднасцю Н. з’яўляецца дэпрыватызацыя — ператварэнне ў дзярж. ўласнасць прыватызаванай раней дзярж. маёмасці. У развітых капіталіст. краінах Н. закранае, як правіла, тыя галіны вытв-сці, што патрабуюць вял. і доўгатэрміновых капітальных укладанняў і няздольны прынесці хуткія прыбыткі прыватным прадпрымальнікам, але з’яўляюцца неабходнымі для функцыянавання эканомікі і дзяржавы ў цэлым (ваенная, паліўнаэнергет. прам-сць, сувязь, транспарт і інш. галіны інфраструктуры). Уладальнікам нацыяналізаванай маёмасці звычайна выплачваецца кампенсацыя. Н. практыкавалася ўжо ў 19 ст., праводзілася ў шэрагу еўрап. краін у 1920—30-я г. Многія еўрап. дзяржавы (Францыя, Вялікабрытанія, Аўстрыя і інш.) шырока праводзілі Н. пасля 2-й сусв. вайны з мэтай больш хуткага і эфектыўнага аднаўлення эканомікі за кошт дзярж. сродкаў. Вопыт сац.-эканам. развіцця сведчыць, што працэсы Н. і раздзяржаўлення, або прыватызацыі, перыядычна змяняюць адзін аднаго ў залежнасці ад стану эканомікі і паліт. кан’юнктуры. Левыя паліт. сілы (сацыялісты, камуністы) звычайна выступаюць за Н. найважнейшых галін эканомікі, правыя (напр., брыт. кансерватары, герм.хрысц. дэмакраты) — за іх прыватызацыю. У 1950—80-я г. Н. неаднаразова праводзілася ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і інш. краінах з мэтай пераадолення крызіснага становішча ў галінах інфраструктуры. З сярэдзіны 1980-х г.у большасці развітых краін свету прыярытэтнае значэнне зноў набыла палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці, бо сталі відавочнымі крызісныя з’явы, звязаныя з функцыянаваннем дзярж. сектара эканомікі (рост бюракратызацыі кіравання, інфляцыйных працэсаў, зніжэнне тэмпаў росту і эфектыўнасці вытв-сці і інш.). Усацыяліст. краінах Еўропы (Чэхія, Польшча, Венгрыя і інш.), дзе ў 1940—50-я г. Н. праводзілася як рэв. акт шляхам бязвыплатнай канфіскацыі або за частковы выкуп, масавая прыватызацыя (або дэнацыяналізацыя) дзярж. маёмасці разгарнулася пасля страты камуністамі ўлады ў 1989—90. У тых краінах, дзе засталіся сацыяліст. рэжымы (Кітай, В’етнам, Куба), эканам. мэтазгоднасць таксама прымушае кіруючыя партыі ў большай ці меншай ступені праводзіць прыватызацыю дзярж. маёмасці. Аднак і цяпер у развітых краінах свету дзярж. сектар эканомікі стварае не менш як 1/5нац. прадукту. У краінах, што развіваюцца, пасля атрымання імі незалежнасці ў першую чаргу нацыяналізаваліся прадпрыемствы замежных манаполій. У некаторых краінах ажыццяўлялася Н. прадпрыемстваў буйной нац. буржуазіі. Праводзілася Н. і як бязвыплатная канфіскацыя, і як частковы выкуп. У асобных краінах, што развіваюцца, дзярж. сектар заняў значнае месца ў эканоміцы (напр., у Індыі забяспечвае 40% прамысл. вытв-сці, у Алжыры дае 80% валавога ўнутр. прадукту). У апошнія гады ў многіх краінах, якія развіваюцца, таксама пачала ажыццяўляцца палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці.
УСав. Расіі (пазней СССР) і ў інш.сацыяліст. краінах Н. мела характар паліт. акцыі, накіраванай на ліквідацыю прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці і класа прыватных прадпрымальнікаў — буржуазіі. УСав. Расіі яна праводзілася пераважна ў 1917—20 як прымусовае і бязвыплатнае адабранне маёмасці ва ўласнасць дзяржавы. Дэкрэт «Аб зямлі», прыняты 26.10(8.11).1917 на 2-м з’ездзе Саветаў Расіі, ліквідаваў без выкупу прыватную ўласнасць на зямлю, у т. л. памешчыцкую, з бясплатнай перадачай яе ў карыстанне сялянам. У 1917—18 нацыяналізаваны транспарт, сувязь, банкі, знешні гандаль. У 1918 сав. ўрад пачаў планамерную Н. галін прам-сці (цукровай, каменнавугальнай, нафтавай і інш.). Паводле дэкрэта СНК ад 28.6.1918 Н. падлягалі ўсе вял. прадпрыемствы з капіталам ад 200 тыс. руб.
У 1919—20 пад уплывам палітыкі «ваеннага камунізму» нацыяналізаваны ўсе сярэднія і б.ч. дробных прадпрыемстваў. У час новай эканамічнай палітыкі (з 1921) Н. дробнай прам-сці часова прыпынена, а частка дробных прадпрыемстваў дэнацыяналізавана.
