ХЕМАГЕ́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ (ад хема... + ...ген), хімічныя адклады,

горныя пароды, утвораныя на дне вадаёмаў з раствораў у выніку хім. і біяхім. рэакцый або змен т-ры вады. Напр., растваральныя солі (галіт, карналіт і інш.), гіпс, ангідрыт, даламіт, яшма, джэспіліт, некаторыя вапнякі і інш. Гл. таксама Асадкавыя горныя пароды.

т. 17, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕРНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

тэорыя, якая вывучае залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам. Чалавечае вока ўспрымае рэчыва афарбаваным, калі яно паглынае святло ў бачным дыяпазоне спектра (400—750 нм). Колер рэчыва дапаўняльны да колеру паглынутых прамянёў, напр., калі яно паглынае сінія прамяні — прадмет бачым жоўтым, чырвоныя — сінявата-зялёным; непразрыстае цела, якое адбівае ўсе прамяні, — бясколернае.

Залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам даследавалі ням. хімікі-арганікі К.​Ліберман і К.​Грэбе (1869); О.​Віт прапанаваў у 1876 храмафорную тэорыю, паводле якой за афарбоўку арган. злучэнняў адказныя групы атамаў з кратнымі сувязямі (храмафоры), напр., —N=N—, —N=O. Паводле сучасных уяўленняў для афарбоўкі арган. злучэнняў неабходна наяўнасць спалучанай сістэмы двух ці больш храмафораў; значны ўплыў на яе маюць электрадонарныя і электраакцэптарныя групы (аўксахромы), напр., —OH, —NH2, C6H5O—. Зрушэнне паглынальнага максімуму ў доўгахвалевую вобласць (батахромны эфект) выклікае паглыбленне колеру, напр., ад жоўтага да чырвонага ці ад сіняга да зялёнага. Паглыбленню колеру спрыяе таксама падаўжэнне ланцуга спалучэння, увядзенне аўксахромных груп і іх іанізацыя, змяненне валентных вуглоў у выніку прасторавых перашкод, утварэнне ўнутрыкомплексных злучэнняў з металамі за кошт непадзеленых пар электронаў. Павышэнне колеру (гіпсахромны эфект) звязана з парушэннямі плоскасці малекулы ў выніку прасторавых перашкод, іанізацыяй малекулы са знікненнем электрадонарных уласцівасцей, напр., батахромны эфект групы NH2 змяншаецца ў выніку ўтварэння групы NH3. К.т. мае важнае значэнне ў распрацоўцы новых фарбавальнікаў.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в химию и технологию органических красителей. М., 1971.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРЫЛІ́ЗМ (ад лац. virilis мужчынскі), маскулінізм, вірыльны сіндром,

з’яўленне ў арганізме жанчыны другасных мужчынскіх палавых прыкмет. Жанчына набывае мужчынскі целасклад, тып аваласення (гл. Гірсутызм), атрафіруюцца малочныя залозы, зніжаецца тэмбр голасу, павялічваецца клітар. Вірылізм можа ўзнікнуць у любым узросце, абумоўліваецца найчасцей залішняй колькасцю андрагенаў. У большасці выпадкаў узнікае ў выніку захворванняў залоз унутр. сакрэцыі (яечнікі, наднырачнікі).

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТО́Н II (Otto; 955—7.12.983),

кароль і імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» з 973. Сын Атона I. У Германіі ўмацоўваў створаную бацькам епіскапальную сістэму, задушыў сепаратысцкі мяцеж герцага Баварскага (976). Імкнучыся захапіць паўд. Італію, пацярпеў паражэнне ад Візантыі і арабаў (982). Пры ім б.ч. палабскіх славян у выніку паўстання 983 надоўга вызвалілася ад герм. панавання.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР I ГЕО́РГІЕВІЧ (? — 1511),

цар Кахетыі [1492—1511]. У пошуках саюзнікаў у барацьбе супраць пагрозы тур. і іран. набегаў на Кахетыю аднавіў сувязі груз. зямель з Рус. дзяржавай. На пач. 16 ст. стаў васалам іран. шаха Ісмаіла I. Забіты ўласным сынам Гіоргі ў выніку інтрыг, звязаных з барацьбой за Грузію паміж Турцыяй і Іранам.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДРУБ,

адасоблены надзел, вылучаны з сельскага абшчыннага землекарыстання ў асабістую ўласнасць сял. сям’і ў Рас. імперыі. Узніклі водрубы ў 1907—16 у выніку сталыпінскай аграрнай рэформы побач з хутарамі. У адрозненне ад хутара селянін не пераносіў сядзібу на свой участак, а заставаўся ў вёсцы. На Беларусі водрубы былі найбольш пашыраны ў Віцебскай і Магілёўскай губернях.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЦУХІ́ТА (3.11.1852, г. Кіёта, Японія — 30.7.1912),

імператар Японіі [1867—1912]. У выніку «рэстаўрацыі Мэйдзі» (гл. Мэйдзі ісін) фармальна сканцэнтраваў усю ўладу ў краіне ў сваіх руках. Падтрымліваў правядзенне рэформ, накіраваных на мадэрнізацыю і еўрапеізацыю Японіі: ліквідацыю феад. княстваў (1871), рэформу адукацыі (1872), стварэнне кабінета міністраў (1885), прыняцце першай канстытуцыі Японіі (1889). У 1910 М. зацвердзіў анексію Карэі.

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРТУ́МБРЫЯ (Northumbria),

адно з каралеўстваў, якое склалася ў ходзе англа-саксонскага заваявання Брытаніі. Утварылася каля 605 у выніку зліцця каралеўстваў англаў Берніцыі і Дэйры. У 829 тэр. Н. заваявана англа-саксонскім каралеўствам Уэсекс, а да канца 9 ст. — датчанамі. Каля 924 тэр. Н. далучана да Уэсекса, пасля 954 канчаткова ўвайшла ў склад аб’яднанай Англіі.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЫСТА-СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrostratus (Cs)],

бялявае паўпразрыстае покрыва, звычайна валакністае, у верхняй трапасферы. Утвараюцца з дробных ледзяных крышталёў, што звязана з узыходным рухам паветра. Характэрны для воблачных сістэм цёплых франтоў або франтоў аклюзіі, зрэдку ўзнікаюць у выніку трансфармацыі інш. тыпаў воблакаў. Ападкаў не даюць. Часта вакол іх назіраецца гало. Гл. Воблакі, Воблачнасць.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЗРЫ́СТАСЦЬ АТМАСФЕ́РЫ,

здольнасць атмасферы прапускаць сонечную радыяцыю. Залежыць ад масы паветра, праз якую праходзяць прамяні, ад утрымання ў паветры вадзяной пары і прадуктаў яе кандэнсацыі (кропель і крышталёў), а таксама аэразольных дамешкаў (пылу, дыму і інш.), якія значна памяншаюць П.а. Найб. празрыстае паветра ў палярных раёнах, найменш — у гарадах, асабліва летам, у выніку тэхнагеннага забруджвання.

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)