сканцэнтраваны прыродны выхад падземных вод на зямную паверхню на сушы або пад вадой. Утварэнне К. звязана з перасячэннем ваданосных гарызонтаў адмоўнымі формамі рэльефу (рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі і інш.), геолага-структурнымі асаблівасцямі мясцовасці (трэшчыны, тэктанічныя парушэнні і інш.), фільтрацыйнай неаднароднасцю водазмяшчальных парод. Падзяляюцца: па напрамку руху падземных вод да іх выхаду на паверхню і гідрадынамічных асаблівасцях на сыходныя (жыўленне грунтавымі безнапорнымі водамі) і ўзыходныя (жыўленне артэзіянскімі напорнымі водамі); паводле характару рэжыму — на пастаянна, сезонна і рытмічна дзеючыя; залежна ад саставу — на прэсныя і мінеральныя; па т-ры — на кіпячыя, гарачыя, цёплыя і халодныя. Штучныя К. ўтвараюцца ў выніку інжынерна-гасп. дзейнасці (К. ніжніх б’ефаў плацін, зваротныя К. на масівах арашэння, К., звязаныя з узвядзеннем фундаментаў будынкаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,
пакрыццё паверхняў будынкаў, збудаванняў і вырабаў ахоўнымі, дэкаратыўнымі або інш. фарбавальнымі саставамі; разнавіднасць аддзелачных работ. Уключаюць ачыстку паверхні, нанясенне грунтавога саставу, падмазку няроўных месцаў і суцэльную шпаклёўку, шліфаванне паверхні, афарбоўку.
Ачыстку паверхні робяць пескаструменнымі апаратамі, мех. шчоткамі і шарошкамі, ручнымі інструментамі; шпаклёўку — механізаванымі шпатэлямі і пнеўматычнымі агрэгатамі, што распыляюць шпаклёвачныя саставы, якія падрыхтоўваюць у выглядзе канцэнтратаў, што разбаўляюцца на месцы работ разбаўляльнікамі да патрэбнай кансістэнцыі (гл.Лакафарбавыя матэрыялы). Пры М.р. на буд. аб’ектах выкарыстоўваюць рыштаванні і падмосткі, падвесныя люлькі, для засцярогі — ахоўныя акуляры і рэспіратары.
І.І.Леановіч.
Інструменты і прыстасаванні для малярных работ: 1—6 — пэндзлі (пабелачны, маклавіца, ручнік, флейц, філянговы, тарцоўка); 7 — футравы валік; 8 — здвоены валік для афарбоўкі труб; 9 — ванначка з сеткай; 10 — шпатэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАЎ (Георгій Міхайлавіч) (29.4.1934, с. Ківерычы Рамешкаўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 12.4.1997),
бел. вучоны ў галіне хіміі нафты і торфу. Д-рхім.н. (1991). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1959). З 1975 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі (у 1988—94 заг. лабараторыі). Навук. працы па хім. тэхналогіі гаручых выкапняў, даследаванні хім.саставу і выкарыстанні тарфянога воску. Распрацаваў новыя спосабы вылучэння бітумаў з торфу і бурага вугалю, спосаб атрымання канцэнтратаў нафтавых меркаптанаў.