На Беларусі Н. ажыццяўлялася на падставе дэкрэтаў рас. органаў сав. улады. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР ад 17(30). 11.1917 нацыяналізаваны чыг. майстэрні ў Мінску, Віцебску і інш. гарадах, усе чыгункі, банкі, а таксама лесапільныя з-ды і млыны, уладальнікі якіх не падпарадкаваліся рабочаму кантролю. 23.12.1917 (5.1.1918) СНКЗах. вобласці нацыяналізаваў уласнасць Усерас. земскага саюза, Саюза гарадоў, інж.-буд. арг-цый і тылавых ваен. складоў. Свой адбітак на правядзенне Н. ў Беларусі наклалі герм. (люты—снеж. 1918) і польская (лета 1919 — лета 1920) акупацыі б.ч. яе тэрыторыі. Укастр. 1918 — ліп. 1919 (да польскай акупацыі) нацыяналізаваны 140 ф-к і з-даў, або 41% вял. прадпрыемстваў. Пасля вызвалення ад польскай акупацыі ў жн.—снеж. 1920 нацыяналізаваны яшчэ 152 вял. і 392 малыя прадпрыемствы. Удзельная вага дзярж. сектара ў канцы 1920 у буйной прам-сці складала 94,2%, у дробнай — 47,4%, у саматужных рамесных прадпрыемствах — 2,5%. Прыватная ўласнасць на сродкі вытв-сці была амаль поўнасцю ліквідавана ў БССР. як і ўсюды ў СССР, у 1930-я г. ў перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі. УЗаходняй Беларусі польскія ўлады адмянілі сав. дэкрэты аб Н. Паўторная Н. тут праводзілася пасля далучэння гэтай тэр. да БССР на падставе дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі (кастр. 1939). З 1990-х г. на Беларусі, як і ў інш. краінах б.СССР, прыярытэтнае значэнне набылі працэсы раздзяржаўлення і прыватызацыі эканомікі, але дзяржава пакідае за сабой права ў неабходных выпадках праводзіць Н. або дэпрыватызацыю. Паводле «Грамадзянскага кодэкса» Рэспублікі Беларусь ператварэнне маёмасці юрыд. і прыватных асоб удзярж. ўласнасць шляхам яе Н. адбываецца толькі на падставе адпаведнага заканадаўства.
Літ.:
Виноградов В.А. Вопросы теории и практики социалистической национализации промышленности. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНО́БЫЛЬСКАЯ КАТАСТРО́ФА 1986,
адна з найбуйнейшых у свеце аварый на атамных электрастанцыях. Адбылася 26.4.1986 на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС, Украіна, каля мяжы з Беларуссю) у ходзе праектных выпрабаванняў сістэм бяспекі. У выніку 2 магутных выбухаў разбураны рэактар 4-га энергаблока, рэактарны блок і машынная зала. Пры гэтым верхняя накрыўка рэактара масай каля 2000 т апынулася на верхняй частцы шахты рэактара пад вуглом 15° да вертыкалі. Распаленыя абломкі бетону і графіту выкідваліся вонкі праз адтуліны ў даху будынка, адначасова ў навакольнае асяроддзе выкідваліся радыенукліды. У выніку вакол суседняга рэактара (3-га блока) і турбінных блокаў узнікла каля 30 ачагоў пажару. З адкрытай актыўнай зоны рэактара і асабліва ў выніку пажару графітавай муроўкі на працягу 10 дзён у атмасферу выкідвалася вял. колькасць радыеактыўных рэчываў у выглядзе газаў, аэразоляў і макрачасціц. На працягу першых 10 сут выкінуты ў атмасферу матэрыял у выглядзе струменя мяняў свае напрамкі ў адпаведнасці з напрамкам ветру, шырока распаўсюджваўся над тэр. большай ч. Еўропы. Найб. інтэнсіўнымі былі яго выпадзенні над тэр. Беларусі, Украіны і Расіі. Выпадзенні мелі месца таксама ў большасці краін Еўропы, але ў цэлым там узроўні забруджвання былі малыя. Пэўная колькасць радыенуклідаў рассеялася па ўсім Паўн. паўшар’і, у невялікай колькасці яны зафіксаваны нават у Японіі і ЗША. Для ізаляцыі разбуранага рэактара і прадухілення паступлення радыеактыўнага матэрыялу ў навакольнае асяроддзе ў ліст. 1986 над 4-м энергаблокам узведзена ахоўнае збудаванне — аб’ект «Укрыццё» (саркафаг). Каля 70% радыеактыўных рэчываў, што ў выніку Ч.к. трапілі ў атмасферу еўрап. часткі б.СССР, выпала на тэр. Беларусі; 23% яе тэрыторыі (46,5 тыс.км²) было забруджана цэзіем-137 больш за 37 кБк/м²; на Украіне з такой жа шчыльнасцю забруджвання 28,5 тыс.км² — 4,8% яе тэрыторыі; у Расіі 35,2 тыс.км² — 0,5% яе тэрыторыі. На забруджанай тэр. Беларусі пражывала 2,2 млн.чал. (каля 20% насельніцтва). З больш як 18 тыс.км² сельгасугоддзяў (22%) з гасп. абарачэння з-за забруджвання выключана 2,64 тыс.км². Убел. сектары 30-кіламетровай зоны ад ЧАЭС створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Кіраўніцтва СССР і БССР доўгі час замоўчвала і ўтойвала ад грамадскасці памеры радыеактыўнага заражэння на тэр. Беларусі ў выніку Ч.к., што стварыла рэальную пагрозу жыццю і здароўю вял. колькасці насельніцтва. У сувязі з адсутнасцю пэўны час належных захадаў па ліквідацыі наступстваў Ч.к. ў шэрагу населеных пунктаў Гомельскай вобл. адбыліся мітынгі і забастоўкі (гл.Гомельская забастоўка 1990). Экалагічнае ўздзеянне Ч.к. паставіла б.СССР перад неабходнасцю вырашэння новых, выключна складаных і буйнамаштабных праблем, якія датычылі практычна ўсіх сфер грамадскага жыцця, многіх аспектаў навукі і вытв-сці, культуры і маралі. Уліп. 1989 Вярх. СаветБССР прызнаў усю тэр. Беларусі зонай экалагічнага бедства і, выкарыстоўваючы навук. патэнцыял вядучых устаноў і ведамстваў, прыняў Дзярж. праграму пераадолення наступстваў Ч.к. на 1990—95 і на перыяд да 2000, у 1991 — законы «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» і «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», у 1998 — Закон «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва». З улікам глабальнага характару катастрофы, пагрозы яе вынікаў здароўю насельніцтва (у радыусе 30 км ад ЧАЭС) да 1.1.1987 з 188 нас. пунктаў эвакуіравана 115 174 чал., у т. л. на Беларусі 23,6 тыс., на Украіне 91,4 тыс., у Расіі 174 чал. За 15 гадоў пасля аварыі з зон забруджвання на Беларусі выселена больш за 135 тыс.чал., поўнасцю адселена 415 нас. пунктаў. Адсяленне жыхароў уасн. завершана. З больш як 5 тыс.чал., што пражывалі ў зоне наступнага адсялення, жаданне выехаць выказалі каля 2 тыс. Для перасяленцаў з 1986 пабудавана 64 836 кватэр, або 4519,4 тыс.м² жылля. Адначасова вырашалася задача ўзвядзення пасёлкаў, у іх пабудавана агульнаадук. школ на 44 072 месцы, дзіцячых дашкольных устаноў на 18 470 месцаў, амбулаторна-паліклінічных устаноў на 20 922 наведванні за змену, бальніц на 4160 ложкаў. З мэтай забеспячэння чыстым палівам насельніцтва забруджаных радыенуклідамі раёнаў пракладзена больш за 1898 км сетак газаправодаў, пабудавана 1847 км сетак водазабеспячэння, праведзена добраўпарадкаванне нас. пунктаў, жывёлагадоўчых ферм, механізаваных двароў і інш. аб’ектаў.
Ва ўсёй зоне забруджвання назіраецца рост сардэчна-сасудзістых, страўнікава-кішэчных, нервова-псіхічных захворванняў, хвароб апорна-рухальнага апарату і органаў дыхання. Растуць захворванні на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей (у 1966—85 іх было 21). Менавіта рак шчытападобнай залозы разглядаецца яе непасрэдны вынік Ч.к. З 1993 вядзецца Бел.дзярж. рэгістр асоб, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыі з прычыны катастрофы на ЧАЭС. У яго занесены даныя пра больш як 250 тыс. чал.
На пач. 2001 на Беларусі налічвалася 9985 інвалідаў, у якіх устаноўлена прычынная сувязь захворванняў з вынікамі Ч.к., з іх 1835 дзяцей і падлеткаў. Штогод міжведамаснымі саветамі па ўстанаўленні прычыннай сувязі захворванняў з вынікамі катастрофы на ЧАЭС разглядаецца каля 3 тыс. спраў. Паглыбленае мед. абследаванне кожны год праходзяць больш за 1 млн.чал. Намаганнямі органаў дзярж. кіравання, грамадскіх чарнобыльскіх арг-цый, вучоных і спецыялістаў шэраг праблем удалося вырашыць. Створана заканадаўчая і нарматыўна-прававая база практычна па ўсіх кірунках дзейнасці па пераадоленні вынікаў Ч.к. Да 1991 выдаткі, звязаныя з пераадоленнем наступстваў Ч.к., нёс урад СССР; пасля распаду СССР увесь цяжар фін. выдаткаў лёг на Беларусь. Паводле падлікаў сумарныя страты на Беларусі ад Ч.к. ў 1986—2015 складуць каля 235 млрд.дол. ЗША (у цэнах на 1.6.1992 — амаль 32 бюджэты рэспублікі за 1985). У бюджэце Беларусі расходы на чарнобыльскую праграму складаюць значную частку. Прынята Дзярж. праграма па пераадоленні вынікаў катастрофы на ЧАЭС на 2001—05 і на перыяд да 2010. Паводле рашэння ўрада Украіны Чарнобыльская АЭС афіцыйна закрыта 15.12.2000. Аднак вырашэнне чарнобыльскіх наступстваў для жыхароў Беларусі яшчэ доўгі-доўгі час будзе складанай і балючай праблемай.
Літ.:
Чарнобыль: Погляд праз дзесяцігоддзе: [Давед.]. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЫ́ МОЗГ,
пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.
Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт.Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга; эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.
У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцый вял. паўшар’яў, марфал. і функцыян. злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць успінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважна нерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважна нерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр.сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл.Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш.Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л.мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв. сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.
Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНОМІКА ПРАМЫСЛОВАСЦІ
Эканоміка прамысловасці як навука на Беларусі пачала развівацца ў пач. 20 ст. З 1921 гэтымі пытаннямі займаліся на эканам. аддзяленні ф-та грамадскіх навук БДУ, з 1922 — у Ін-це бел. культуры (з 1929 Бел.АН). Распрацоўваліся пераважна метадалагічныя асновы і методыка фарміравання новых галін прамысловасці, праблемы рацыянальнага спалучэння экстэнсіўнага і інтэнсіўнага тыпаў расшыранага ўзнаўлення. У пасляваенны час у Ін-це эканомікі АН Беларусі і Бел. ін-це нар. гаспадаркі даследаваліся структура, эканоміка асн. галін нар. гаспадаркі рэспублікі, эфектыўнасць капітальных укладанняў і новай тэхнікі ў прамысловасці (М.І.Вядута, Г.Ц.Кавалеўскі, І.М.Качура, С.М.Малінін, І.Ц.Чарняўскі і інш.). Вывучаліся рэзервы прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, праблемы ўмацавання фінансаў прамысл. прадпрыемстваў і гасп. разліку, асн. фондаў і капітальных укладанняў у прамысловасць, тэхн. прагрэсу і асваення новай прадукцыі (Л.Е.Баранава, Г.В.Грэк, Ф.А.Дронаў, Т.С.Карачун, М.С.Куняўскі, В.І.Клецкі, В.А.Мухіна, А.М.Пашкевіч, А.С.Сітнікаў, С.А.Ходас, М.М.Шатохіна і інш.). У сувязі з падрыхтоўкай у краіне гасп. рэформы і пераходам прадпрыемстваў на новыя ўмовы планавання і эканам. стымулявання ў 1960-я г даследаваліся крытэрыі ацэнкі дзейнасці прадпрыемстваў, метады іх колькаснага выражэння, паляпшэння сістэмы эканам. стымулявання прац. калектываў і асобных работнікаў (З.А.Анцуфрыева, В.І.Выбарнаў, А.Р.Гарадзецкі, А.Г.Заўялкаў, Э.Л.Лутохіна, В.С.Маўрышчаў, В.Ф.Рамашкін, Г.А.Рысіна, А.І.Ясінскі і інш.). У 1970-я г. вяліся даследаванні эканам. праблем навук.-тэхн. прагрэсу ў прамысловасці, удасканалення сістэм яго планавання і эканам. стымулявання, павышэння эфектыўнасці грамадскай вытворчасці на аснове інтэнсіфікацыі (Ф.В.Баравік, С.М.Гальдштэйн, К.І.Невельская, М.А.Плашчынскі і інш.).