Тв.:
Эмульгирующиеся составы, содержащие торфяной воск (разам з Н.І.Лыч, Г.І.Крот) // Новые процессы и продукты переработки торфа. Мн. 1982;
Эфирные битумы торфа (разам з В.С.Голубевай, А.В.Гусінцавай) // Химия твердого топлива. 1988. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЧА́НІК, пескавік,
асадкавая горная парода з зерняў пяску, сцэментаваных гліністым, карбанатным, крамяністым, жалезістым і інш. матэрыялам. Паводле памераў зерняў і мінер.саставу вылучаюць тыя ж разнавіднасці, што і сярод пяскоў. Вылучаюць таксама аркозы, граўвакі (П. з мінералаў і абломкаў асн. вывергнутых парод, пераважна эфузіўных) і туфагенныя П. (утрымліваюць піракластычны матэрыял да 50%). Паводле ступені звязанасці вылучаюць П. слаба-, сярэдне- і моцнасцэментаваныя. Шчыльнасць 2,25—2,67 г/см³, порыстасць 0,69—6,7%, мяжа трываласці на сцісканне 30—266 МПа. Пры метамарфізме П. пераўтвараецца ў кварцыт. Шырока выкарыстоўваецца ў буд-ве (вытв-сць друзу, жвіру; як бутавы камень, сценавы і абліцовачны матэрыял), як абразіў. Кварцавы П. ідзе на выраб вогнетрывалай дынасавай цэглы, шкла, кіслотатрывалых матэрыялаў. Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды, Псаміты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДА́,
прыроднае мінеральнае ўтварэнне, што мае ў сабе металы або іх злучэнні ў канцэнтрацыях, эканамічна выгадных для іх прамысл. здабычы. Р. наз. таксама некат. неметалічныя карысныя выкапні, напр., азбеставая, барытавая, графітавая, серная, агранамічная. Вылучаюцца Р.: прыродна багатыя, бедныя (патрабуюць абагачэння), монамінеральныя (складаюцца з аднаго мінералу), полімінеральныя (некалькі каштоўных і інш. мінералаў), комплексныя (пры наяўнасці ў Р. спадарожных каштоўных кампанентаў). Паводле хім.саставу адрозніваюць Р. сілікатныя, крамяністыя, аксідныя, сульфідныя, карбанатныя і мяшаныя. Найб. пашыраны Р. жалезныя, поліметалічныя, медныя. На Беларусі існуюць ільменіт-магнетытавыя Р. (Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд), жалезістыя кварцыты (Аколаўскае радовішча жалезных руд), праяўленні даўсаніту — Р. на алюміній і соду (на Заазёрнай і Асташкавіцкай плошчах Прыпяцкага прагіну); з агранамічных Р. найб. значэнне маюць калійныя солі, даламіты, мел, фасфарыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,
на ПдЗ Беларусі. Прымеркаваны да Падляска-Брэсцкай упадзіны. Усх.ч. Мазавецка-Люблінскага супербасейна падземных вод. Уключае меза-кайназойскі ваданосны комплекс, кембрыйска-ардовікскі ваданосны гарызонт і верхнерыфейска-вендскі ваданосны комплекс, якія падзелены тоўшчамі слабапранікальных і водатрывалых парод сілуру і венду — ніжняга кембрыю. Воды напорныя, зрэдку самавыліваюцца, п’езаметрычныя ўзроўні на глыб. 0,5—45 м. Рэсурсы 6,8 млн.м³/сут. Дэбіт свідравін 0,06—25 л/с. Вылучаюцца 2 гідрадынамічныя зоны. У зоне свабоднага водаабмену воды прэсныя, пераважна гідракарбанатна-кальцыевага саставу, мінералізацыя 0,1—0,6 г/л, нярэдка з павышанай колькасцю жалеза. Зона запаволенага водаабмену мае саланаватыя (мінералізаваныя) воды, мінералізацыя 2,9—18,5 г/л, хларыдна-натрыевая і кальцыева-натрыевыя. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп.-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэння і аздараўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫЯ ГЛІ́НЫ,