Развіццё прамысловасці ў 1980—90-я г. стымулявала правядзенне навук. даследаванняў у галіне размяшчэння прамысловасці, рэгіянальных праблем, абгрунтавання метадаў ацэнкі і павышэння эфектыўнасці развіцця інфраструктуры рэгіёна, міжгаліновай вытворчасці, шляхоў вырашэння сац. праблем, абумоўленых развіццём прамысловасці (Л.В.Казлоўская, А.Д.Паўлава, В.С.Шымава, У.М.Шымаў). У Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі праведзены даследаванні па абгрунтаванні цаны на новую тэхніку, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання капіталаўкладанняў, зніжэнні матэрыялаёмістасці з мэтай актывізацыі выкарыстання якасных фактараў эканам. развіцця (П.А.Капітула, І.А.Міхайлава-Станюта, У.І.Тарасаў і інш.). УНавук.-доследным эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь (з прыцягненнем вядучых эканамістаў інш. арганізацый) праведзены комплекс навук. даследаванняў па ацэнцы перспектыў развіцця эканомікі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы, абгрунтаваны кірункі структурнай перабудовы эканомікі ў цэлым, у т. л. ў прамысловасці, распрацавана канцэпцыя і праграма яе развіцця (Я.М.Александровіч, З.А.Анцуфрыева, П.А.Капітула, І.А.Міхайлава-Станюта, В.У.Пінігін, У.М.Шымаў). Праводзіліся даследаванні па такіх важных кірунках, як рэгуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэнне і развіццё фін.-прамысл. груп, эколага-эканам. рэгуляванне, фарміраванне і рэалізацыя рэгіянальнай палітыкі, ацэнка ўплыву крызісаў і цыклічнасці на эканам. развіццё (І.М.Абрамаў, А.І.Лучанок, М.У.Мясніковіч, У.С.Фацееў, В.С.Шымава). Вывучаліся пытанні выкарыстання навук. патэнцыялу, яго трансфармацыі, эфектыўнасці навук. прац і інавацыйнай дзейнасці (Л.М.Крукаў, Э.Дз.Меяроўская, П.Г.Нікіценка, А.А.Слонімскі, І.І.Сяржынскі).
Эканам. праблемы навук.-тэхн. развіцця, венчурнай дзейнасці, фарміравання інавацыйнай інфраструктуры і рэгулявання інавацыйнай дзейнасці распрацоўваліся ў навук. праектах Рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў, Дзярж. камітэта Рэспублікі Беларусь па навуцы і тэхналогіях, дзярж. праграме «Сацыяльна-эканамічныя прыярытэты Рэспублікі Беларусь», якія былі выкананы пад кіраўніцтвам Л.М.Нехарошавай. У Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі распрацаваны комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу Рэспублікі Беларусь на 2001—20 (А.В.Маркаў, В.Ф.Мядзведзеў, П.Г.Нікіценка і інш.). Метадалаг. асновы фарміравання канцэпцыі развіцця прамысловасці даследуюцца на кафедры эканомікі прамысл. прадпрыемстваў Бел.дзярж.эканам. ун-та (навук. кіраўнік Л.М.Нехарошава). Падрыхтаваны падручнікі і навуч. дапаможнікі, якія ахопліваюць комплекс пытанняў па прагназіраванні і планаванні эканомікі, развіцці прамысл. рэгіёна (В.І.Барысевіч, Г.А.Кандаурава і інш.), асновах эканомікі і экалогіі прыродакарыстання (В.С.Шымава), цэнаўтварэнні (І.І.Паляшчук, В.В.Цярэшына), эканоміцы прадпрыемства (Л.М.Нехарошава і інш.), эканоміцы прадпрыемстваў канкрэтнай галіны прамысловасці (І.М.Бабук, У.І.Дзямідаў, В.І.Пахабаў, М.С.Сачко і інш.). Навук. і навучальную працу па эканоміцы прамысл. прадпрыемстваў вядзе кафедра эканомікі прамысл. прадпрыемстваў БДЭУ (заснавальнікі В.І.Выбарнаў, В.С.Маўрышчаў, К.І.Невельская), тут сфарміравана навук.-пед. школа па гэтым кірунку, развіваецца навукова-педагагічная школа па эканоміцы і кіраванні інавацыямі (Л.М.Нехарошава). Вучоныя-эканамісты ўдзельнічалі ў распрацоўцы нац. стратэгіі ўстойлівага сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь (Я.М.Александровіч, А.У.Багдановіч, І.В.Вайтовіч, Л.М.Крукаў, С.С.Палонік, С.П.Ткачоў, У.М.Шымаў і інш.). Актуальныя праблемы павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, эфектыўнасці знешнеэканам. дзейнасці Рэспублікі Беларусь даследуюць Я.М.Александровіч, П.Г.Нікіценка, В.У.Пінігін, С.С.Палонік і інш.
Літ.:
Ведута Н.И. Об экономической эффективности капитальных вложений в промышленности. Мн., 1960;
Боровик Ф.В., Плащинский Н.А. Образование фонда производственного накопления в промышленности. Мн., 1972;
Региональные проблемы развития инфраструктуры и межотраслевых производств. Мн., 1985;
Нехорошева Л.Н. Научно-технологическое развитие и рынок: регулирование, венчурная деятельность, инфраструктура. Мн., 1996;
Шимова О.С. Эколого-экономическое регулирование деятельности предприятий промышленности: вопросы методологии и практика переходного периода. Мн., 1998;
Методология формирования концепции развития промышленности Республики Беларусь. Мн., 2000;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Экономика развития промышленности региона. Мн., 2002;
Экономика предприятия. Мн., 2003;
Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;
Фатеев В.С. Региональная политика: теория и практика. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка да спектакляў драм т-раў; абавязковы кампанент сцэнічнага мастацтва. Істотна ўплывае на форму і змест спектакля, ідэйны сэнс драм. твора, на яго рытм і тэмп, надае дзеянню інтанац. адзінства, падкрэслівае кульмінацыі, характарызуе дзейных асоб, стварае пэўную эмац. атмасферу, канкрэтызуе час і месца дзеяння. Т.м. падзяляюць на ўнутрысцэн., прадугледжаную драматургам і абумоўленую сітуацыяй (песні, танцы, сігналы, фанфары), а таксама музыку, вынесеную за рамкі сцэн. дзеяння («па-за сцэнай»), якая вылучаецца абагульненым сэнсам і канцэнтруе ідэю пастаноўкі ў цэлым (уступы, антракты, застаўкі, фіналы). Для сучаснага т-ра характэрна музыка, што выконвае функцыі каментарыя і падтэксту, сэнсавай і эмац нюансіроўкі, «мікраструктурнасць» муз. пабудоў, разамкнутасць фрагментаў цытаванай музыкі, выкарыстанне магнітафонных запісаў, увядзенне сінтэзатара. Магчымасць выкарыстання музыкі ўсіх часоў і народаў і стварэнне ўласнай гукавой сферы спектакля можа прыводзіць да падбору музыкі, т.зв. абсалютызаванага муз. афармлення, ці абмежавання толькі шума-муз. эфектамі і гукапісам. Важную ролю адыгрываюць суадносіны запісанай і «жывой» музыкі, а таксама сучаснай быт. і эстр. (масавай) музыкі.
Гісторыя Т.м. ўзыходзіць ад сінкрэтызму нар. абрадаў і відовішчаў да сінтэтычнасці ант. і стараж.-ўсх. драмы, ад літургіі і містэрыі сярэдневякоўя да нар. драмы. Упрафес.еўрап. т-ры да сярэдзіны 18 ст. музыка свабодна пераносілася з аднаго спектакля ў другі. Пытанне пра непасрэдную сувязь музыкі са зместам п’есы ўзняў Г.Лесінг («Гамбургская драматургія», 1769). У 19 ст. Т.м. ўяўляла сабой пераважна закончаныя муз. нумары для сімф. аркестра ці вак.-інструментальныя. Сярод найб. значных музыка Л.Бетховена, Ф.Мендэльсона, Р.Шумана, Э.Грыга, Ж.Бізэ, М.Глінкі, П.Чайкоўскага. На мяжы 19—20 ст.у Т.м. ўзнік новы кірунак, прадстаўнікі якога (рэжысёры К.Станіслаўскі, У.Меерхольд, Э.Крэг) выступілі за стварэнне музыкі не да п’есы, а да канкрэтнай пастаноўкі, з улікам яе спецыфікі і асаблівасцей, што прывяло да пошукаў новых гукавых фарбаў, выкарыстання арыгінальнай інструментоўкі, арганічнасці ўвядзення муз. эпізоду ў драму. Сярод дасягненняў Т.м. 20 ст. — калектыўныя творы членаў франц.«Шасцёркі», ням. аўтараў К.Орфа, К.Вейля, Г.Эйслера, П.Дэсаў да твораў Б.Брэхта. Сярод буйных партытур сав. Т.м. — музыка С.Пракоф’ева, Ю.Шапорына, Ц.Хрэннікава. А.Хачатурана, Г.Свірыдава і інш.
На Беларусі вядома пра выкарыстанне музыкі ў паказах школьных і спектаклях прыватнаўласніцкіх т-раў, указанні на муз. эпізоды сустракаюцца ў творах Сімяона Полацкага (17 ст.) і Ф.У.Радзівіл (18 ст.). Развіццё бел.нац.т-ра звязана з нар. музыкай (пастаноўкі І.Буйніцкага, п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча). У 1920—30-я г. на далейшае развіццё Т.м. паўплывала дзейнасць БДТ-1 (меў хор і балетную трупу), БДТ-3, БДТ-2, з якімі звязана дзейнасць кампазітараў А.Аленіна, А.Грачанінава, А.Красева, У.Крукава, Л.Маркевіча, Р.Пукста, Н.Сакалоўскага, У.Тэраўскага. 1930—40-я г. адметныя паяўленнем у т-рах значных буйнамаштабных партытур да спектакляў; музыка Я.Цікоцкага («Бацькаўшчына» К.Чорнага, 1932, «Паўлінка» Я.Купалы, 1944), В.Залатарова («Канец дружбы» К.Крапівы, 1934), Цікоцкага і І.Любана («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча, 1938; усе ў БДТ-1), Любана («Несцерка» В.Вольскага ў БДТ-2, 1941). У 1950—70-я г. з драм.тэатр. калектывамі супрацоўнічалі У.Алоўнікаў, А.Багатыроў, Ю.Бяльзацкі, Г.Вагнер, Я.Глебаў, С.Картэс, Пукст, М.Русін, Ю.Семяняка, Цікоцкі, А.Туранкоў і інш. З 1970-х г. пашырыўся падбор фрагментаў з розных муз. твораў павялічылася выкарыстанне запісанай музыкі. Праца бел. кампазітараў у галіне Т.м. з яе спецыфічнымі патрабаваннямі, выразнай, бачнай вобразнасці абумовіла асаблівую відовішчнасць, яркасць, тэатральнасць іх твораў буйной формы — опер, балетаў, сімфоній, сюіт і інш. Музыку да спектакляў розных бел. т-раў стварылі таксама С.Бельцюкоў, У.Браілоўскі, В.Войцік, А.Залётнеў, В.Іваноў, В.Кандрасюк, У.Кандрусевіч, Б.Насоўскі, А.Рананскі, Дз.Смольскі, Р.Уласюк і інш.У 1980-х г. вылучылася Т.м. А.Янчанкі, І.Лучанка, якая з’яўляецца выразным сродкам характарыстыкі дзейных асоб, робіць вял. эмац. ўздзеянне. У 1990—2000-я г. пастаўлены шэраг драм. спектакляў з адметнай Т.м.: музыка У.Кур’яна да спектакля «Тутэйшыя» Я.Купалы (1990), створаная з яго ўдзелам музыка да спектакля «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча (1993), дзе ў якасці цытат-украпін выкарыстаны фрагменты музыкі М.К.Агінскага, Ф.Шапэна, С.Манюшкі, таксама ўдзельнічае «жывы» камерна-інстр. ансамбль, музыка В.Капыцько да спектакляў «Князь Вітаўт» (1997) і «Чорная панна Нясвіжа» (2000) А.Дударава (усе ў Нац.акад. т-ры імя Я Купалы). Традыц.муз. спектаклі для дзяцей і юнацтва (Бел.рэсп.т-р юнага гледача, лялечныя т-ры). Плённа ў гэтай сферы працуе Кандрусевіч. Многія творы Т.м. набылі самастойнае жыццё на канцэртнай эстрадзе, тэлебачанні і радыё (вальс і мазурка Багатырова з музыкі да драмы «Маскарад» М.Лермантава, песні Семянякі з музыкі да спектакля «Узнятая цаліна», арк. сюіта Э.Зарыцкага з музыкі да камедыі «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра, вальс Картэса з музыкі да спектакля «Мой бедны Марат» А.Арбузава і інш.).