легка- і тугаплаўкія гліны, якія пры абпальванні даюць шчыльны чарапок. Легкаплаўкія — полімінеральныя, звычайна жалезістамантмарыланітавыя і гідраслюдзістыя з паказчыкам вогнетрываласці менш за 1350 °C; тугаплаўкія ганчарныя гліны часцей не вытрыманыя паводле мінеральнага саставу, з высокай колькасцю гліназёму (20—42%), высокай звязвальнай здольнасцю і пластычнасцю, паказчыкам вогнетрываласці 1350—1580 °C. Легкаплаўкія ганчарныя гліны выкарыстоўваюць для вытв-сці грубакерамічных вырабаў, цэглы, чарапіцы, дрэнажных труб, радзей — ганчарнага посуду, скульптуры. Тугаплаўкія з’яўляюцца сыравінай для розных керамічных вытв-сцей — сан.-тэхн. фаянсу, глазураваных вырабаў, сценавых і вонкавых камянёў, каналізацыйных труб і інш. На Беларусі сыравінная база для вытв-сці грубай керамікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх глін для вытв-сці цэглы з агульнымі запасамі 208,1 млн.т (распрацоўваецца 113), а таксама 6 радовішчаў тугаплаўкіх глін з агульнымі запасамі 53,6 млн.т (распрацоўваюцца 3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫЯ ГАРЫЗО́НТЫ, генетычныя гарызонты глебы,
аднародныя паводле афарбоўкі, шчыльнасці, вільготнасці, грануламетрычнага, мінералагічнага і хім.саставу гарызантальныя слаі, якія фарміруюцца ў выніку ўтварэння глеб. Кожнаму тыпу глеб адпавядае пэўная колькасць, выражанасць і чаргаванне гарызонтаў, магутнасць якіх складае ад некалькіх да дзесяткаў сантыметраў. Сукупнасць глебавых гарызонтаў утварае глебавы профіль. Звычайна зверху ўніз вылучаюць глебавыя гарызонты: перагнойна-акумулятыўны (A) з падгарызонтамі — лясны подсціл, дзёран (Aо), гумусавы (A1, для ворных глеб — Aвор) і элювіяльны, ці гарызонт вымывання (A2); ілювіяльны, ці гарызонт умывання (B), глеевы (G; g), мала закранутая глебаўтваральным працэсам мацярынская парода (C); подсцільная парода (Д).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫЦЫЯНІ́РАВАННЕ (ад лац. conditio умова, стан),
1) К. паветра — стварэнне і аўтам. падтрыманне ў закрытых памяшканнях, трансп. сродках і г.д. стану паветр. асяроддзя (т-ры, вільготнасці, саставу, чысціні), найб. спрыяльнага для здароўя і самаадчування людзей (камфортнае К.) або для лепшага працякання вытв. працэсаў, работы прылад і абсталявання (тэхнал. К.). Сістэмы К. паветра бываюць цэнтральныя (абслугоўваюць некалькі памяшканняў) і мясцовыя (адно памяшканне ці яго частку); 1- і 2-канальныя; прамацечныя (апрацоўваюць і перамяшчаюць толькі вонкавае паветра) і з частковай рэцыркуляцыяй унутр. паветра (з памяшканняў). Сістэмы К. (з іх асн. сродкам — кандыцыянерам) часта выконваюць функцыі прытокавай вентыляцыі.
2) К. збожжа — водная і цеплавая яго апрацоўка перад памолам. Увільготненае ў спец. збожжаўвільгатняльніках збожжа награваюць на вадзяных радыятарах і высушваюць нагрэтым паветрам. У такога збожжа лягчэй аддзяляецца абалонка і павышаецца якасць мукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць фіз. і фізіка-хім. метадаў вызначэння колькасці ці колькасных суадносін кампанентаў у аналізуемым узоры; адзін з асн. раздзелаў аналітычнай хіміі. Кампанентамі, якія неабходна вызначыць, могуць быць атамы, ізатопы, малекулы, функцыян. групы, іоны, фазы і інш. (гл.Элементны аналіз, Функцыянальны аналіз). Класічныя метады К.а. — гравіметрычны аналіз і аб’ёмны аналіз.
У К.а. карыстаюцца інстр. метадамі, якія заснаваны на залежнасці фіз. і фізіка-хім. уласцівасцей рэчываў ад іх саставу і падзяляюцца на электрахім., спектральныя ці аптычныя, рэнтгенаўскія, храматаграфічныя, мас-спектраметрычныя і інш. Методыка К.а. рэгламентуе стадыі правядзення аналізу: адбор пробы; падрыхтоўка пробы да аналізу; вымярэнне аналіт. сігналу — фіз. велічыні (аптычнай шчыльнасці, інтэнсіўнасці спектральнай лініі і інш), што карэліруе з колькасцю вызначаемага кампанента; разлік вынікаў аналізу. Ствараюцца і камп’ютэрызаваныя экспрэсныя метады аналізу з высокай адчувальнасцю, дакладнасцю і ўзнаўляльнасцю.