Літ.:
Глумов А. Музыка в русском драматическом театре. М., 1955;
Музыка в драматическом театре. Л., 1976;
Таршис Н. Музыка спектакля. Л., 1978;
Ювченко Н. «Монтаж» — или партитура? // Сов. музыка. 1978. № 11;
Яе ж. Музыка ў пастаноўках першых беларускіх савецкіх драматычных тэатраў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук 1980. № 2;
Яе ж. Музыка ў сучасным драматычным спектаклі: (на прыкладзе пастановак тэатра імя Я.Коласа) // Мастацтва Беларусі. 1983. № 5;
Яе ж. Музыка ў пастаноўках драматычных тэатраў // Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993;
Яе ж. Музыка ў пастаноўках драматычных тэатраў // Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРЫФТ (ням. Schrift ад schreiben пісаць),
графічная сістэма літар, лічбаў і інш. моўных знакаў, форма якіх падпарадкавана функцыянальным, мастацкім або тэхнічным патрабаванням. Базіс усякага графічнага моўнага знака — графема, па якой вызначаюцца літары. Ш. з’яўляецца графічнай інтэрпрэтацыяй алфавітнага ладу. На форму Ш. прама ці ўскосна ўздзейнічаюць розныя фактары: традыцыі, мова, інфарм. патрэба, тэхн. сродкі, культ. ўзровень, індывід. асаблівасці стваральніка. У вузкім сэнсе Ш. — камплект друкарскіх літар, прызначаны для набору ў паліграфіі (наз.гарнітура). Тэрмін «Ш.» з’явіўся з пачаткам кнігадрукавання. Усх. славяне карыстаюцца ім з пач. 18 ст., да гэтага часу друкарскія і рукапісныя алфавітыназ.азбукай.
Грэч. і этрускі алфавіты сталі крыніцай лацінскага пісьма. Найб. дасканалы Ш. прапісных манум. літар надпісаў вядомы з 2 ст.н.э. (надпіс на калоне Траяна ў Рыме, 114). Сярод розных народаў свету пашыралася пісьмо капітальнае (5 ст.), унцыяльнае (6 ст.), мінускульнае (з канца 8 ст.). У сярэднія вякі склаўся гатычны Ш. (тэкстура, фактура, ратонда, швабах); у эпоху Адраджэння — гуманіст. антыква (стараж., пераходная, новая, пазней егіп., італійская, гратэск, мадэрн), якія сталі асновай цяперашніх друкарскіх лац. Ш. Развіццё друкарскіх Ш. на аснове кірыліцы (канец 15 — пач. 18 ст.) адбывалася пад уздзеяннем рукапісных кірыліцкіх азбук устава, паўустава, вязі, грамадз. пісьма, скорапісу і друкарскіх Ш. Зах. Еўропы.
Бел. Ш., як і пісьмо ў цэлым, бярэ пачатак ад рунічных знакаў (гл.Рунічнае пісьмо). З прыняццем хрысціянства царк. кнігі перапісваліся ўстаўнымі (кірыліцкімі) літарамі (магчыма, і глаголіцай). Кнігі 11 ст., напісаныя ў розных месцах, маюць пэўную адметнасць. Напр., для Тураўскага евангелля характэрны аптымальная мера суадносін прасторы і графікі, амаль абсалютная рытмічная правільнасць, яснасць і ўстойлівасць літар, нетаропкае пісьмо з вял. густам.
Графічны строй Астрамірава евангелля прынята лічыць эталонам. У 14 ст. пашырылася новая графіка літар — паўустаў, вязь, скорапіс, што значна паскарала працэс пісання. Гіст. з’ява пач. 16 ст. — шрыфты Ф.Скарыны (ініцыяльныя, тытульныя, тэкставыя). Скарына ўжо ў першым сваім выданні прыстасаваў зах.-рус. літары да друкарскага набору. Выдадзены ім «Псалтыр» (Прага, 1517) вызначаўся гармоніяй выяў, арнаменту і тэкставага матэрыялу, роўнай тонавай насычанасцю старонак, багатай разнастайнасцю форм і аздаблення ініцыялаў, што мела вял. значэнне для семантычнай сувязі тэксту і ілюстрацый. У 2-й пал. 16 ст. працу над Ш. прадоўжылі С.Будны і В.Цяпінскі. На тэр.ВКЛ Ш., падобнымі на рукапісныя, друкавалі кнігі Мамонічы (гл.Мамонічаў друкарня). Высокімі графічнымі якасцямі вызначаліся Ш., створаныя на аснове ўстава і паўустава П.Мсціслаўцам. Іх капіравалі і выкарыстоўвалі інш. друкарні. У графіцы літар Статута ВКЛ (1588) своеасабліва ўвасоблена спалучэнне бел. скорапісу, друкарскай тэхналогіі са зручнасцю чытання, што надае Ш. вял. арыгінальнасць. Высокае майстэрства выкарыстання Ш. праявілася ў кнігах для навучання: павялічаныя памеры і высокая яснасць літар, ужыванне арнаментыкі вылучаюць кнігі Л.Зізанія «Азбука» і «Граматыка Славенска» (1596), «Буквар» М.Сматрыцкага (1618) і інш. Пашырэнне мелі і лац. Ш. (польская графіка, ці т.зв. лацінка), якімі друкавалі свецкія і рэліг. кнігі (Брэсцкая біблія); яны існавалі да пач. 20 ст.
На развіццё бел. НІ. (рукапісных і друкарскіх) у розныя часы ў пэўнай ступені ўплывалі памежныя культуры Захаду і Усходу. Рэформа пісьма 1708 у Расіі (у выніку устаў, паўустаў і вязь ужываліся толькі для царк. л-ры, новая спрошчаная графіка Ш. — т.зв. грамадзянскі шрыфт — для свецкіх патрэб), далучэнне бел. зямель да Расіі ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай 18 ст. адбіліся на графічных сродках пісьма. З 19 ст. вяліся пошукі форм Ш., ствараліся і шырока выкарыстоўваліся новыя Ш. (егіп., італьян., дэкар.) пад уплывам стыляў класіцызму, мадэрну. Упач. 20 ст. пачалося друкаванне легальных выданняў на бел. мове рускім грамадз. Ш. са сваёй арфаграфічнай асаблівасцю (творы М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа і інш.). У наш час у галіне шрыфтавой справы працуюць навукоўцы, пісьменнікі, мастакі (Ю.Бокая, У.Лукашык, Г.Мацур, Р.Найдзін, П.Семчанка). Ёсць значныя дасягненні ў шрыфтавым афармленні кніг, спроба стварыць бел.нац. друкарскі Ш. У 1972 уБел.АМ створаны курс маст. Ш. (заснавальнік Семчанка). У 1994 арганізавана суполка «Літарт», якая сістэматычна праводзіць выставы Ш. і каліграфіі, выдае манаграфіі.
Літ.:
Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983;
Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001;
Кликушин Г. Шрифты. 2 изд Мн., 1984;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993;
Павленко Н. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Семченко П. Основы шрифтовой графики. Мн., 1978;
Шматов В. Искусство книги. М., 1990;
Дюрер А. Трактат о шрифте: Пер. с нем. М., 1981;
Тоотс В. Современный шрифт.
М., 1966; Большаков М., Гречихо Г., Шицгал А. Книжный шрифт. М., 1964; Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985; Різник М.Г. Письмо і шрифт. Київ, 1978; Kapr A. Schrift und Buchkunst. Leipzig, 1982.
П.А.Семчанка.
Шрыфты: 1—3 — друкарскія Ф.Скарыны. 1517—19; 4 — графічнае супастаўленне літар «В» — сучаснай і з «Бібліі» Ф.Скарыны; 5 — друкарскі П.Мсціслаўца. 1575; 6 — фрагмент Статута ВКЛ 1588; 7 — графічныя асаблівасці сучасных друкарскіх шрыфтоў; 8 — графічная пабудова лацінскай літары, выкананая Леанарда да Вінчы; 9 — тытульны ліст Брэсцкай бібліі. 1563; 10 — сучасны шрыфт, выкананы паводле друкарскага наборнага шрыфту Ф.Скарыны (аўтар Г.Мацур. 1985).Шрыфты: 1 — антыква эпохі Адраджэння; 2 — сучасны (аўтар П.Семчанка).Элементы і параметры шрыфту: 1 — міжлітарны прасвет; 2 — унутрылітарны прасвет; 3 — лінія крутлявых літар; 4 — лінія шрыфту; 5 — вышыня прамых вялікіх літар; 6 — засечкі; 7 — злучальныя штрыхі; 8 — асноўныя штрыхі; 9 — надлітарны значок; 10 — выступаючыя элементы, 11 — аднабаковая засечка; 12 — кропка; 13 — вышыня круглявых малых літар; 14 — падлітарны значок, 15 — звіслыя элементы; 16 — вышыня малых літар; 17 — вертыкальная засечка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІКА,
від выяўленчага мастацтва, які аб’ядноўвае малюнак (як самаст. галіну творчасці) і друкаваныя маст. творы (розныя віды гравюры), што грунтуюцца на мастацтве малюнка з уласцівымі ім выяўл. сродкамі і магчымасцямі. Творы графікі звычайна выконваюцца на паперы. Асн. выразныя сродкі — контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны ці каляровы фон аркуша, часам выкарыстоўваецца і колер. На мяжы жывапісу і графікі — акварэль, гуаш, пастэль, тэмпера. Паводле прызначэння падзяляюць на станковую (станковы малюнак, эстамп), кніжную графіку, газетна-часопісную (ілюстрацыя, дэкар. афармленне, шрыфты і інш.), прамысловую графіку, плакат, карыкатуру. Сродкамі графікі звычайна робяць накіды, эцюды да жывапісных твораў, фіксуюць арх. замыслы на стадыі праектавання і інш.
Найб.стараж. і традыц. від графічнага мастацтва — малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў ант.вазапісе, у аснове якога — лінія, сілуэт, каляровая пляма. Гравюра вядомая з 6—7 ст.у Кітаі, з 14—15 ст.у Еўропе (напачатку дрэварыт і разцовая гравюра, пазней афорт). Станковая графіка адыгрывала важную ролю ў культ. і паліт. жыцці Еўропы з эпохі Адраджэння (творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, А.Дзюрэра і інш.). У 17—19 ст.у розных відах графікі працавалі Ж.Кало, Рэмбрант, К.Хакусай, У.Хогарт, А.Дам’е, Ф.Гоя, Г.Дарэ, Э.Дэлакруа, Ф.Мазерэль, А.Кіпрэнскі, М.Уткін, В.Сяроў, І.Шышкін, у 20 ст. — П.Пікасо, А.Матыс, Ж.Грос, К.Кольвіц, А.Астравумава-Лебедзева, У.Фаворскі, У.Лебедзеў, Л.Лісіцкі і інш. Адметнасць графікі ў аператыўным водгуку на актуальныя падзеі жыцця, здольнасці распаўсюджвацца ў вял. колькасці экзэмпляраў, што шырока выкарыстоўвалася ў агітацыйнай і сатыр. графіцы (асабліва ў час вял.гіст. змен і войнаў).
На Беларусі бярэ пачатак ад аздоб і мініяцюр рукапісных кніг (Тураўскае евангелле, 11 ст.; Аршанскае евангелле, 12—13 ст.; Мсціжскае евангелле, 14 ст.). Контурны малюнак вядомы па Лаўрышаўскім евангеллі 14 ст., акварэль — па Радзівілаўскім летапісе 15 ст. Значных поспехаў дасягнула графіка ў 16—18 ст. з развіццём кнігадрукавання. З выдавецкай дзейнасцю Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў звязана ўзнікненне кніжнага дрэварыту, які займаў гал. месца ў выданнях друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Супрасля, Магілёва, Гродна. У 2-й пал. 16 ст. ўзнікла разцовая гравюра на метале — медзярыт (першыя з іх — працы Т.Макоўскага, В. і М.Вашчанкаў). З канца 16 ст. пачала развівацца станковая графіка: партрэт, гар. пейзаж, гравюра-тэзіс, панегірычная, геральдычная гравюра, картаграфія, малюнкі арх. праектаў, экслібрысы (Макоўскі, Вашчанкі, Ф.Ангілейка, А. і Л.Тарасевічы, Г.Ляйбовіч, а таксама замежныя майстры К.Гётке, А. ван Вестэрфельд і інш.). У 18 ст. з’явіліся новыя віды графікі: лубок (П.Комар), эскізы дэкарацый (М.Жукоўскі). У канцы 18 ст. ў яе станаўленні пэўную ролю адыграў Полацкі езуіцкі калегіум, дзе выкладаўся малюнак, у 19 ст. — Віленская мастацкая школа. У розных жанрах графікі (партрэт, гар. пейзаж, быт. і этнагр. замалёўкі) працавалі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, В.Ваньковіч, Я.Дамель, М.Падалінскі, Я.Рустэм і інш. Умовы нац. і сац. ўціску (асабліва пасля паўстання 1863—64) прывялі да заняпаду выяўл. мастацтва ў цэлым, у т. л. і графікі. Адраджэнне яе звязана з нац.-вызв. рухам пач. 20 ст. Графікі ўдзельнічалі ў афармленні газет «Наша доля», «Наша ніва», кніг на бел. мове, з’явіліся плакат і карыкатура (С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Драздовіч, К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.), значнасць якіх павялічылася ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны (Віцебскія, Гомельскія, Мінскія вокны РОСТА, Гомельская мастацкая студыя імя М.А.Урубеля). Да плаката звярталіся А.Быхоўскі, Ф.Валяроў, П.Гуткоўскі, С.Каўроўскі, Я.Целішэўскі і інш. Усе віды і жанры графікі актыўна развіваліся ў 1920-я г.У кніжнай графіцы працавалі Гуткоўскі, В.Дваракоўскі, Г.Змудзінскі, М.Малевіч, А.Тычына, у станковай — А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Горыд, Драздовіч, Я.Мінін, М.Сеўрук, С.Юдовін і інш.У гады 2-й сусв. вайны мастакі В.Букаты, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, В.Козак, Красільнікаў, Я.Красоўскі, М.Філіповіч, А.Шаўчэнка і інш. ўдзельнічалі ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і «Партызанская дубінка». Папулярнасць набыла сатыр. графіка на старонках час.«Вожык» (А.Волкаў, Р.Грамыка, М.Гурло, Дз.Красільнікаў, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.). Лепшыя творы графікаў 1960-х г. (Л.Асецкі, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, В.Шаранговіч) сведчаць пра філас. глыбіню, імкненне стварыць аналітычныя сімволіка-алегарычныя ці метафарычныя кампазіцыі з глыбокім сац. падтэкстам. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася цэлая плеяда мастакоў (В.Александровіч, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, А. і Ю.Зайцавы, М.Карпук, Я.Кулік, М.Купава, Л.Марчанка, В.Паўлавец, У.Пашчасцеў, А.Рыбчынскі, У.Савіч, М.Селяшчук, Р.Сітніца, В.Славук, Г.Скрыпнічэнка і інш.), у творчасці якіх зварот да нац.маст. традыцый, глыбокага вывучэння прафес. графічнай культуры.
Літ.:
Фаворский В. О графике как об основе книжного искусства // Искусство книги. М., 1961;
Вып. 2;
Виппер Б.Р. Графика // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;
Мальцева Н.Л. Пути развития советской графики. М., 1980;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94;
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг.Мн., 1979;
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978.
А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Графіка. Н.Орда. Палац у вёсцы Масаляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл. 1861—77. Малюнак.Да арт.Графіка. Г.Паплаўскі. Іл. да кнігі Я.Коласа «Выбранае». 1983.Да арт.Графіка. М.Селяшчук. Экслібрыс А.С.Цярэшчанкі. 1985. Літаграфія.Да арт.Графіка. А.Тарасевіч. Ілюстрацыя да кнігі «Разарыум...». 1672. Медзярыт.Да арт.Графіка. Мікеланджэла. Малюнак да плафона Сіксцінскай капэлы. 1508—12.Да арт.Графіка. Я.Мінін. Стары Віцебск. 1927. Дрэварыт.Да арт.Графіка. У.Вішнеўскі. Птушкаловы II. 1988. Афорт.Да арт.Графіка. А.Рыбчынскі. Магілёўскае паўстанне. 1979. Малюнак.Да арт.Графіка. Р.Сітніца. Нясвіж. Формула мінуўшчыны. 1990. Каляровая аўталітаграфія.Да арт.Графіка. В.Шаранговіч. Цэнтральная частка трыпціха «Дзе крыўда адвечная спела». 1993. Каляровая літаграфія.Да арт.Графіка. Ф.Скарына. Старонка з кнігі «Прамудрасць». 1518.Да арт.Графіка. М.Карпук. Веснавы ранак. 1981. Малюнак.